Рыцар Жыновіч

№ 7 (1237) 13.02.2016 - 20.02.2016 г

Іосіф-чарадзей беларускіх цымбалаў
Да 85-годдзя Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя Іосіфа Жыновіча доўжыцца серыя публікацый пра дырыжораў, якія ў розны час узначальвалі гэты знакаміты калектыў. Сёння — працяг аповеду пра жыццё і творчасць народнага артыста СССР Іосіфа Жыновіча.

(Працяг. Пачатак у № 6.)

/i/content/pi/cult/573/12576/15-4.jpg

Іосіф Жыновіч у казахстанскім горадзе Цеміртау. Люты, 1937 г.

У архіве аркестра захоўваецца перафатаграфаваны здымак першай афішы Дзяржаўнага ансамбля народных інструментаў, выдадзенай у 1931 годзе. Пад фота нашага героя напісана: “Жыдовіч Я.Я.” Памылкі няма. Жыдовіч — сапраўднае прозвішча цымбаліста, а ініцыялы “Я.Я.” расшыфроўваюцца як “Язэп Язэпавіч”. Юзік, Язэп — так усе звалі Іосіфа ў той час. Сям’я Жыдовічаў паходзіла з дробнай шляхты і належыла да каталіцкага веравызнання, таму Жыдовічы лічылі сябе палякамі. У адной з інтэрнэт-крыніц я сустракала спасылку на дакумент Дзяржаўнага архіва Мінскай вобласці — “Спіс вучняў, якія скончылі поўны курс Арэшкавіцкай 4-гадовай школы ў 1923/1924 гадах”. У спісе з пяці прозвішчаў пад першым нумарам значыцца Жыдовіч Юлія Іосіфаўна, узрост 13 гадоў, нацыянальнасць — полька. Гэта сястра Іосіфа, маладзейшая за яго на чатыры гады. У Іосіфа былі яшчэ два старэйшыя браты — Антон і Стась. Апошні, па ўспамінах Іосіфа, таксама быў вельмі здольны цымбаліст-самавук, якога па музычнай адоранасці герой гэтых нататак ставіў нават вышэй за сябе. Памёр Стасць ад тыфу яшчэ юнаком. Сям’я Жыдовічаў была вельмі працавітая, але далёка не жабрачая. І гэтага Савецкая ўлада дараваць ёй не магла. У сярэдзіне 1920-х Жыдовічаў пазбавілі выбарчых правоў, а пазней, у перыяд калектывізацыі, адабралі ўсю маёмасць і рэпрэсіравалі.

Падрабязнасці тых трагічных часоў адлюстроўвае сямейная рэліквія — скарга Пракурору БССР Антона Іосіфавіча Жыдовіча ад 8 кастрычніка 1958 года. “Пачынаючы з 26-га года несумленныя людзі спрабавалі з нашай сям’ёй зводзіць асабістыя рахункі, і штогод ва ўстановы, дзе мы, дзеці, вучыліся і працавалі, паступалі розныя паклёпніцкія заявы. Кожны раз гэтыя паклёпніцкія абвінавачванні пасля праверкі адкідаліся. І вось, у 1930-м годзе, у час чысткі савапарату, нам усім траім таксама былі прад’яўлены вельмі цяжкія абвінавачванні. Я, напрыклад, абвінавачваўся ў тым, што ўтоіў тое, што з’яўляюся сынам буйнога памешчыка, а мой брат Іосіф у 1920-м годзе ў якасці белапольскага афіцэра актыўна выступаў супраць Савецкай улады, і гэтак далей. Я асабіста па гэтых абвінавачваннях тады быў вычышчаны па 2-й катэгорыі, брат выключаны з інстытута, а сястра Юлія — са школы. Я добра памятаю, з якой цяжкасцю мне ўдалося абвергнуць гэтыя паклёпніцкія абвінавачванні. У выніку падрабязнага разбору спраў я быў адноўлены на рабоце, а брат і сястра — у навучальных установах. Даказваць тое, што брат у 1920-м годзе не выступаў супраць Савецкай улады ў якасці белапольскага афіцэра, было няцяжка, бо брату ў гэты час было ўсяго 12 гадоў ад нараджэння.

/i/content/pi/cult/573/12576/15-1.jpg

Антон, Юлія і Іосіф Жыновічы — браты з сястрой. 1973 г.

