Мастацтва тлумачыць на пальцах

№ 3 (1338) 21.01.2018 - 30.01.2018 г

“К” даведалася, як ствараецца першы ў краіне музейны відэагід на мове жэстаў
У кастрычніку 2016 года Беларусь ратыфікавала прынятую Генеральнай Асамблеяй ААН дзесяцігоддзем раней Канвенцыю аб правах людзей з інваліднасцю. Гэта значна актывіравала інклюзіўныя праекты ў розных прафесійных галінах. У культурнай у тым ліку. Але яшчэ да падпісання дакумента Нацыянальны мастацкі музей Беларусі адным з першых у краіне распачаў дзейнасць у гэтым кірунку.

/i/content/pi/cult/675/14884/5.jpgМузей — месца для ўсіх

Спачатку былі разавыя мерапрыемствы — экскурсіі для інвалідаў-вазочнікаў, дзіцячыя выставы невідушчых мастакоў. У 2014 годзе ў адной з залаў музея з’явіліся тактыльныя копіі нацюрморта “Фрукты” Івана Хруцкага і пейзажа “Зімовы сон” Вітольда Бялыніцкага-Бірулі — выкананыя з фаянсу і пап’е-машэ спецыяльна для таго, каб іх можна было ўспрымаць навобмацак. Гэта быў пачатак пастаяннай экспазіцыі пад назвай “Мастацтва на кончыках пальцаў” — яе сталі фарміраваць для наведвальнікаў, якія не могуць бачыць экспанаты. Пазней адмысловую выставу дапоўніла яшчэ карціна Язэпа Драздовіча і дзве скульптуры Андрэя Асташова, да якіх таксама можна і нават трэба дакранацца.

Побач з кожным творам ёсць стойка з навушнікамі. Націскаеш кнопку — уключаецца троххвілінны аўдыязапіс. Так, пакуль абмацваеш скульптуру ці карціну, пра яе можна яшчэ і паслухаць дадатковую інфармацыю. А напрыканцы 2016 года музей запусціў аўдыёгід з апісаннем 25 твораў са сваёй калекцыі для невідушчых аматараў мастацтва.

У лютым у музеі мусяць з'явіцца яшчэ тры тактыльныя копіі твораў Юдэля Пэна, Язэпа Драздовіча і Івана Хруцкага, якія рыхтуе творчая група "Мівія" (кіраўнік Людміла Скрадаль).

— Усё гэта вялікі крок у развіцці нашай дзейнасці, — адзначае вядучы навуковы супрацоўнік Наталля Сяліцкая. — Мы пастаянна імкнемся да таго, каб музей стаў безбар’ерным асяродкам для кожнага з наведвальнікаў. Месцам для ўсіх.

Зараз там ідзе праца над стварэннем відэагіда на мове жэстаў. І гэта першы вопыт такога кшталту ў музейнай прасторы Беларусі. “К” даведалася, што гэта будзе, каму патрэбна, кім робіцца і калі запрацуе.

/i/content/pi/cult/675/14884/4.jpgШто гэта будзе?

У выніку ўсё мусіць адбывацца так. Чалавек, які мае праблемы са слыхам, прыходзіць у музей, бясплатна набывае квіток і атрымлівае на касе планшэт, на які запісаны відэафайлы. Нумары запісаў адпавядаюць лічбам пад пэўнымі карцінамі і скульптурамі, пазначанымі спецыяльным сімвалам. То бок там, дзе наведвальнік бачыць значок, ён можа спыніцца і ўключыць відэа на планшэце. На экране ён убачыць экскурсавода, які расказвае пра музейныя экспанаты на мове жэстаў, а ўнізе бягучым радком дадаткова пракручваюцца субцітры з тэкставай расшыфроўкай сурдаперакладу. Натуральна, запіс у любы момант можна спыніць ці паўтарыць яшчэ некалькі разоў.

Калі гэта запрацуе?

Вышэй апісана ідэальная сітуацыя, якой у любым разе папярэднічае шмат працы. Спачатку абіраюцца экспанаты, якія могуць быць уключаныя ў экскурсію. Потым тэкставае апісанне да іх рыхтуе мастацтвазнаўца. Спецыялісты па сурдаперакладзе адаптуюць тэкст з улікам асаблівасцей мовы жэстаў. Пасля чаго з ім знаёмяцца непасрэдна носьбіты гэтай мовы. Яны яго вывучаюць, рэдагуюць і ў прамым сэнсе слова сваімі рукамі запісваюць пераклад на камеру. Здымкі экскурсійных відэаролікаў займаюць шмат часу — гэта бясконцыя дублі, папраўкі, пошукі адпаведных музейнай тэматыцы словаў і жэстаў. Затым рыхтуюцца субцітры. Потым папярэдні вынік гэтай працы тэсціруецца на людзях, якія размаўляюць на мове жэстаў. А ўжо затым канчатковая версія запісваецца на планшэты, якія можна выдаваць наведвальнікам.

