Апошні рыцар

№ 4 (1234) 23.01.2016 - 29.01.2016 г

Косця Тарасаў прапанаваў паехаць з ім на Грунвальд яшчэ ў 1970 годдзе, калі мы пазнаёміліся праз яго жонку Ларысу Чарнышову, якая вучылася з маёй старэйшай сястрой. Зразумела, што гэта метафара, але далейшае жыццё пацвердзіла: ужо тады Кастусь Іванавіч абраў свой складаны шлях, які многім з яго асяроддзя падаваўся дзіўным і незразумелым. Косця як старэйшы сябра, які сам вучыўся Беларушчыне, пачынаючы з мовы, шчыра дзяліўся сваімі знаходкамі ці сумневамі з астатнімі.

/i/content/pi/cult/570/12491/15-2.jpg

Алесь Квяткоўскі. "Кастусь Тарасаў едзе на Грунвальд".

Аднойчы мы сустрэліся ў Дачным завулку, дзе жылі бацькі Ларысы, і я экзальтавана распавёў пра нараджэнне сына Севярына. Праз некалькі месяцаў у часопісе “Нёман” друкуецца аповесць Тарасава “Ошибка штабс-капитана Степанова”, дзе аднаго з герояў звалі Севярын. Яшчэ адзін персанаж меў прозвішча Шульман, таксама ў гонар аднаго з сяброў Кастуся — Віктара Шульмана, які ажаніўся на японцы і з’ехаў у краіну Узыходзячага сонца. Магчыма, дзякуючы гэтым абставінам і “Кнізе аб гарбаце” Кастусь і Ларыса перадалі мне захапленне Японіяй. Дакладней — было адкрыццё праз Японію ўсяго ўсходняга свету.

Амаль год я карыстаўся ключом, які адчыняў мне кватэру Косціка на Маскоўскай вуліцы, дзе я чытаў тыя кнігі, якія прапаноўваў мне гаспадар. Але на пачатку 1975 года ў адным з гатэляў Кішынёва на падваконні я пакінуў і забыўся пра вельмі неабходную і знакавую для Кастуся ў той час кнігу Жан-Поля Сартра “Словы”… Гэтае здарэнне на пару гадоў сапсавала нашы адносіны, пакуль я не знайшоў гэту кнігу ў букіністаў і не вярнуў яе. У гэтым уся прынцыповасць Кастуся, нават у дробязях вялікая патрабавальнасць да сябе і да ўсіх, ваяўнічасць і адказнасць.

Стаўленне да Мінска? Здаецца, свой горад, асабліва цэнтр, я ведаў як сябе: шэсць год наша школа-інтэрнат (будучы Каледж мастацтваў імя Івана Ахрэмчыка) знаходзілася акурат у цэнтры былога яўрэйскага гета. Ад Кальварыі да Нямігі, ад вакзала да Круглай плошчы — наша вядомая тэрыторыя. Але калі ўпершыню ў “Крыніцы” я прачытаў аповесць Кастуся Тарасава “Залатая горка”, зразумеў, што няшмат ведаю пра свой горад. А што ведаў — зусім пад іншым вуглом… Нават не пра сюжэт распавядаю, а пра шпацыр па старадаўнім Мінску разам з героямі аповесці. Зараз, калі я са сваімі студэнтамі з архітэктурнага факультэта БНТУ малюю, напрыклад, у Верхнім горадзе, нагадваю ім словы Тарасава з эсэ “Зніклы горад”: “…І што самае сумнае — усё гэта знішчана з пачуцця нялюбасці да горада прыезджымі архітэктарамі, у якіх не звязана ніякіх успамінаў ні з вуліцамі, ні з будынкамі, ні з ракой Свілаччу, ні з паркамі, ні з плошчай… Калі ты гаворыш “Тут быў дом, тут — лазня”, — яны нічога не адчуваюць…” Можна не пагаджацца, але Кастусь на ўсё жыццё (па творах бачна) заставаўся рамантыкам, але існаваў і ў эвалюцыі часу: ад турыстскіх спеваў з Арыкам Крупам напрыканцы 1960-х да самых апошніх ягоных артыкулаў-даследванняў …

Як яму было ўзнёсла дадумваць яе Вялікасць спадарыню Гісторыю! Калі я яго запытваў пра міфалагічных істотаў, аб якіх Кастусь пісаў у кнізе “Памяць пра легенды”, ён адказваў: “А я сам нешта прыдумляю. Міфалогія дае прастору для творчай фантазіі”. Пасля выдання твора “День рассеяния” ў беларускім варыянце, як і “Пагоня на Грунвальд”, кажу Кастусю: “Ды Сянкевіч усё напісаў у сваіх таленавітых гістарычных раманах. Мы ж на іх і выраслі!” “Зразумела, выраслі, — пачуў я ў адказ. — Але падзеі пададзеныя суб’ектыўна ў польскі бок. Ніхто не браўся разглядаць сапраўдную гістарычнасць тых падзей з беларускага погляду”.

Я не літаратуразнаўца, не крытык, проста малодшы сябра і, магчыма, вучань Кастуся Іванавіча. Таму ведаю, які патрыятычны ўздым, які гонар за сваю Бацькаўшчыну адчулі мы і ўжо нашы дзеці пасля прачытання твораў Тарасава. Якую прагу да ведаў пра Беларусь надалі ягоныя кнігі! “Памяць пра легенды” ў першым варыянце я нават вазіў у Маскву, дзе пераконваў, можа і марна, мясцовых літаратараў у скажэнні гістарычнай праўды з боку масквічоў …

Так, я ведаў, калі пісаў постаць Кастуся Тарасава, які едзе на Грунвальд, пра парушэнне ў гістарычным вайсковым адзенні. Ад грунвальдскіх ваяроў да гусараў з крыламі было яшчэ трыццаць гадоў. Але ж менавіта кампазіцыйны ход намаляваўся на палатно. Чаму я ўбачыў асобу Кастуся Тарасава праз прызму “Пагоні на Грунвальд”? Гэта мяжа, гэта — Рубікон у нашай гісторыі, у нашым характары, гэта — знак нашай існасці. І, магчыма, духоўны Грунвальд, апошні рыцар Беларусі… Апошнія гады ягонага жыцця ёсць мужнасць ягонай асобы. І час пытанняў: “Каму гэта ўсё патрэбна, што я напісаў. Ці вартыя тыя, хто будзе пасля мяне, тых кніг, здабыткаў і знаходак, што я пакінуў пасля сябе?”

…Час ідзе і віруе. Памяць застанецца ў словах і карцінах. Як і пра тыя ўзрушальныя сустрэчы, спрэчкі нейкага багемнага густу і на Маскоўскай, і на Каліноўскага, і на Гікалы… Не на Старажоўцы…

Алесь КВЯТКОЎСКІ, мастак

Аўтар: Алесь КВЯТКОЎСКІ
мастак, педагог