“Каханне і Смерць” можна лічыць падарункам: акурат у дзень прэм’еры споўнілася 23 гады са дня ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Азербайджанам і Рэспублікай Беларусь.
Але гэта не першы азербайджанскі балет у рэпертуары Вялікага: некалькі гадоў на сцэне ідзе балет у дзвюх дзеях “Сем прыгажунь” кампазітара, педагога і грамадскага дзеяча Кара Караева. Першая ж пастаноўка “Кахання і Cмерці” адбылася ў 2005-м у Баку, а праз некалькі гадоў — у Екацярынбургу. Спектакль не аднойчы ўзнаўлялі, таму ў Мінску, па падліках Палада Бюльбюль-аглы, чацвёртая версія.
Народны артыст, аўтар музыкі ўзнімае агульначалавечыя пытанні: каханне, адносіны чалавека да смерці…
— У кожнага балетмайстра сваё бачанне. Першы раз я яшчэ спрабаваў спрачацца, штосьці даказваць… Але потым зразумеў, што напісаная музыка знаходзіцца “ў руках” балетмайстра. Таму выказваў свае пажаданні і даваў свабоду, каб ён паставіў так, як бачыць. Малады балетмайстар, лаўрэат міжнародных конкурсаў Вольга Косцель добра адчувае музыку. Яна ўбачыла чорныя і белыя сілы, скажам, у “множным” ліку. Гэта якраз і выклікала мае спрэчкі з ёю. На мой погляд, яны павінны быць больш персаніфікаваныя. Але, нягледзячы на маладосць, Вольга умее адстойваць сваё меркаванне, — распавёў журналістам народны артыст Азербайджана. Ён таксама дадаў, што ў Вялікім тэатры захаваны інстытут мастацкага савета, дзе свабодна выказваецца меркаванне. “І калі першы раз выказаліся, скажам так, “востра”, то гэтым разам ніхто крытычнай заўвагі не зрабіў: усе члены савета адобрылі пастаноўку” — рэзюмаваў творца і дыпламат.
Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