Для запуску першай экскурсіі ў музеі плануюць зрабіць сурдапераклад апісанняў да пятнаццаці карцін. Праца над гэтым вядзецца з красавіка 2017 года. Гатовых запісаў ужо некалькі: да “Партызанскай Мадонны” Міхаіла Савіцкага, “Сёння свята” Георгія Скрыпнічэнкі, партрэта Міхала Казіміра Агінскага Ганны Разіны Лішэўскай, “Мой горад старажытны, малады” Мая Данцыга, “Давер Аляксандра Македонскага да ўрача Філіпа” Генрыха Семірадскага і іншых. У распрацоўцы яшчэ апісанне вядомых шэдэўраў музея — палотнаў Івана Шышкіна, Васіля Пукірава, Валянціна Волкава, японскага кімано, Беларускай Царскай брамы XVII стагоддзя і іншых. Відэагід для глухіх наведвальнікаў музей плануе запусціць цягам 2018 года.

Хто гэта робіць?

Нацыянальны мастацкі музей вядзе праект сумесна з Інстытутам інклюзіўнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, то бок над стварэннем першага ў краіне відэагіда на мове жэстаў шчыруюць мастацтвазнаўцы, сурдаперакладчыкі і ўласна носьбіты мовы жэстаў з мастацкай адукацыяй.

— Пасля працы над экскурсіяй для невідушчых наведвальнікаў мы падумалі, што падобнае магчыма зрабіць і для глухіх людзей, але нам патрэбна дапамога, — расказвае вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Надзея Усава. — Мы шукалі сурдаперакладчыка, які мог бы перакласці на мову жэстаў экскурсію, па некалькіх крытэрыях. Паколькі патрэбны відэагід, то перакладчык мусіць быць абаяльны, пажадана малады і, натуральна, з добрым веданнем мовы жэстаў. Высокаадукаваны — усё ж такі, у нас асаблівая спецыфіка, трэба валодаць тэмай.

У працэсе пошуку музейшчыкам параілі звярнуцца ў Інстытут інклюзіўнай адукацыі да выкладчыка з кафедры сурдапедагогікі Ірыны Русаковіч.

— Мне падаецца, што вельмі важна, каб тэксты на камеру запісваў не адзін чалавек, а розныя людзі, і лепш носьбіты мовы, якія і самі цікавяцца тэмай экскурсіі. Сярод маіх выпускнікоў, з якімі я працавала ў школе для дзяцей з парушэннямі слыху № 14, ёсць мастакі — Андрэй Ігнаценка, Марыянна Чэкелёва, Аляксандр Пакаціла.

Андрэй Ігнаценка — малады жывапісец, які вучыцца на трэцім курсе Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Яго ж мы бачым у якасці аднаго з гідаў на відэа, якое глядзім разам з будучымі вэб-дызайнерамі Аляксандрай Карніенка і Антонам Шашурам.

— Гэта было вельмі цікава і карысна. Мне як мастаку ўдвая, — перадае Ірына словы хлопца пра ўражанні ад супрацоўніцтва з музеем. — Вопыт каласальны — вельмі складана спалучыць у перакладзе мову жэстаў і мову гукаў.

Аляксандра з Антонам вядуць з Андрэем паралельны дыялог жэстамі — абменьваюцца меркаваннямі, наколькі зразумела апісана карціна Андрэя Задорына “Вандроўнік”.

— Саша цікавіцца, колькі агулам у музеі карцін, — перадае Ірына пытанне Надзеі Міхайлаўне. — Каля тысячы. — І да ўсіх будзе такі пераклад?

На жаль, адказаць “Так!” у дадзеным выпадку немагчыма. І справа нават не толькі ў тым, што ўсе працуюць на валанцёрскіх асновах. На тое, каб перавесці на мову жэстаў інфармацыю пра ўсе творы, сышло б некалькі гадоў.

— Спачатку ўдзельнікі праекта прайшліся па музейных залах і выбралі каля пяцідзесяці карцін і скульптур, але і такую колькасць хутка адолець немагчыма, — кажа Надзея Усава, якая рыхтавала тэкставыя апісанні да экспанатаў з пункту гледжання мастацтвазнаўства.

