Іна ШУТАВА, дырэктар па рэпертуарным планаванні кампаніі “Белінфільм”
— У плане паспяховасці першая палова цяперашняга сезона праходзіць сінусоідна: здараліся як узлёты, так і падзенні. Узімку выйшлі гістарычны фільм “Вікінг” (ён сабраў 70 тыс. гледачоў) і аскараносны мюзікл “Ла-ла-лэнд” (таксама 70 тыс.), якія сталі для нас нечаканасцю года. Ніхто не спадзяваўся, што публіка валам на іх паваліць. Пасля гэтага відавочных прарываў не было, акрамя фантастыкі “Прывід у даспехах” (50 тыс.). Лета ажывілася камедыяй “Выратавальнікі Малібу” (20 тыс.) і, вядома, баевіком “Трансформеры 5: Апошні рыцар”, які сабраў рэкордныя 130 тыс. гледачоў нават нягледзячы на адмоўныя рэцэнзіі ў прэсе.
На ўмела разрэкламаваныя расійскія рэлізы гледачы добра ходзяць, і кінатэатры іх з задавальненнем бяруць. Хіба з экранізацыяй рамана Талстога “Ганна Карэніна. Гісторыя Уронскага” былі пытанні, але вытворцы самі вінаватыя, таму што папярэдне паказалі па тэлевізары яго пашыраную версію.
З улікам пералічаных фільмаў, пачатак 2017 года можна назваць для нас паспяховым — калі б не тройка стужак, якія ўпершыню за ўсю гісторыю нашай працы на рынку кінапракату далі нечакана пасрэдныя вынікі. Хаця, у прынцыпе, рэлізы не такія ўжо і дрэнныя. Асабліва крыўдна за “Абяцанне”: усе, хто яго бачыў, вельмі хвалілі, але глядач масава не пайшоў.
Што тычыцца беларускага кіно… У яго ёсць свае праваўладальнікі. Магчыма, калі б яны звярнуліся да нас з прапановай заняцца пракатам іх фільмаў, мы б і не адмовіліся. Пакуль такіх прапаноў да нас не паступала.
Сяргей КОЗЫРАЎ, дырэктар кампаніі “Інтэрфільм дыстрыб’юшн”
— У параўнанні з 2013 або 2014 гадамі, калі назіраўся пік наведвальнасці беларускіх кінатэатраў, цяпер адбываецца нешта адваротнае — актыўнасць гледачоў упала прыкладна на 30%. Дадзены факт сам па сабе не дзіўны, таму што пакупніцкая здольнасць насельніцтва працягвае зніжацца. Але пры гэтым памянялася структура валавых збораў. Фільмы класаў В і С становяцца ўсё менш запатрабаванымі. Гэта сведчыць пра тое, што калі людзі сталі хадзіць у кіно радзей, яны яшчэ болей пачалі аддаваць перавагу буйным раскручаным праектам перад фестывальнымі і аўтарскімі рэлізамі. Прыкметным стаў значны перакос у бок блокбастараў.
Для нас гэты год стаў прадказальным. Пачатак сезону нам “зрабіў” працяг меладрамы “На пяцьдзясят адценняў цямней”, якая спрацавала трохі горш у параўнанні з першай часткай, але ўсё адно цікавасць да фільма была неблагая, асабліва на старце. Удала прайшоў пракат музычнага мультфільма “Зверапой” і гоначнага баевіка “Фарсаж 8”, хаця ён сабраў менш, чым папярэднія часткі. Да гэтага моманту, пачынаючы з чацвёртага эпізоду, зборы фільма стабільна ішлі ўгару.
Нядрэнна сабрала фэнтэзі “Мумія” з Томам Крузам у галоўнай ролі, а таксама мультфільм “Гідкі я — 3”, хаця ён пайшоў горш за пазалеташні “Міньёны” і леташні “Тайнае жыццё хатніх жывёл”. Цяпер у нас ідзе фантастыка Люка
Бесона “Валяр’ян і горад тысячы планет”, мы ад яе чакаем добрага выніку. Фільм стартаваў на ўзроўні нашых спадзеваў, за першы дзень сабраўшы больш за 50 тыс. рублёў. У выніку можна чакаць, што зборы па краіне складуць недзе ў дзесяць разоў болей.
Што тычыцца рускамоўных рэлізаў, тут у нас тэндэнцыя такая самая, як і ў Расіі: да гэтага кантэнту цікавасць гледачоў у апошнія гады нязменна падае. У першую чаргу таму, што пастаянна падманваць публіку немагчыма. Часцяком фільм суправаджае гучная піяр-кампанія, а па змесце атрымліваецца пшык, і наступным разам глядач на рускі фільм не ідзе. З расійскіх прэм’ер у нас добра прайшло “Прыцягненне” Фёдара Бандарчука — нават трохі насуперак нашым чаканням. З астатнім усё сумна — напрыклад, кінакомікс “Абаронцы” братоў Андрэасян у нас праваліўся, хаця і ў Расіі яго таксама не вельмі актыўна глядзелі.
