Тры вымярэнні спякотнага лета-86

№ 17 (1247) 23.04.2016 - 29.04.2016 г

Нагодай для гэтага матэрыяла, прысвечанага падзеям вясны і лета 1986 года, звязаным з аварыяй на Чарнобыльскай АЭС, сталі фотаздымкі Сяргея Плыткевіча: вядомы майстар камеры выклаў іх на ўласнай старонцы ў сацыяльнай сетцы. А журналісты “К” за тыя кадры “зачапіліся” і, у выніку, агледзелі падзеі, зафіксаваныя 30 гадоў таму яшчэ на чорна-белай стужцы, у трох вымярэннях. Як пабачылі гастролі “Песняроў” у Хойнікі, што адлюстраваны на фота, і па Гомельшчыне наогул артысты ансамбля, якія ёсць на здымках Плыткевіча, гледачы на стадыёне гарадка і, уласна, фатограф. І гаворка ў гэтых матэрыялах зусім не пра тое, як бравыя артысты рынуліся з “культурным абслугоўваннем” у пацярпелыя ад аварыі рэгіёны. І яны, і іншыя героі тэкстаў “К” распавялі нам пра жыццёвыя ўражанні тых дзён. Мяркуем, гэта і ёсць “бліжэйшае да сэрца”.

/i/content/pi/cult/580/12762/14-1.jpgЧалавек чалавеку

Фатограф Сяргей Плыткевіч патрапіў на канцэрт “Песняроў” у Хойніках у 1986 годзе выпадкова. “Першая паездка, я тады быў пазаштаным супрацоўнікам газеты “На страже Октября”,  — распавядае ён. — Дзякуючы гэтаму супрацоўніцтву і ўдалося патрапіць у зону”.

Свае ўражанні ад той камандзіроўкі вядомы фотажурналіст апісвае так: “Прыязджаеш з чаканнем таго, што ўбачыш штосьці жудаснае, але на месцы ўсё абарочваецца ці не завядзёнкай. Усё спакойна… Але ў паветры — такое напружанне, якое нельга выказаць. Адно слова ўзгадваецца  — сюррэалізм”.

“Па шчырасці, я паехаў туды, таму што хацеў разабрацца, — дзеліцца Сяргей Плыткевіч. — Інфармацыя ж “выбухнула” не адразу, а пасля майскіх святаў. Патрапіць у тыя раёны як “звычайнаму смяротнаму”, так простаму журналісту было немагчыма. Але праз газету Міністэрства ўнутраных спраў мне ўдалося прабіцца”.

Работа фатографа ўключала суправаджэнне міліцэйскай службы, якая не толькі патруліравала, забяспечвала парадак, але і суправаджала канцэрты… Зрэшты, у абавязкі ўваходзілі і рэйды на самагоншчыкаў. Гучыць нечакана, але тая першая паездка ўключала ў сябе, у тым ліку, і такія “прафілактычныя” заезды. А вёскі і гарады Чарнобыльскай зоны былі, хутчэй, дадаткам да больш глабальных задач.

“Прыехалі ў Васілевічы — усё спакойна. Далей Калінкавічы. Ну, мяркую, убачым штосьці. Але і тут таксама нічога незвычайнага. Хойнікі… Людзі разгубленыя, але даволі спакойныя. І толькі міліцыянеры кажуць, што трэба піць чырвонае віно, якое дапамагае “супраць радыяцыі”… Гэта адчуванне і запомнілася: будзённы рэйд супраць самагоншчыкаў у раёнах, а побач вось гэта трагедыя ў пацярпелых вёсках, гарадах, якую не можаш усвядоміць, бо няма відавочных праяваў”.

