Беларускія п’есы forever

№ 4 (1339) 27.01.2018 - 02.02.2018 г

На мінулым тыдні Цэнтр беларускай драматургіі пачаў прыём п’ес на конкурс-фестываль WriteBox-2018. Здавалася б, зусім нядаўна там скончыўся Тыдзень сучаснай беларускай драматургіі “Канцэнтрацыя”, што літаральна “ўсутыч” працягваў Рэспубліканскі фэст у Бабруйску, прысвечаны ідэнтычнай праблематыцы. Але гэта менавіта той выпадак, калі замнога не бывае. Бо размова ідзе пра нацыянальную драматургію, а тая не павінна развівацца лакальна, штуршкамі, ад адной падзеі да другой, з вялікімі перапынкамі — не, толькі forever. Без аглядкі, але з рэгулярным аглядам таго, что напісана і пастаўлена.

/i/content/pi/cult/676/14908/pages-8-9-S.jpg

Кульмінацыяй згаданага тыдня “Канцэнтрацыя”, які сабраў суцэльнае суквецце найлепшых сцэнічных увасабленняў у РТБД беларускіх п’ес, лекцыі і творчыя сустрэчы, стала не зусім звычайная прэм’ера — “Калгаснікі”, пастаўленыя 27-гадовым Цімафеем Ткачовым паводле “Трох дзён у пекле” Паўла Пражко. Творчасць гэтага беларускага драматурга часцей увасабляюць у Расіі, чым у нас. Рэжысёр цяперашняга спектакля таксама прыехаў адтуль, бо заканчвае вучобу ў Санкт-Пецярбургскай дзяржаўнай акадэміі тэатральнага мастацтва. Але дагэтуль, нагадаем, ён скончыў нашу Акадэмію мастацтваў — як акцёр працаваў у Тэатры беларускай драматургіі, паралельна здымаючыся ў шматлікіх расійскіх кінастужках (дарэчы, упершыню ён зняўся яшчэ 10-гадовым хлопчыкам на “Беларусьфільме” ў “Зорцы Венеры”). “Калгаснікі” — яго рэжысёрская дыпломная праца.

Пасля прагляда думкі падзяліліся. П’еса “Тры дні ў пекле” цалкам адпавядае сваёй назве: яна пякучая з-за ўзнятых праблем і чорная з-за адсутнасці “святла ў канцы тунэля”. Рэжысёр тое святло знайшоў. А разам з ім — і ўласны погляд на падобную драматургію, “не падобную” да драматургіі нават паводле формы: замест звыклых дзеючых асоб — празаічны тэкст, прычым непаслядоўны, фрагментарны, бы асобныя “лісткі з альбома” змрочных успамінаў. Пачытаеш — не па сабе становіцца, настолькі жорстка, без аніякіх падхарошванняў зроблены злепак з непрыхаванай праўды жыцця. Вось ён, рэалізм! Ужо не проста той, што з’явіўся калісьці ў “крытычны” момант развіцця грамадства, а папраўдзе крызісны. Што называецца, з сякерай у руках: толькі яна можна разабрацца з усім набалелым — адсекчы яго.

У тым жа кірунку “крызіснай тэрапіі” робяцца звычайна і спектаклі паводле Пражко: праўдзівыя, але безапеляцыйныя, з панаваннем змрочных тонаў. Зусім іншыя, найперш іранічныя асацыяцыі выклікае ўжо сама назва спектакля — “Калгаснікі”. Асабіста ў мяне адразу гучыць у вушах частка араторыі “Паэт” Дзмітрыя Смольскага на вершы Янкі Купалы: “Я — калгасніца маладая, жыву весела, ані дбаю”, дзе музыка ўшчэнт разбівае быццам бы “правільна камуністычны” пасыл словаў, ускрываючы іх сапраўдны сэнс і горка саркастычную ўсмешку. Рэжысёр любіць сваіх персанажаў — як могуць бацькі любіць дзяцей, нават калі тыя вырастаюць далёкімі ад ідэалу. Бо яны ж “не чужыя — нашыя”.

