Раман з Мінскам

№ 36 (1266) 03.09.2016 - 10.09.2016 г

Як горад стаў “нажытым месцам”
Сёлета я перадаў у Музей гісторыі горада Мінска каля 160 фотаздымкаў, знятых у 1980-я. Для мяне любая дакументальная фатаграфія наўпрост звязаная з часам і гісторыяй. І неабавязкова здымак павінен пры гэтым захоўваць нейкую гістарычную падзею. Гісторыя мусіць аказацца ўнутры здымка, і тады нават калі кадр зроблены для сямейнага архіва, ён становіцца цікавы многім. Сама сутнасць фатаграфіі, яе фізіка — гэта спыненне часу, імгнення. Прычым ніводнаму выяўленчаму мастацтву — ні жывапісу, ні кіно — непадуладна спыніць імгненне.

У музей перададзена першая частка з запланаванага, у асноўным — гарадскія пейзажы. Зараз рыхтую другую: яна будзе прысвечана мінчанам, бо гарадоў без людзей не бывае. Такі чын — мая даніна гораду, які для мяне вельмі дарагі. Ён змяніў мяне і маё жыццё. Тут я пасталеў, сустрэў сваё каханне і шчасце. Усё важнае і значнае са мной адбылося тут, у Мінск, як ні патэтычна гучаць падобныя словы.

Часта можна сустрэць у сацыяльных сетках, як у тым ліку і вядомыя людзі, лаюць Мінск, пішуць, як ён ім не падабаецца. Часам здаецца, што гэта становіцца прыкметай добрага тону. Не ведаю, наколькі шчыра тое прамаўляецца, а колькі ў тым пазёрства. Прынамсі, я іх не разумею, не падзяляю такое меркаванне. Мне даводзілася пабываць у многіх краінах, паглядзець нямала гарадоў, але я з вялізным задавальненнем вяртаюся ў Мінск.

/i/content/pi/cult/602/13388/15-1.jpg

…У 1975 годзе ў мяне ўпершыню адбылася сустрэча з Мінскам. Шаснаццацігадовым юнаком разам з сябрамі я прыехаў з Брэста скараць сталіцу Беларусі. Да гэтага часу памятаю, як позна ўначы выйшаў на перон чыгуначнага вакзала. Горад сустрэў цёмнымі загадкавымі вуліцамі. І ніколі не забыцца на першую ноч, праведзеную на лавачцы ў двары тэхналагічнага інстытута. Сябры мірна спалі, а я кожныя паўгадзіны ўскокваў і выбягаў да праезджай часткі. Горад вабіў мяне. Я ўзіраўся ў твары адзінокіх мінакоў, праводзіў вачыма рэдкія машыны. Мне вельмі захацелася застацца тут, і горад мяне зразумеў і прыняў: я адзіны з нашай кампаніі паступіў у інстытут.

Хоць па пашпарце я і лічыўся гарадскім, ды, па сутнасці, быў вясковым юнаком. Нарадзіўся ў вёсцы, у далёкім палескім Залядынні, а затым, калі бацькі пераехалі ў Брэст, жыццё маё не шмат у чым змянілася. Жылі ў прыватным доме, у прыгарадзе, які літаральна ў год нашага прыезду далучылі да горада. У двары ў нас, як і ў вёсцы, быў гарод, сад, а ў хляве трымалі курэй, казу і свіней. Адзінае адрозненне ў тым, што горад быў пад бокам, і ў любы час можна было на аўтобусе патрапіць туды.

“Горад тады становіцца родным і блізкім, калі ў ім пачынаюць жыць твае ўспаміны...” — такую фразу я напісаў у сваім фотаальбоме “Мінск. Горад і людзі”. Мінск стаў зразумелым і блізкім мне пазней, калі пасля заканчэння інстытута я застаўся тут. А ў студэнцкія гады я толькі пачынаў спазнаваць яго. І самыя яркія ўспаміны юнацтва сталі паступова асацыявацца з ім. Так пачынаўся мой бясконцы раман з Мінскам.

Пазней, у 1980-х, калі заняўся фатаграфіяй, Мінск і мінчане сталі аб’ектамі для здымак. І вось ужо больш за два гады я заняты апрацоўкай свайго плёнкавага архіва. Там, у асноўным, кадры з таго самага дзесяцігоддзя.

Лёс вырашыў такім чынам, што фатаграфіяй я займаўся два перыяды. Першы — плёнкавы, 1980-я. Затым перапынак даўжынёй у 13 гадоў і вяртанне ў 2003 годзе, але ўжо ў лічбавую фатаграфію. Зараз, напэўна, кожны можа зрабіць здымак на свой мабільны тэлефон. Але ці будзе тое фатаграфіяй? І ці можна ўсіх лічыць фатографамі? Бо мы ўсе ўмеем пісаць, але нікому не прыходзіць думка кожнага называць пісьменнікамі. Тэхнічна атрымаць здымак — не значыць атрымаць сапраўдную фатаграфію. Фатаграфія — значна большае, чым выява рэчаіснасці на фотапаперы.