На канцэрт “Песняроў” фатограф таксама патрапіў выпадкова: міліцэйскія службы забяспечвалі парадак на масавым мерапрыемстве. “Народу было процьма, я нават і не чакаў такога, — прыгадвае Сяргей Міхайлавіч тыя імгненні. — Тады гэта выступленне падавалася жэстам уладаў, якія апякуюцца пацярпелымі. Але, насамрэч, было зразумела, што гэта і ўчынак музыкантаў, якія прыехалі да слухачоў, людзей. Бо ніхто, упэўнены, іх не прымушаў, як і мяне, ехаць туды. Тое было ад чалавека — чалавеку. Людзі сабраліся на канцэрт: ліквідатары, жыхары… І не толькі з Хойнікаў. Гэта яднанне, вядома, запомнілася. І тое, як цёпла прымалі ансамбль…”

На жаль, большасць з каштоўнага матэрыялу, зробленага фатографам для “На страже Октября”, было згублена. У 1996 годзе частка негатываў была прадстаўлена для выставы аднаму з фондаў, ды архіў так і не вярнулі. У тое нямногае, што ўдалося захаваць з паездак 1986 — 1989 гадоў, і ўваходзіць гэты фотарэпартаж з канцэрта “Песняроў” у Хойніках, ды яшчэ серыя-рэпартаж з вёскі Сабалі, гісторыя якой вартая асобнага артыкула, які ў хуткім часе “К” і прапануе.

Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ

Палілог "песняроў"

Успаміны музыкантаў ансамбля “Песняры” аказаліся рознымі па насычанасці падзейным і эмацыйным складнікамі. Але такое спалучэнне дазволіла скласці фрагменты ў віртуальнае абмеркаванне. Віртуальнае, паколькі большасць з тых артыстаў, хто зафіксаваны на фота і пагадзіліся падзяліцца ўспамінамі, сёння працягваюць гастраляваць: сабраць іх у адным месцы досыць складана. Гэта заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Валерый ДАЙНЭКА, Анатоль КАШАПАРАЎ, Уладзіслаў МІСЕВІЧ і Ігар ПЕНЯ. А гітарыст Аляксандр РАСТОПЧЫН цяпер жыве за акіянам — у Злучаных Штатах Амерыкі. На жаль, на прапанову абмеркаваць тэму не адгукнуўся Міхаіл Кулькоў, не толькі бас-гітарыст тагачаснага складу “Песняроў”, але і фізік-ядзершчык па адукацыі. Думаецца, яму было б што дадаць да кантэксту гутаркі.

Анатоль Кашапараў: — Памятаю сонечны канец красавіка 1986-га. Мы тады дзень пры дні плённа рэпеціравалі ў зале, што ў сутарэннях Акадэміі міліцыі. І сапраўды, нехта са знаёмцаў пачаў казаць, што ва Украіне нешта ядзернае выбухнула. З парадаў жа тых, хто нешта ў гэтай справе цяміў, скарысталіся толькі адной: сталі зачыняць форткі. Небяспеку мы не ўсведамлялі.

Аляксандр Растопчын: — Брат гітарыста Леаніда Вярэніча, калі не памыляюся, вучыўся некалі на фізтэху БДУ разам з яшчэ адным героем гэтых здымкаў Міхаілам “Майклам” Кульковым — тады бас-гітарыстам “Песняроў”, а па адукацыі — фізікам-ядзершчыкам. Праз іх, а больш дакладна праз іх сяброў, што працавалі на атамных станцыях Саюза, і мы даведваліся: у Чарнобылі здарылася нешта нядобрае, ледзь не эквівалент ядзернага выбуху. Але ставіліся да гэтага неяк так: эквівалент ядзернага выбуху — ды з кім такога не бывае! Не разумелі нічога, бо не ўяўлялі, што такое радыяцыя. А ўрэшце, каб нават разумелі, як і дзе ратавацца? Тым часам пайшлі радыёактыўныя дажджы. Праўда, пра небяспеку тых ападкаў сказалі пасля. А мой старэйшы сын Саша нарадзіўся ў лістападзе 1985 года, і бабуля акурат напрыканцы красавіка — у пачатку мая 1986-га з вазочкам, дзе спаў хлопчык, шпацыравала вакол дома пад гэтымі дожджыкамі.

Уладзіслаў Місевіч: — А ў майго сябра акурат дзіця нарадзілася тымі днямі: з радзільні забіралі, прыкрыўшы немаўлятка цэлафанавай плёнкай.

