Бабруйская крэпасць. вехі гісторыі

№ 8 (353) 01.08.2012 - 31.08.2012 г

Гутарка пасля прэм’еры

/i/content/pi/mast/59/996/6.jpg
 
У Магілёўскім абласным тэатры драмы і камедыі імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча прайшла прэм’ера спектакля «На скрыжаванні дзвюх дарог». Падзея па-свойму нешараговая. Па-першае, творы Наталлі Голубевай на гістарычную тэму яшчэ не былі прадстаўлены на нашым драматургічным полі. Па-другое, усё адбываецца ў Бабруйску, менавіта там, дзе п’еса набыла сцэнічнае жыццё. Можна нават сказаць, што галоўнымі «героямі» спектакля ў нейкім сэнсе з’яўляюцца горад Бабруйск і Бабруйская крэпасць. Неўзабаве пасля прэм’еры мы сустрэліся з кандыдатам гістарычных навук, пісьменніцай і драматургам Наталляй Голубевай.

Чаму абрана менавіта такая тэма? Чаму — Бабруйск? Уласна кажучы, ведаю, што вы маеце пэўнае дачыненне да гэтых мясцін.

— Ды галоўная прычына іншая... Нашай дзяржаве, незалежнай Беларусі, дваццаць гадоў... Здаецца, даволі многа, але ж адначасова і вельмі мала... Прынамсі, пабудаваць незалежную краіну немагчыма, калі не аднавіць сваю гісторыю. Мы доўгі час жылі ў ідэалагізаваным грамадстве, кожная эпоха прыносіла свае падыходы і ацэнкі тых або іншых падзей. І вось надышоў час збіраць камяні. Лічу, нам па крупінках — праз усе віды мастацтва — трэба збіраць нашу гісторыю. У тым ліку праз драматургію, бо сёння гэта найбольш даступны, зразумелы і цікавы гледачам від мастацтва. Менавіта тэатр з’яўляецца пляцоўкай, дзе са сцэны мусіць гучаць праўда пра тое, што было. Пры тым, што сюжэты і герояў ніхто не адмяняў. Мяне вельмі цікавяць белыя плямы нашай мінуўшчыны. Але не хочацца перапяваць тое, што ўжо неаднойчы гучала са сцэны. На вялікі жаль, падзеі, адмыслова інтэрпрэтаваныя нашымі тэатрамі і прапанаваныя гледачам, не заўсёды адпавядаюць гістарычнай праўдзе. У гэтым не вінаватыя ні драматургі, ні пастаноўшчыкі. Так атрымалася таму, што архіўных дакументаў, якімі яны маглі карыстацца, было надзвычай мала. І вось цяпер адкрываюцца архівы, доступ да гістарычных крыніц. Мы сёння можам раскласці пасьянс з падзей, узноўленых краязнаўцамі ў нашых рэгіянальных музеях, і суаднесці іх з дакументамі, якія захоўваюць нашы нацыянальныя архівы.

Ваш падыход да працы над п’есамі на гістарычную тэму падаецца сур’ёзным, грунтоўным і нестандартным. Бо часам ствараецца ўражанне, быццам нашы драматургі хочуць пісаць толькі пра Рагнеду, Барбару Радзівіл, Ефрасінню Полацкую, хоць ёсць яшчэ шмат годных асоб у беларускай гісторыі і сюжэтаў, вартых узнаўлення. Сярод іх — гісторыя пра Бабруйскую крэпасць...

— Так. Менавіта ў Бабруйску, на невялікім лапіку зямлі, сышлося шмат сацыяльных, палітычных, культурных, нацыянальных праблем, характэрных для той эпохі. Пасля распаду Рэчы Паспалітай і далучэння беларускіх зямель да Расійскай імперыі мінула няшмат часу. У Бабруйску, тады невялікім мястэчку, жылі рускія, палякі, яўрэі, беларусы. Жыццё бурліла. Ды яшчэ пачалося будаўніцтва крэпасці. Гэта быў важны стратэгічны аб’ект. Мы многа гаворым пра Брэсцкую крэпасць, якая адыграла сваю ролю ў нашай гісторыі, але Бабруйская чамусьці забытая, хоць яна нашмат старэйшая за Брэсцкую. Была лепшым у Еўропе фартыфікацыйным збудаваннем. Унікальны аб’ект, які ўсё яшчэ чакае вывучэння.

