Эксперыментальны цэнтр для свежага подыху

№ 40 (1323) 07.10.2017 - 13.10.2017 г

Чарговы сезон Беларускі дзяржаўны тэатр юнага гледача распачне з ініцыятывы, якая абяцае ўзбагаціць яго свежымі ідэямі і крэатыўнымі рашэннямі: ва ўстанове адкрыецца Цэнтр творчых праектаў.

/i/content/pi/cult/659/14613/15.jpgЗагадчык літаратурна-драматургічнай часткі Жана Лашкевіч апісвае стандартную сітуацыю, калі ў тэатр прыходзіць малады рэжысёр: той звычайна сутыкаецца з процьмай стрымліваючых момантаў, пачаткоўцу не заўсёды гатовы даверыць пастаноўку на галоўнай сцэне. “Цэнтр творчых праектаў дазволіць моладзі ладзіць эксперыменты, працаваць над драматургіяй, якую без дапрацоўкі рызыкоўна выводзіць на шырокую аўдыторыю. З’явілася магчымасць выпрабаваць на нашым дзіцячым матэрыяле сучасныя тэатральныя формы. Пакуль не замахваемся толькі на бэбі-тэатр”, — распавядае пра планы суразмоўца.

Першасная задача, якая стаіць перад Цэнтрам — засвоіць новыя творчыя плошчы ў прасторы тэатра. Спадарыня Жана заўважае: чым больш абмежаванняў, тым цікавей моладзі працаваць. Як прыклад — рашэнне рэжысёра, педагога Акадэміі мастацтваў Дар’і Марчанка. Яна ставіць спектакль “Асцярожна, прынцэса!” па п’есе Наталлі Марчук на параднай лесвіцы ТЮГа. Загадчык літчасткі працягвае: “Дар’я сама выбрала пляцоўку, вырашыла, што прастора пад прыступкамі будзе належаць каралеўству гоблінаў, тэрыторыя самой лесвіцы і над ёй ператворыцца ў чалавечае чароўнае каралеўства. Задума патрапіла ў яблычак! І артысты, і рэжысёр працуюць над інтэрактыўнай пастаноўкай з вялікім задавальненнем”.

Другі інтэрактыў, які актыўна рыхтуецца да адкрыцця сезона, — “Балотная каралева” па п’есе Таццяны Сівец “Не расказвай мне казкі”. Рэжысёр, педагог тэатральнага аддзялення сталічнай Дзіцячай школы мастацтваў № 2 Яўген Рэкеш абраў у якасці падмосткаў Елачную залу (вялікае фае). На гэтай нестандартнай пляцоўцы гледачоў чакаюць прыгоды і пераўтварэнні сучаснай чарадзейнай казкі.

Паводле мастацкага кіраўніка ТЮГа Уладзіміра Савіцкага, Цэнтр дасць моладзі добрую магчымасць выпрабаваць свае сілы: “Фармат эксперымента прадугледжвае, што спектаклі могуць мець не вельмі доўгае сцэнічнае жыццё. А калі які-небудзь з іх выбухне, зверне на сябе пільную ўвагу гледачоў альбо тэатральных адмыслоўцаў, ён мае шанс быць перанесеным на вялікую сцэну”.

На творчы рахунак Цэнтра ўжо залічаны першы праект: у сёлетнім верасні адмыслова для Фестывалю французскай казкі ў Ізраілі Жанай Лашкевіч была падрыхтавана арыгінальная версія “Ката ў ботах” паводле вядомай п’есы Генрыха Сапгіра і Соф’і Пракоф’евай. Адмысловы пастановачны ход прыдумаў Уладзімір Савіцкі. Прэм’еру фестывальнага праекта адыгралі ў Іерусаліме ў тэатры “Павільён”, а потым праехалі са спектаклем па іншых гарадах краіны. Па словах рэжысёра, публіка прымала беларусаў надзвычай сардэчна, у тамтэйшай прэсе з’явіліся добразычлівыя водгукі.

Падчас размовы з аглядальнікам “К” Уладзімір Савіцкі прыгадаў, што шмат гадоў калектыў не меў магчымасці выправіцца на гастролі. “Прычына гэтаму аб’ектыўная: у нашага тэатра доўгі час не было свайго дома. А трупа жа без гастроляў ды фестываляў чэзне, бо ва ўласным соку варыцца немагчыма. Абавязкова трэба правяраць сваю работу на розным гледачы”, — працягвае суразмоўца. Сёлета сітуацыя карэнным чынам змянілася дзякуючы падтрымцы Мінгарвыканкама: вясной у адпаведнасці са спецыяльнай праграмай фінансавання фестывальна-гастрольнай дзейнасці тэатру дапамаглі зладзіць абменныя гастролі з Кіеўскім акадэмічным тэатрам юнага гледача на Ліпках, а ў верасні — выправіцца ў Ізраіль.