Валерый Дайнэка: — Кіраўніцтва СССР і, адпаведна, БССР рабіла выгляд, што праблемы ніякай няма. І на Першамай, і на Дзень Перамогі шчаслівыя людзі са сцяжкамі гулялі з непакрытымі галовамі пад пякучым сонцам. Тым часам, у Еўропе людзі, як цяпер вядома, хоць дома за закрытымі вокнамі спрабавалі схавацца.

Уладзіслаў Місевіч: — Так, “майскія” адзначаць “Песняры” збіраліся акурат у Мінску. Урэзалася ў памяць такая карцінка, жах якой усвядоміў толькі з часам: у парку, дзе знаходзіцца помнік Марату Казею, бегалі дзеткі ў гімнастычнай форме, весяліліся, рыхтуючыся да свята. А бацькі побач знемагалі ад спёкі.

Валерый Дайнэка: — Я гэты час памятаю з дзвюх прычын. Акурат 1 Мая пасля дэманстрацыі нас здымаў фатограф Юрый Іваноў у парку Янкі Купалы і на набярэжнай Свіслачы. А яшчэ тымі ж днямі з жонкай у Мінску прыглядалі кватэру на абмен з Масквой. Але калі пра трагедыю праз колькі тыдняў стала шырока вядома, з ідэяй пераезду развіталіся.

Уладзіслаў Місевіч: — Ды пра якое інфармаванне вядзецца гаворка, калі людзі Чарнобыль з Цярнопалем блыталі? А вось чутак ставала! Спачатку выказвалася здагадка, маўляў, у навукова-даследчым інстытуце ў Соснах нешта рванула. Сустракаючы знаёмых з Гомеля на чыгуначным вакзале, даведаўся, што ў людзей там надзвычай зудзела скура, як пры алергіі, а ў горадзе фарміруюць саставы для эвакуацыі. Затым знаёмыя дактары параілі: давайце дзецям ёдавыя таблеткі (мне іх для дачкі ледзь дастала ў забітай хворымі лечкамісіі Святлана Пенкіна, жонка Валодзі Мулявіна). Праўда, іх трэба было даваць адразу, а не праз колькі дзён. Ну і, вядома ж, усяго за некалькі дзён у Мінску бадай кожны ведаў, прыкметай чаго з’яўляецца прысмак жалеза ў роце. А вось навукоўцы-суседзі па дачы, што атрымлівалі за шкоднасць сваёй працы дадатковыя 4 “соткі”, звесткамі дзяліцца не спяшаліся. Ну, праверылі лес з-пад Стоўбцаў для майго дому з дазіметрам, але ніякай канкрэтыкі: што такое бэры, у чым небяспека? Хіба раілі агулам: больш мыцца і без дай патрэбы не выходзіць на вуліцу. (Кантраст з нашай непісьменнасцю: у Беларусь прыехалі японцы, усе да аднаго з міні-дазіметрамі, прычым яны проста разварочваліся і сыходзілі, калі бачылі большыя за норму лічбы на сваіх прыборах, пакідаючы рэчы ледзь не на перонах.) Ну а мы з уласнай ініцыятывы хіба больш выпівалі. Аднойчы тымі днямі я бавіў халасцяцкі вечар у сябрука. Хлопец гаспадарлівы, увішны, ён на балконе пасадзіў у скрынях грады закускі: лучок, пятрушка… Праўда, калі запрошаны ім да стала сусед-фізік правёў прыборчыкам па тых пасадках, дык сказаў адно: “Выкідай разам са скрынкамі!”

Аляксандр Растопчын: — Паездка па рэгіёнах, што пацярпелі ад аварыі, адбылася цэнтралізавана. Урэшце, у тых краях пабывалі ці не ўсе вядучыя мінскія і маскоўскія артысты. “Песняры”, як, мяркую, і іншыя артысты, наведвалі раёны Гомельшчыны па раскладзе: гасцініца — сняданак — абед — канцэрт — аўтобус — гасцініца.

Валерый Дайнэка: — Зразумела, мы ведалі, што едзем не на самую небяспечную тэрыторыю. Ды і ў падрабязнасці нас не прысвячалі.

