Вясковы мецэнат
Названыя аграсядзібы знаходзяцца ў вёсцы Вусце, каля прыгожага возера Недрава. Летась Юрыем Жэрко за ўласныя сродкі тут быў абсталяваны грамадскі пляж з лавачкамі ды сметніцамі, які паспелі ўжо ўпадабаць мясцовыя жыхары. Да таго ж на беразе ўжо некалькі гадоў запар вясковы мецэнат ладзіць “Усцянскія музычныя вечары”, на якія запрашае артыстаў з Мінска і наваколляў, гасцей сваіх аграсядзіб, а таксама жыхароў вёсачкі.
Цікава, што свята, — да слова, таксама зладжанае і прафінансаванае прыватнікам, — было яшчэ летась аб’яднана з афіцыйным святам вёскі Вусце. У мінулыя гады, да прыкладу, на культурнай імпрэзе на беразе возера з дзвюхгадзіннай праграмай выступаў ансамбль народнай творчасці “Браслаўскія весялухі”, а сёлета гасцей радаваў мясцовы народны ансамбль песні “На панадворку” ды аніматарская каманда “Майстэрня ўражанняў”. Калектывы, натуральна, мелі фінансавы інтарэс — іначай наўрад ці сюды паехалі б. І гэта зразумела: план платных паслуг ці ганарараў для іх ніхто не адмяняў…
А гасцей свята, акрамя спеваў і танцаў, чакалі аповеды пра гісторыю Браслаўскага краю, традыцыйныя вусцянскія прысмакі, — прычым пераможцам кулінарных конкурсаў уручаліся каштоўныя прызы, — наварыстая юшка, плаванне па возеры на маторнай лодцы (летась — на своеасаблівым “караблі вікінгаў”), а таксама вечаровы феерверк… Не толькі жыхары вёскі Вусце, а і шматлікія госці аграсядзіб з дапамогай такога свята даведаліся пра Беларусь многа цікавага…
Што ж, як па мне, дык усё, пералічанае вышэй, — выдатны прыклад узаемадзеяння прыватніка з мясцовай сферай культуры. Прычым, заўважце, кожны бок з гэтага супрацоўніцтва мае свае пэўныя — і фінансавыя, і маральныя, і іміджавыя — дывідэнды. Таму браслаўскі вопыт, мяркую, можна і нават трэба пашыраць па ўсёй Беларусі…
Экскурсавод ці даследчык?
Юрый Жэрко неаднаразова падтрымліваў культурныя ініцыятывы ў сваім раёне: пачынаючы ад агульнагарадскіх імпрэз — напрыклад, Свята сярэдневечнай культуры “Меч Брачыслава” — да праектаў мясцовага гісторыка-краязнаўчага музея — прафінансаваў акцыі сёлетняй “Ночы музеяў”. Чаму ён гэта робіць, навошта? Як кажа прадпрымальнік, ён хоча, каб у Браславе і ў Браслаўскім раёне нікому не было сумна.
Прычым ён і сам можа распавесці пра гісторыю той жа Браслаўшчыны вельмі шмат. Корпаецца ў гістарычных архівах, з’язджаючы дзеля гэтага то ў Мінск, то ў Вільнюс, ладзіць вандроўкі для насельнікаў сваіх аграсядзіб па пяці мясцовых азёрах, апавядаючы ім то пра шлях “з вараг у грэкі”, то пра гарадзішча Масковічы, дзе быццам бы пахаваны вараг-прапаведнік, які хрысціў Полацк, то пра былы каталіцкі кляштар, які стаяў на адным з астравоў сярод возера Неспіш і адкуль у Браслаў перавезена цудадзейная ікона, укаранаваная ў нашы дні…
Карацей кажучы, некалькі гадзін на возеры з Юрыем Жэрко — гэта сапраўдная гісторыка-культурная вандроўка ў мінулае з навукоўцам-экскурсаводам за лодачным румпелем... Ведаю гэта, бо сам браў удзел у падобнай экскурсіі, аглядаючы Браслаўскія азёры. І вясковы мецэнат пра гісторыю роднага краю распавядае, цытуючы словы Уладзіміра Караткевіча з эсэ “Зямля пад белымі крыламі”: “Любiце гэтую сваю святую зямлю аддана i да канца. Іншай вам не дадзена, ды й непатрэбна”.
Дадам, што ў планах Юрыя Жэрко зладзіць у вёсцы Вусце ў пачатку кастрычніка фотапленэр, на які ён запросіць мясцовых і сталічных фотатворцаў. Мяркуецца, што пасля работы будуць выкарыстоўвацца для рэкламы браслаўскіх краявідаў, а таксама будуць прадстаўлены на выстаўках.
Калі ў нашай краіне з’явіцца шмат людзей, падобных Юрыю Жэрко, дык і працаваць супрацоўнікам сферы культуры з імі будзе вельмі лёгка. Але такіх мецэнатаў-гісторыкаў, улюбёных у свой край, пакуль што на Беларусі яшчэ трэба пашукаць. Хаця, хто ведае, можа з цягам часу іх сапраўды стане больш, і не толькі на Браслаўшчыне. Прынамсі, Міністэрства культуры Беларусі сёння многім айчынным мецэнатам уручае падзячныя лісты Міністра культуры, пра такіх людзей пішуць сродкі масавай інфармацыі, іх запрашаюць на культурныя мерапрыемствы, каб яшчэ і яшчэ раз іх угаранаваць ці добрым словам, ці памятным падарункам. І гэта трэба і важна, бо, як сведчыць вопыт браслаўскіх культработнікаў, супрацоўніцтва з мясцовымі прыватнікамі прыносіць карысць усім. Таму перспектывы ў падобнага ўзаемадзеяння ёсць. Прычым — істотныя.