Дарэчы, сёлета акцыя завітае яшчэ ў Камянецкі, Талачынскі, Круглянскі, Валожынскі і Дзятлаўскі раёны, але — увосень. А зараз — пра Ельшчыну…
Ельскі раён прымае “Майстроў мастацтваў…” не ўпершыню: гадоў дзесяць таму свята ўжо ладзілася ў гэтых мясцінах з удзелам Ірыны Дарафеевай. Праграма-2015 пачалася з ускладання кветак да помніка воінам-вызваліцелям Ельшчыны ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Затым у гарадскім скверы раённага цэнтра прайшоў мітынг-рэквіем “Зямля мая, блакітны дзіўны край!”, пасля якога ахвотным былі прапанаваны тэматычныя імпрэзы, падрыхтаваныя, сярод іншага, народнымі ўмельцамі.
Затым фестывальны эпіцэнтр перамясціўся ў аграгарадок “Дабрынь”, дзе і пачалося, уласна, прадстаўленне ў рамках акцыі. Для віншавання быў запрошаны ансамбль “Свята” Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Як зазначыў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ельскага райвыканкама Валерый Гейхман, канцэрт прайшоў на адным дыханні і сабраў вялікую колькасць удзячных людзей. Да імпрэзы далучыліся і самадзейныя артысты з Украіны.
На пытанне, чаму акцыя на Гомельшчыне вярнулася менавіта на ельскую зямлю, спадар Гейхман, падаецца, крыху разгубіўшыся, сказаў, што Ельск заўсёды на добрым рахунку па арганізацыі абслугоўвання насельніцтва. І гэта, дадамо ад сябе, не дзіва, бо кіруе працэсам у краі заслужаны дзеяч культуры краіны.
Пацікавіўшыся, як адбываецца падрыхтоўка да мерапрыемстваў такога характару і маштабу, дазналася, што раёну дастаткова трох тыдняў для годнай самапрэзентацыі (калі там, як у Ельску, пануе парадак і гармонія). Падобная акцыя наогул дае магчымасць паказаць сябе і сваю малую радзіму. Дык вось, менш чым за месяц былі размеркаваны абавязкі па напісанні сцэнарыя, па афармленні і дэкарацыях, па наладжванні спартыўна-масавых мерапрыемстваў. І, згодна з планам, у Ельску кіпела праца. За гэты тэрмін было вырашана таксама і транспартнае пытанне: для агульнага камфорту былі пушчаны дадатковыя аўтобусы.
Ельская формула поспеху простая: трэба дасягнуць узаемаразумення паміж прадпрыемствамі і арганізацыямі. Гэта цалкам у кампетэнцыі кіраўніцтва раёна. А адсутнасць грошай даўно ўжо перастала быць пераканаўчым апраўданнем бяздзейнасці. Бо, па меншай меры, творчы складнік работы базуецца не столькі на матэрыяльных каштоўнасцях, колькі на духоўных і агульначалавечых.