Па ўспамінах былой настаўніцы Аляксандры Кушаль, у час Вялікай Айчыннай вайны жанчыны і дзяўчаты-падлеткі з вёскі Вялікая Слабада на Карэліччыне таксама збіраліся разам, каб за адну ноч выткаць ручнік-абярэг. Пакуль жанчыны пралі і ткалі ручнік, мужчыны рабілі крыж. Паставілі яго на скрыжаванні дарог ля школы. На крыж павесілі абярэг, другі ручнік закапалі ў зямлю пад крыж. Пасля гэтага кожны вечар дзяўчынкі-падлеткі збіраліся каля крыжа і спявалі святыя песні. За адну ноч паставілі яшчэ два крыжы — у пачатку і ў канцы вёскі. Такі ж абрад здзейснілі жыхары некаторых іншых паселішчаў.
Хочацца верыць, што гарачае жаданне нашых землякоў адвесці няшчасце ад сябе і сваіх родных сапраўды ратавала тых, хто ў час Вялікай Айчыннай вайны змагаўся з ворагам далёка ад дома. Адзін з іх — ураджэнец вёскі Вялікая Слабада, генерал-лейтэнант Аляксандр Дзмітрыевіч Пулка-Дзмітрыеў.
Прафесійны ваенны нарадзіўся ў 1893 годзе ў сям’і селяніна. У 1909 годзе ён скончыў вышэйшае пачатковае вучылішча, затым настаўніцкія курсы пры Навагрудскім гарадскім вучылішчы. Працу настаўнікам перапыніла Першая сусветная вайна, у якой Аляксандр Дзмітрыевіч браў удзел. Адвучыўшыся ў пяхотным вучылішчы, ён атрымаў афіцэрскі чын падпаручніка. Яго служба ў царскай арміі закончылася ў снежні 1917-га, далей у радах Чырвонай Арміі ён удзельнічаў у Грамадзянскай вайне.
Пазней Пулка-Дзмітрыеў вучыўся ў Ваеннай акадэміі імя Міхаіла Фрунзэ, скончыў Акадэмію Генеральнага штаба Чырвонай Арміі, у 1940 годзе пасля прысваення звання генерал-маёра быў прызначаны намеснікам начальніка па навуковай і вучэбнай рабоце і дацэнтам кафедры ваеннай гісторыі ў Інтэнданцкай акадэміі, а напярэдадні Вялікай Айчыннай заняў пасаду начальніка акадэміі.
З 1942 года наш зямляк знаходзіўся на Паўднёва-Заходнім, Бранскім, Цэнтральным, Беларускім і Прыбалтыйскім франтах, займаючы пасады начальніка штаба ўпраўлення тылу фронту, намесніка камандуючага арміяй па тыле і начальніка штаба арміі. Аляксандр Дзмітрыевіч — удзельнік Сталінградскай і Курскай бітваў, ён вызваляў Беларусь, Прыбалтыку, Польшчу, браў удзел у Берлінскай аперацыі. У верасні 1944 года яму было прысвоена званне генерал-лейтэнанта. Ён узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны, двума ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнамі Леніна, Кутузава, Багдана Хмяльніцкага, Суворава.
У 1952 годзе ён вярнуўся на радзіму, дзе быў прызначаны начальнікам штаба і першым намеснікам камандуючага войскамі Беларускай ваеннай акругі. У 1963-м яго не стала.
Карп Андрэй Сільвестравіч з вёскі Вялікая Слабада старэйшы за свайго аднавяскоўца-генерала на тры гады. Ён нарадзіўся 8 студзеня 1890 года ў сялянскай сям’і, вучыўся ў мясцовай царкоўна-прыходскай школе, пазней служыў у арміі і таксама прымаў удзел у Першай сусветнай вайне.
У сям’і яго ўнука, Уладзіміра Кушаля, захавалася некалькі ўнікальных фотаздымкаў з тых часоў. На адным з іх — Андрэй Карп са сваімі аднапалчанамі ў перапынку паміж баямі. На адваротным баку зроблены надпіс, з якога можна даведацца, што ў 1915 годзе Андрэй Сільвестравіч ваяваў у складзе 245 пяхотнага Бярдзянскага палка і ў час аднаго з баёў быў паранены. На двух іншых здымках, адзін з якіх быў зроблены ў Навагрудку, — Андрэй Карп у форме салдата Першай сусветнай са сваімі баявымі сябрамі.
Відаць, ужо тады нашаму земляку давялося аказваць дапамогу параненым, аб чым сведчыць атрыманы ім медаль Чырвонага Крыжа, які быў заснаваны ў 1906 годзе, пасля Руска-японскай вайны. Ім ўзнагароджвалі ўрачоў, санітараў, сясцёр міласэрнасці, усіх тых, хто ў ваенны час браў удзел у дзейнасці расійскага Чырвонага Крыжа, а пасля 1907 года — і ваеннаслужачых.
Пасля 1917 года наш зямляк ваяваў у шэрагах Чырвонай Арміі ў складзе 305 палка, які знаходзіўся ў Вязьме. У час Грамадзянскай вайны арміі патрэбны былі медыкі. У 1918 годзе Андрэй Карп скончыў фельчарскую школу ў Смаленску, атрымаў пасведчанне ды працаваў па спецыяльнасці.
У 1922 годзе ўдзельнік Першай сусветнай і Грамадзянскай войн Андрэй Карп вярнуўся на радзіму ў Вялікую Слабаду. Родная вёска тады знаходзілася ў складзе Польшчы. Набытыя на вайне і ў час вучобы медыцынскія веды Андрэй Сільвестравіч накіраваў на карысць людзям: ён лячыў хворых мясцовых жыхароў. У 1939 годзе, калі Заходняя Беларусь увайшла ў склад БССР, фельчар пайшоў працаваць у Вобрынскую бальніцу.
Медыцынскі вопыт вельмі спатрэбіўся Андрэю Сільвестравічу ў час Вялікай Айчыннай вайны. У пачатку вайны ў будынку Вялікаслабодскай школы ён арганізаваў лазарэт, дзе аказваў дапамогу параненым чырвонаармейцам, якім у той час даводзілася адступаць. Медык не пакінуў параненых нават тады, калі прыйшлі немцы. Яму дапамагалі жонка і дачка Аляксандра, а таксама іншыя мясцовыя жыхары, сярод іх — дачка святара Аляксандра Міхайлава, настаўніца матэматыкі Ірына Абуховіч, якія кармілі параненых, пралі бялізну. Фельчар даў прытулак у сваім доме параненым чырвонаармейцам Івану Сішкіну са Смаленскай вобласці і Івану Балотнікаву.
Ваенны час быў складаным для ўсіх жыхароў акупіраванага фашыстамі раёна, у тым ліку і для Андрэя Сільвестравіча Карпа, які ніколі не адмаўляў людзям у дапамозе. Здаралася, да яго ноччу прыходзілі партызаны, забіралі ў атрад, дзе ён рабіў перавязку параненым, лячыў партызан і іх сем’і. Дапамагаў ён і іншым людзям, хаця лекаў катастрафічна не хапала, і каб зрабіць лячэбную мазь, фельчару часам даводзілася выменьваць патрэбныя для яе інгрэдыенты на прадукты. Можна сказаць, што прафесійныя веды і сумленне гэтага чалавека сталі сапраўдным абярэгам для землякоў, якім ён дапамог выратавацца ў ліхую гадзіну. У 1947 годзе медык быў узнагароджаны медалём “За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941 — 1945 гг.”.
Пасля вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Андрэй Сільвестравіч Карп яшчэ шэсць гадоў працаваў фельчарам у Некрашэвічах, Жухавічах і Беражна. Пайшоў з жыцця 10 студзеня 1979 года ва ўзросце 89 гадоў. Пра яго сумленна пражытыя гады нагадваюць дакументы і фотаздымкі стогадовай даўніны…
Святлана КОШУР, старшы навуковы супрацоўнік Карэліцкага раённага краязнаўчага музея