Рыцар Жыновіч

№ 9 (1239) 27.02.2016 - 05.03.2016 г

Іосіф-чарадзей беларускіх цымбалаў
Да 85-годдзя Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя Іосіфа Жыновіча ў “К” выйшла серыя публікацый пра дырыжораў, якія ў розны час узначальвалі гэты знакаміты калектыў. Сёння — заканчэнне аповеду пра жыццё і творчасць народнага артыста СССР Іосіфа Жыновіча, аднаго з заснавальнікаў аркестра, які кіраваў ім каля 30 гадоў.

/i/content/pi/cult/575/12641/15-1.jpg(Заканчэнне. Пачатак у №№ 6 — 7.)

З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны Іосіф Жыновіч быў эвакуіраваны ў Казахстан. У Алма-Аце яго прынялі ў мясцовую філармонію, і неўзабаве ён пачаў выязджаць за лінію фронта ў складзе франтавых канцэртных брыгад. “Я выступаў на Паўночна-Заходнім фронце, — прыгадваў Іосіф Іосіфавіч. — Мы вазілі з сабой маленькую фісгармонію і пад яе акампанемент спявалі, гралі, танцавалі. Паездка працягвалася тры месяцы. Часта снарады рваліся зусім побач, але канцэрт працягваўся. Здаралася, што я сам не чуў, што граю, але байцы лавілі кожны гук. У час аднаго з канцэртаў у прыфрантавым лесе быў налёт варожай авіяцыі. Зенітчыкі адкрылі шалёны агонь. Выбухі бомбаў зліваліся з разрывамі зенітных снарадаў. Але ніхто з нашых слухачоў не скрануўся з месцаў. Праз галовы ў абодва бакі ляцелі снарады… Але ўсе цяжкасці кампенсаваліся тым энтузіязмам, той цеплынёй, з якімі сустракалі нашы выступленні воіны. Пасля канцэртаў яны казалі нам з удзячнасцю: “Вы прывезлі нам кавалачак тылу”.”

У наступныя гады Жыновіч у складзе франтавых брыгад выступаў у войсках 1-га Беларускага і Далёкаўсходняга франтоў, а ў красавіку — маі 1945-га на працягу двух тыдняў перад самай Перамогай граў у гарадах Заходняй Прусіі — Патсдаме, Бабельсбергу, Штраўсбергу, Дамнаў і іншых. Тады ў распараджэнні артыстаў быў нават спецсамалёт! Як згадваў Іосіф Жыновіч, воіны-землякі, бывала, дасылалі з залы запіскі з просьбай выканаць беларускія народныя песні і танцы... Тыя канцэрты  — своеасаблівы вынік франтавой дзейнасці музыканта. На памяць засталіся франтавыя здымкі, якія Іосіф Іосіфавіч захоўваў усё жыццё.

5 ліпеня 1944 года Жыновіч з групай беларускіх артыстаў вяртаецца ў вызвалены Мінск. Сэрца сціскалася ад відовішча ўшчэнт разбуранага горада, які паспеў стаць для Жыновіча такім родным і блізкім! Але трэба было жыць, тым больш у сям’і Жыновічаў ужо падрастала дачка Ліяна, якой толькі споўніўся годзік. А неўзабаве, у 1946-м, нарадзілася другая дачка Антаніна — любіміца бацькі, названая ім у гонар старэйшага брата Антона.

8 жніўня 1946 года Жыновіч быў прызначаны мастацкім кіраўніком аркестра народных інструментаў Белдзяржфілармоніі. З таго дня пачалося яго служэнне справе адраджэння аркестра. Але гэта была далёка не адзіная місія, якую ён годна і цярпліва выконваў цягам сваёй плённай, напружанай і сапраўды падзвіжніцкай працы. Выкладанне ў кансерваторыі, напісанне школы ігры на цымбалах, кампазітарская дзейнасць па стварэнні арыгінальнага цымбальнага рэпертуару, канцэртныя выступленні… Ён па-ранейшаму заставаўся бліскучым цымбалістам-віртуозам з уласным стылем выканання: “фірменным” ударам, непаўторным трэмала і асаблівай “звоннасцю” цымбалаў. Ды ўсё ж было яшчэ і нешта іншае — тое, што не ўкладалася ў “пракрустава ложа” банальных справаздачных фармулёвак, бо творчую дзейнасць Іосіфа Жыновіча нельга аддзяліць ад таго, што называюць “чалавечым фактарам”.

