Акрамя кірмашу, гасцей будзе чакаць канцэрт “Купальская казка” — цэнтральная падзея святкаванняў. Гледачоў чакае падарожжа ў чароўны свет купальскай ночы з Самай галоўнай чараўніцай Александрыі (актрыса Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Вольга Няфёдава), Інспектарам магічнага правапарадку (акцёр Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага Аляксандр Вергуноў) і Практыканткай з Акадэміі магіі (актрыса Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача Марта Шантар). На шляху героям сустрэнуцца цяжкасці і перашкоды, а лінія кахання зробіць сюжэт больш насычаным і цікавым. Усё гэта будзе спалучацца з выступленнямі эстрадных артыстаў. Сярод іх — Заслужаны калектыў краіны Беларускі дзяржаўны харэаграфічны ансамбль “Харошкі”, Прэзідэнцкі аркестр Рэспублікі Беларусь, Аляксандр Саладуха, Георгій Калдун, Аляксей Грос, заслужаная артыстка Украіны Таісія Павалій… Прадстаўленне дапоўніцца цікавымі дэкарацыямі і спецэфектамі. Аўтар сцэнарыя “Купальскай казкі” Максім Сокал адзначыў, што сёлета не абыдзецца без эксперыментаў. Так, Чараўніца Александрыі будзе кіраваць стыхіямі, кожная з якіх адаб’ецца на водных экранах.
— На вуліцы, дарэчы, выступаць лягчэй, — падзяліўся сваім меркаваннем з “К” Аляксандр Саладуха, — мне падабаецца, калі навокал шмат людзей, калі ёсць прастора! Я люблю працаваць на стадыёнах, плошчах — на свежым паветры!
Аляксей Грос падтрымлівае думку калегі:
— Мо ў мяне асаблівасць такая, але вельмі люблю вялікія пляцоўкі: чым больш плошча — тым больш энергетыкі, чым большая аўдыторыя — тым мацнейшы зарад. Значыць, інакш сябе адчуваеш і аддаеш больш.
А вось Марта Шантар прызналася, што ўсё ж такі прывыкла да тэатра. Але выступленне на вялікай сцэне яна лічыць добрым вопытам. Што да публікі, то Марта адзначыла:
— Гэта мюзікл, канцэртная праграма. Людзі прыйшлі адпачыць, таму трэба здолець іх “завесці”. То бок гэта асаблівыя адносіны з гледачом. А самае галоўнае, няма чацвёртай сцяны, як у тэатры.
Таксама ў аграгарадку запрацуе “Горад сяброўства”, які складаецца з трох вуліц: Мінскай, Кіеўскай і Маскоўскай. Акрамя гэтага, у свяце паўдзельнічае творчая дэлегацыя з Літвы. На вуліцах “Горада…” размесцяцца крамкі рамеснікаў і тыя кропкі, у якіх можна будзе пакаштаваць стравы нацыянальнай кухні краін-удзельніц святкавання. Не абыдзецца і без памятных падарункаў: імправізаваныя фотаатэлье прапануюць сфатаграфавацца ў антуражы кірмашу з роставымі фігурамі ў нацыянальных строях.
Упершыню ў Александрыі запрацуе пляцоўка “Друкарскі двор”, дзе можна пабачыць не толькі кніжную прадукцыю, але і сам працэс кнігадруку па старадаўніх тэхналогіях. Наведвальнікі пабачаць, як выраблялася і сушылася папера, як рыхтавалася да выкарыстання, а пасля кожны зможа паспрабаваць выканаць рэпрадукцыю старонкі з “Бібліі” Францыска Скарыны. Такі эксклюзіў звязаны з тым, што ў 2017-м краіна адзначае паўтысячагоддзе беларускага кнігадрукавання.
Не абыдзецца і без міні-атракцыёнаў, для якіх створана пляцоўка народных забаў “Гульбішча”. Тут кожны раён Магілёўшчыны прадставіць гульні, характэрныя для яго. Так, калі захочаце паспрабаваць знайсці Папараць-кветку, завітвайце на падворак Кругляншчыны. Дрыбінскі раён прадставіць валёначны цір, а Асіповіцкі — александрыйскі боўлінг. Усе гульні, палаткі і пляцоўкі аб’яднаныя маршрутам “Александрыйская вандроўка”, дзякуючы якому можна прасачыць і гістарычныя шляхі народнай культуры.
Плануецца, што сёлета мерапрыемства збярэ нават не 70 тысяч гасцей, як летась, а пад 100 тысяч! Такія амбіцыйныя планы робяць свята адным з самых маштабных у Беларусі.
Ганна ШАРКО, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