У мяне часта пытаюцца, чаму я заняўся сваім архівам. Бо гэта патрабуе масу часу і не прыносіць грошай. Тыя ж музеі або архівы, у прыватнасці, нацыянальны архіў кінафотафонадакументаў, не могуць, проста не ў стане адэкватна аплаціць гэту працу. Тлумачэнне досыць простае: цяперашні час можа зняць лепш ці горш любы, а вярнуцца ў мінулае непадуладна нікому. Займаючыся архівам, я, бы на машыне часу, вяртаюся ў мінулае. І ніколі не даю ацэнку таго часу ў сваіх здымках. Я проста фіксаваў яго так, як бачыў. Як мог убачыць. Дарэчы, а як — менавіта? 1980-я — гэта і застойныя часы, і пачатак перабудовы, Чарнобыльская катастрофа ды вайна ў Афганістане, першыя мітынгі. Калі ў пачатку таго дзесяцігоддзя непахіснасць СССР не ставілася пад сумненне, то ў канцы пагібель, а калі не пагібель, то неабходнасць карэнных змен проста адчувалася, дух перабудовы лунаў у паветры.

Неяк да мяне ў госці прыйшоў калега, мы з ім прыйшлі ў фатаграфію амаль адначасова. Я паказаў яму свае архіўныя фотаздымкі.

— Эх, як выдатна, — з горыччу сказаў ён, — каб мы ведалі, што спатрэбіцца ў будучыні, то здымалі б іншае. Я сам здымаў бы іншае.

— Шкада мінулага часу.

Склалася гэтак, што ў савецкі час і аматары, і прафесіяналы ў большасці сваёй імкнуліся пераўтварыць рэчаіснасць. Творчасць фатографа — яна з многіх складнікаў, у тым ліку і з выбару аб’екта здымкі. Аматары, скажам, часта імкнуліся здымаць прыгажосці. Або пры друку пераўтвараць свае здымкі, напрыклад, графікай, салярызацыя ці іншымі спосабамі да непазнавальнасці. І час знікаў з іх. Рабілі яны свае адбіткі падобнымі на маляўнічыя палотны. А фатаграфія, па-мойму, каштоўная сваімі дэталямі і адчуваннем часу, тым, што не можа перадаць пэндзаль мастака.

Фотажурналісты не адставалі ад аматараў у жаданні змяніць жыццё. Толькі яны былі часткай ідэалагічнай машыны, што ўслаўляла дасягнення партыі і ўрада. Іх здымкі часам былі настолькі далёкія ад таго, што нас атачала, як неба ад зямлі. Калі ў кадр траплялі прылаўкі, дык яны абавязкова мусілі ламіцца ад багацця, — і гэта падчас татальнага дэфіцыту любых тавараў! Калі здымаўся партрэт, ён павінен выпраменьваць пазітыў і веру ў светлую будучыню! Калі здымалі перадавіка вытворчасці, то вакол яго — мноства дэталяў!

Дасягалася гэта, часам, у момант здымкі, калі фотажурналісты рэжысіравалі свае кадры. Або пры друку. Даходзіла часам да абсурду: маглі для прыгожага кадра аб уборцы ўраджаю ў разгар жніва сагнаць у адно месца камбайны з усіх палёў. У той час я наведваў фотаклуб газеты “Вячэрні Мінск” і бачыў, як робяцца такія здымкі. Неяк быў сведкам таго, як рэдактар забракаваў кадр з крамы праз тое, што там на другім плане на паліцах было мала тавараў. Тады фотажурналіст выразаў з іншага здымка тэлевізар, растыражаваў яго выяву, уляпіў на тыя самыя паліцы — і “фатаграфія” пайшла ў друк “на ўра”.

Нада мной не было ідэалагічных начальнікаў, ніхто мной не камандаваў, і я здымаў проста жыццё. Як яно ёсць. Сям’ю, родных і блізкіх. Знаёмых і незнаёмых людзей. І, вядома, горад. Калі сваякі часам адмахваліся ад надакучлівага пачаткоўца-фатографа, дык горад быў значна больш цярплівым. Цяпер шкадую, што першыя свае вучнёўскія плёнкі не захаваў. Бо часта нават самыя банальныя здымкі час робіць прывабнымі. На іх мы бачым, як апраналіся, што елі-пілі, на чым ездзілі, як выглядалі дамы і вуліцы.

