Футбол на сцэну прамяняў
— У дзяцінстве культурнае жыццё Віцебска праходзіла не тое каб міма мяне, але занурваўся ў яго выбарачна і нерэгулярна, — здзіўляе мяне Жбанкоў. — Былі паходы разам з мамай і татам у Тэатр імя Якуба Коласа, магчыма, у “Ляльку”. Праўда, “шагалаўскі” музей — гэта, само сабой. На “Славянскі базар у Віцебску” я толькі аднойчы трапіў на бясплатны канцэрт маладых выканаўцаў у Летнім амфітэатры. Замест культуры аддаваў перавагу спорту. Але, з іншага боку, колькі сябе памятаю, марыў спяваць, прычым — прафесійна. Вучачыся ў школе, сур’ёзна займаўся футболам, але настаўнік спеваў Валянціна Мацулевіч неяк сказала: “Сярожа, ні ў якім разе не губі футболам вакал!”, — i стала дадаткова даваць мне ўрокі. А калі я ў 2002 годзе скончыў школу, яна мяне літаральна за руку прывяла ў вучылішча мастацтваў на харавое аддзяленне. Але яго скасавалі!..
Прыпыняю ўспамін Жбанкова, бо па плане першым у нас ідзе Культурна-спартыўны цэнтр — колішні Палац культуры і тэхнікі чыгуначнікаў...
Зрэшты, новая назва пакуль на будынку адсутнічае, а мы праз службовы ўваход смела праходзім ўнутр, дзе нас сустракае нядаўна прызначаная мастацкім кіраўніком КСЦ Алена МАЛІНОЎСКАЯ. У памяшканні ходзяць людзі ў спяцоўках, стаіць будаўнічы рыштунак.
— У мой час тут таксама нярэдка нешта рамантавалася і абнаўлялася, — заўважае Сяргей. — У ЧПК (як усе называлі і называюць Палац/Цэнтр) я прыйшоў у тым жа 2002-м, каб спяваць у фальклорным ансамблі “Лелiя”, які арганізавала Вера Яршова. У ім развучваў першыя вакальныя партыі — сапраўдныя, складаныя, а музычнай адукацыі не меў. У “Лелiю” я прыходзіў пасля заняткаў у вучылішчы і знікаў тут да гадзіны дзявятай-дзясятай. Кірунак ансамбля можна назваць “мадэрн-фолк” — магчыма, калектыў стаў першапраходцам у такім жанры ў горадзе. (Ці мог падумаць Сярожа пра тое, што калі-небудзь выканае ў драматычным творы ў жанры мюзікла “Пясняр” ролю чалавека, які разам са сваім ВІА лічыцца бацькам сучаснага беларускага фольку?! — А.К.) Наогул, першага ў жыцці для мяне ў ЧПК ставала! Адсюль я паехаў у першую творчую камандзіроўку за мяжу — у Германію. Упершыню ўвайшоў у склад журы, якое адбірала вакалістаў у “Лелiю”. І столькі людзей прыйшло на кастынг: што там “Фабрыка зорак”!
— Шчыра кажучы, хаця я працую ў віцебскай культуры ўжо нямала, асаблівых успамінаў пра ЧПК таго часу і раней у мяне не захавалася, — прызнаецца Алена Аляксандраўна. — Напэўна, таму, што ў сілу сваёй ведамаснай прыналежнасці ён быў адасоблены ад іншых устаноў. Але ў апошнія гады Цэнтр усё больш убудоўваецца ў культурнае жыццё Віцебска: ні адно буйное гарадское мерапрыемства не абыходзіцца без удзелу ягоных калектываў.
Кажучы пра папулярнасць Цэнтра ў жыхароў горада, спадарыня Маліноўская сказала, што тыя, хто жыве паблізу вакзала, у курсе падзей у КСЦ. Аднак сярод удзельнікаў творчых аб’яднанняў нямала і людзей з іншых раёнаў горада. Гурткі цэнтра, акрамя хору, — платныя (штомесячна — 100-150 тысяч рублёў). Пазабюджэтныя сродкі атрымліваюць тут і за кошт правядзення заказных канцэртаў. Алена Аляксандраўна адзначыла, што Віцебскае аддзяленне Беларускай чыгункі фінансуе сваё “дзіця” ў магчымым аб’ёме, але ж хочацца большага! Часцей мяняць, напрыклад, касцюмы, якія зношваюцца хутка, рэквізіт, апаратуру, прызначаную для правядзення дыскатэк. Але ў грашовым сэнсе “ўсё тут весялейшае, чым у некаторых установах культуры Віцебска”.
— Нават у некаторых мінскіх не так весела, — дадае Сяргей Жбанкоў.
P.S. ад Жбанкова
— Мне здаецца, каб Мулявін жыў да гэтага часу, ён працягваў бы дзейнасць ансамбля “Песняры” і перадаваў вопыт маладым. Выдатна, што ёсць Дзяржаўны ансамбль “Песняры”, які б ён ні быў, што ідзе дарогай, пракладзенай Уладзімірам Георгіевічам, захоўвае і спрабуе развіваць яго ідэі. Інакш пры імклівым з’яўленні і знікненні музычных трэндаў, творчасць Мулявіна магла б апынуцца прыхаванай пад грудай музычнага хламу.
Каледж пачынаецца з...
У Каледж культуры і мастацтваў (былое Віцебскае дзяржаўнае вучылішча мастацтваў) мы трапілі таксама ў самы “прыдатны” момант — у той час, калі ў ім працавала прыёмная камісія. У пакоі, у якім яна размяшчалася, Сяргей Жбанкоў душэўна павітаў дырэктара ўстановы Ірыну Абдулаеву і намесніка па выхаваўчай працы Мікалая Грушэўскага.
— На 54 бюджэтныя месцы паступіла 107 заяў, — паведаміла Ірына Станіславаўна. — Конкурс, якому могуць пазайздросціць рэспубліканскія ўстановы падобнага тыпу. (Да таго ж, выпусцілі ў гэтым годзе 44 чалавекі, а было 95 заявак!) Упершыню на акцёрскую спецыяльнасць набіралі студэнтаў на базе дзявятых класаў агульнаадукацыйных школ. Пытанне не ў тым, ці правільна гэта: эксперымент цікавы, але пайсці на яго вымусіла неспрыяльная дэмаграфія, калі ў апошнія гады знізілася колькасць тых, хто паступае ў творчыя ВНУ. Наогул, тэндэнцыя такая: у той жа Расіі аддаюць перавагу абітурыентам, якія маюць за плячыма сярэднюю спецыяльную адукацыю.
— Дык вось, — вяртаецца да тэмы свайго абітурыенцтва Жбанкоў, — даведаўшыся, што харавога аддзялення ў вучылішчы няма, мы з Валянцінай Мацулевіч разгубіліся, але нас спыніла выкладчык акцёрскага майстэрства Марыя Котава. Яна нас прывяла да дошкі, на якой былі напісаны назвы спецыяльнасцей і колькасць месцаў. Я гляджу — тое, што трэба: “Акцёрскае мастацтва тэатра лялек”. Пяць чалавек набіраецца, падало дакументы трое! Я і падаў свае, прайшоўшы двухтыднёвыя падрыхтоўчыя курсы, дзе пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Вікай, з якой пазней трапіў і ў “Лелiю” (цяпер яна актрыса Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра). Паступіў, а падчас вучобы, акрамя вузкай спецыялізацыі, нам выкладалі яшчэ акцёрскае мастацтва наогул, сцэнічнае маўленне (я яго, дарэчы, ужо гады тры сам выкладаю ў Акадэміі мастацтваў), мы разыгрывалі эцюды. Да таго ж, у спектаклях, праектах удзельнічалі студэнты з розных патокаў, ішло творчае ўзаемапранікненне. І атрымалася так, што і лялькі мне падабаліся, але не сталі пераважваць. Маімі былі спевы, вакал. А размеркаваўся я, натуральна, у віцебскі Беларускі тэатр “Лялька”. Але выправіўся ў Мінск, у Акадэмію мастацтваў, куды ў 2005-м і паступіў на спецыяльнасць “Акцёрскае мастацтва (музычны тэатр)”.