Што вас, як драматурга, цікавіла больш: гістарычны ракурс або канкрэтныя персанажы?

— Думаю, так ставіць пытанне не надта карэктна. Калі драматург працуе над матэрыялам, для яго галоўнае захаваць баланс. Важна пазбегнуць гістарычнага пераказу. Існуючую сітуацыю трэба паказаць праз лёс герояў. Зрэшты, у п’есе ўсё спалучана: і будаўніцтва, і сацыяльныя праблемы, і нацыянальныя ўзаемаадносіны, і перажыванні людзей, і выбар, які яны павінны зрабіць.

Задача, якую вы паставілі перад сабой, падштурхоўвала рэжысёра Сяргея Карбоўскага да стварэння буйнога гістарычнага палатна. Вы не баяліся, што бабруйскаму тэатру гэта будзе не па сілах? Сцэнічны калектыў існуе даволі адасоблена і раптам адважыўся на такое, што не можа застацца па-за ўвагай: увасобіў маштабную п’есу пра свой горад.

— Мясцовы матэрыял заўсёды разлічаны на мясцовага гледача. Вядома ж, я хвалявалася, ці ўспрымуць спектакль людзі, якія ведаюць гісторыю свайго горада і мусяць адпаведна рэагаваць на прыведзеныя падзеі і факты... Але была станоўчая рэакцыя — значыць, мы сумесна з рэжысёрам дасягнулі сваёй мэты і паказалі праўдзівую гісторыю Бабруйска.

Гледачы сапраўды рэагавалі вельмі добра. З гэтага пункту гледжання ваша мэта, безумоўна, дасягнутая. І такія праекты варта падтрымліваць. Спектакль — пра бабруйчан, праз яго яны пачалі больш думаць пра свае карані. Я разумею, што праца над матэрыялам была паглыбленая, з дакументамі і архівамі, вы шукалі неадкрытыя дагэтуль змястоўныя пласты... Гісторыя на нашых падмостках насамрэч не так і часта дыхае. Часцей бачым рамантызаваныя сюжэты з брэндавымі героямі, якіх можна нацерці да бляску і гламуру. Але ж у спектаклі «На скрыжаванні дзвюх дарог» прысутнічае і сама гісторыя — у фактах, лічбах, падзеях. Хоць публіцыстычны прыём, калі са сцэны зачытваюцца 
сапраўдныя дакументы, мне падаецца не вельмі ўдалым. Ды, наколькі разумею, непасрэдна ў п’есе гэтых момантаў не было.

— Так. Я імкнулася паказаць, як кожная сітуацыя ўспрымалася людзьмі іншай эпохі. Пагроза вайны, неспакой на граніцы... Калі трэба рабіць выбар, калі гістарычныя падзеі руйнуюць лёсы людзей. Час, эпоху, яе супярэчнасці, негатыўныя моманты, якія прысутнічалі пры будаўніцтве крэпасці, хацелася паказаць праз чалавечыя характары. Нічога не ўтойваючы. Быў патрыятызм, але ў той жа час было і казнакрадства, шмат іншых праблем. Усё гэта пэўным чынам прагучала са сцэны. З іншага боку, спектакль пра каханне, але ў вельмі складаных умовах.

У спектаклі бабруйскага тэатра, у тым драматургічным матэрыяле, які вы прапанавалі, прысутнічаюць канкрэтныя гістарычныя моманты, якія для вас зрабіліся адкрыццём? Ці ёсць там дакладныя аўтэнтычныя падрабязнасці, якія характарызуюць эпоху?

