Невядомы Міхаіл Пташук

№ 52 (1230) 26.12.2015 - 01.01.2016 г

Быць Рэжысёрам ва ўсім
Падчас разнастайных апытанняў наконт самага вядомага мастацкага беларускага фільма апошніх двух дзесяцігоддзяў найчасцей згадваецца карціна “У жніўні 44-га…” Міхаіла Пташука. Жыццё гэтага выдатнага рэжысёра трагічна абарвалася 13 гадоў таму. Але і сёння ягоныя фільмы ўваходзяць у “залаты фонд” беларускага кінематографа. Пра малавядомыя старонкі з жыцця гэтага творцы гутарка з дачкой рэжысёра Лікай Пташук, якая працягвае бацькоўскае служэнне айчыннаму мастацтву, працуючы рэжысёрам Беларускага радыё.

/i/content/pi/cult/566/12408/13-1.jpg— У дзяцінстве мы разам з татам, седзячы на кухні за вячэрняй гарбатай, любілі слухаць радыёпастаноўкі. Тата ў пасляваенны час, у дзяцінстве, хадзіў са сваёй мамай у клуб, дзе па вечарах збіраліся вяскоўцы, каб паслухаць навіны і радыёспектаклі, якія ўжо існавалі. Бацька прыгадваў, што такія спектаклі аказалі на яго велізарнае ўражанне, бо ўнікальныя магчымасці радыё робяць слухача Мастаком, саўдзельнікам творчага працэсу. Бо кожны малюе для сябе непаўторную карцінку пачутага, мае індывідуальнае ўяўленне. Тата згадваў, што свет радыёспектакляў, які трапляў у вясковы клуб праз пасляваенныя прыёмнікі, быў для жыхароў вёскі нечым выбітным, адкрываў уваход у асаблівы, часам фантастычны свет, у параўнанні з цяжкай пасляваеннай рэчаіснасцю.

Татавы ўражанні дзяцінства паўплывалі і на маё паважлівае стаўленне да радыё, бацька, можна сказаць, "заразіў" мяне сваёй любоўю да гэтага мастацтва і быў вельмі задаволены, калі я пачала працаваць на айчынным радыё, дзе спалучаю рэжысёрскую і акцёрскую працу. Сапраўды, Дом радыё стаў за гэты час і маім домам.

Сёлета Беларускае радыё адзначыла 90-годдзе, і, карыстаючыся момантам, хачу павіншаваць усіх яго супрацоўнікаў і слухачоў з гэтай святочнай датай!

— Ці цяжка было асвойваць радыёмастацтва?

— Добра памятаю першыя творчыя крокі ў якасці рэжысёра праграм і радыёвядучай, той момант, калі я ўпершыню села да мікрафона ў любімай слухачамі праграме "Адвечная магія музыкі". Сэрца сыходзіла ў пяткі ад адной думкі, што мяне чуе ўся Беларусь! Здавалася, я прыйшла з неабходнай адукацыяй і досведам працы ў творчай прафесіі, але мне давялося атрымліваць дадатковую, радыйную адукацыю, вучыцца спецыфіцы работы. Памятаю, як у той час доўга разбірала тэксты перад тым, як сесці да мікрафона або запісаць праграму ў якасці рэжысёра з акцёрамі беларускіх тэатраў. Здавалася б, трэба падрыхтаваць некалькі старонак для музычнай праграмы, але я гадзінамі дома па вечарах працавала над імі да таго часу, пакуль не пачынала іх "чуць". Ёсць такое паняцце на радыё: “пачуць тэкст”. Толькі наўпрост сутыкнуўшыся з ім, я зразумела: існуе пэўная колькасць спецыфічных правілаў, нюансаў работы ў студыі.

У прамым эфіры канала "Культура" для мяне асабліва дарагім творчым этапам стала праца ў праектах "Літаратурная анталогія" і "Бестселер". На працягу некалькіх гадоў, фактычна з моманту стварэння канала "Культура", я чытала ў прамым эфіры нацыянальную і замежную класіку. Вядома, прыемна, што ўжо больш за 10 гадоў працую ў якасці рэжысёра, выканаўцы і аўтара ў легендарным праекце Беларускага радыё "Вячэрняя казка". Адзначу аўтарскую праграму пра беларускі тэатр, якая штотыдзень больш як 10 гадоў выходзіла ў эфіры Першага нацыянальнага канала. Цяпер працую ў некалькіх праектах на Першым нацыянальным.