— Мне здаецца, вось з тым выпускам, у які ўваходзіў Сяргей, можа, на пару гадоў раней, у тады яшчэ вучылішчы і пачалі змяняцца ўзаемаадносіны паміж выкладчыкамі і студэнтамі, — разважае спадарыня Абдулаева. — Вучні сталі разглядацца іх настаўнікамі як паплечнікі, мы сышлі ад школьнай сістэмы. А ў творчасці інакш і нельга!
Але выпускнікоў каледжа і тых, хто імкнецца ў яго, Ірына Станіславаўна не ідэалізуе. Хвалюе яе тое, з якім багажом, нягледзячы на яшчэ юны ўзрост, прыходзяць у ККiМ паступаць некаторыя: не начытаныя, аднабока інфармаваныя, са слабымі творчымі задаткамі, якія маюць веды ў галіне мастацтва на ўзроўні тытульных старонак Інтэрнэту, яму прысвечаных. “Забівае” спадарыню Абдулаеву, калі студэнты, тлумачачы прычыну, па якіх яны не ходзяць у музеі, на выстаўкі або на канцэрты: яны тое бачылі, чулі... у Сеціве.
— Адна выпускніца неяк сказала мне: “Я не люблю Шагала і не абавязана яго любіць!”
— Ну, Ірына Станіславаўна, сапраўды ж не абавязана... — кажу ў адказ я.
— Дык яна нават у музеі Шагалаўскім не была, як высветлілася з нашай з ёй гутаркі! Разумееце, вось гэтая “апрыёрнасць” — жорсткая, безапеляцыйная, пабудаваная на негатыве, нічым, па сутнасці, не падмацаваная, — сустракаецца ў цяперашняга пакалення, выхаванага не лепшымі СМІ. Таму і цяжкая задача педагогаў ССНУ і ВНУ: зацікавіць чалавека, паказаць, даць кірунак, штуршок, а далей усё залежыць ад яго самога, ці хоча і ці можа ён развівацца. Веды ўсім даюцца аднолькавыя, але хтосьці засвойвае іх на 4 балы, а хтосьці — на 10. Я не драматызавала б сітуацыю, што, маўляў, сёння ў невялікія гарады, вёскі размяркоўваюцца толькі тыя, хто так-сяк атрымаў профільную адукацыю. У далёкай вёсачцы можна сустрэць выдатных, разумных, таленавітых клубных работнікаў, выкладчыкаў! І, як правіла, “шэрасць” там не затрымліваецца, ды і не трымаюць яе. Але дэфіцыт якасных спецыялістаў ёсць. Гэта сапраўды дзяржаўная праблема, і не проста ў галіне культуры: чаму ў нас з году ў год праходзяць адны і тыя ж фэсты, адны і тыя ж святы, звязаныя з традыцыямі? Колькі іх — беларускіх, агульнаславянскіх?! Процьма! Дык лягчэй жа ўсё зрабіць па гатовай метадычцы або сцэнарыі з Інтэрнэту.
Не ведае спадарыня Абдулаева, калі каледж адрамантуюць (аўдыторыі літаральна “стогнуць”). Распрацаваны праект вучэбнага корпуса — з мансардай, канферэнц-залай. З дапамогай пазабюджэту (аплата вучобы, выязныя канцэрты) глядзельная зала мае амаль той выгляд, як задумвалася, — з новым абсталяваннем, крэсламі, пафарбаванымi сценамі; “перазагружаны” прыбіральні; у новае памяшканне заехала сталоўка.
P.S. ад Жбанкова
— Апошнія значныя для мяне работы ў тэатры — капуснік “Капуста па-russki” і спектакль “Кола кахання” па Самерсэту Моэму (граю ролю Тэдзі). На жаль, з-за праблем з нагамі (прыйшлося нават звярнуцца да дактароў) мяне не задзейнічалі ў “Дванаццатай ночы”, прэм’ера якой прызначана на сярэдзіну восені. У кіно — серыялы “У сузор’і Стральца” (пра знакамітага савецкага футбаліста Эдуарда Стральцова) і “Дзяржаўная мяжа” (фільм “Чорнае павуцінне”). Іх яшчэ не паказвалі па тэлебачанні, а таму я з лёгкім мандражом чакаю прэм’ер.
