Адкрыццё “Буквара”

№ 4 (1339) 27.01.2018 - 02.02.2018 г

Першы ў свеце “Буквар” 400 гадоў таму выдалі з удзелам беларусаў. “К” даведалася, чаму на гэта звярнулі ўвагу толькі цяпер.

/i/content/pi/cult/676/14900/3-S.jpg— Тры гады таму ў Лондане ў бібліятэцы Мідл Тэмпл я ўбачыў першую ў свеце кнігу, названую “Букваром”, — распавёў “К” намеснік дырэктара па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Алесь Суша. — Яе выпусцілі ў беларускай друкарні ў 1618 годзе. У свеце захаваліся, на жаль, толькі два асобнікі — адзін у Лондане, другі і няпоўны ў Капенгагене ў Каралеўскай бібліятэцы.

Першы “Буквар” быў выдадзены 400 гадоў таму ў друкарні пры Віленскім Свята-Духавым праваслаўным брацтве ў Еўе — мястэчку, што належала князям Агінскім.

— На той час іх выдавецтва лічылася адным з самых уплывовых у Вялікім Княстве Літоўскім і друкавала выданні на старабеларускай, царкоўнаславянскай і польскай мовах, — адзначае дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Раман Матульскі.

— У далейшым першы “Буквар” фактычна паўтарыў Спірыдон Собаль — амаль з такой жа назваю, з падобным зместам выпусціў свой “Буквар” у 1634 годзе ў Куцейне, а потым у 1636 годзе ў Магілёве, — дадае Алесь Суша. — Сёння па кнізе з назвай, якую прыдумалі нашы продкі, вучацца ў многіх краінах свету.

Чаму ж на тэрыторыі Беларусі не захавалася ні аднаго асобніка? Па словах Рамана Матульскага, да вучэбных выданняў у той час ставіліся вельмі неасцярожна, таму яны часта губляліся. Тыя асобнікі, што ўдалося захаваць, магчыма, перавезлі ў Лондан імігранты, а потым выданні набылі калекцыянеры.

Азнаёміцца з электроннай версіяй “Буквара” можна на сайце брытанскай бібліятэкі www.middletemple.org.uk. Намеснік кіраўніка місіі Пасольства Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі ў Рэспубліцы Беларусь Іан Фокс распавёў, што арыгінал кнігі, хутчэй за ўсё, належаў заснавальніку бібліятэкі Роберту Эшлі — у яго калекцыі было каля 3700 кніг. Іан Фокс дадаў, што ў Мідл Тэмпл ёсць яшчэ адно больш позняе выданне “Буквара”, аднак яно было надрукавана іншым станком у іншай друкарні.

Выданне пачалі даследаваць толькі ў апошнія гады. Даследчыкі высветлілі, хто мог уваходзіць у склад аўтараў кнігі. Існуе меркаванне, што адным з іх з’яўляецца пісьменнік Мялецій Сматрыцкі, ёсць там таксама і тэксты Лаўрэнція Зізанія.

— Прысутнасць гэтых двух аўтараў ужо дае нам права лічыць выданне беларускім, таму мы вырашылі, што варта звярнуць на гэта ўвагу ў 2018 годзе, — тлумачыць Раман Матульскі.

Вясной у Нацыянальнай бібліятэцы адкрыецца выстава буквароў і іншых важных для беларускай гісторыі кніг. У красавіку ў Мінску адбудуцца кнігазнаўчыя чытанні “400-годдзе першага “Буквара”, да якіх далучацца шмат гасцей з розных краін. Восенню бібліятэка плануе прэзентаваць шырокай публіцы выданне першага “Буквара”, якое паспрабуюць прывезці з Вялікабрытаніі акурат да Дня ведаў.

Фота аўтара

Аўтар: Ганна ШАРКО
карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"