Як заваяваць грантадаўцу?

№ 28 (1311) 15.07.2017 - 21.07.2017 г

Зрабіць свой арыгінальны і цікавы праект — а пасля і зарабіць на гэтым — сёння цалкам магчыма. Прычым, не толькі ў сталічных ці абласных цэнтрах Беларусі. Праектную “дзялянку” паспяхова асвоілі і агорваюць шматлікія ўстановы культуры краіны, маючы ад гэтай дзейнасці неблагую “капейчыну”.

Дом для Культуры

Асаблівы плён ад шматлікіх грантаў сёння маюць на Брэстчыне. І гэта цалкам зразумела: рэгіён, што называецца, “памежны”, побач Украіна, Польшча (чытай: Еўрасаюз), таму супрацоўніцтва ў рамках адметных праектаў тут наладжана як мае быць. Праўда, не ўсюды і не заўсёды.

Але спачатку — пра тыя раёны, дзе праектная дзейнасць ужо дала і яшчэ абавязкова будзе прыносіць свой плён. За прыкладамі далёка хадзіць не трэба. Вось, скажам, у Пружанскім раёне Брэсцкай вобласці ў рамках праекта ЕС/ПРААН пад назвай “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні”, а таксама ў рамках мемарандума аб супрацоўніцтве паміж ПРААН і мясцовым райвыканкамам сёлета быў праведзены конкурс праектаў.

Намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Пружанскага райвыканкама Таццяна Ярошка распавяла, што перамаглі ў конкурсе 5 ініцыятыў з 12. Прычым 3 з іх непасрэдна датычаць сферы культуры і звязаны з паляпшэннем умоў для баўлення вольнага часу мясцовых жыхароў.

Так, у Ліноўскім сельскім савеце атрымала падтрымку ініцыятыва з гаваркой назвай “Дом, дзе жыве Культура”. У рамках праекта ў будынку Ліноўскага СДК, дзе сёння “кватаруюць” таксама ДШМ і бібліятэка, зробяць невялікі рамонт, у ім з’явіцца новае абсталяванне, касцюмы для творчых калектываў і многае іншае. Паводле дакументацыі, пад гэтыя мэты прадугледжана 13 тысяч 566 еўра. Праект рэалізуецца ПРААН, фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і мае быць завершаны да канца бягучага года.

Паводле яшчэ адной ініцыятывы ў гарадскім парку Пружан у хуткім часе з’явяцца трыбуны для летняга амфітэатра, дзе будуць ладзіцца самыя розныя мерапрыемствы. Закончыць будоўлю абяцаюць да канца лета, балазе грошы ЕС пад гэтыя мэты — больш за 25 тысяч еўра — ужо таксама выдаткаваны.

На такую ж важкую суму ў 25 тысяч еўра “пацягнула” і іншая ініцыятыва, прысвечаная развіццю турыстычнага патэнцыялу гарадскога пасёлка Ружаны. На гэтыя грошы плануецца стварыць сайт музея “Ружанскі палацавы комплекс Сапегаў”, аддрукаваць турыстычныя буклеты на беларускай, рускай, англійскай і польскай мовах, усталяваць інфармацыйныя шчыты, дзе будзе распавядацца пра найбольш
адметныя гісторыка-культурныя “цікавосткі” Ружан, а таксама нанесці на некаторыя гістарычныя аб’екты гарадскога пасёлка QR-коды.

Але і гэта яшчэ не ўсё. Як кажа Таццяна Ярошка, турыстычны патэнцыял Ружан будуць піярыць і развіваць таксама з дапамогай падзейнага турызму. А гэта і правядзенне фестывалю “Ружанская брама” (сёлетні фэст, дарэчы, прайшоў з вялікім розгаласам у СМІ і на інтэрнэт-форумах), распрацоўка і ажыццяўленне ў канцы жніўня “Ночы музеяў” (так, менавіта ў жніўні, а не ў Міжнародны дзень музеяў, як гэта традыцыйна робяць у Мінску), а таксама стварэнне і апрабацыя музейных праграм для пенсіянераў і для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Карацей кажучы, дзякуючы праектнай дзейнасці сфера культуры Пружаншчыны сёння дзейнічае не проста паспяхова, а акрэслівае перспектыўныя кірункі для свайго развіцця на некалькі гадоў наперад. Прычым, не толькі ў райцэнтры, а і ў гарадскім пасёлку Ружаны, дзе сёння часткова створана і працягвае стварацца ўся неабходная турыстычная інфраструктура. Бо турызм, а асабліва культурны — гэта як рэальныя грошы, так і працоўныя месцы для мясцовых жыхароў. Урэшце, праца на эканамічны патэнцыял эканомікі Пружаншчыны, дзе культуры, як бачна, адведзена самае пачэснае месца.

/i/content/pi/cult/647/14376/1.jpgМанюшка і ЕС

Маюць рэальныя фінансавыя дывідэнды ад развіцця і ўкаранення праектнай дзейнасці і на Міншчыне. Як паведаміла “К” в. а. начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага аблвыканкама Святлана Баранок, даволі значны эфект далі шэраг праектаў, рэалізаваных па ўжо згаданай мной праграме ЕС/ПРААН “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні” ў Чэрвенскім раёне.

