“Сяброўства вузы кроўныя”

№ 12 (1242) 19.03.2016 - 25.03.2016 г

5 сакавіка споўнілася 120 гадоў з дня нараджэння беларускага пісьменніка Кандрата Крапівы
З нагоды юбілейнай даты ў Доме-музеі Якуба Коласа створана сумесная выстава “Шлях да брамы неўміручасці” з фондаў музея Якуба Коласа, Музея гісторыі беларускай літаратуры, Бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН РБ, дзе можна азнаёміцца з малавядомымі, а таксама ўпершыню прадстаўленымі матэрыяламі: кнігамі з дарчымі надпісамі, фотаздымкамі, лістамі Якуба Коласа да Кандрата Крапівы і ўспамінамі Кандрата Крапівы пра Якуба Коласа, віншавальным адрасам да 60-годдзя з дня нараджэння Кандрата Крапівы з аўтографамі пісьменнікаў, у тым ліку Якуба Коласа, лістамі Кандрата Кандратавіча да малодшага брата Якуба Коласа — Іосіфа Міцкевіча, асабістымі рэчамі.

/i/content/pi/cult/578/12724/14-2.jpgГэтыя матэрыялы — сведкі прыязных, сяброўскіх стасункаў двух волатаў беларускай літаратуры. Нягледзячы на амаль 15-гадовую розніцу ва ўзросце (3 лістапада 2017 года мы будзем адзначаць 135-годдзе народнага Песняра), Якуба Коласа і Кандрата Крапіву лучыць шмат агульнага ў іх біяграфіях.

Кандрат Крапіва нарадзіўся на Уздзеншчыне, дзе бярэ свае вытокі славуты Нёман і нясе воды па “роднаму куту” Якуба Коласа — Стаўбцоўшчыне. З 1885 па 1890 гады маленькі Кастусь Міцкевіч ва ўзросце з 3 да 8 гадоў воляй лёсу жыў з бацькамі на хутары Ласток, які размяшчаецца бліз мяжы з Уздзеншчынай. Для будучага паэта Ласток быў найлепшым і мілейшым куточкам у свеце, дзе, па яго ўспамінах, нават “жаўранкі спявалі нешта зразумелае, не гэтак, як іншыя птушкі”.

І менавіта Ласток навеяў Якубу Коласу сюжэт паэмы “Сымон-музыка”. Лёс жа хлопчыка Кандрата Атраховіча чымсьці нагадвае лёс Сымонкі, і да яго вельмі стасуюцца радкі паэмы:

Бедны хлопчык быў загнаны,

У бацькоў нялюбы сын…

Кандрат Крапіва і Якуб Колас чэрпалі натхненне з адной крыніцы — жыватворнай нёманскай плыні, дыхалі адным хваёвым паветрам, ды і іх псеўданімы — Колас, Крапіва — ідуць ад зямелькі-маці, якая дала ім моц, мудрасць, сілу.

…Усё з зямелькі, дзедка мілы!

Хто ж іх корміць, дарагі?

Хто дае ім моцы, сілы?

Як, з чаго растуць лугі?

І чаго зямля так сумна

Позняй восенню, зімой?

І чаму прыветна, шумна

І так весела вясной?

Бо яна, відаць, штось знае,

Бо яна жыве, дзядок.

Кандрат Атраховіч з’яўляўся ўдзельнікам Першай сусветнай вайны, як і Якуб Колас ваяваў на Румынскім фронце.

Упершыню пісьменнікі сустрэліся ў 1926 годзе ў час святкавання 20-годдзя літаратурнай дзейнасці Якуба Коласа. У іх склаліся сяброўскія адносіны. Якуб Колас бачыў у Кандраце Крапіве таленавітага, блізкага па духу чалавека, і ў той жа час Кандрат Крапіва набыў у асобе Якуба Коласа “старэйшага сябра і настаўніка”. Кандрат Крапіва разам з іншымі пісьменнікамі неаднойчы бываў у Якуба Коласа, з кожным разам усё больш адкрываючы для сябе Коласа не толькі як паэта, а яшчэ патрыёта і чалавекалюбца.

Значнай падзеяй не толькі для Якуба Коласа, але і для ўсёй інтэлігенцыі Беларусі быў удзел народнага Песняра ў міжнародным кангрэсе пісьменнікаў у абарону культуры ў 1935 годзе ў Парыжы, дзе ён выступіў з дакладам. Пра ўражанні мэтра паэтычнага слова аб згаданай паездцы малады паэт-сатырык дазволіў сабе выказацца ў наступнай эпіграме:

Быў я ў Парыжы на кангрэсе,

То ў Загібельцы, браце, лепш:

Няма грыбоў у Булонскім лесе,

А ў Сене — хоць бы адзін лешч.

У адказ Якуб Колас напісаў верш “Загібелька”:

Калі агледзіш хвайнякі

І гэты кут пазнаеш бліжай,

Збіраючы баравікі, —

То вывад я раблю такі:

Мне Загібелька лепш Парыжа.

У час вайны паміж Якубам Коласам і Кандратам Крапівой вялася перапіска. У фондах музея захоўваюцца лісты 1942 і 1943 гадоў.

