Наваполацк афіцыйна стаў культурнай сталіцай Беларусі-2018

№ 4 (1339) 27.01.2018 - 02.02.2018 г

Такі пачэсны статус розныя гарады краіны атрымліваюц з 2010 года. Першым быў Полацк, затым Гомель, Нясвіж, Магілёў, Гродна, Брэст, Маладзечна. Бабруйск 23 студзеня перадаў эстафету Наваполацку.

/i/content/pi/cult/676/14898/220880-01-SS.jpg

Міністр культуры Юрый Бондар і старшыня Наваполацкага гарвыканкама Дзмітрый Дзямідаў падчас урачыстай перадачы эстафеты культурнай сталіцы Беларусі ў Палацы культуры ААТ “Нафтан”. Фота Аляксандра ХІТРОВА, БелТА.

Ва ўрачыстай цырымоніі прыняў удзел міністр культуры Рэспублікі Беларусь Юрый Бондар. Ён уручыў старшыні Наваполацкага гарвыканкама Дзмітрыю Дзямдаву спецыяльны сертыфікат, каб дакументальна пацвердзіць новы статус горада на Дзвіне, які сёлета адзначыць 60-годдзе.

— Нягледзячы на малады ўзрост, Наваполацк — буйнейшы прамысловы цэнтр краіны, — падкрэсліў у сваёй прамове Юрый Бондар. — Горад не можа пахваліцца старажытнымі помнікамі, але тут створана багатая сацыяльна-культурная сфера. Няма сумневу, што ў Наваполацку будуць падтрыманыя і атрымаюць развіццё традыцыі рэспубліканскага праекта. Цягам гэтага года тут запланавана правядзенне больш як 200 мерапрыемстваў. Яны нададуць імпульс далейшаму развіццю горада.

Выставы, канцэрты, конкурсы прыгажосці, пленэры, тэатральныя гастролі, сустрэчы з творцамі — культурны каляндар-2018 абяцае жыхарам і гасцям Наваполацка насычаны год. Асноўныя святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя юбілею горада, адбудуцца ў чэрвені.