На мінулым тыдні ў ТЮГу паказалі спектакль “Марк Шагал. Апошні палёт”, які на мінскую сцэну прывёз Ізраільскі ТЮГ. Галоўную ролю выконваў рэжысёр-пастаноўшчык Шаўль Цікцінер, які, прайграючы жыццё знакамітага мастака, распавядаў у тым ліку і пра свой лёс. Спрычыніцца да выступлення гледачам дапамог калектыў сталічнага ТЮГа, які да гэтага пабываў на Зямлі запаветнай.

Ізраільскі ТЮГ параўнальна з беларускім калегам існуе нядоўга — усяго 25 гадоў, але за чвэрць стагоддзя ён паспеў назапасіць рознаўзроставы рэпертуар, адкрыць вялікую колькасць дадатковых праграм, сярод якіх заняткі-гутаркі пра тэатр, майстар-класы, тэатральныя школы-студыі. Пры гэтым яўрэйскія калегі не абмяжоўваюцца толькі драматычным жанрам, уключаючы ў афішу канцэртныя пастаноўкі і нават лялечны спектакль. “Рэжысёр Шаўль Цікцінер — творца надзвычайнай сілы волі, які валодае бясконцай энергетыкай, фантазіяй, апантанасцю да справы. Нам вельмі пашчасціла, што мы пазнаёміліся. Ён — сапраўдны лідар калектыву, які можа плённа весці тэатр наперад у вельмі жорсткіх тамтэйшых рынкавых умовах”, — дзеліцца ўражаннямі спадар Савіцкі.

Мінчане змогуць пабачыць новага “Ката ў ботах” у кастрычніку. Пакуль ён будзе ісці на рускай мове (яе вымагалі ўмовы Фестывалю французскай казкі і запыты ізраільскай публікі, якая складалася з былых жыхароў постсавецкай прасторы). Мастацкі кіраўнік падкрэслівае: “Тэатр у нас беларускамоўны — гэта прынцыпова. Ён пачынаўся, задумваўся і працягвае працаваць на роднай мове. А на эксперыментальнай сцэне могуць узнікаць спектаклі з “чамаданнымі” дэкарацыямі на мовах тых краін, куды нас запрашаюць. Напрыклад, на польскай ці французскай”. Калі ж эксперымент “дарасце” да асноўнай афішы, то на галоўную пляцоўку яго перанясуць абавязкова з якасным беларускім перакладам. Рэжысёр Дар'я Марчанка створыць пад прыступкамі каралеўства гоблінаў.

У ТЮГу ўпэўнены: Цэнтр творчых праектаў дасць магчымасць бліжэй пазнаёміцца са сваім гледачом. Калі на прадстаўленне прыходзіць 30 чалавек, можна паспець з кожным індывідуальна пагутарыць, запытацца аб тым, чаго яму не хапае ў тэатральнай прасторы, папрасіць запоўніць анкету. А таксама шчыра паразважаць з педагогамі пра тое, якіх тэм не стае ў тэатры для моладзевай аўдыторыі. Бо часам і ў самога калектыву ўзнікаюць пытанні, якім чынам увасобіць той ці іншы матэрыял.

Пасля паездкі ў Ізраіль на працоўную пошту літчасткі прыйшоў ліст ад перакладчыка з іўрыту Мар’яна Беленькага. Той прапанаваў ТЮГу п’есу Эдны Мазія “Гульні на заднім двары”. Адкрыты, жорсткі тэкст пра падлеткаў, якія загуляліся да таго, што ім інкрымінуюць групавы гвалт, выклікае неадназначную рэакцыю. “Гэтую п’есу мы возьмем у Цэнтр творчых праектаў на чытку, каб абмеркаваць яе з публікай. Але папярэдне разаслалі тэкст псіхолагам, спецыялістам службы ўчастковых інспектараў па справах непаўналетніх. У дадзеным выпадку мы прытрымліваемся прынцыпу “не нашкодзь”, таму хочам сабраць адказных дарослых і даведацца пра іх меркаванне. Трэба зразумець, як з гэтай п’есай працаваць, як патрапіць у наш менталітэт, у нашы чаканні, бо хочацца не публіку шакіраваць, а пасля чыткі атрымаць добрую размову з пажыткам для душы”, — дадала спадарыня Жана.

Акрамя эксперыментальных пастановак, чытак п’ес, нефармальных зносін з гледачом, у Цэнтры плануюць праводзіць лекцыі і майстар-класы для тэатральнай талакі. Неўзабаве пачатак асветніцкім сустрэчам мусяць пакласці спецыялісты польскага тэатральнага інстытута — тамтэйшыя знаўцы па працы з гледачом і па сучасным мастацтве. Паводле загадчыка літчасткі, запрошаныя спікеры правядуць шэраг закрытых лекцый для зацікаўленых прафесіяналаў: з экскурсам у сацыялогію, псіхалогію, тэатральную справу, яны падзеляцца вопытам, як далучыць да тэатра малечу, дзяцей сярэдняга ўзросту і падлеткаў.