Мой бацька, Жыдовіч Іосіф Феліцыянавіч, 1872-га года нараджэння, селянін вёскі Арэшкавічы Пухавіцкага раёна Мінскай вобласі, быў асуджаны 9-га чэрвеня 1933 года тройкай АДПУ БССР па арт. 63-I, 72, 75, 76 КК БССР на тры гады высылкі. Хутка пасля прысуду, знаходзячыся ў месцы ссылкі, бацька памёр… Бацька быў малапісьменным (2 гады вясковай школы) селянінам, серадняком. Усё сваё жыццё ён працаваў на зямлі і быў зусім далёкі ад якіх бы там ні было палітычных думак і тым больш дзеянняў…”

Схоля Францаўна, маці Іосіфа, таксама магла загінуць. Але ёй пашанцавала больш: яна збегла з-пад аховы у той час, калі яе перавозілі на грузавой машыне ў турму. Пешшу яна дайшла да Масквы, дзе жыў яе сын Антон, і схавалася ў яго. А неўзабаве пацярпеў і сам Іосіф. Вясной 1935 года ён быў выключаны з кансерваторыі і праз некалькі дзён арыштаваны. Яго асудзілі на 10 гадоў! Пакаранне ён адбываў у Мардовіі. Цяжка ўявіць, ці змог бы ён да канца вытрымаць выпрабаванне ГУЛАГам. Бо амаль увесь час знаходжання там моцна хварэў на сухоты. А выратаваў Іосіфа Іосіфавіча выпадак, калі не сказаць цуд. Ён напісаў ліст да сястры Леніна Марыі Ільінічны Ульянавай, якая тады была загадчыцай Бюро скаргаў у Камісіі савецкага кантролю. Неверагодна, якім чынам, але пісьмо ўсё ж дайшло да адрасата, і дзякуючы клопатам Ульянавай, Іосіфа вызвалілі. Магчыма, тады ён і змяніў прозвішча, каб не жыць з цяжкім кляймом “сына ворага народа”…

/i/content/pi/cult/573/12576/15-2.jpg

Плакат ансамбля 1931 года.

Няпростым было яго вяртанне. Перш за ўсё ў маральным сэнсе, бо ўзрушэнне ад бачанага ў ГУЛАГу не магло не выклікаць пэўнага пратэста, расчаравання. Пра гэта не прынята было казаць ні пасля смерці Жыновіча, ні тым больш пры жыцці, але таемная нядобразычлівасць і мнагазначныя шэпты за спінай суправаджалі яго да скону дзён, нягледзячы на ўсе цалкам заслужаныя ім званні і ганаровыя пасады. Жыновіч не любіў прыгадваць пра той час, таму многія факты яго біяграфіі таго перыяду засталіся недастаткова высветленымі. Ён не адразу пасля вызвалення вярнуўся у Беларусь. На адным са здымкаў з асабістага архіва, які падпісаны яго ўласнай рукой, чытаем: “Люты 1937 года. г. Цеміртаў, Казахстан”. Калі ўлічыць, што падчас знаходжання ў зняволенні ён наўрад ці мог граць на цымбалах, можна высказаць меркаванне, што на той момант Жыновіч ужо быў на свабодзе. Але ніякіх узгадак пра яго знаходжанне ў Мінску няма аж да 1938 года. Кампазітар Анатоль Багатыроў распавядаў, што Жыновіч вярнуўся нават яшчэ пазней, калі пачаўся новы навучальны год сезона 1939/40 гадоў. Дзе ж ён жыў, чым займаўся ў гады за межамі Беларусі? Нічога не дадае ў пошукі і асабістая справа Жыновіча з архіва філармоніі. З аднаго боку, там захоўваецца натарыяльна завераная копія яго кансерваторскага дыплома, дзе напісана, што “предъявитель сего” ў 1938 годзе паступіў і ў 1941 годзе скончыў поўны курс Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі па спецыяльнасці “народныя інструменты”. З іншага боку, у асабістым лістку па ўліку кадраў сам Жыновіч сваім акуратным почыркам пазначае з’яўленне ў Мінску менавіта 1939-м годам, а перад тым пералічае Новасібірск, Чалябінск, Златавуст, Калінін, Архангельск і іншыя гарады, дзе выступаў выканаўцам-цымбалістам на эстрадзе. Што гэта былі за выступленні? І чаму ён так шмат вандраваў і не вяртаўся?..

/i/content/pi/cult/573/12576/15-3.jpg

Рыгор Самохін з артыстамі аркестра.