Важным этапам лічу працу над радыёспектаклямі. Гэты жанр паспяхова існуе ў айчынным эфіры з 1930-х. І, мяркуючы па водгуках слухачоў, ён і дагэтуль застаецца запатрабаваным. На маім творчым рахунку ў якасці рэжысёра тры радыёпастаноўкі і некалькі літаратурных кампазіцый. Я рада, што мне давялося працаваць з выдатным драматургічным і літаратурным матэрыялам, з вядомымі акцёрамі, з цудоўнымі гукарэжысёрамі.

— Вернемся да асобы Міхаіла Пташука. Ці цяжка расці ў сям’і вядомага рэжысёра?

— Прайшло 13 гадоў з моманту трагічнай гібелі бацькі, але, напэўна, няма дня, каб я не думала пра яго. У маёй памяці часта ўсплываюць успаміны пра шчаслівы час, праведзены разам з ім. Што і казаць, мне пашанцавала, што Гасподзь падарыў такога бацьку. І зараз, калі яго фізічна няма побач, я часта ў думках задаю сабе пытанні: а як бацька адрэагаваў бы на той ці іншы мой учынак, якімі аказаліся б яго меркаванне, парада. Тата быў маім вялікім сябрам і настаўнікам. Ён ніколі не навязваў сваё бачанне, але ягонае слова заўсёды было аўтарытэтным і вырашальным для мяне.

У нашай сям’і панавала вельмі творчая атмасфера, бацька ўмеў з будзённага жыцця зрабіць шоу, свята, паколькі заўсёды ў асобах па-акцёрску вельмі смешна баіў цікавыя эпізоды, якія адбываліся з ім на здымках і кінафестывалях. У яго было выдатнае пачуццё гумару — і ў нашым доме заўсёды панаваў смех. Мы з мамай з нецярплівасцю чакалі яго вяртання з камандзіровак. Памятаю моманты, калі тата прыязджаў з чарговага кінафестывалю, заходзіў, адразу раскрываў сумку і з усмешкай высока ўзнімаў над галавой чарговы прыз за свой фільм і гучна, са смехам абвяшчаў нам з мамай: “Дзеўкі, я залатую бабу прывёз!”. Так ён жартам называў свае шматлікія кінапрызы — залатымі або сярэбранымі бабамі ды мужыкамі. Потым абсыпаў нас з мамай падарункамі. Ён быў вельмі ўважлівым сынам, клапатлівым бацькам і мужам, цудоўным дзедам.

Праз гасціннасць таты, які любіў, каб было людна і шумна, наш дом часта поўніўся гасцямі. Часцяком гэта былі цікавыя людзі, татавы сябры, яго калегі, акцёры, рэжысёры, мастакі, сцэнарысты. Я з дзяцінства прысутнічала на такіх сустрэчах, слухала размовы пра мастацтва, пра літаратуру, кіно, адкрывала для сябе асаблівы свет, пэўны лад жыцця творчых людзей.

Не магу не сказаць колькі слоў і пра маю маму, цудоўную, клапатлівую гаспадыню і верную сяброўку таты. Усё яе жыццё звязана з кінастудыяй “Беларусьфільм”, дзе яна працавала рэдактарам. Тата заўсёды раіўся з ёй, першай чытаў сцэнарыі, дзяліўся сваімі творчымі планамі, ідэямі, прыслухоўваўся да ейнай думкі. Пражылі яны разам амаль 40 гадоў.

— Ці даводзілася вам у дзяцінстве бываць на здымачнай пляцоўцы?

— Вядома! І калі трапляла на здымкі, кожны раз пераконвалася, што тата да фанатызму служыў прафесіі Рэжысёра. Для яго не існавала ні званняў, ні чыноў, ні рэгалій. На першым месцы заўсёды стаяў прафесіяналізм. Бывала, рабіў строгія заўвагі нават вельмі вядомым акцёрам — “зоркам”, якія здымаліся ў ягоных фільмах.

— Міхаіл Пташук — рэжысёр і Міхаіл Пташук — бацька. Наколькі па характары, паводзінах ён адрозніваўся ў такіх сітуацыях?

— Мне здаецца, што тата і на працы, і ў паўсядзённым жыцці заўсёды заставаўся Рэжысёрам. Ён быў працаголікам, непадзельным са сваёй прафесіяй. Яшчэ адзін успамін з дзяцінства. Памятаю, яшчэ на нашай старой кватэры ў Зялёным Лузе маленькая кухня па начах ператваралася ў працоўны кабінет бацькі: ён ставіў друкарскую машынку і ўсю ноч пісаў сцэнарыі, акуратна склейваў па кавалачках, а раніцай мы з мамай збіралі абрэзкі паперы. Затое на стале ляжалі акуратна складзеныя надрукаваныя старонкі рэжысёрскага сцэнарыя будучага фільма.

