У яго нумарах можна было пазнаць сцэны са спектакляў, якія выйшлі з рэпертуару тэатра, але засталіся ў нашых сэрцах: “Чума на вашыя дзве сям’і”, “Ладдзя роспачы”, “Сымон-музыка”, “Жаніцьба”, “Мудрацы…”, “Ветрагоны”. А паяднаў прадстаўленне агульнай ідэяй, стаў свайго кшталту сцэнарным і рэжысёрскім ходам дзеі знакаміты выраз Канстанціна Станіслаўскага “А што было б, калі…”
Да прыкладу, што было б, калі героі з “Рамэа і Джульеты” ажылі ў інтэрпрэтацыі Рыгора Горына? Да “працягу” шэкспіраўскай трагедыі ў спектаклі “Чума на вашы дзве сям’і!” тэатр звяртаўся 16 гадоў таму. І вядомая песня пра карнавал, што гучала ў ім, стала лейтматывам акцёрскага балю. Ці што было б, калі мужчынская палова трупы раптам… запісалася ў жаўнеры? Артысты спрабавалі ўявіць такое дапушчэнне ў касцюмах, а значыць, і ў вобразах улюбёных герояў. Ці вось яшчэ. Што было б, каб у тэатр вярнулася прызабытая прафесія суфлёра. Гэта стала нагодай прыгадаць даўнюю пастаноўку “Жаніцьбы” і стварыць цудоўную сцэнічную рэпрызу з удзелам не толькі вядучага майстра сцэны Георгія Лойкі, што некалі іграў гогалеўскага Падкалесіна, але і маладых акцёраў Уладзіслава Жураўлёва (які паспрабаваў сябе ў новай прафесіі) і Арцёма Герака (ён “прымерыў” вобраз Сцяпана).
А яшчэ артысты-коласаўцы цягам святочнай імпрэзы паўдзельнічалі ў спеўным конкурсе, у асобных нумарах здолелі па-добраму пакпіць з саміх сябе ды некаторых варункаў нашага жыцця. Пэўна, у некаторых гледачоў слёзы наварочваліся на вочы, калі Валерый Анісенка (не толькі мастацкі кіраўнік тэатра, але і выдатны артыст, чытальнік) выканаў знакаміты “Маналог Арлекіна” Эдуардаса Межалайціса. А паралельна дэманстраваліся архіўныя здымкі знакамітых пастановак, і гледачы маглі ўзгадаць волатаў коласаўскай сцэны — Аляксандра Ільінскага, Анатоля Шэлега, Паўла Малчанава, Анатоля Труса, Галіну Маркіну і многіх іншых.
Юрый ІВАНОЎСКІ, літаратурны рэдактар Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа
Фота Наталлі ЯРМОЛАВАЙ