Спектакль становіцца выкшталцоным творам мастацтва, які спалучае элементы самых розных тэатральных і паратэатральных з’яў: тэатра масак, тэатра абсурда, стылёвых алюзій на дакументальны тэатр (вербацім), абрадавых дзеянняў, клаўнады, інструментальнага тэатра, site-specific, праменад-тэатра — ды ўвогуле ледзь не ўсяго спектра гэтага віда мастацтваў у яго самым шырокім разуменні. Дзеянне пачынаецца на вуліцы, дзе гледачам задаюць нечаканыя пытанні, потым доўга вядуць калідорамі службовых памяшканняў і, нарэшце, упіхваюць у невялічкі пакой. Але і там спакойна падпіраць сценкі (вядома, стоячы) не атрымаецца, бо цябе цягам дзеяння будуць адсоўваць, перамяшчаць, штурхаць, а ў фінале запросяць патрымаць рознакаляровую гірлянду — вось яно, абяцанае святло!

У нечаканых для сябе іпастасях выступаюць артысты, змяняючы ролі адна за адной. Калі Максіму Шышко і Настассі Бабровай з РТБД ужо даводзілася рэзка змяняць амплуа, дык высокія прыгажуны Аляксей Верашчака (вядучы акцёр, герой-палюбоўнік з Новага драматычнага тэатра) і Эрык Абрамовіч (апроч Новага драматычнага, ён працуе ў тэатры Генадзя Гладкова “Тэрыторыя мюзікла”) на падобных характарных ролях не спецыялізаваліся — ужо ў сілу сваёй знешнасці “рамантычных прынцаў”.

Вялікую ролю адыгрывае святло. Нават пакоі без найноўшага спецыялізаванага абсталявання, бо рэжысёр вынаходліва скарыстоўвае лакальныя крыніцы святла, умеючы звычайным ліхтарыкам стварыць жудасны і адначасова смешны сюр.

Цяперашнія пастаноўшчыкі, асабліва пачаткоўцы, далёка не заўсёды звяртаюцца да прафесійных кампазітараў: навошта, калі можна і так падкласці які-небудзь “фончык” ці ўплесці “песеньку”. А вось Ткачоў разумее, наколькі важным у спектаклі з’яўляецца не толькі тое, што мы бачым, але і што чуем. І запрашае да супрацоўніцтва маладога кампазітара Алену Гуціну — нядаўнюю выпускніцу, а цяпер выкладчыка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Тая, будучы адной з удзельніц праекта “Кінемо”, дзе маладыя кампазітары стваралі музыку да нямых стужак стогадовай даўніны, робіць штосьці падобнае і тут, іграючы на фартэпіяна. Віяланчэлістка Алена Князева і кларнетыст Антон Леўчанка займаюць месцы ў супрацьлеглых кутках пакоя, таксама становячыся ўдзельнікамі незвычайнай дзеі і рэагуючы на яе сваімі музычнымі рэплікамі. Мінімалізм спалучаецца з алеаторыкай, бо кожны з інструменталістаў мае свае імправізацыйныя фрагменты. Сістэма лейтматываў, паўтораў, вар’іравання, карэлюючыся з дзеяннем, стварае папраўдзе “поліфанічную” сцэнічную драматургію.

Сярод найбольш удалых увасабленняў новых беларускіх п’ес немагчыма не згадаць “Камедыю Юдзіфі”, пастаўленую ў Гродзенскім абласным тэатры лялек і паказаную на бабруйскім фестывалі нацыянальнай драматургіі. Сяргей Кавалёў зрабіў рэдакцыю сваёй п’есы менавіта ў разліку на згаданы тэатр. Спалучыў у ёй біблейскую гісторыю з постмадэрнісцкім поглядам на яе, асветніцтва — з дыскусійнасцю, якой так не хапае нашым адукацыйным праграмам. Паставіў суцэльны шэраг вострых пытанняў: ад сямейных стасункаў да палітычных, сплятаючы адносіны мужчын і жанчын з клубком міждзяржаўных праблем і ваенных кафліктаў. Адзін з плюсаў і п’есы, і спектакля, пастаўленага Алегам Жугждам, — адсутнасць безапеляцыйных адказаў і ўвогуле чорна-белага падзелу на “добрых і благіх”. За гадзіну з нечым на гледача абрынаецца такая колькасць пытанняў-разважанняў, што раздумваць над імі трэба не адзін вечар, а ўсё далейшае жыццё. Пры ўсім гэтым спектакль застаецца неверагодна мастацкім, прыгожым, у ім спалучаюцца розныя мадэлі лялек — ад пальчаткавых да батлеечных і раставых, згадваецца ледзь не ўвесь шматвекавы вопыт па ўвасабленні гісторыі Юдзіфі ў еўрапейскім мастацтве. Запрашэнне ў якасці харэографа надзвычай крэатыўнага гродзенскага майстра Дзмітрыя Куракулава прывяло да з’яўлення ў спектаклі двух пранікнёна сучасных Adagia, якімі магла б ганарыцца сусветная балетная сцэна.

