Бярэзінскі “Іван”

№ 20 (1303) 20.05.2017 - 26.05.2017 г

Папанаў, Макарава ды іншыя: кінакраязнаўства праз 35 гадоў
2017-ты пазначаны 35-годдзем з часу здымак мастацкай кінастужкі “Іван” (аўтар сцэнарыя — вядомы беларускі пісьменнік Анатоль Кудравец, рэжысёр-пастаноўшчык — Віталь Дудзін, аператар — Анатоль Зубрыцкі). А жыхары Бярэзіншчыны ганарацца тым, што фільм мае “прапіску” адтуль. Што ж адбывалася “за кадрам”?

/i/content/pi/cult/638/14179/13-1.jpgІграў свайго равесніка

У красавіку — маі 1982 года ў Бярэзінскі раён завітала творчая група кінастудыі “Беларусьфільм” здымаць фільм з удзелам народнага артыста СССР Анатоля Папанава. Стужка гэтая пра лёс франтавіка Івана Клімовіча, каго праз шмат гадоў знаходзіць баявая ўзнагарода. Тады пасля шпіталю ён вярнуўся ў родны калгас. А праз шмат гадоў у пярэдадзень Дня Перамогі франтавіка выклікалі ў ваенкамат…

Прэм’ера адбылася 24 лістапада 1983 года. Галоўная жаночая роля (Мар’я, жонка Івана) у народнай артысткі Беларусі, народнай артысткі СССР Галіны Макаравай. А за ўвасабленне вобраза Івана Папанаў на Усесаюзным фестывалі ў Алма-Аты (1983) атрымаў прыз за лепшую мужчынскую ролю. Цікава, што 60-гадовы Папанаў, сам франтавік, выконваў у фільме ролю равесніка. Артыст не перагружае вобраз эмоцыямі — праўдзівы і арганічны, ён быццам іграе сябе.

Партнёрамі Папанава і Макаравай сталі беларускія акцёры Аляксандр Дзянісаў, Віктар Тарасаў, Фёдар Шмакаў (апошнія двое — таксама народныя артысты СССР). У фільме здымаліся і артысты Бярэзінскага народнага тэатра Анатоль Маскалькоў, Лілія Зубцова, Вера Казак і іншыя. Скажам, Арсен Гаеўскі стаў паштальёнам, які дастаўляе Івану позву ў ваенкамат і вядзе з ім размову. Лёгка і вольна самадзейны артыст валодае словам, без напругі выражае стан персанажа.

Праўда Прыбярэжнага

Так, бярэзінцаў фільм прыцягвае душэўным магнітам. Напрыклад, стужку лічаць сваёй у вёсцы Прыбярэжнае, краявіды якой паслужылі жывой дэкарацыяй: фільм пачынаецца кадрамі ранішняга вясковага пейзажу з рачнымі затокамі, дзе спяваюць салаўі. У водах Бярэзіны, якая працякае паблізу гэтай жа вёскі, Мар’я мые бялізну, вясковыя козы “падарожнічаюць” у лодцы па рацэ. Менавіта тут, у Прыбярэжным, разгортвалася галоўнае дзеянне фільма, тут жылі галоўныя героі. Родным домам для Івана і Мар’і на час здымак стала хата Станіслава і Аліны Славашэўскіх. На сцяне — фотаздымкі ў агульнай драўлянай рамцы, рэпрадукцыя карціны “Тры асілкі”. Ля ложка — сціплы насценны дыванок. Этажэрка з сурвэткамі, тэлевізар “Рэкорд”, швейная машынка, куфар, на стале трохлітровы слоік малака… Праўда вясковага непрыхарошанага жыцця — не разбаўленага да бясколернасці, а аб’ёмнага, праўдзівага.

У фільме пазнавальная як хата, так і вясковая вуліца. Халадзільнік персанажы карціны, скажам, цягнулі ў дом Баляслава Шпакоўскага, а лазня належала Бельскім. Вароты, якія “штурмаваў” Іван, устанавілі ў Станіслава Славашэўскага, спецыяльна для здымак. У грузавой машыне, якая рухаецца па вясковай вуліцы — кабеты ў квяцістых хустачках едуць на працу і зладжана спяваюць вядомую песню “По Дону гуляет казак молодой”. Льецца песні хараство. У кузаве машыны побач з народнай артысткай Галінай Макаравай — нашы зямлячкі. Радуюць вока дарагія абліччы бярэзінскіх жанчын, сонечная разнастайнасць твараў, сярод якіх буйным планам пакаёўка бярэзінскай гасцініцы Вольга Ермаловіч.