…Пасля вайны яго кар’ера рэзка пайшла ўгару, і гэта быў яшчэ адзін парадокс яго жыцця. Былы палітычны зняволены, у пасляваенны час ён атрымаў, здаецца, усе магчымыя прывілеі — кіраўніцтва аркестрам, замежныя гастролі, шыкоўную кватэру ў цэнтры Мінска, званні народнага артыста БССР і народнага артыста СССР. Але мала што змянілася ў характары Жыновіча. Ён, як і раней, заставаўся чалавекам надзвычай добрым і сціплым, а сваё высокае становішча і вялікія сувязі скарыстоўваў не дзеля сябе, а на карысць людзей, ад яго залежных, што звярталіся да Жыновіча ці то з нейкімі просьбамі, ці то проста па параду. Адмовы нікому не было. Іосіф Іосіфавіч заўсёды быў гатовы дапамагчы. І менавіта ён, Жыновіч, запаліў зорку Яўгена Глебава — нашага знакамітага кампазітара, які воляй лёсу пазней атрымаў усе тыя ж пачэсныя адзнакі, што і Жыновіч калісьці. Дырыжор адчуў у гэтым юнаку дар. І зусім няважна было Іосіфу Іосіфавічу, што юнак не ведае нот, — ён і сам калісьці быў у падобным становішчы. Прайшоўшы па ўсіх інстанцыях, Жыновіч дабіўся немагчымага. Для Яўгена Глебава, які працаваў даглядчыкам вагонаў на Магілёўскай чыгунцы, было зроблена неверагоднае, найрэдкае выключэнне: без усялякай музычнай адукацыі ў 1950-м годзе яго прынялі на кампазітарскае аддзяленне кансерваторыі! А перад гэтым, як сцвярджае цяпер Антаніна Жыновіч, яе бацька яшчэ спецыяльна паехаў да бацькоў Глебава, каб угаварыць іх “адпусціць” сына ў музыку!

Яўген Глебаў усё жыццё быў удзячны таму, хто стаў для яго хросным бацькам у музычнай прафесіі. “Жыновіч быў чалавекам-легендай. Прырода абдорвала яго незвычайнай чалавечай дабрынёй і павагай да людзей, — згадваў Яўген Аляксандравіч падчас інтэрв’ю, якое я запісвала ў яго дома ў красавіку 1997 года. — Я думаю, што калі б не ён, дык я наўрад ці змог бы прабіцца праз усе гэтыя бюракратычныя перашкоды. Мяне ж без усялякай музычнай адукацыі прынялі нават не ў музвучылішча, а адразу ў кансерваторыю! Гэта было парушэнне ўсялякіх правілаў! Толькі Жыновіч з яго аўтарытэтам змог дабіцца, даказаць, што мяне мае сэнс прыняць. Я, канешне ж, вельмі стараўся яго не падвесці, вучыўся добрасумленна, і першае, што зрабіў — напісаў для народнага аркестра Фантазію на дзве беларускія тэмы. Я тады яшчэ вучыўся толькі на другім курсе. Жыновіч прыкладваў тытанічныя намаганні, каб перакласці для аркестра шмат сачыненняў з класікі — рускай, замежнай, беларускай. Некаторыя з тых пералажэнняў гучалі не горш, чым у арыгінале. Чалавекам ён быў вельмі прыязным, добразычлівым, ніколі не задаваўся. Усім казаў “ты”, але на такі зварот не крыўдзіліся, бо яго абаяльнасць усё кампенсавала. Я ніколі не бачыў яго змрочным ці напышлівым. Заўсёды ўсмешлівы, ветлівы, заўсёды знаходзіў добрыя словы. І абавязкова выконваў усе просьбы, хто б да яго ні звяртаўся — калі гэта было ў яго сілах. Вельмі любіў людзей і адчуваў іх. Амаль ніколі не памыляўся ў тых, на каго рабіў стаўку, — як на мяне, напрыклад. І на такіх людзей у яго быў нейкі беспамылковы нюх, бо ён шмат каму дапамог і вывеў “у людзі”, і потым чалавек раскрываўся і таксама пакідаў яркі след у мастацтве.”