Яшчэ адну п’есу Сяргея Кавалёва — “Тарас на Парнасе” — паставіў летась Слонімскі драматычны тэатр, што дало калектыву магчымасць удзелу ў бабруйскім фестывалі. Хочацца адзначыць каларытны вобраз Тараса (Уладзімір Навумік), некаторыя ўласна тэатральныя “прыколы”, адпаведныя постмадэрнісцкаму пераасэнсаванню драматургам хрэстаматыйна вядомай паэмы (да прыкладу, Геркулес паўстае хударлявым “здохлікам” з вялікім пачакам “Геркулеса” ў руках). Каб такіх дэталяў было больш, спектакль зайграў бы пырскамі маленькіх адкрыццяў, “схаваўшы” недахоп грошай на пампезна касцюміраваную даўніну.

Сярод іншых “пазасталічных” увасабленняў найноўшай беларускай драматургіі ўзгадаем “Кропкі на часавай восі” ў Магілёўскім абласным тэатры драмы і камедыі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, што знаходзіцца ў Бабруйску. Спектакль Таццяны Траяновіч паводле п’есы Дзмітрыя Багаслаўскага стаў адкрыццём бабруйскага фэсту (гл. “К” № 48 за 2017 г.). Але сярод васьмі навэл (у п’есе іх дзесяць) найбольш удалай аказалася першая. Тут разам сабраліся і талент Аляксандра Парфяновіча, які ўмее трымаць залу адно сваёй постаццю, позіркам, словам, дыханнем, і відовішчнае запаўненне сцэнічнай прасторы, дзе кожная дэталь стварае шматслойны вобраз. Шэрыя будні, вакзал, чамаданы — і раптам кітайскія вееры з дзівоснымі кветкамі. Рэальнасць і мара, жыццё і смерць, статыка і рух — усё разам, у кантрасце і непарушным адзінстве. Астатнім навэлам часам бракавала такой жа сцэнічнай мастацкасці, дасканаласці ўвасаблення, бо артысты раз-пораз збіваліся на “тэатр патэтычна гаваркіх галоў”. Не заўсёды “трапляла ў яблычак” сцэнаграфія Валянціны Праўдзінай, вырашаная як набор вялізных мішэняў. Дзякуючы светлавым эфектам, яны змяняюцца, малюючы то набліжэнне цягніка, то крыж, але такіх пераўтварэнняў магло б быць больш.

Акурат пазаўчора ў драмтэатры Магілёва прэм’ерай святкавалі 70-годдзе знакамітага драматурга Васіля Ткачова, які жыве ў Гомелі. Спектакль “Без Ягора будзе гора” паставіў Аляксандр Дольнікаў. П’есы Ткачова даўно і трывала ставяцца ў розных краінах, карыстаючыся нязменным поспехам у публікі. І Цэнтр беларускай драматургіі, які летась адзначыў 10-годдзе, тут абсалютна ні пры чым: не трэба думаць, што ён, маўляў, “кантралюе” ўвасабленні айчынных п’ес — садзейнічае з’яўленню новых, каб у тэатраў і ў гледача было як мага больш выбару: традыцыйныя і наватарскія п’есы, розныя пастаноўкі, сцэнічныя пляцоўкі, сама эстэтыка… Беларускі тэатр і нацыянальная драматургія павінны быць і разнастайнымі. Але нязменна высокага ўзроўню.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"