Бананы пад пражэктарам

Многім бярэзінцам пашчасціла пазнаёміцца з вядомымі на ўвесь Савецкі Саюз акцёрамі, а жыхары Прыбярэжнага пэўны час жылі з імі поруч, здзіўляліся іх сціпласці, прастаце, жыццёвай мудрасці. Той жа Анатоль Папанаў не любіў сядзець упустую, захапляўся прыродай. Калі здымалася сцэна, у якой патрабавалася цягнуць халадзільнік, усё не было надвор’я, дык акцёр, каб не марнаваць час, пайшоў слухаць салаўёў. А Галіна Макарава любіла кветкі. “Што ты толькі вяргіні садзіш, — казала яна адной з вясковых жанчын, — я табе іншых кветак прывязу”. І слова, дарэчы, стрымала.

У кадрах фільма, якія здымаліся ў райцэнтры, — пабудовы цэнтральнай плошчы, галоўнай вуліцы Кастрычніцкай, камяніцы гасцініцы, Дома культуры, РКБА… Прыцягваюць позірк бярэзінцаў знаёмыя вітрыны камбіната бытавога абслугоўвання, калі Папанаў пераходзіць вуліцу наперарэз светлым “Жыгулям”. Вось каля бярэзінскага ўніверсама проста на вуліцы чарга па дзіковінныя тады бананы. На пытанне Івана “Што даюць?”, яму бойка адказвае жанчына з чаргі, у якой угадваеш артыстку Бярэзінскага народнага тэатра Веру Казак: “Бананы! Вазьмі сваёй бабцы, ёй якраз па зубах будзе”. У ролі іншых пакупнікоў — жыхары Беразіно, сярод якіх выкладчыкі музычнай школы Галіна Каждан, Валянціна Новікава і Вольга Скадорва з шыкоўнай русай касой. Прадавец бананаў — работнік Бярэзінскага райхарча (рэстарана) Лілія Вайчуленя.

Экзатычныя фрукты ў пачатку 1980-х былі ў Беларусі яшчэ ў навінку, таму купіў і насіў па горадзе Іван у хатульку штучныя. Красавік і пачатак мая 1982 года выдаліся не надта цёплымі, таму для “сонечнасці” вулічным кадрам на здымках узмоцнена працавалі пражэктары. Дарэчы, ёсць у фільме яшчэ адзін “гандлёвы” эпізод, які здымаўся на базе магазіна сплаўучастка ў Беразіно. Калонка ж, з якой п’е ваду Іван падчас паездкі ў горад, размешчана ля дома № 19 па вуліцы Перамогі насупраць будынка міліцыі.

Дождж з брандспойтаў

Сцэна прыхода героя ў райсабес здымалася ў будынку аддзела грамадскага харчавання райспажыўтаварыства па вуліцы Аляшкевіча ў Беразіно. Эканаміст Людміла Сушыцкая прыгадвае: “Ранкам 22 красавіка абвясцілі, што ў нас будуць здымаць кадры нейкага фільма і прапанавалі ўсім заставацца на сваіх працоўных месцах. Нас, работнікаў бухгалтэрыі разам з галоўным бухгалтарам Янінай Душэўскай, у рабочым пакойчыку чалавек сем — восем, усе за сталамі, заваленымі стосамі папер, пануе дзелавы настрой. Святло пражэктараў слепіць вочы. Разгублены Іван (Папанаў) з авоськай з бананамі ўваходзіць у дзверы і коратка прамаўляе: “Добрага здароўечка ўсім! Я наконт пенсіі”, — і пачынае сваё блуканне ад аднаго стала да другога ў пошуках патрэбнага спецыяліста... Рэжысёра штосьці не задавальняе, і акцёр робіць некалькі дубляў. Нас уразіла, што здымкі невялічкага эпізода доўжыліся цэлы дзень. На твары Папанава — стомленасць, але пасля здымак акцёр не адмовіўся зняцца на памяць з работнікамі бухгалтэрыі. І, як у сапраўднага артыста, у яго на твары блукала лагодная ўсмешка ветлівасці — лепшыя лекі ад стомы і спустошанасці… А ўвечары прадоўжыліся здымкі, тады для імітацыі непагадзі на шыбы з брандспойтаў лілі ваду. Атрымалася натуральна”.