У прыватнасці і ў цэлым
Заўсёднікам Абласнога краязнаўчага музея Жбанкоў не быў. Калі што і вабіла яго сюды, дык выстаўкі зброі. Краязнаўства, гісторыі Сяргею хапала ў школе. Сапраўдная цікавасць да роднага краю, традыцый, мовы ў ім прачнулася нядаўна: літаральна на парозе леташняга 30-годдзя. Ён прыгадвае выпадак, калі на адной з FM-станцый яго папрасілі даваць інтэрв’ю на беларускай мове, якой, як аказалася, артыст валодаў сярэдне. Гэты канфуз і стаў адпраўной кропкай, каб паглыбіцца ў беларускую культуру наогул.
— У тым і адна з задач музея, — кажа намеснік дырэктара па навуковай рабоце Валерый Шышанаў, — каб спрыяць ліквідацыі прабелаў у адукацыі чалавека. Я працую тут 23 гады і магу падзяліцца наступным назіраннем. Не сказаў бы, што за гэты час узровень ведаў у віцябчан пра рэгіён і пра краіну вырас. Але магчымасцей здабыць тыя веды стала значна больш, і тут усё залежыць ад таго, ці ёсць жаданне канкрэтнай асобы. Аднак, пры гэтым, на мой погляд, людзі абмяжоўваюцца мінімальным базісам, не ідуць глыбей, перастаюць хадзіць у бібліятэкі, не так актыўна наведваюць музеі, задавальняючыся Інтэрнэтам. Не ўсё, вядома, блага, але тэндэнцыі — відавочныя.
На наведвальнасць музея Валерый Аляксеевіч не скардзіцца: паток наведвальнікаў дастаткова роўны, без спадаў. А да недахопаў у працы ўстановы адносіць тое, што ў ёй так і не змаглі стварыць паўнавартасныя экспазіцыі: у асноўным тут пададзены доўгатэрміновыя і зменныя выстаўкі. Няма фінансавых магчымасцей і на сучасныя тэхналогіі: так, мультымедыя тут выкарыстоўваецца па-мінімуму. Марыць жа спадар Шышанаў аб тым, што Абласны музей калі-небудзь пераедзе ў будынак колішняга Губернатарскага палаца, стаўшы для Віцебска тым, чым з’яўляецца, напрыклад, для Гомеля Палацава-паркавы ансамбль. Гаворачы аб перспектыўных музейных планах горада наогул, намеснік дырэктара згадаў пра музейны квартал, стварэнне якога падтрымана мясцовымі ўладамі і гаворка аб тым ідзе не першы год. У яго павінны ўвайсці Галерэя Пэна, Арт-цэнтр Шагала і Музей сучаснага мастацтва. Спадзяецца Шышанаў і на хуткае завяршэнне рамонту будынка, у якi, верагодна, і пераедзе Музей прыватных калекцый. Турбуе Валерыя Аляксеевіча пытанне рэстаўрацыі экспанатаў: у рэспубліцы відавочны недахоп спецыялістаў, а таксама адсутнасць агульнай стратэгіі.
Святы і будні
Развітваючыся з Віцебскам, думаю пра тое, што, мабыць, святы ў ім не завяршаюцца круглы год: “Славянскі базар…” даўно скончыўся, а з якойсьці з адкрытых пляцовак (а мо і з некалькіх) грае на ўвесь вячэрні горад гучная музыка.
— Для мяне Віцебск — гэта, гледзячы скрозь “культурную” прызму, і горад-“вiзiтоўка” для краіны (прычым “вокладкавасць”, "постэрнасць" яго грунтуецца на гісторыі, традыцыях), і сучасны, — рэзюмуе Сяргей Жбанкоў. — Два гады таму ў рамках “Славянскага базару…” Горкаўскі тэатр паказваў тут “Пане Каханку”. Мне ўдалося паблукаць па фестывальным Віцебску, адзначыць нейкія культурныя праекты і акцыі. Што заўгодна можна казаць пра фестываль, але тое, што ён рухае беларускую культуру, беларускае мастацтва, для мяне відавочна!
P.S. ад аўтара
А праблема камфортнай дастаўкі турыстаў у Музей-сядзібу Рэпіна “Здраўнёва”, пра якую мы неаднаразова пісалі, на жаль, так і не вырашылася да канца...
Мінск — Віцебск — Мінск