Плюс 35 за 4 гады

№ 33 (1263) 13.08.2016 - 20.08.2016 г

У Беларусі афіцыйна паболела каштоўнасцяў
2 жніўня была прынятая пастанова Савета Міністраў “Аб наданні статусу і катэгорый гісторыка-культурнай каштоўнасці, пазбаўленні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці і ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Дэ-факта і дэ-юрэ

Для атрымання статусу элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны прайшлі наступныя этапы: прапанова элемента ад раёна ці вобласці, дзе ён захоўваецца ў жывым бытаванні; экспертыза дакументаў (апісанні, фота і відэа) у Інстытуце культуры Беларусі (Мінск); разгляд дасье на Рэспубліканскай навукова-метадычнай радзе па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры краіны; зацвярджэнне рашэння Рады пастановай Савета Міністраў.

Дэ-факта рашэнне аб наданні статусу прымае Рада. Але дэ-юрэ элемент становіцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю пасля пастановы Савета Міністраў. Некаторыя з сёлетніх 35-ці элементаў чакалі юрыдычнага пацвярджэння статусу 4 гады: яны былі прадстаўлены на разгляд Рады з красавіка 2012 па красавік 2016 гадоў.

Трошкі статыстыкі

Зацверджаныя элементы з усіх абласцей Беларусі. Па 7 з Брэсцкай, Віцебскай і Гродзенскай абласцей, 6 — з Мінскай, 5 — з Гомельскай, 3 — з Магілёўскай. 14 з іх — гэта традыцыйныя цырымоніі, 12 — рамёствы, 4 — уменні і навыкі, звязаныя з гатаваннем традыцыйнай ежы і 4 — выканальніцкія мастацтвы. Тапанімічны аб’ект “Княжая Гара” ля вёскі Ляхчыцы Кобрынскага раёна не адпавядае Канвенцыі UNESCO аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны, але па беларускім заканадаўстве тапонімы могуць набываць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Катэгорыя “Выканальніцкія мастацтвы” шырокая, сюды трапілі Спораўская полька з Бярозаўскага раёна, выканальніцкае майстэрства ў жанры казкавай прозы Лідзіі Цыбульскай з вёскі Магільна Уздзенскага раёна, спеўная традыцыя міжрэчча вярхоўяў Пцічы і Случы (вёскі Баранава і Прусы Старадарожскага раёна), спеўны стыль Тураўскага міжрэчча Прыпяці — Сцвігі (аграгарадок Рычоў Жыткавіцкага раёна).

Не ўсе каштоўнасці аднолькава каштоўныя?

13 элементаў атрымалі катэгорыю каштоўнасці “А” (гісторыка-культурныя каштоўнасці, поўная аўтэнтычнасць і дакладнасць якіх безумоўныя і нязменныя), астатнія — “Б” (гісторыка-культурныя каштоўнасці, якія поўнасцю або часткова адноўлены (зафіксаваны) на другасным матэрыяле ці адметныя духоўныя, мастацкія і (або) дакументальныя вартасці якіх аб’ектыўна з часам могуць змяняцца).

/i/content/pi/cult/599/13310/3-1.jpgНа мой суб’ектыўны погляд, катэгорыі размеркаваныя досыць адвольна. Напрыклад, творчасць майстра па вырабе габеленаў у традыцыях падвойнага і пераборнага аднабаковага ткацтва Алены Шунейка з Гродна мае катэгорыю “А”, а традыцыя ткацтва паясоў у аграгарадках Сакаўшчына і Ракаў Валожынскага раёна — катэгорыю “Б”. Пры ўсёй глыбокай павазе да майстэрства Алены Шунейка, яе габелены — праява сучаснага мастацтва, хоць і з выкарыстаннем традыцыйных тэхнік. А ў Сакаўшчыне рамяство ткацтва паясоў пераняла ад родных і зберагае народны майстар Марыя Стасяловіч, якой у наступным годзе будзе 90 гадоў. Да таго ж наданне элементам катэгорый супярэчыць духу Канвенцыі UNESCO аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Адпаведна ёй, усе нематэрыяльныя праявы творчасці чалавека роўныя, няма больш ці менш каштоўных. Не выкарыстоўвае Канвенцыя і паняцця “аўтэнтычнасць”: нематэрыяльная спадчына жывая, не мае значэння, колькі гадоў цырымоніі ці рамяству, галоўнае, каб людзі вызначалі элемент сваёй каштоўнасцю.

Адно, Канвенцыя дазваляе дзяржавам, што яе ратыфікавалі, ствараць некалькі інвентароў сваёй нематэрыяльнай спадчыны, магчыма, агульнадзяржаўны і рэгіянальныя. Такім чынам прызнаецца, што пры аднолькавай каштоўнасці элементаў колькасць людзей, што вызнае іх як уласную спадчыну, можа быць рознай: дзесьці гэта жыхары пэўнага рэгіёну, а дзесьці — цэлай краіны.