Калі ўручалі ордэн

У сцэнах кінафільма, знятых у будынку райваенкамата, на той час яшчэ драўляным, з доўгім калідорам, цешаць сэрца і позірк постаці ветэранаў, сярод якіх вылучаецца Мацвей Шмэрка ў вайсковай форме падпалкоўніка, з афіцэрскай выпраўкай, нягледзячы на гады, Кандрат Баранаў і статная фігура былой партызанскай радысткі Веры Шрэйн. Да здымкаў сцэны ўручэння Івану Клімовічу ордэна былі далучаны піянеры і школьнікі СШ № 1 Беразіно, сярод якіх — Міхаіл Кудзейка і Сяргей Бурымскі. З замілаваннем глядзяцца кадры фатаграфавання ардэнаноснага ветэрана для газеты з караблём у руках, з кнігай успамінаў маршала Жукава, якія здымаліся ў фотаатэлье Бярэзінскага РКБА. Кадры наведвання Іванам вяскоўца ў бальніцы здымаліся ў нашай гасцініцы “Беразіна”. Папанаў у накінутым на пінжак белым халаце, з-пад якога выглядае ордэн, сядзіць у фае другога паверха каля вакна, з якога бачныя плошча і будынак вузла сувязі.

Нарэшце, 28 красавіка ў Бярэзінскім РДК праходзілі здымкі ўшанавання героя фільма. У фае першага паверха грае мясцовы духавы аркестр пад кіраўніцтвам Валерыя Шагойкі. Усе музыканты — у шыкоўнай параднай форме. На трыбуне — Віктар Тарасаў у ролі ваенкама і Аляксандр Дзянісаў, што ўвасобіў першага сакратара райкама. Першы ў ганаровым прэзідыуме на сцэне РДК наш легендарны ветэран, партызанскі камандзір, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Дзмітрый Шрэйн, на лацкане чыйго гарнітура — ордэны Леніна, Чырвонай Зоркі і Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны I ступені, медалі. Побач з ветэранамі — моладзь, сярод яе і прыгажуня-харэограф Бярэзінскага РДК Аксана Панкевіч. У зале — Лілія Зубцова з сынам Лёшкам на руках, Валянціна Пытляк, Арсен Гаеўскі і іншыя жыхары Беразіно рознага веку. У сцэнах вулічнага святкавання Дня Перамогі сімвалам ваеннай памяці выступае ў кадры помнік-абеліск воінам 153-й стралковай дывізіі, якая ў ліпені 1944 года фарсіравала Бярэзіну і вызваляла раён на высокім абрыве ля рэчкі на паўночна-ўсходнім ускрайку вёскі Жорнаўка.

У маі 1982 года ў гарадскім кінатэатры “Юбілейны” адбылася творчая сустрэча бярэзінцаў з Анатолем Папанавым. На высокай ноце даверу і шчырай нязмушанасці народны артыст распавёў пра свой творчы шлях. З натуральна беларускай сціпласцю жартаваў: “Якая я знакамітасць? Ну, трохі вядомы ў нашай сусветнавядомай краіне”. Між тым акцёр зняўся ў 70 кіна- і тэлефільмах, выканаў 50 тэатральных роляў. Дарэчы, сёлета спаўняецца 30 гадоў са дня смерці легендарнага акцёра, а 31 кастрычніка — 95 гадоў з дня яго нараджэння.

Пайшлі з жыцця і Папанаў і Макарава, але іх творчасць бессмяротная. Помняць жа акцёраў вёскі Прыбярэжнае, Лешніца, Жорнаўка, райцэнтр Беразіно. Засталіся фільмы — помнікі акцёрскаму майстэрству, і сярод іх блізкі нам фільм з бярэзінскай прапіскай “Іван”.

Тамара КРУТАЛЕВІЧ, загадчык аддзела маркетынгу Бярэзінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі