— Не памятаю, што канкрэтна любіў маляваць у дзяцінстве (а я ўвесь вольны час маляваў), але памятаю, што калі я ўпершыню ўбачыў рысунак алоўкам, мяне гэта ўзрушыла! У гады вайны не было нават дастаткова паперы, але я маляваў, дзе мог і на чым мог. Нават памятаю, як гадоў у восем мы з бацькамі вярталіся з эвакуацыі і на адной са станцый на Урале я на пяску намаляваў вялікага каня. Нейкі мужчына ўбачыў і падняў мяне на рукі ад захаплення — я гэтым вельмі ганарыўся. Урэшце, у мяне не было памкненняў да іншых прафесій.
— А бацькі падтрымлівалі тыя памкненні?
— Прафесія мастака не грашовая, таму яны былі не ў захапленні ад майго выбару. Калі мы ў 1947 годзе вярнуліся з эвакуацыі ў Бабруйск, я адразу ж пайшоў у мастацкі гурток Дома піянераў — выдатную студыю, дзе выкладаў Барыс Фёдаравіч Бяляеў, які не толькі даваў урокі жывапісу, але і выхоўваў нас. Многія хлапчукі, што хадзілі да яго займацца, упэўнены, сталі б злодзеямі, каб не тыя заняткі. Дарэчы, з гуртка выйшла 150 прафесійных мастакоў. А з таго моманту, як я пайшоў у яго (сам!), не было дня, каб я не маляваў. Дарэчы, у маі пройдзе выстава ў Бабруйскім мастацкім музеі. Бачыце, як круг жыццёвы замыкаецца: 40 гадоў таму я зрабіў там выставу і цяпер, паездзіўшы па свеце, духоўна ўзбагаціўшыся, зноў выстаўлю працы ў горадзе майго дзяцінства.
А ў 16 гадоў я паехаў паступаць у мастацкае вучылішча. Для мяне адкрыўся зусім новы свет: акрамя штодзённай вучобы я хадзіў у музеі, на выставы, наведваў цыклы лекцый па мастацтве ў Эрмітажы. Усюды насіў з сабой нататнік і рабіў накіды — гэта пастаянная трэніроўка. І ў вучылішчы мы кожны дзень прафесійна малявалі па 4 — 6 гадзін. А праз некаторы час паступіў у мастацкі інстытут у Мінску, і пачаліся 6 гадоў сур’ёзнай працы.
— Як, на ваш погляд, ці важна мастаку прайсці акадэмічную школу, якую сёння некаторыя лаюць, гаворачы, што яна забівае мастака?
— Лічу, што ў любой прафесіі, акрамя таленту, аснова — абавязковая. У расійскай і заходняй акадэміях мастацтваў у XIX стагоддзі была вельмі жорсткая акадэмічная школа. І калі глядзіш малюнкі тых гадоў — усе яны падобныя, але таленты з часам усё роўна выявіліся, ім не перашкодзіў “гвалт” школы. Бо, калі, скажам, скрыпач не навучыцца валодаць інструментам, дык што ён зможа выказаць?
— Як вы праводзілі вольны ад вучобы час?
— Ездзіў у Вільнюс на выставы. У Прыбалтыцы не было такога засілля сацрэалізму, яна лічылася больш заходняй, і ў творчасці там аказалася больш свабоды. Мы бачылі, што можна нешта больш вольна рабіць, больш цікава, выразна і ў плане тэхнікі, і ў плане сюжэту. Гэта давала навізну. Я, дарэчы, лічыўся актыўным студэнтам і ўжо з першага курса пачаў выстаўляцца, прыняў удзел у конкурсе плаката і заняў там першае месца.
— Творчасць якога мастака аказала на вас уплыў?
— Яшчэ з часоў вучылішча мой улюбёны мастак — Рэмбрант. Я нават зрабіў некалькі партрэтаў у кантрасце святла і ценю, як у яго. Для мяне адна з найвялікшых карцін у сусветным мастацтве — ягоны “Блудны сын”.
— А якую тэму дыпломнай работы вы выбралі ў інстытуце?
— Дыплом называўся “Вайна і дзеці” — 7 лінагравюр 50 на 70 сантыметраў, якія закупіў Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
— Як далей складваўся ваш творчы лёс?
— Яшчэ падчас вучобы пачаў падпрацоўваць у выдавецтве “Беларусь” — вокладкі рабіў, ілюстрацыі для кніг. За афармленне некаторых кніг нават атрымаў прэмію II ступені на конкурсе. У выставах удзельнічаў, потым уступіў у Саюз мастакоў СССР.
— Ці бывае з вамі, што прыходзіш у майстэрню, а працаваць не хочацца?
— У мяне — не. Наадварот: загадзя ў галаве ёсць планы. Я шмат працаваў і ў паездках, нават калі кудысьці ездзіў адпачываць. Памятаю, некалькі гадоў мы ездзілі з мастаком Яўгенам Красоўскім пісаць прыгожую прыроду Крыма.
— У вас ёсць улюбёная тэхніка?
— Тэхніка — гэта прыём, не самамэта. Я не думаю пра тэхніку. Ты вольны, калі ты майстар. Калі мне трэба выказаць тое, што ў мяне ў галаве, бяру фарбу і дамагаюся, каб атрымалася ўяўленае.
— Вам як мастаку бліжэйшая графіка або жывапіс?
— Графіка бліжэйшая па маім таленце: для мяне лінія важнейшая, чым пляма. Гэта яшчэ ў дзіцяці можна ўбачыць, да чаго маецца схільнасць. Вось нельга навучыць жывапісу: мастак бярэ два-тры колеры, а яны ў яго вельмі гарманічныя атрымліваюцца — тое нейкая прыроджаная якасць. Навучыць маляваць можна і мядзведзя, але высокае мастацтва павінна ад сэрца ісці.