Уладзіслаў Місевіч: — А былі тыя, як Ала Пугачова, што выехалі ў сам Чарнобыль. Так, відаць яна і была самай першай, балазе мясцовыя людзі і хацелі яе бачыць. Але пасля ў артысткі хапала праблем са здароўем… Дарэчы, у хуткім часе пасля аварыі (але да выезду на Гомельшчыну) нас чакалася паездка ў Краснаярск. Многія з нас настроіліся абследавацца ў тамтэйшых дактароў. З трапа самалёта мы адразу просімся ў арганізатараў: вязіце ў лякарню. Але на нашы страхі пра Чарнобыль нам адказалі хіба: “Чулі, чулі…” А пасля патлумачылі прычыну такога спакою: у Краснаярску і яго ваколіцах стае такіх мясцінаў, дзе “фаніць” не менш, чым у Чарнобылі, ужо не першы год.

Анатоль Кашапараў: — І ўсё ж быў іншы час. Гэта цяпер грошы кіруюць усім, а тады за натуральны абавязак лічылі падтрымаць людзей маральна. Усведамленне навалы прыйшло пасля, а на той час, не валодаючы больш-менш поўнай інфармацыяй, хіба мы самі не былі гатовыя на нашым “лазіку” хоць на сам рэактар прыехаць?!. Урэшце, у гэтым “туры” нас чакалі не толькі Хойнікі, але і Брагін, Мазыр…

Валерый Дайнэка: — Падаецца, акурат у Мазыры мы і жылі ў гатэлі, выязджаючы адтуль па гарадах Гомельшчыны.

Уладзіслаў Місевіч: — Напачатку сапраўды быў Мазыр. Спёка надзвычайная, а ў горадзе нібыта людзей там паменела. Бачу, працуе выязны гандаль: піражкі, сокі, квас. Толькі ўсё накрытае плёнкай, каб хоць неяк абараніць ад радыяцыйнага фону. Памятаю, як для пакупнікоў тую плёнку прыўзнімалі, каб наліць, скажам, шклянку напою.

Аляксандр Растопчын: — А ў Рагачове на Гомельшчыне рабілася згушчанае малако. Мы яго набывалі і лыжкамі елі. Нехта сказаў, маўляў, яно ж радыёактыўнае. Мы ў адказ: “Ну і што? Галоўнае ж — смачнае!”

Валерый Дайнэка: — З тае пары памятаю такі “чорны” жарт. Праз некалькі месяцаў пасля паездкі па Гомельшчыне “Песняры” апынуліся ў глыбінцы Расіі. Я (тады — з шыкоўнай капой валасоў) і Міхаіл Кулькоў (з куды радзейшай фрызурай, лічы, з яе амаль татальнай адсутнасцю) засяляліся ў адзін гасцінічны нумар. Адміністратар паспачувала нам, спытаўшы, як у Беларусі з радыяцыяй, як наша здароўе. Міша, стомлены з дарогі, праводзіць рукой па лысіне і кажа: “Бачыце? А да Чарнобыля было, як у яго!”

Анатоль Кашапараў: — Але жартавалі мы з той радыяцыі ці не, а пераапраналіся ўжо ў аўтобусе, які ішоў, не затрымліваючыся ў тых гарадках на лішнюю гадзіну і не трываючы да “месца дыслакацыі”. А пасля ўезду ці выезду з тэрыторыі кожнага раёна, што пацярпеў, нам колы аўтобуса мыліся ў ачышчальных ямах, а сам транспарт палівалі спецыяльным растворам.

Ігар Пеня: — Так, мне ў памяць урэзаліся блокпасты, праз якія праязджалі да забруджаных раёнаў і выязджаючы з іх. А гэта — агляды, замеры на дазіметрах.

Анатоль Кашапараў: — Была ў нас і свая прылада дзякуючы майму цесцю, які працаваў у сістэме грамадзянскай абароны. Усё, што елі, абавязкова папярэдне правяралі. Найбольш “фанілі” смажаныя яйкі. Я тую карысную штучку потайкам доўга вазіў, нават на замежныя гастролі. А найбольш верашчаў апарат недзе пад Кіевам, а яшчэ — на дыванку ў нумары адэскага гатэля.

Валерый Дайнэка: — У аўтобусе дазіметр выстаўлялі проста ў фортку, назіраючы, як на вачах раслі лічбы на экране.

