Выезд менавіта ў гэту дзяржаву — першы для нашага калектыву, які заваяваў сваім мастацтвам ўжо не адну краіну свету, а таму запрашэнне яго на такі форум у Паднябесную было натуральным.
Па словах дырэктара гімназіі-каледжа Сямёна Клiманава, аднымі з асноўных мэт Тыдня, акрамя дэманстрацыі вакальных навыкаў, стануць знаёмства артыстаў з творчасцю адно аднаго, з культурай розных краін, ўзаемаабмен вопытам. Таму вялікае месца будзе адведзена зносінам паміж калектывамі, правядзенню майстар-класаў, творчых сустрэч. Але, вядома, нашы суайчыннікі дадуць і шэраг канцэртаў, сярод якіх выступы ў Сычуаньскай кансерваторыі горада Чэнду, на тэлебачанні, на сумесным мерапрыемстве з удзелам кітайскіх, паўднёвакарэйскіх, італьянскіх, французскіх, расійскіх калег.
— Мы павязем сучасную беларускую духоўную музыку, народныя песні ў сучаснай апрацоўцы, калядкі, — кажа кіраўнік хору Павел Шэпелеў. — “Лявоніху” і “Касіў Ясь канюшыну” ў Кітаі абавязкова пачуюць!
А прыемным сюрпрызам для гаспадароў Тыдня стане адзін з твораў Сычуаньскай правінцыі, якi наш калектыў па просьбе арганізатараў форуму спецыяльна да яго падрыхтаваў.