Але, нягледзячы на занятасць, бясконцыя здымкі, ён заўсёды знаходзіў час для мяне. Мы часта былі разам у паездках, на здымках, ды, бывала, цэлымі начамі дома гутарылі. Гэта ўсё — незабыўныя моманты дзяцінства. Адзін з самых яркіх — калі бацька ўпершыню паказаў мне хатні тэатр, які ён зрабіў сам. Мае лялькі ператвараліся ў іншапланецянак, настольная лямпа ў планету, звычайная талерка ў лятаючую, а чырвоная шаўковая маміна хустка, прыбітая да драўлянай рэйкі, цудоўным чынам адкрывала тэатральную заслону. Сюжэт і дыялогі бацька прыдумляў сам. Ён быў вельмі музычным чалавекам, музыка заўсёды гучала ў нашым доме. У маленстве ён расказваў мне на ноч казкі. Але не чытаў з нейкай кніжкі, а сам іх прыдумляў. Яны нагадвалі тэлесерыялы, і на наступны дзень я з нецярплівасцю чакала працягу. А тата, нягледзячы на стомленасць, прыходзіў з працы і знаходзіў сілы, каб прыдумаць чарговую серыю “калыханкі”.

Міхаіл Пташук быў не толькі выдатным бацькам, але і сынам. Мая бабуля — Марыя Сямёнаўна — была перадавой работніцай у калгасе, узначальвала брыгаду, па пояс стаяла ў халоднай вадзе, вымачваючы лён. Пад канец жыцця з-за хваробы яна не магла хадзіць. І тата шукаў для яе лепшых дактароў, санаторыі, рэдкія лекі, перавёз яе з вёскі ў нашу кватэру ў Мінск, дзе яна і пражыла апошнія гады.

— Не магу не запытацца пра вашу апошнюю сустрэчу з бацькам...

— Наша апошняя сустрэча... Ён прыехаў з Галівуда, дзе працаваў над сваім апошнім фільмам... Раніцай тэлефонны званок ад бацькі, бадзёры, радасны голас у слухаўцы: “Доча, я прыехаў на адзiн дзень, заўтра з’язджаю ў Маскву на “Ніку”, адтуль лячу ў Мексіку, доўга не пабачымся, тэрмінова прыязджайце!” Ледзь мы ступілі на парог кватэры, як патанулі ў абдымках бацькі. Радасны, тады яшчэ маленькі, мой сын Мішка гуляецца з амерыканскімі цацкамі, а бацька, літаральна захлынаючыся ад шчасця, паведамляе: “Я знайшоў у Галівудзе гук, які шукаў усё жыццё і не мог сустрэць нідзе! Я знайшоў гук смерці!” Гэты гук быў ягоным успамінам дзяцінства. Ён расказваў, што, калі ссеклі сад ля ягонай вясковай хаты, над разбураным гняздом лётала і “плакала” птушка. У бацькоўскіх успамінах гэты гук — плач птушкі — назаўжды застаўся сімвалам смерці.

Мы сядзелі за накрытым сталом усёй сям'ёй апошні раз. Тата натхнёна, эмацыйна распавядаў пра працу ў Галівудзе, шмат казаў пра планы, пра сваю мару зняць беларускі “Тытанік”, фільм пра чарнобыльскую трагедыю, пра паездку ў Мексіку па запрашэнні адной з кінастудый, і, вядома, пра маскоўскую “Ніку” , дзе фільм “У жніўні 44-га…” быў прадстаўлены ў 6 намінацыях...

Я хачу падзякаваць усім, хто захоўвае ўспаміны пра бацьку, дапамагае арганізоўваць вечары памяці, здымае фільмы. Асабліва ўдзячная стваральнікам мемарыяльнай шыльды і крыжа на ягонай радзіме, у вёсцы Федзюкі, памятнай дошкі на фасадзе школы № 13 у Баранавічах, ініцыятарам наймення на малой радзіме, на Ляхавіччыне вуліцы ў гонар Міхаіла Пташука. Вельмі прыемна, што цяпер і ў сталічным мікрараёне Лошыца з’явяцца вуліцы, названыя ў гонар кінатворцаў — Міхаіла Пташука і Віктара Турава...

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"