— Вось усё было ў вас добра: праца, майстэрня, творчыя паездкі. Чаму вы вырашылі з’ехаць з Савецкага Саюза?
— Хацелася займець больш магчымасцяў. Ну і, напэўна, сёння можна казаць шчыра, каб не адчуваўся пэўны антысемітызм, я не паехаў бы: нярэдка ж глядзелі не на вынікі ў вучобе і працы, а на “пяты радок”.
— Але была, напэўна, і цяга да сваіх каранёў?
— Гэта таксама. Я ж яшчэ ў СССР зрабіў работы на тэму Шолам-Алейхема. І ведаў, што я яўрэй, ідэнтыфікаваў сябе так. Але вы ведаеце, я гэтак жа адчуваю сябе і беларусам, люблю беларускую паэзію, прыроду. Уласна, мяне падштурхнулі да таго выбару. Заўжды лічыў: усе людзі добрыя, калі яны добрыя як людзі, а не таму, што яны належаць да якой-небудзь нацыянальнасці.
— Як вас сустрэла Зямля запаветная? Ці з’явіліся тыя новыя магчымасці?
— Так. З’явілася магчымасць выязджаць за мяжу, і ўсюды я маляваў, з эцюднікам ездзіў. Але магчымасці — гэта і ад чалавека залежыць. Абставіны могуць дапамагчы або трохі перашкодзіць, але ўсё, у асноўным, залежыць ад чалавека. Дзякуючы таму, што я наведаў шмат выстаў на Захадзе і мог рабіць у творчасці пажаданае мне, паступова ад сацрэалізму пачаў сыходзіць і дайшоў да абстрактнага мастацтва. Усё пераспрабаваў — стылі, тэхнікі і матэрыялы. І яшчэ так атрымалася, што я матэрыяльна не быў залежны ад продажу, таму што працаваў графікам у Тэль-Авіўскім універсітэце. Таму што, каб жыць — трэба прадаваць, а каб прадаваць — пачынаеш глядзець, што купляюць. Гэта вельмі псуе мастака — нават больш, чым якая-небудзь ідэалогія.
— Раскажыце пра сваю грамадскую дзейнасць, бо вы нямала зрабілі для мастакоў у Ізраілі…
— Мы з аднадумцамі арганізавалі вёску мастакоў Са-Нур. Нам пад гэтую справу выдзелілі невялікае паселішча з пустуючай крэпасцю, і мы (37 творцаў) там працавалі на працягу 15 гадоў. Жылі ў невялікіх хатках, у крэпасці ж знаходзіліся майстэрні, была ў нас і галерэя. Добрая там атмасфера панавала — гэткі бясконцы пленэр! Са-Нур не быў камерцыйным прадпрыемствам — наадварот, вельмі творчае аб’яднанне, дзе мы разам праводзілі мерапрыемствы, адзначалі святы. Я працаваў тры дні ва ўніверсітэце, а чатыры праводзіў у Са-Нуры, і гэта былі чатыры дні поўнай творчасці! Мы ладзілі выставы і да нас прыязджалі цэлыя аўтобусы на вернісажы. А потым нашу вёску аддалі арабскаму насельніцтву — яна стала Палестынскай тэрыторыяй. Новыя ўладальнікі нічога не стварылі. Калі Са-Нур знік, я быў адным з галоўных ініцыятараў арганізаваць саюз мастакоў, каб неяк захаваць наша творчае аб’яднанне.
— Вы 30 гадоў вывучаеце жывую этыку. А ці ёсць у вас маральны кодэкс у жыцці?
— Галоўнае — заўсёды заставацца чалавекам, у любой сітуацыі. Старацца несці дабро ў гэтым свеце. Людзі дзеляцца на стваральнікаў і разбуральнікаў, і ў мастацтве — таксама. І за ўсе свае дзеянні ёсць адказнасць. Вось гэта і ёсць этыка, маральны кодэкс. А калі ў чалавека маецца талент, то ён яго павінен абавязкова развіць, рэалізаваць. Адказнасць за гэта таксама існуе.
— А калі ў чалавека ёсць талент, але матэрыяльныя пытанні трэба вырашаць, як тады?
— А яны самі сабой вырашаюцца, паралельна, але гэта ўжо не галоўнае. Я прыехаў у Ізраіль і з нуля, паступова, сваёй працай пачаў нешта зарабляць. Цяпер я на пенсіі, якой мне дастаткова: купіў сваю кватэру, езджу адпачываць некалькі разоў на год. Астатняе — творчасць.
— Іосіф, вы шчаслівы чалавек!
— Так, лічу, што шчаслівы чалавек тады, калі ў яго ёсць здароўе і любімая справа.
— А якую параду вы маглі б даць маладому мастаку, які толькі скончыў акадэмію мастацтваў?
— Ён павінен усё спрабаваць рабіць, шукаць нейкія шляхі, дзе яму пашанцуе і выявяцца творчыя якасці. Важна, вядома, вызначыць, што для сябе ён лічыць галоўным — грошы зарабіць або талент развіць. Недзе можна паступіцца грашыма. Але я лічу так: калі чалавек працуе, усё ж такі праца апраўдвае сябе. Чалавек дасягае таго, чаго ён хоча больш за ўсё.
Вольга ГОМАНАВА, мастацтвазнаўца
Фота Г.Вiнiцкага прадастаўлена аўтарам тэкста