Уладзіслаў Місевіч: — Цікава, што ў адну з апошніх маіх паездак у Злучаныя Штаты ў складзе “Песняроў” да ансамбля падышоў мужчына. Кажа: “Памятаеце, я салдатам вас суправаджаў у Хойнікі з дазіметрам у руках і забараняў выходзіць у поле падчас прыпынку гастрольнага аўтобуса?” І сапраўды ж такое было: тады зусім яшчэ хлопчык, ён паказаў нам лічбы ўжо на вялікім , як кажуць, дазіметры, і “зашкальвалі” яны асабліва ў збажыне. Па-чорнаму “фаніла” і на стадыённым газоне.

Анатоль Кашапараў: — А людзі ў тых гарадках, дзе выступалі “Песняры”, як мне запомнілася, не былі надта напужаныя сітуацыяй. Нас традыцыйна чакалі цёплы прыём, беларуская добрасардэчнасць.

Ігар Пеня: — Хоць, вядома, нейкая напружанасць лунала, але людзі радаваліся. У такія моманты забывалася, што зусім недалёка, у Чарнобылі, адбылося нешта, не да канца зразумелае нам. На тым жа хойніцкім стадыёне — біток! Падавалася, увесь гарадок сабраўся. Прычым прыехалі са звычайнай песеннай праграмай.

Уладзіслаў Місевіч: — А паколькі Хойнікі — горад маленькі, адразу было заўважна: мужчын (можа, былі выкліканы на зборы) і дзяцей (іх вывезлі ў летнікі) сярод гледачоў няшмат. Памятаю яшчэ, што канцэрты мы адпрацоўвалі на сваім апараце, а стадыён быў у прыстойным стане з нейкім агітплакатам над трыбунай.

Валерый Дайнэка: — Дарэчы, цяпер пытаннем задаюся, разглядаючы здымкі: а чаму, уласна, канцэрт праходзіў на стадыёне, а не ў доме культуры, скажам? Пагадзіцеся, не самае бяспечнае месца ў тых варунках. Магчыма, кіраўнікі рознага ўзроўню хацелі большай агалоскі, каб паказаць, якія ўсе мы — што артысты, што мясцовыя жыхары — бясстрашныя. Цяпер, думаеш пра гэта і разумееш: з намі нібыта ў нейкую дзіцячую гульню гралі.

Ігар Пеня: — А ў агульнай масе гледачоў вылучалася ваеннага тыпу адзенне: не салдаты, не міліцыя. Мо гэта тыя, хто назаўтра паехаў на чарнобыльскую станцыю ліквідаваць наступствы аварыі?..

Уладзіслаў Місевіч: — Раз-пораз на Гомельшчыне сапраўды складвалася ўражанне, што ваенных ледзь не больш за грамадзянскіх. Ды і машын адпаведнай афарбоўкі хапала!

Аляксандр Растопчын: — Так, перад кожным такім канцэртам па перыметры стадыёна хлопчыкі ў шэра-карычневай форме і сядзелі. Тады прыгадаўся мне Афганістан, дзе гэткіх жа салдацікаў пабачыў, калі ў складзе “Тонікі” Віктара Вуячыча ездзіў туды.

Уладзіслаў Місевіч: — І наогул, мы прыехалі, калі пасля аварыі мінула некалькі месяцаў. А з першых дзён там знаходзіліся ўзнятыя ў першую ж ноч па трывозе курсанты на чале з колішнім камсамольскім важаком, а на той час — намеснікам начальніка Вышэйшай школы міліцыі Уладзімірам Падрэзам. Усе чорныя ад сонца, форма — брудная. Вось тады мне дакладна стала зразумела: справа — не жартоўная. А яшчэ хлопцы-міліцыянеры шчыра прызналіся: ратуюцца гарэлкай. Не магу сказаць, ці радыяцыю яны ёй выганялі, ці проста хацелі хоць на час выкінуць з галавы страх праз тое, што адбывалася наўкол.

Ігар Пеня: — Мы ж ратаваліся чырвоным віном, праўда, пасля канцэртаў.

