Акрамя таго, варта згадаць і ІІ Абласное свята рамёстваў “Слуцкія паясы”, якое прайшло ў верасні і сабрала каля 500 майстроў народнай творчасці. Мерапрыемства, пад час якога можна было не толькі набыць самыя розныя сувеніры, але і ўзяць удзел у конкурсе ды навукова-практычнай канферэнцыі, адбылося ў адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай адраджэння тэхналогій і традыцый вырабу слуцкіх паясоў і развіцця вытворчасці нацыянальнай сувенірнай прадукцыі “Слуцкія паясы” на 2012-2015 годы.
Гэта падзеі мінулага дня. Але, натуральна, думаем і пра будучае. Так, 20 лістапада ў Барысаве, у раённай бібліятэцы імя Івана Каладзеева, мы ўрачыста адкрыем Карцінную галерэю Валерыя Шкарубы. Пад яе ў бібліятэцы адведзена цэлая зала. Дарэчы, рамонт памяшкання быў зроблены пры дапамозе спонсарскіх сродкаў (у аб’ёме каля 600 мільёнаў рублёў) і бюджэтных асігнаванняў. Да слова, мастацкую раённую галерэю плануецца адкрыць у наступным годзе (хутчэй за ўсё, першага верасня) і ў Маладзечне. У ёй будуць прадстаўлены палотны не толькі мясцовых мастакоў, а і майстроў пэндзля з усёй вобласці.
Цягам года ў Мінскай вобласці працягвалася рэарганізацыя раённых метадычных цэнтраў, стварэнне ўстаноў культуры змешанага тыпу, інтэграцыя публічных і школьных бібліятэк. Так, да канца 2015 года павінны быць рэарганізаваны 5 раённых метадычных цэнтраў — Вілейскі, Мядзельскі, Слуцкі, Смалявіцкі і Салігорскі. Яны стануць або філіяламі мясцовых раённых Дамоў ці Цэнтраў культуры, або ўвойдуць у якасці структурнага падраздзялення ў раённыя цэнтралізаваныя клубныя сістэмы.
Таксама сёння на Міншчыне працягваецца працэс аптымізацыя ўстаноў культуры. Напрыклад, летась сетка ўстаноў культуры вобласці скарацілася на 277 адзінак, або на 19,6%. А за 2013 — 2014 гады скарачэнне сеткі ўстаноў склала амаль 25 працэнтаў. Лічбы, натуральна, вялікія, таму можна сказаць, што пік аптымізацыі мы ўжо прайшлі. Так, сёлета было аптымізавана прыкладна 10 устаноў культуры.
Натуральна, у сувязі з аптымізацыяй скарацілася і штатная колькасць супрацоўнікаў галіны, але не так моцна, як летась. Напрыклад, калі за 2014 год было скарочана 512 штатных адзінак, дык у гэтым — толькі некалькі. А ўвогуле на сённяшні дзень у галіне культуры Міншчыны працуе звыш 9 тысяч чалавек. У сувязі са скарачэннем штатаў у некаторых раёнах прадугледжаны дадатковыя меры стумулявання супрацоўнікаў галіны ў частцы павышэння тарыфнай стаўкі згодна з Дэкрэтам Прэзідэнта Беларусі №29.
На жаль, што да сярэдняй зарплаты культработнікаў, дык яна не надта вялікая. Так, калі летась сярэдні заробак супрацоўнікаў сферы культуры Міншчыны склаў 3 мільёны 583 тысячы рублёў, дык на сёння яна знаходзіцца ў межах 4 мільёнаў рублёў. У мэтах матэрыяльнага стымулявання культработнікаў у 2014 годзе было прынята рашэнне аб правядзенні абласнога конкурса “Творчы Алімп Міншчыны”. На ім прысуджаюцца 10 прэмій па 30 базавых велічынь кожная, а таксама грант Мінскага абласнога выканаўчага камітэта на рэалзіацыю творчага праекта.