Беларускае кіно мы не пракатваем найперш таму, што нам яго проста ніхто не прапануе. Да таго ж масавых айчынных стужак пакуль няма. Усё, што да гэтага моманту выходзіла ў пракат, — гэта ў асноўным аўтарскія праекты. У нас ёсць досвед зносінаў з іх стваральнікамі, але мы арыентаваны на камерцыйныя рэлізы, а такія праекты да нас не прыносяць. Каб фільм збіраў грошы, трэба дакладна разумець, на якую мэтавую аўдыторыю ён накіраваны, адсюль можна выводзіць яго патэнцыял. Часам з таго матэрыялу, які ёсць у наяўнасці, можна зрабіць прыбытковы праект, але гэта патрабуе ўнясення карэктываў у візуалізацыю, дыялогі, тэмпарытм апавядання. Не гатовыя яшчэ нашы аўтары да такога “гвалту” над сваім стварэннем! Таму беларускія рэжысёры часта пракатваюць фільмы самі, робячы гэта так, як у іх атрымліваецца.
Анжаліка КРАШЭЎСКАЯ, дырэктар цэнтра візуальных мастацтваў “Арт Карпарэйшэн”
— Мы паказваем фестывальнае кіно ў рамках праекта “Лістапад. Калекцыя”. У гэтым годзе адным з самых паспяховых фільмаў стаў “Патэрсан” Джыма Джармуша. Мы дэманстравалі яго ў рамках пазаконкурснай праграмы “Лістапада” мінулай восенню, і паколькі быў попыт, вырашылі паказаць і ў пракаце. Вялікай папулярнасцю ў кінатэатраў і гледачоў карысталася брытанская камедыя “Гіпапатам” паводле рамана вядомага англійскага коміка Стывена Фрая. Нядаўна ў кінатэатры “Масква” прайшоў паказ зусім незвычайнай карціны, фільма-перформанса “Маніфест” з галівудскай зоркай Кейт Бланшэт, прычым гледачоў было надзвычай багата. А самым касавым фільмам гэтага года ў нас стала драма “Рай” Андрэя Канчалоўскага. Здавалася б, тэма складаная (стужка пра Халакост), але ў гледачоў яна выклікала вялікую цікавасць.
Глядацкая наведвальнасць і касавы поспех фільма, вядома, шмат у чым залежаць і ад самой карціны, ад зорнасці акцёрскага складу, рэжысёра і г.д. Да ўсяго, сістэма кінапракату завязана на буйных дыстрыб’ютарах, якія часта дыктуюць свае ўмовы. Нам даводзіцца запаўняць яшчэ не занятыя імі сеансы. Іншая справа, калі сам кінатэатр зацікаўлены ў супрацоўніцтве, як тая ж “Масква”. Шмат што залежыць ад людзей, не з усімі ўдаецца дамовіцца, бо фестывальнае кіно — гэта пераважна малабюджэтныя праекты з невялікай рэкламнай кампаніяй.
Пасля закрыцця на рэстаўрацыю кінатэатра “Перамога” мы страцілі пляцоўку, дзе маглі эксперыментаваць і паказваць цікавыя прэм’еры. Але пры гэтым пачалі працаваць з прыватнымі кіназаламі, якія не баяцца разнастайнасці ў рэпертуары. І публіка прыходзіць.
Беларускія стужкі мы сёлета паказвалі не раз. Два дні ў мінскім “Доме кіно” ішоў альманах “Незалежны Позірк”, а ў “Беларусі” чатыры дні пракатвалася камедыя Мікіты Лаўрэцкага “Каханне і партнёрства”. У некаторых рэгіянальных гарадах мы дэманстравалі кароткаметражныя фільмы, якія летась удзельнічалі ў Нацыянальным конкурсе “Лістапада”. Увесну па Мінскай вобласці прайшоў фільм Улады Сяньковай “Граф у апельсінах”.
Што тычыцца цікавасці да падобных рэлізаў… Можна канстатаваць умераную ўвагу да нашага кіно, якое мы паказвалі ў абмежаваным пракаце. У кожнага фільма свая аўдыторыя. Хутчэй гэта фестывальная публіка, чым масавы глядач. Калі будуць гучныя рэлізы фільмаў, мы гатовыя ахвотна ладзіць іх пракат. Таму нецярпліва чакаем ад нашых кінематаграфістаў такіх твораў.