Культурны герой эпохі крыгаходу

№ 4 (1339) 27.01.2018 - 02.02.2018 г

24 студзеня пайшоў з жыцця Міхал Анемпадыстаў. Літаратар, чые радкі многія ведаюць на памяць. Дызайнер з уласным бачаннем стылю. Даследчык колераў і ментальнасці. І, бясспрэчна, культурны герой свайго часу.

/i/content/pi/cult/676/14902/michal-S.jpgАнемпадыстаў прыйшоў у мастацтва ў час крыгаходу — татальнай змены гістарычнай парадыгмы. Без сумневу, ён выразны прадстаўнік новага, ужо несавецкага пакалення творцаў. І менавіта дзякуючы яму (як і, напрыклад, Адаму Глобусу і Ігару Бабкову) адыход ад старога не стаў яго рашучым адпрэчваннем — прынамсі, у творчасці. У суседніх культурах у той час на арэну выходзілі трыбуны, здатныя прамаўляць ад імя мас. А ў нашай літаратуры — а ўслед за ёй і ў рок-музыцы — з’явіўся зусім іншы герой новага тыпу. Гараджанін з добра выяўленай індывідуальнасцю, эстэт з абвостранай пачуццёвасцю — і, зразумела, самотнік, які супрацьпастаўляе сябе натоўпу. Панеўрапейская касмапалітычнасць у ім неяк наздзіў арганічна спалучылася з нацыянальнай самаідэнтыфікацыяй.

Менавіта такі невыпраўляльны індывідуаліст мог зрабіць мінімалістычны дызайн культавых альбомаў першага складу Ulis і напісаць для “Новага неба” радкі пра бясконцае чаканне Калядаў і горад, які спакваля пагружаецца пад ваду.

І менавіта з гэтай сваёй “крыгі” Міхал Анемпадыстаў распачаў уласныя даследаванні архетыпаў нацыянальнай (пад)свядомасці. Спярша быў эпахальны для айчыннай музыкі “Народны альбом”, прысвечаны “крэсовай” ментальнасці міжваеннага часу. А потым — грунтоўнае і зусім не бясспрэчнае праз сваю смеласць асэнсаванне колераў у культуры беларусаў (гл. “К” № 39 за 2017 год).

Якім мог бы стаць яго новы, “марскі” праект, мы напоўніцу так і не даведаемся. Наш журналіст Алег Клімаў меркаваў звязацца з Міхалам, каб пагаварыць на гэтую тэму, ды, на жаль…

Адпрыродная інтэлігентнасць Міхала не магла не ўражваць. Прысутнасць гэтай асобы ў нашым “культурным ландшафце” заўсёды была далікатнай. Ён ніколі не акцэнтаваў на сабе ўвагу. Ні з кім “на публіцы” не сварыўся. Не ствараў на пустым месцы медыянагодаў. Проста, рабіў справу. Тое, што ён сам лічыў патрэбным.

Але пры гэтым на пахаванне Анемпадыстава сабраліся сотні людзей. Тых, для каго ён стаў сапраўды блізкім — не толькі праз асабістыя стасункі, але і праз сваю творчасць.