— Усе дыялогі напісаны паводле арыгінальных дакументаў. Аляксандр Першы гаворыць сваімі словамі, Барклай дэ Толі — сваімі. Усё ўзята з данясенняў, з дакладаў імператару. Мова герояў практычна не змененая. Калі я вывучала дакументы, была ўзрушана арганізацыяй будаўніцтва крэпасці. Яна была ўзведзена ў вельмі сціслыя тэрміны. Усё было зроблена своечасова, дакладна, з бляскам. Моцна ўразіў генералітэт. Сапраўдным адкрыццём для мяне стаў Барклай дэ Толі. Гэта такая каларытная фігура. Патрыёт, які з аднаго боку быў жорсткім военачальнікам, з другога — тонка разумеў сітуацыю ля заходніх межаў. Рабіў усё, каб наладзіць адносіны з мясцовымі жыхарамі, шляхтай і г.д. Здзівіў дастатак, у якім жылі нашы людзі, у параўнанні, напрыклад, з расіянамі. Як гісторык, я зрабіла шмат высноў. Чаму, напрыклад, тут пастаянна папаўняліся харчовыя склады? Бо людзі жылі заможна. Не было моцнага ўціску прыгоннага права. Узрушыла талерантнасць насельніцтва. Рускія, беларусы, яўрэі цудоўна ўжываліся на гэтай тэрыторыі. Вось прыклад, як трэба ўмець слухаць, чуць і разумець адно аднаго. Цікавай падалася асоба імператара, які паказаў сябе мудрым стратэгам, усё рабіў, каб зменшыць існуючыя непаразуменні, непрыманне.

Што ў спектаклі падалося вам адэкватным вашаму разуменню гісторыі і ад чаго хацелася б дыстанцыявацца?

— Вядома, у спектаклі ўзніклі некалькі іншыя акцэнты. П’еса найперш пра тое, што нікога не трэба асуджаць. У кожнага была свая праўда, і нам важна не толькі ўзнавіць сітуацыю, але і зразумець, чаму людзі зрабілі так, а не інакш. У кожнага быў свой выбар і свая матывацыя. І таму мы пераносім гэта на наш сённяшні дзень.

Мінула шмат часу. Але каменем спатыкнення зноў становіцца тое, што людзі, якія рухаюцца да адной мэты, не могуць адно аднаго пачуць і зразумець. І п’еса пра гэта: у людзей шмат пунктаў гледжання, шмат падыходаў, але ёсць агульная мэта — незалежная краіна, свая зямля, дом, лёсы... І мы павінны гэта захаваць, каб рухацца наперад.

Можна лічыць, што гэта ваш пасыл: з гісторыі — у сучаснасць?

— Так. Я хацела акцэнтаваць увагу менавіта на сучасных праблемах. Калі малады шляхціц адстойвае сваю праўду, якая не падмацавана ацэнкай рэальных падзей, пан Аляксандр, у пэўным сэнсе кампрамісная фігура, невыпадкова кажа: «Маладосць, палкасць. Не час. Падумай, перш чым зробіш». Вось гэта зварот у сённяшні дзень. Падумайце, перш чым сячы з пляча. Рабіць рэзкія рухі.

Каго з выканаўцаў для сябе вылучылі?

— Жанну Зарэмба ў ролі цыганкі Лары і Аляксандра Парфяновіча ў ролі пана Франца Уршанскага, якія мяне захапілі і ўразілі надзвычайна. Хоць, вядома, варта сказаць у бок усіх акцёраў добрыя словы. У кожнага ёсць патэнцыял.

Ці будзеце працягваць супрацоўніцтва з тэатрам?

— Нядаўна скончыла п’есу «Радзімічы». Яна створана на ўнікальным матэрыяле. Гэтая тэма сягае далёка ў мінулае. Племя радзімічаў выйшла з падпарадкавання кіеўскаму князю і дваццаць гадоў захоўвала незалежнасць. Пазней іх не прымусілі, а прасілі прыйсці ў дружыну князя. Мая п’еса «Авэ Марыя» — пра сённяшні дзень, пра крызіс, ад якога ўсіх уратуе просты чалавек. «Пад музыку Вівальдзі» — пра мінскае гета. Зробленая на архіўных дакументах, на ўспамінах людзей. Свае п’есы я прапанавала тэатрам. Ёсць зацікаўленасць. Паглядзім, што атрымаецца.

Людміла Грамыка