Пра неверагодную інтуіцыю Жыновіча згадвае зараз і яго дачка Антаніна.

— Лічу, што тата валодаў нейкім дарам прадбачання, — кажа яна. — Чамусьці ён загадзя ведаў, што мая сястра будзе “недаўгавечная”, як ён казаў. У 1998-м яе збіла машына… Папа казаў, што пасля яго смерці прыблізна да 2000 года цымбалісты з’яднаюцца — і ў маі 1997 з’явілася Асацыяцыя беларускіх цымбалістаў, а ў кастрычніку таго ж года адбыўся Міжнародны кангрэс цымбалістаў… І яшчэ шмат чаго тата прадбачыў, што збылося і што здаецца дзіўным і невытлумачальным…

Як чалавек вясковы Іосіф Жыновіч заўсёды быў прывязаны да зямлі. Калісьці, у 1933-м, пасля арышту яго бацькоў мясцовыя ўлады канфіскавалі і зруйнавалі дом у вёсцы Арэшкавічы, дзе ён нарадзіўся і правёў дзяцінства. Мо таму Жыновіч з асалодай будаваў уласны дом. Дача ў Ждановічах стала для яго ўлюбёным месцам адпачынку, куды ён прыязджаў з сям’ёй і часцяком запрашаў сваіх сяброў — кампазітара Юрыя Семяняку, піяніста Ігара Паліводу-старэйшага, з якімі быў знаёмы яшчэ з даваенных часоў, пісьменніка Андрэя Макаёнка. І пад гарэлачку і ўсялякія дачныя разнасолы цёплай кампаніяй яны азартна гулялі ў прэферанс…

Іосіф Жыновіч пайшоў з жыцця на пачатку 1974 года, калі яму было 67. Ён паміраў у свядомасці, ведаючы, што жыць яму заставалася зусім няшмат. Можа, у тыя апошнія пакутныя дні, калі ён ужо амаль не ўставаў з ложка, яго сагравалі думкі пра тое, што жыццё яго адбылося, што ён перамог лёс і зрабіў галоўную справу свайго жыцця — вывеў цымбалы “ў свет”, выгадаваў выдатны калектыў аднадумцаў. Калі б ён змог дажыць да гэтага часу, пабачыў бы, як узмацнела цымбальная школа і якія найвыдатныя віртуозы-цымбалісты з’явіліся на Беларусі за апошнія дзесяцігоддзі. Усе яны — вучні яго вучняў. Ён стаў бы сведкам сапраўднага трыумфу свайго ўлюбёнага дзецішча — Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра нашай краіны, які ўславіў беларускія цымбалы ва ўсім свеце. Ад усёй душы, з уласцівай яму шчодрасцю пачуццяў парадваўся б Іосіф Іосіфавіч поспехам свайго непасрэднага пераемніка — цяперашняга кіраўніка аркестра, народнага артыста Беларусі Міхаіла Казінца, які змог захаваць у аркестры, што цяпер носіць імя Жыновіча, творчы настрой і сапраўдную захопленасць музыкай. Дырыжор, як заўсёды, не памыліўся!..

Вольга БРЫЛОН, музыказнаўца

Аўтар: Вольга БРЫЛОН
музыказнаўца