Валерый Дайнэка: — Гэта было балгарскае “Кабернэ”, таннае, ды і было яго — хоць заліся! Прафілактыку ж праводзілі штодзённа.

Уладзіслаў Місевіч: — Быў яшчэ момант, калі “Песняроў” сабралі ў Міністэрстве культуры БССР. Маўляў, у вас ёсць ваенная праграма, Лучанка запрасіце і рабіце дабрачынны канцэрт на мінскім стадыёне “Дынама”. Мулявін упарціўся: трэба рыхтавацца, а ў нас апаратура - ніякая (у выніку яе давялося збіраць і там, і сям). Ды і часу — вобмаль. Але міністр культуры на ўсе нашы аргументы адрэзаў: хоць у ЦК ідзіце, а трэба зрабіць. Да ўсяго, насуперак жаданню Валодзі, каб людзі прыходзілі на стадыён задарма, наладзілі продаж білетаў коштам 1 рубель (на футбол — 1 рубель 40 капеек). Усе сродкі, маўляў, пойдуць ў пацярпелыя рэгіёны. Але нам такая форма працы на той час была мала вядомая, і ў ансамблі ўсур’ёз хваляваліся, што людзі падумаюць, нібыта “Песняры” зарабляюць на бядзе суграмадзян. Нават калі прыняць да ўліку, што на стадыёне было больш за 30 тысяч гледачоў (прыкладна з 50 тысяч магчымых), гэта відавочна адзін з канцэртаў ансамбля для найбольшай колькасці гледачоў. Прычым усё рабілася ў лічаныя дні, без рэкламы. Мо і без прафсаюзаў не абышлося, але факт, што людзі стаялі ў чэргах па білеты.

Анатоль Кашапараў: — У тых краях я пабываў зноў ужо ў сярэдзіне “нулявых” у рамках традыцыйнай культурнай акцыі “Чарнобыльскі шлях”. Пабачыў здалёк і дрот, якім абнесена адселеная зямля, і пакінутыя гаспадарамі старыя машыны — даўно ўжо праржавелыя бляшанкі: гэта страшна, як шрамы на сэрцы... Так, у тых раёнах, якія перажылі трагедыю, народу стала менш, але людзі такія ж, як і раней: чулыя, добрыя, душэўныя. Братэрства і яднанне засталіся. І канцэрты ледзь не з двайнымі перааншлагамі зноў “на ўра!” праходзяць (як і ў 1986-м), што ў Беларусі, што на расійскай Браншчыне ці ва ўкраінскіх абласцях).

Уладзіслаў Місевіч: — Жыццё гэтак хутка ўсё змяніла. Думалася, бяда будзе бясконцай. А тут вялізную тэрыторыю за пэўны час нейкім чынам адаптавалі да жыцця.

Валерый Дайнэка: — А ўрэшце, добра, што стае кніг па тэме, што знятыя фільмы пра аварыю і яе наступствы для Беларусі, што з’явілася, нарэшце, інфармацыя.

Уладзіслаў Місевіч: — Мусіць, тады ўсе, і я ў тым ліку, чакалі паездкі кіраўніка савецкай краіны Міхаіла Гарбачова ў Чарнобыль у час найбольш складанай сітуацыі. Такога не адбылося. Затое цяпер зразумела, як важна, калі Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка бывае ў пацярпелых ад радыёнуклідаў тэрыторыях у дні памяці пра чарнобыльскую бяду (ды і не толькі тады), гутарыць з людзьмі, якія засталіся ці вярнуліся на тыя землі…

Падрыхтаваў Сяргей ТРАФІЛАЎ

 

Маленькі эпізод вялікай бяды

Як знайсці сведкаў хойніцкага "песняроўскага" канцэрта ўлетку 1986-га? Трэба на паўдня "сесці" на тэлефон. Балазе ў Хойніках быў процьму разоў (зона любіць перасяленцаў-чарнобыльцаў, такіх, як я, і прыцягвае нібыта магнітам) і маю там мноства знаёмых. Усё атрымалася так, як і чакалася.
/i/content/pi/cult/580/12762/15-1.jpg

Адзін памятаў тую даўнюю падзею, але на райцэнтраўскім стадыёне, дзе адбыўся канцэрт, не прысутнічаў. Другі не памятаў і не быў. Трэцяя — таксама. Але дала слушную параду: чуць і бачыць “Песняроў” павінен быў Павел Барадулін, які і па сёння грае ў вакальна-інструментальным ансамблі, а працуе вадзіцелем. Так матузок пошуку скруціўся ў вузельчык адкрыцця. А да першага сведчання ўдала дадаліся і ўспаміны мясцовага журналіста Віктара Назаранкі — саліста таго самага хойніцкага ВІА. 30 гадоў таму ён пабываў на гарадскім стадыёне.