Жыновіч зноў пачаў працаваць у калектыве, з якім усяго некалькі гадоў таму зведаў сапраўдны артыстычны поспех. Толькі цяпер Дзяржаўны ансамбль народных інструментаў БССР быў ператвораны ў аркестр. Жыновіч вярнуўся туды ў рангу канцэртмайстра — на пасаду, якую ён займаў і раней, на пачатку 1930-х. У 1939 годзе Іосіф Жыновіч прыняў удзел ва Усесаюзным аглядзе выканаўцаў на народных інструментах. Рыхтавацца да конкурсу яму дапамагаў вядомы маскоўскі дырыжор Аляксандр Арлоў, які ў той час узначальваў Вялікі сімфанічны аркестр Усесаюзнага радыё і падоўгу працаваў у Мінску з тутэйшым сімфанічным аркестрам. Яшчэ на пачатку 1930-х Арлоў упершыню пачуў цымбальны дуэт Жыновіча-Навіцкага і быў у поўным захапленні. Як прыгадваў Жыновіч, Арлоў тады сказаў: “Эх, каб Рымскі-Корсакаў пачуў вас, то бясспрэчна ўставіў бы цымбалы ў партытуру “Садко”!” Іосіф Жыновіч сыграў Арлову ўсю сваю праграму і атрымаў найкаштоўныя парады па трактоўцы твораў і канчатковым іх адборы.

Сам конкурс адбываўся ў Маскве ў Доме Саюзаў на Вялікай Дзмітраўцы з 1 па 17 кастрычніка 1939 года. Жыновіч выконваў “Беларускую рапсодыю” Аляксея Туранкова, вальс Шапэна і іншыя творы. У журы былі вядомыя музыканты: азербайджанскі кампазітар Узеір Гаджыбекаў (старшыня), балалаечнік-віртуоз, арганізатар і першы кіраўнік Маскоўскага вялікарускага аркестра народных інструментаў Барыс Траяноўскі, дырыжор і кіраўнік Аркестра народных інструментаў Мікалай Осіпаў, гітарыст Аляксандр Іваноў-Крамскі і іншыя артысты.

/i/content/pi/cult/573/12576/15-5.jpg

Лісток па ўліку кадраў з асабістай справы Іосіфа Жыновіча. З архіва Белдзяржфілармоніі.

Ігра Жыновіча была высока ацэнена членамі журы. Ён атрымаў ІІ прэмію (не засталіся без узнагарод і іншыя беларускія музыканты: ІІІ прэмію ўручылі Аркадзю Астрамецкаму, дыпломы — Станіславу Навіцкаму і Георгію Жыхараву). У Маскве Жыновіч зноў апынецца менш чым праз год: у чэрвені 1940-га там адбывалася I Дэкада беларускага мастацтва, у якой прымаў удзел Аркестр народных інструментаў БССР. На адным з канцэртаў Дэкады Жыновіч павінен быў выступаць сольна, але тут яму зноў прыгадалі яго “неблаганадзейнасць”. Замест яго выступаў 17-гадовы Аркадзь Астрамецкі, якому проста на Дэкадзе “усесаюзны стараста” Міхаіл Калінін уручыў медаль “За працоўную адзнаку”. Няпроста было Жыновічу перажываць падобныя крыўды... Красамоўнае пацвярджэнне — здымак артыстаў аркестра, які быў зроблены адразу ж пасля Дэкады. У цэнтры яго — дырыжор аркестра Рыгор Самохін і “закадычны” напарнік Іосіфа Жыновіча Станіслаў Навіцкі з медалямі “За працоўную адзнаку” на грудзях. Сам Жыновіч сядзіць збоку (першы злева ў другім шэрагу), і позірк у яго нейкі зусім не вясёлы…

Ды ўсё ж у перадваенны час у яго жыцці было нямала і радасных, прыемных падзей. Ён скончыў кансерваторыю і нават пачаў выкладаць там, шмат выступаў — і сольна, і ў складзе аркестра. Але галоўнай падзеяй, безумоўна ж, была сустрэча з будучай жонкай Галінай Гаўрыльчык, якая ў той час вучылася ў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі па класе вакала і ўжо працавала салісткай опернага тэатра. Незадоўга перад вайной яны ажаніліся і былі разам 35 гадоў…

Працяг чытайце ў наступных нумарах.

Аўтар: Вольга БРЫЛОН
музыказнаўца