— Для глухіх важна і відовішчнасць карціны, і гісторыя яе паходжання, уяўленне працэсу стварэння, разуменне сэнсу, закладзенага мастаком, — тлумачыць Ірына Русаковіч. — Хто, што і чаму — такі мусіць быць лагічны ланцужок у апісанні працы. Каб выбудаваць яго, спачатку тэксты чыталі мы разам з выкладчыкамі Інстытута інклюзіўнай адукацыі, якія спецыялізуюцца па методыцы навучання чытанню глухіх. Бо любы літаратурны тэкст адаптуецца да сурдаперакладу. Спачатку выбіраецца найбольш істотная інфармацыя, прыбіраюцца ўсе мудрагелістыя фразы, якія маюць падвойны сэнс. Жэставы пераклад падмацоўваецца субцітрамі, каб тэкставую інфармацыю можна было параўнаць з візуальным шэрагам, але не ўсім глухім лёгка іх чытаць — мовы гукаў і жэстаў абсалютна розныя па структуры.

— З гэтай жа прычыны шмат часу сыходзіла на тое, каб да тэкстаў падабраць адпаведныя жэсты, — далучаецца да размовы Ірына Радзевіч — вядучы інструктар-перакладчык Беларускага таварыства глухіх. — Каб не згубіць сэнс, падабраць выразныя сродкі, зберагчы неабходную структуру. Мы паставілі такую задачу, каб па стылістыцы расповед пра карціну не нагадваў лекцыю — хацелі, каб у наведвальніка было ўражанне, што хтосьці проста і па-сяброўску дзеліцца з ім тым, што сам ведае. Але запісаць на камеру гэта складана.

— Сам ролік ідзе чатыры хвіліны. Каб запісаць для яго матэрыял, патрэбна працаваць шэсць-сем гадзін, — адзначае Андрэй. — Гэта не так лёгка, як падаецца. Ёсць памылкі, брак, робіцца шмат дубляў. Той, хто здымае, можа згубіць усялякае цярпенне. З вопытам будзе прасцей. Пакуль толькі намацваем, як гэта рабіць.

— Мы вядзем пошук выразных сродкаў рускай жэставай мовы. У нас жа няма слоўніка па выяўленчым мастацтве — фактычна ствараем яго ў працэсе працы, калі сустракаюцца розныя тэрміны — абстракцыянізм, авангардызм, сюррэалізм і гэтак далей, — дадае Ірына Русаковіч.

— Хочам для пачатку зрабіць экскурсію на пятнаццаць карцін — гэтага дастаткова для аднаго наведвання музея, — тлумачыць Надзея Міхайлаўна. — І гэта можа ўжо запаліць нейкую іскру цікавасці. Хаця мы будзем працягваць працаваць і далей — штосьці выкладваць на сайт, павялічваць колькасць аб’ектаў для відэагіда ў музейных залах.

Навошта гэта патрэбна?

Па дадзеных Беларускага абласнога таварыства глухіх, толькі ў Мінску людзей, якія маюць праблемы са слыхам, адзінаццаць тысяч. І кожны з іх мог бы пайсці ў музей.

— Натуральна, усё залежыць ад таго, чым цікавіцца чалавек, — разважае Аляксандра Карніенка. — Мы бываем у музеях. Для нас такія паходы — крыніца новых уражанняў і ідэй. Відэагід на мове жэстаў зрабіў бы ўсё гэта яшчэ больш цікавым і карысным. Нам складана карыстацца, напрыклад, інтэрнэт-крыніцамі — там ідзе суцэльны грувасткі тэкст з рознымі тэрмінамі. Патрабуецца шмат часу, каб разабрацца ў ім. Прасцей, калі інфармацыя адаптавана.

— У любым выпадку такія экскурсіі — гэта выдатная магчымасць атрымаць новы вопыт, штосьці даведацца, — лічыць Андрэй Ігнаценка. — І ты ні ад каго не залежыш — узяў планшэт і пайшоў. У праекта вялікая пазнавальная місія. Гэта не толькі папулярызацыя мастацтва, а яшчэ і развіццё свайго слоўніка жэстаў. Асабіста для мяне ўсё, што звязана з мастацтвам, з’яўляецца тым, чым я жыву, у чым бачу сваю будучыню.

— Гэта толькі пачатак. Галоўнае, распрацаваць методыку, — упэўнена Надзея Усава. — Мы ж рабілі ўсё з нуля, рабілі адкрыццё за адкрыццём, разважаючы, што трэба ўлічыць — у што апрануцца, на якім фоне здымаць рукі экскурсавода, каб жэст прачытаўся, наколькі доўгім павінен быць інфармацыйны блок. Ірына Кузьмінічна ўжо апублікавала навуковы артыкул, дзе апісала наш першы вопыт. І ў Беларусі шмат людзей, якім трэба яго перадаваць.

Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА

Аўтар: Вераніка МОЛАКАВА
аглядальнік рэдакцыі рэдакцыі газеты "Культура"