Па словах Паўла Барадуліна, монстры беларускага рока аказаліся простымі хлопцамі. Да Уладзіміра Мулявіна ўсе хойніцкія звярталіся па бацьку — “Георгіевіч”. І ён з задавальненнем адгукаўся, абдымаўся з усімі, цалаваўся з дзяўчатамі. А апаратура шыкоўнай была. “Каб не чарнобыльская бяда, — разважаў сведка, — ці пабачылі б мы ўсё гэта?!” Стадыён быў паўнюткі. Канцэрт доўжыўся некалькі гадзін. Натуральна, усе ўразіліся якасцю выканання. “Адно толькі шматгалоссе было проста неймаверным”, — згадваў Павел. Напэўна, лішне казаць, што надалей хойніцкі ВІА развіваўся пад уплывам песняроўскага майстэрства, у высокім узроўні якога ўсе прысутныя пераканаліся. Пасля канцэрта “Песняры” заспяшаліся ў Мазыр, дзе яны начавалі. Пакуль збіралі апаратуру, іх і абступілі. Бралі аўтографы (на жаль, нічога не захавалася). Адзін з хойніцкіх музыкантаў нават сфатаграфаваўся з кіраўніком зорнага гурта. І здымак гэты, як сцвярджаў Павел Барадулін, нібыта захаваўся і дапаможа яго адшукаць Віктар Назаранка — колішні саліст ВІА і сённяшні журналіст хойніцкай газеты.

Так, пацвердзіў Віктар, здымак ёсць, на ім разам з Мулявіным — хойніцкі музыкант Генадзь Галдзецкі, які ўжо сышоў з жыцця. І яшчэ цікавы факт: Віктар Назаранка вучыўся ў Інстытуце культуры адным часам з Валерыем Дайнэкам. Першы асвойваў тэатральную рэжысуру, другі — харавое дырыжыраванне. Пасля канцэрта Дайнэка заўважыў сярод тых, хто цікавіўся песняроўскай апаратурай, Назаранку і паклікаў: “Рэжысёр!”. Менавіта Дайнэка распавёў аднакашніку, што “Песняры” накіроўваюцца днямі ў Індыю.

30 гадоў мінула з таго часу, многае з памяці выпала. Але засталося галоўнае.“Ні да, ні пасля гэтага канцэрта я больш такога не бачыў, — казаў Віктар Назаранка. — Прафесіяналізм самага вышэйшага кшталту. Суладдзе і галасавое, і музычнае, як на студыйным запісе гучанне. Пачалі з “Каня незацуглянага”. А электрасілкаванне ішло з судзейскага памяшкання, і штосьці там здарылася (адзін з правадоў парваўся?), але не было ніякай панікі. Імгненна выскачылі хлопцы з кейсамі, усё хутка запаялі”. Канцэрт распачалі наноў. А пасля яго, пацвердзіў Віктар Назаранка, “Песняры” кантактавалі з удзячнымі слухачамі. Прымалі кветкі, смяяліся, раздавалі аўтографы. “Кідалася ў вочы тое, — казаў Віктар, — што высокі мастацкі густ арганічна спалучаўся з прастатой чалавечых зносін”…

Вось і ўсё. Маленькі эпізод вялікай беларускай бяды, якую “Песняры” раздзялілі з жыхарамі Хойнікаў.

Яўген РАГІН

Фота Сяргея ПЛЫТКЕВІЧА

На здымках невядомага аўтара: Уладзімір Мулявін і Генадзь Галдзецкі; падчас канцэрта.

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах
Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"