Часцей яны сустракаліся пасля вайны па акадэмічных справах: Якуб Колас быў віцэ-прэзідэнтам АН БССР, Кандрат Крапіва — дырэктарам Інстытута мовазнаўства (Якуб Колас быў віцэ-прэзідэнтам на працягу 28 гадоў, Кандрат Крапіва — 25 гадоў). Яны працавалі над укладаннем беларускага правапісу, над складаннем “Руска-беларускага слоўніка”, сумесна з П. Глебкам рэдагавалі “Беларуска-рускі слоўнік”, “Руска-беларускі слоўнік”.

Дом Коласа для Кандрата Кандратавіча, як і для ўсіх маладых пісьменнікаў, быў культурным асяродкам, дзе яны адчувалі клопат старэйшага сябра. Па ўспамінах Кандрата Крапівы, “усе з вялікай павагай ставіліся да Якуба Коласа. Ён для нас быў не толькі як старэйшы сябар, але і як настаўнік. Мы вучыліся ў яго. Не толькі пераймалі — перш за ўсё вучыліся пазнаваць людзей, іх узаемаадносіны. І гэта нам дапамагала ў нашай творчасці”.

Пасля смерці Якуба Коласа дом Песняра застаўся для Кандрата Крапівы блізкім і родным. Ён удзельнічаў ва ўсіх юбілейных Коласавых мерапрыемствах, выступаў з прамовамі на адкрыцці музея і яго філіяла. Ім напісана грунтоўная рэцэнзія на зборнік “Казкі жыцця”, які рупліва рыхтаваўся да перавыдання Якубам Коласам, а пабачыў свет толькі ў 1960 годзе.

Якуб Колас у лістах да Крапівы часта звяртаўся “брат Кандрат, дарагі Кандратка” , і, мабыць, не выпадкова: яго малодшы брат Юзік быў старэйшы за Кандрата на адзін год.

Кандрат Атраховіч і Юзік Міцкевіч пэўны час (1910 — 1911 гады) вучыліся ў Стаўбцоўскім 4-класным гарадскім вучылішчы. Востры розум, цяга да ведаў аб’яднала іх, яны захавалі прыязныя адносіны да сталых гадоў.

У фондах музея Якуба Коласа захоўваюцца лісты Кандрата Крапівы да Іосіфа Міцкевіча, малодшага брата Якуба Коласа, які апісаны ў паэме “Новая зямля” як гарэзлівы, дасціпны “Юзік-шаляніца”. “Дзядзька Юзік”, як яго любоўна называлі, стаў шчырым прапагандыстам творчай спадчыны свайго брата, непаўторным выканаўцам яго твораў.

У адным з артыкулаў, прысвечаных Якубу Коласу, Кандрат Крапіва згадваў пра гады вучобы ў Стаўбцах, дзе ён упершыню пачуў пра Якуба Коласа дзякуючы выкананню верша “Плытнікі” Іосіфам Міцкевічам.

Лісты Кандрата Крапівы да І. М. Міцкевіча ад 07.04.63 года і 04.03.79 года — яшчэ адзін штрых да біяграфіі паэта-сатырыка, вучонага, чалавека з фенаменальнай памяццю, які вельмі нагадвае свайго настаўніка Якуба Коласа рысамі ўдзячнасці да людзей, цвярозым успрыняццем існасці жыцця.

Тэкст ліста ад 4 сакавіка 1979 года:

“Паважаны Іосіф Міхайлавіч!

Я з цікавасцю прачытаў Ваша пісьмо, у якім Вы ўспамінаеце тыя часы, калі мы вучыліся ў Стаўбцоўскім чатырохкласным гарадскім вучылішчы.

З таго часу прайшло ўжо 68 — 69 гадоў, але я помню прозвішчы і нават твары многіх вучняў, якія вучыліся разам з намі: Хмялеўскага, Альшэўскага, Барташэвіча, Лушчыцкага, Варавы, Астравуха (ён быў маім сябрам), помню і Вас. Асабліва той выпадак, калі вы чыталі верш Якуба Коласа пра плытнікаў, які зрабіў на мяне вялікае ўражанне.

Добра помню і Якава Паўлавіча Крачыну. Я згодзен з Вамі, што гэта быў разумны чалавек і здольны педагог, пра якога можна ўспамінаць толькі добрымі словамі. Помню яшчэ выкладчыка гісторыі Ісака Абрамавіча Сербава, які пасля стаў вядомым як сур’ёзны навуковы даследчык, этнограф.

Тады перад намі было яшчэ ўсё жыццё — з надзеямі і марамі. А цяпер ужо амаль усё яно засталося ззаду, як і здароўе, на якое Вы скардзіцеся.

Да мяне таксама падбіраюцца ўсякія немачы. Нічога не зробіш — такая доля ўсіх людей. Але ня трэба здавацца.

Жадаю Вам паспяхова змагацца са ўсякімі нягодамі і немачамі.

З прывітаннем, Кандрат Крапіва”.

Зінаіда КАМАРОЎСКАЯ, дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь