Галоўнае — зачапіла…

№ 2 (1180) 10.01.2015 - 16.01.2015 г

Шыкоўны тэкст, памножаны на музыку
“Шалом алейхем! Мір вам, людзі!” — так назваў свой новы спектакль рэжысёр Міхаіл Кавальчык. Пастаноўка стала апошняй прэм’ерай 2014 года ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры.

/i/content/pi/cult/511/11012/8-1.jpg

Сцэна са спектакля. / Фота з сайта тэатра

На сцэне беларускай аперэты ажылі героі аповесці “Тэўе-малочнік” знакамітага Шолам-Алейхема. Новае ўвасабленне гэтага твора вартае высокай ацэнкі ўжо хаця б таму, што спектакль выклікае шчырыя эмоцыі, якія цяжка стрымаць. Гледачы смяюцца ды плачуць, спачуваючы драматычным, а часам і трагічным падзеям, што адбываюцца з героямі твора. І гэты дружны смех скрозь такія ж дружныя слёзы — бадай, галоўнае “апраўданне” вялікага поспеху спектакля. Усе прэм’ерныя паказы прайшлі пры аншлагах і абсалютным прыняцці пастаноўкі публікай, для большай часткі якой не важна, хто напісаў музыку ды лібрэта да спектакля і хто яго паставіў. Галоўнае — зачапіла, прымусіла думаць, разважаць, спрачацца. У прынцыпе, гэтага сярэднестатыстычнага паказчыка цалкам дастаткова, каб лічыць спектакль удачай. Уражвае і маштаб пастаноўкі. У новым мюзікле задзейнічана, без перабольшання, уся трупа тэатра: хор, балет, аркестр і каля 50 акцёраў, якія выконваюць галоўныя і эпізадычныя ролі ў двух складах.

Героі Шолам-Алейхема за больш як стагоддзе сталі бадай легендарнымі персанажамі. А сучаснаму абывацелю яны цікавыя перш за ўсё як носьбіты непераўзыдзенага яўрэйскага гумару, што літаральна разліты па старонках кніг пісьменніка. Трапныя жарты плюс самабытная музыка — вось тыя галоўныя рэчы, якія абавязкова завабяць гледача на прагляд пастаноўкі, у “цітрах” якой пазначана “Шалом алейхем!”. А як яшчэ павінен называцца спектакль, у аснове якога — і аповесць “Тэўе-малочнік”, і брадвейскі мюзікл Джэры Бока “Скрыпач на даху”, пастаўлены паводле яе ў 1964-м, і п’еса Рыгора Горына “Памінальная малітва”, што ў 1989-м стала асновай аднайменнага спектакля маскоўскага тэатра “Ленком”? Ва ўсіх гэтых “цырліх-манірліх”, бадай, разбіраецца хіба толькі рэжысёр-пастаноўшчык, які рашуча пазначыў сябе ў праграмцы аўтарам “літаратурнай кампазіцыі паводле аповесці “Тэўе-малочнік” Шолам-Алейхема”. Аднак, параўнаўшы тэкст лібрэта мінскай пастаноўкі з тэкстам “Памінальнай малітвы” Горына, прыдзірлівы крытык знойдзе тут мноства дэтальных паралелей з вышэйзгаданым аўтарам, імя якога так і не з’явілася ў тых жа “цітрах” спектакля. Урэшце, трэба прызнаць: адаптаваны тэкст “Памінальнай малітвы” ў выгладзе лібрэта нашаму гледачу бліжэй, чым уласна тэкст “Тэўе...”, не кажучы пра лібрэта “Скрыпача на даху”. Карыстаючыся тэрміналогіяй тынэйджараў, Горын “устаўляе” яркія, трапныя і папросту таленавітыя жарты ў спектаклі “…Мір вам, людзі!”, надзвычай блізкія да прачытання “Тэўе…” праз прызму “Памінальнай малітвы”. Таму выбар Кавальчыка апраўданы. Фантазія рэжысёра, аднак, распасцерлася далей, і ён перанёс дзею з канкрэтнай у Шолам-Алейхема і Горына Украіны ў няпэўную “дарэвалюцыйную Расію”.

Аўтар музыкі да пастаноўкі “Шалом алейхем! Мір вам, людзі!” — вядомы беларускі кампазітар Алег Хадоска. На прэс-канферэнцыі пастаноўшчыкі падкрэслілі, што апошні, па сутнасці, стварыў арыгінальную музыку, пакінуўшы ў ёй некалькі асноўных тэм з мюзікла “Скрыпач на даху”, якія належаць амерыканскаму кампазітару Джэры Боку. І на спектаклі музыка Алега Хадоскі зрабіла ашаламляльнае ўражанне. Менавіта дзякуючы ёй, высокаталенавітай, пастаноўка набыла нейкую ні з чым не параўнальную трапяткую інтанацыю, якая ў кульмінацыйныя моманты дзеі дасягае найвышэйшай трагедыйнасці. У ёй “чытаецца” і вызначэнне Халакоста, што кідае позірк у глыбіню стагоддзяў, заклікаючы да міласэрнасці і спачування трагедыі яўрэяў.

Уважліва прагледзеўшы фільм-мюзікл “Скрыпач на даху”, зняты ў 1972 годзе паводле аднайменнага мюзікла, магу выказаць меркаванне: па сваіх мастацкіх якасцях музыка Алега Хадоскі нічым не саступае твору Бока, а часам нават пераўзыходзіць яго. Смелая заява, скажаце? Хто ведае… Прынамсі, Хадоска стварыў цалкам самадастатковы буйны музычна-драматургічны твор, і было б больш зразумела, каб ён быў нават цалкам аўтарскім, без цытат. Напэўна, кампазітар дзейнічаў у прапанаваных абставінах…

У выніку працы ўпэўненай рукой з “літаратурнай кампазіцыяй паводле…” Міхаіл Кавальчык атрымаў на выхадзе шыкоўны літаратурны тэкст, памножаны на таленавітую музыку Алега Хадоскі. Умела праведзеная падрыхтоўчая праца стала яшчэ адным складнікам поспеху. Рэжысёр вельмі ўдала вызначыў зручную для сябе музычна-драматургічную прастору, якую заставалася засяліць і абжыць артыстам. Задача не з простых, улічваючы спецыфічны музычны “ўхіл” трупы тэатра. І тым не менш, выканаўцы галоўных роляў са сваёй місіяй спраўляюцца даволі паспяхова. Аляксандр Асіпец пакуль яшчэ толькі ўжываецца ў ролю Тэўе, заклапочанага лёсам пяці дачок. Артыст, магчыма, не скарыстоўвае ўсю палітру сэнсавых фарбаў, закладзеных у тэксце яго ролі, і таму ўспрымаецца крыху фармальна. Затое яго партнёрка Кацярына Дзегцярова (жонка Тэўе Голда) у поўнай меры раскрывае свой бязмежны талент драматычнай актрысы. Сцэна смерці Голды, якая з’яўляецца кульмінацыяй спектакля, у выкананні Дзегцяровай уражвае найглыбокім спасціжэннем трагедыйнай сутнасці вобраза гераіні.

Каларытны вобраз састарэлага Лайзера-Волфа — няўдалага жаніха старэйшай дачкі Тэўе Цэйтл — стварае Віктар Цыркуновіч. Кожнае з’яўленне на сцэне гэтага адметнага акцёра робіць маленькі феерверк. Увогуле, у спектаклі шмат акцёрскіх удач, у тым ліку — у ролях другога плана. Пры гэтым, як і паабяцаў на прэс-канферэнцыі рэжысёр, тут няма штампаў, якія б груба парадзіравалі герояў анекдотаў “пра Адэсу”. Бадай, толькі Ірына Заянчкоўская ў ролі свахі Енты пакуль што крыху знарочыста грасіруе.

Так ці інакш, але пастаноўкай тэатр скарыў яшчэ адну вяршыню, якая выявіла творчую пераканаўчасць трупы. Цяпер трэба ўтрымаць яе, каб упэўнена крочыць далей.

Вольга БРЫЛОН, музыказнаўца