Адна з падораных музею серый прысвечана Верхняму гораду. Упершыню я яго ўбачыў літаральна праз месяц пасля пачатку заняткаў у інстытуце. У майго таварыша жыла там цётка, і ён прапанаваў неяк зайсці да яе ў госці. Калі цэнтральныя вуліцы і плошчы Мінска дзівілі мяне тады сваімі памерамі і прасторай, дык Верхні горад быў зусім іншым. Наўкола старэнькія абшарпаныя дамы і ўтульныя, нешырокія, выбрукаваныя вулачкі. Там усё дыхала даўніной і гісторыяй. Было адчуванне, што час вярнуўся назад, тое пераносіла нас гадоў на сто таму. Здавалася, з-за павароткі з’явіцца карэта з незнаёмкай ў капелюшы з вэлюмам і ў доўгай сукенцы. Я нават, памятаю, азірнуўся ў чаканні, але... карэта не з’явілася.

Для мяне з тых часоў цэнтр Мінска, уласна, і асацыюецца з горадам. І не таму, што я тут жыву, а таму, што тут ёсць душа горада. Ёсць такі выраз “намоленая царква”. У дачыненні да цэнтра Мінска хочацца сказаць “нажытае месца”. Мне здаецца, што старыя дамы нясуць на сабе адбітак лёсаў і энергетыку тых, хто ў іх жыў. У кожнага дома, як і ў чалавека, свая гісторыя. Прычым усё, што за межамі гістарычнага цэнтра, у мяне асабіста неяк не выклікае вялікага захаплення. Мікрараёны аднолькавыя ва ўсіх гарадах былога Савецкага Саюза. У асноўным — безаблічныя.

Зараз Мінск змяняецца, змяняецца цэнтр і Верхні горад. Яго рэканструююць, рэстаўруюць, дабудоўваюць і перабудоўваюць. Аблічча змяняецца. Душа знікае. Там ніхто не жыве. Таму той астравок стаў мёртвым горадам. Адны канторы, крамы і рэстараны. Гарады жывуць, пакуль у іх ёсць людзі. Яны напаўняюць яго сваёй аўрай. У Верхнім мне зараз самотна, асабліва раніцай у буднія дні. Калі я гуляю па яго чыстых, прыгожанькіх, дагледжаных вулачках, мне ўжо не бачыцца таямнічая незнаёмка на карэце. Яе выцесніла кампанія, што загуляла да раніцы, а цяпер праляцела міма мяне на лімузіне. Усё змяняецца, і толькі на фотаздымку час застаецца вечным.

Напрыканцы 1980-х Верхні горад быў зачынены на рэканструкцыю. Жыхароў выселілі, жывапісныя панадворкі спусцелі. Папаўзлі чуткі пра яго лёс, нават пагаворвалі, што збіраюцца яго знесці і разбіць парк. На доўгі час гэта частка Мінска ператварылася ў суцэльныя руіны. Гэта было нават падобна на разбураныя могілкі, дзе надмагіллем сталі старыя дамы. Я хадзіў туды з фотакамерай, асабліва калі было сумна, і здымаў свой настрой.

Часам фотапраекты і серыі нараджаюцца шляхам разваг, а часам гэта адбываецца спантанна. Я ў той час заўсёды быў гатовы да здымкі і насіў з сабой фотакамеру. Ніколі не ведаеш, калі да цябе прыйдзе азарэнне. Так было і тады, у 1987 годзе, калі я сеў на вуліцы Якуба Коласа ў трамвай. Уладкаваўшыся каля акна паўпустога вагона, дастаў з дыпламата свой абавязковы “ФЭД” і стаў фатаграфаваць вуліцы. Літаральна раніцай я забраў камеру з рамонту, і мне не цярпелася выпрабаваць яе ў дзеянні. Здымаў тое, што бачыў: вось малады чалавек чакае кагосьці на прыпынку, а тут бабулька, згорбіўшыся, брыдзе па тратуары. Здымаў сюжэты, якія кожны дзень праходзяць перад вачыма ва ўсіх. Але ж з іх і складаецца жыццё. Здымаў без усялякай задумкі, проста так, а аказалася, што здымаў гісторыю. Час праляцеў хутка. Стоп ... вось і мой прыпынак. Прывакзальная плошча. Выходжу.

Цяпер здаецца, што я сеў у трамвай у той час, а выйшаў у нашы дні. Так нарадзілася адна з маіх улюёбных серый “З трамвая”. І яе я таксама перадаў у музей. Мне здаецца, што ёсць здымкі, месца якім у музеі. Яны павінны захоўвацца, іх трэба перыядычна выстаўляць і паказваць гледачу. На іх час выступае як дадатковы, новы вобраз. Зараз у моладзі новая кропка адліку ва ўспрыманні Мінска. Яна іншая, чым калісьці ў мяне, а дзякуючы музею яны змогуць убачыць і іншы горад, той, якім ён быў у тую эпоху. Мне пашанцавала, што я жыў тады, мне пашанцавала, што я сустрэўся з фатаграфіяй.

Вадзім КАЧАН, фатограф, выкладчык