Шмат увагі надаецца брэндавасці раёнаў. Не хочацца, каб адзін раён быў падобны на другі. Таму заўжды падтрымліваем адпаведныя мясцовыя ініцыятывы, скіраваныя на пошук арыгінальных адметнасцей. Да прыкладу, у Брагінскім музеі ёсць кавалак сапраўднага метэарыта. Чым не брэнд, які можна рэкламаваць, прыцягваючы ўвагу да гісторыі і культуры раёна? Пасля таго, як на музейным сайце з’явілася гэтая інфармацыя, Брагін пачалі наведваць турысты з Расіі, Украіны.
А ў Чачэрску адкрыўся Музей хлеба. Тут можна пабачыць, якім ён быў у стараданія часіны, якім стаў сёння. Паказана тэхналогія выпечкі. Хлеб у блакадным Ленінградзе — тэма асобная. Парадаксальна: установа знаходзіцца ў практычна бязлюднай вёсцы, месціцца ў аўтэнтычнай вельмі каларытнай хацінцы з печчу. І сюды едуць аматары незвычайнага. Так што мясцовыя музейшчыкі — таксама запатрабаваныя!
Музей абрадавай лялькі доўно паспеў стаць брэндам Рагачоўшчыны, як і паясы ў Акцябрскім, як і адмысловыя паясы ў Неглюбцы, што на Веткаўшчыне. І працэс менавіта такой брэндынгавай раскруткі павінен стаць няспынным…
Бібліятэчны сукупны кніжны фонд вобласці застаецца самым вялікім у Беларусі — больш за дзевяць мільёнаў асобнікаў. Нават у Мінску менш. Пра крэатыў нашых бібліятэкараў “К” піша пастаянна. Напрыканцы года адкрываем Дом кнігі ў Рагачове. У 2016-м менавіта тут пройдзе Дзень беларускага пісьменства. Будынак Дома кнігі знаходзіцца побач са школай мастацтваў. Тут даўно месціліся цэнтральная і дзіцячая бібліятэкі. Пасля рэстаўрацыі з’явіліся канцэртная зала і зала для канферэнцый.
Калі працягваць гаворку пра будаўнічыя работы, дык нельга не згадаць і тое, што паспяхова здадзены сядзібны дом Козел-Паклеўскіх у Чырвоным беразе. Плануем сёлета завяршыць капліцу-пахавальню Паскевічаў у Гомелі. Працягваецца рэстаўрацыя калегіўма езуітаў у Юравічах. Спадзяемся, пасля належнага фінансавання завершым рэканструкцыю Мазырскага драматычнага тэатра імя Івана Мележа…
Налета Гомельшчына літаральна выбухне знакавымі падзеямі, акцыямі, фестывалямі. Мяркуце самі. 30-годдзе чарнобыльскай бяды будзе згадана ў Ветцы. Канцэпцыя мерапрыемства ўжо распрацавана, яна вельмі цікавая звязана з адраджэннем нашага краю. Да падзеі падключаюцца і неглюбскія майстрыхі, знакамітыя ручнікамі. Далей — фестывальны канвеер: “Берагіня” ў Акцябрскім, свята гумару ў Аўцюках, “Грай, гармонік!” у Ельску, “Гэты дзіўны спеў — з глыбінь народных” у Лельчыцах, “Покліч Палесся” ў Ляскавічах…