Тым не менш, падзел нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў на катэгорыі “А” і “Б” захаваўся ў Кодэксе аб культуры, “пераехаўшы” туды з ранейшых законаў.

Абрад, рамяство, танец…

Я найбольш адсочвала стан традыцыйных цырымоній, рабіла справаздачы па выніках маніторынгу для Інстытута культуры Беларусі. У асвятленні сродкамі масавай інфармацыі таксама атрымліваецца пэўны перакос у бок традыцыйных цырымоній адносна іншых праяў народнай творчасці. Так сталася, бо цырымонія праходзіць у вызначаны дзень, звычайна на пэўнае свята. Калі гэта не аказіянальны абрад, канешне, кшталту заклікання дажджу ў вёсцы Стары Дзедзін Клімавіцкага раёна. Цырымонія пройдзе “па раскладзе”, незалежна аж таго, прыедзе назіральнік ці не. Складаней з рамёствамі: не ўсе майстры працуюць штодня, для некаторых гэта хобі, падпрацоўка, як фактар варта ўлічваць сезоннасць. Напрыклад, каб пазнаёміцца з традыцыяй вырабу валёнак у Мёрскім раёне, найлепш ехаць позняй восенню, калі авечкі абстрыжаныя, а попыт на валёнкі напачатку зімовага сезона вялікі. Зручна глядзець рамёствы на кірмашах ды выставах. Дарэчы, актыўны ўдзел майстроў народнай творчасці ў мерапрыемствах самага рознага кірунку, дзе рамёствы часта зусім не ў цэнтры ўвагі, бадай што, можна назваць адметнасцю беларускай культурнай прасторы.

З традыцыйнай ежай — свае складанасці. Ніводную са страў, узятых пад ахову апошняй пастановай Саўміну, не гатуюць як штодзённую. З мотальскім вясельным караваем усё зразумела. Глыбоцкага маслянага барана робяць на сямейныя святы. Стравы з Адэльску пераважна святочныя. Жытні хлеб у Дзеркаўшчыне таксама штодня не пякуць, хоць калісьці так і было. Каб прыняць турыстаў ці журналістаў трэба адмыслова паставіць закваску, часам дакупіць мукі.

Ну а выканальніцкія мастацтвы на тое і выканальніцкія, што патрабуюць слухача/гледача. Здавалася б, едзь ды слухай-глядзі. Але ж і тут проста так не прыедзеш, трэба, каб хто-небудзь (мясцовыя работнікі культуры?) папярэдзіў носьбітаў традыцый, “маральна падрыхтаваў”. Да таго ж у традыцыйнай культуры не было дакладнага падзелу на выканаўцаў, “артыстаў”, ды гледачоў. Кожны ўдзельнічаў як мог: да танцаў і спеваў далучаўся. Казкі, праўда, даўней, як і цяпер Лідзія Міхайлаўна, расказвалі “сольна”. Ёсць звесткі пра сольныя спевы. Што да сольных танцаў, этнахарэограф Сяргей Выскварка адзначае наступнае: “Былі адзіночныя танцы, але “выступаў” кожны ўдзельнік кола па чарзе. І быць у гэтым коле для носьбітаў беларускай традыцыі было нашмат больш істотна, чым выдзеліцца, паказаць сябе”.

Каштоўнасці Міншчыны

Дасье на ўсе 6 элементаў з Мінскай вобласці, прынятых пад ахову пастановай Савета Міністраў, прайшлі праз мае рукі, калі я працавала метадысткай Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці. Большасць іх носьбітаў я наведала. Усе элементы маюць вялікую сацыяльную значнасць для мясцовых супольнасцяў, садзейнічаюць іх яднанню, развіццю гонару за сваю малую радзіму. Нематэрыяльная культурная спадчына яднае пакаленні, ідзе перадача традыцый маладзейшым, а таксама тым людзям, якія пераехалі ў месца бытавання элементаў на сталае жыхарства або набылі хаты і ўчасткі зямлі пры іх пад лецішчы.

Элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны, асабліва пасля ўзяцця іх пад ахову дзяржавы, становяцца мясцовымі брэндамі і валодаюць вялікім патэнцыялам як рэсурсы турыстычна-рэкрэацыйнага развіцця. Напрыклад, ткалляў паясоў з Валожынскага раёна вока лёгка вылучае на любым свяце. Ніхто больш не мацуе паясы на нагу падчас ткання, звычайна выкарыстоўваюць дрэвы, спінку стула, адмысловыя прыстасаванні… Без валожынскіх паясоў бадай што ніводзін кірмаш рамёстваў у Мінскай вобласці не абыходзіцца. Страціўшы свае ўтылітарныя і абрадавыя функцыі, пояс сёння ўсё больш прыцягвае да сябе ўвагу як твор мастацтва. З развіццём аграсядзіб, якія ўключаны ў турыстычныя маршруты, паясы сталі запатрабаванымі ў якасці сувенірнай прадукцыі. Яны прапануюцца як падарункі з надпісамі віншаванняў і пажаданняў, закладкі для кніг, абярэгі з імёнамі. Такія сувеніры набываюцца і наведвальнікамі Валожынскага раённага краязнаўчага музея, дзе паясы займаюць пачэснае месца як экспанаты. Вельмі істотная функцыя культурнай памяці — людзі ганарацца тым, што ўмеюць ткаць так, як іх бабулі і прабабулі, што ўдзельнічаюць у трансляцыі ведаў наступнаму пакаленню.

Калектыў мастацкай самадзейнасці Сакаўшчынскага сельскага дома культуры і Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны фальклорны калектыў “Гасцінец” Ракаўскага цэнтра фальклору прапануюць правядзенне вясельнага абраду з выкарыстаннем традыцыйных паясоў, якімі абвязваюць маладых. Такія паясы становяцца абярэгам маладой сям’і, могуць выкарыстоўвацца падчас жаніцьбы наступнага пакалення.

Для жыхароў вёскі Крамянец Лагойскага раёна Святы камень з’яўляецца памяццю продкаў, але не супярэчыць іх сучасным рэлігійным вераванням — яны ўпэўненыя, што сляды на камені пакінуты Богам у даўнія часы, таму для іх гэтае месца святое. Да каменя заходзяць паломнікі, якія ідуць у Будслаў на фэст. Такім чынам два элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны звязаныя між сабой. Яднае іх і тое, што ўсе хрысціянскія канфесіі вызнаюць Святы камень і абраз Маці Божай Будслаўскай святынямі.

Сёлета на Будслаўскі фэст у складзе пілігрымкі з Мінска ішлі паломнікі з Расіі, Украіны, Чэхіі і ЗША. Такім чынам, цырымонія з’яўляецца каштоўнасцю не толькі для беларусаў. Увосень будзе разглядацца пытанне аб унясенні яе ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO.

Часта на традыцыйныя цырымоніі, асабліва калі ў іх моцны хрысціянскі складнік, з’язджаюцца сваякі і сябры вясковых жыхароў, бываюць паломнікі. На абрад пераносу свячы, канешне, не прыедзе так жа шмат людзей, як на Будслаўскі фэст, але інтарэс у грамадстве ёсць.

Перспектывы

Па словах намесніка загадчыка аддзела навукова-метадычнага забеспячэння дзейнасці па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Інстытута культуры Беларусі Алены Каліноўскай, у апошнія гады ўзрастае разуменне сутнасці нематэрыяльнай культурнай спадчыны і зацікаўленасць работнікаў культуры ў наданні мясцовым элементам статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці. Распрацоўваюцца новыя дасье, у планах — ваўкавыскія і слонімскія караваі, перанос свячы ў Калінкавіцкім раёне, саламяныя павукі ў Быхаўскім, гульня “Пячы ката” пад Дзяржынскам. Гродзенская вобласць склала ўласны спіс элементаў, з якога па меры магчымасцяў і наяўнасці сродкаў афармляе па два — тры штогод на статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Напрыклад, Дэмбраўская кадрыля чакала сваёй чаргі пяць гадоў, а цяпер з экспертнай дапамогай этнахарэографа Міколы Козенкі робіцца пакет дакументаў на гэты элемент. Ведаю, што ўласныя “перспектыўныя спісы” элементаў маюць і некаторыя раёны: Глыбоцкі, Любанскі, Лельчыцкі...

Вядзецца праца з элементамі, што ўжо ўзятыя пад ахову. Гомельская вобласць плануе ўключаць іх у турыстычныя маршруты, гэта пытанне абмяркоўваецца на шматлікіх абласных метадычных семінарах. Захавальнікаў “статусных” рамёстваў з Гродзенскай вобласці я часта бачу на кірмашах, звычайна з друкаванай прадукцыяй, якая распавядае пра той самы статус. Вялікі патэнцыял у, здавалася б, найбольш урбанізаванага цэнтральнабеларускага рэгіёна. Дзякуючы блізкасці да сталіцы ён выглядае найбольш даследаваным, але калі казаць пра паўнавартасныя дасье на элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны, то працы хапае. Спадзяюся, яна не спыніцца.

Фота аўтара
Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"