Балазе, ініцыятыў, якія атрымалі фінансавую падтрымку Еўрасаюза, у раёне не адна, а ажно тры. Гэта праект “Музычная гасцёўня Станіслава Манюшкі” (заяўнік — Чэрвенская дзіцячая школа мастацтваў), “Павышэнне турыстычнага патэнцыялу г.п. Смілавічы шляхам захавання культурна-гістарычнай і прыроднай спадчыны, уладкавання тэрыторыі” (заяўнік — прыватная ўстанова культуры “Спадчына і час”), а таксама праект “Рэалізуй сябе ў творчасці” (заяўнік — Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі г. Чэрвеня).

Пра першы з названых праектаў варта сказаць асобна, бо ён, хутчэй за ўсё, займее з цягам часу не толькі раённы ці абласны, а і міжнародны рэзананс. Усё ж такі Манюшка — гэта імя, якое вядомае далёка за межамі Беларусі, а ў той жа Польшчы кампазітара ўвогуле лічаць сваім. Хоць, натуральна, і не супраць “падзяліцца” імем-брэндам і зладзіць сумесны трансгранічны праект.

Названая мною ініцыятыва сёння рэалізуецца ў Смілавічах, дзе з цягам часу будзе распрацавана мастацкая канцэпцыя музычнай гасцёўні, закуплена і ўстаноўлена новае абсталяванне ў будынку філіяла Чэрвенскага раённага краязнаўчага музея — менавіта туды пасля “пераедзе” раздзел экспазіцыі музея “Кампазітар Станіслаў Манюшка” з пасёлка Азёрны Чэрвенскага раёна. Таксама для гасцёўні будуць зроблены буклеты, дыскі і іншыя прэзентацыйныя матэрыялы, у якіх змесцяцца публікацыі пра Манюшку, нотныя зборнікі, аўдыя- і відэаматэрыялы.

Сума фінансавання пад гэты праект з боку Еўрапейскага Саюза складае больш за 20 тысяч еўра. І, як адзначыў рэгіянальны каардынатар праекта ЕС/ПРААН “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь” па Мінскай вобласці Аляксандр Шаўчук, гэта не адзіная цікавая ініцыятыва, якая рэалізуецца цяпер на Міншчыне. Пра некаторыя з іх мы абавязкова яшчэ распавядзём на старонках “К”.

Хацелася б большага...

Падаецца, такі ж рэальна-эканамічны плён маглі б займець ад раскруткі сваіх гісторыка-культурных адметнасцей або знакамітых мясцовых ураджэнцаў і іншыя раёны Беларусі. Але ж, як прызнаваліся мне ў некаторых райвыканкамах, праектная дзейнасць у іх сёння толькі наладжваецца.

Скажам, на Століншчыне, па словах начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі мясцовага райвыканкама Васіля Зарубы, з праектамі  — а дакладней з выйграваннем грантаў — пакуль усё не так добра, як хацелася б. І гэта нягледзячы на тое, што мясцовыя культработнікі неаднаразова падавалі заяўкі ў розныя праграмы Еўрапейскага Саюза ды Арганізацыі Аб’яднаных Нацый ды нават спрабавалі “будаваць масты” — падаваць сумесныя заяўкі на гранты — з установамі культуры гарадоў-пабрацімаў Століна…

Тая самая карцінка — і ў Драгічынскім раёне. Па словах начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі мясцовага райвыканкама Леаніда Куроўскага, праектная дзейнасць тут пакуль ідзе цяжка. Хоць, да прыкладу, сёння культработнікі ў якасці партнёраў задзейнічаны ў адным з праектаў па турыстычным развіцці края “Буг аб’ядноўвае нас”, які курыруе аддзел спорту і турызму Драгічынскага райвыканкама.

Агульная сума, запланаваная да фінансавання з боку ЕС, складае 311 тысяч еўра. Праўда, пакуль што заяўка драгічанцаў прайшла толькі першы этап конкурсу. Канчатковае рашэнне па ёй будзе прынята ў сярэдзіне восені. Што ж, пажывём — пабачым...

Чакаюць адказаў на свае заяўкі і на Кобрыншчыне — балазе, тут таксама ёсць чым зацікавіць не толькі мясцовых, але і замежных гасцей. Але, як вядома, канкурэнцыя за месца пад сонцам расце год ад года, а прэтэндэнтаў на замежныя гранты сёння хапае. Так што, як бачна, не заўсёды адсутнасць паспяховых праектаў у тым або іншым раёне азначае нястачу ініцыятывы з боку работнікаў культуры. Часам ім проста не шанцуе ў конкурсах.

Дадам, што менавіта па такім жа прынцыпе жывуць сёння многія ўстановы культуры замежжа, распрацоўваючы і дасылаючы заяўкі на гранты адразу ў дзясятак праектных арганізацый штогод. Глядзіш — якая-небудзь з дзесяці абавязкова знойдзе фінансавую падтрымку. А наступным годам усё паўтараецца зноў.

Гэта рэаліі сённяшняга жыцця. Але галоўнае, паўторымся, — гэта жаданне тварыць, якое павінна зыходзіць менавіта ад культработнікаў. “Сціпласць” тут наўрад ці будзе да месца. Бо нехта рассылае дзясятак адметных праектаў у розныя міжнародныя праграмы, а іншы працягвае наракаць на недахоп фінансавання. Які шлях выбраць — справа за канкрэтным кіраўніком той або іншай установы культуры.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"