На ўік-энд да Радзівілаў

№ 8 (353) 01.08.2012 - 31.08.2012 г

«Вечары Вялікага тэатра» ў Нясвіжы

/i/content/pi/mast/59/995/5.jpg

Вольга Гайко і Ігар Аношка ў балеце «Лебядзінае возера».

Вяртаючыся са шматлікіх замежных вандровак, салісты Нацыянальнага 
тэатра оперы і балета неаднойчы з прыхаванай зайздрасцю расказвалі пра фестывалі open air, што ладзяцца ў старадаўніх сярэднявечных замках высока ў гарах, пра прэзентацыі опер на спецыяльна пабудаваных памостах — напрыклад, на беразе Швейцарскага возера — або ў закінутых кар’ерах, апрацаваных залатымі фарбамі, з-за якіх сцены выглядаюць фантастычна ў праменях тэатральнага святла. Калі замежны open air опернай музыкі становіцца трывалай традыцыяй, ён фарміруе сваю публіку — меламанаў, што праводзяць летні адпачынак, вандруючы з аднаго фестывалю на другі.

Думаю, гарачае жаданне далучыцца да еўрапейскіх (а магчыма, і сусветных) тэндэнцый адыграла вырашальную ролю ў тым, што Тэатр оперы і балета колькі гадоў таму пачаў ладзіць музычныя вечары ля муроў Мірскага замка (цяпер там трывала асталявалася «папса»), а паралельна — канцэрты ў Полацку і фестывалі ля сцен Сафійскага сабора.

Вось ужо трэці раз пляцоўкай летняга фэсту опернага і балетнага мастацтва «Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў» становіцца Нясвіж. Падзея тым больш адметная, што сёлета горад атрымаў статус культурнай сталіцы Беларусі. Музычным кіраўніком акцыі выступіў дырыжор Вячаслаў Воліч, а мастацкім — спявак і кіраўнік «Беларускай капэлы» Віктар Скорабагатаў.

Гэтым разам «Вечары...» ішлі на працягу трох дзён і ўключалі розныя жанры — камерны канцэрт у будынку гарадской ратушы, прэм’ерны, трэці па ліку, паказ оперы «Яўгеній Анегін», аднаактовыя балеты «Кармэн-сюіта» і «Балеро», канцэрт у тэатральнай зале палаца, праект у касцёле Божага Цела, а таксама фінальны гала-канцэрт з удзелам салістаў хору і аркестра. Як бачым, праграма разлічана на розныя густы.

У дзень адкрыцця форуму прэс-канферэнцыя для журналістаў прайшла ў Гетманскай зале палаца — у свой час яна была належным чынам аздоблена ў гонар яднання знакамітых радоў Вішнявецкіх і Радзівілаў — вяселля Міхала Казіміра, што меў празванне «Рыбанька», і Уршулі Францішкі Радзівіл. Скажу адразу: выгляд залы проста фантастычны! Высакароднае спалучэнне зялёнага колеру сцен і золата на столі, прыглушаны ружова-кармінны ў колеры шпалераў, які паўтараецца ў абіўцы крэслаў, шыкоўныя жырандолі — усё гэта толькі падкрэслівае значнасць падзей, што некалі адбываліся тут.

Журналісты, што прыехалі на фестываль, мелі магчымасць трапіць на экскурсію па Нясвіжскім палацы. Нас павялі па маршруце, куды турысты пакуль не трапляюць, а ўсе падрабязнасці — пра прызначэнне кожнай залы, працэс рэканструкцыі, партрэты, зброю, рарытэты — апавядалі асобы, якія ведаюць сітуацыю лепш за ўсіх: Аляксей Буднік, загадчык сектара «Палацавы ансамбль», і Сяргей Клімаў, дырэктар Нацыянальнага музея-запаведніка «Нясвіж». Акрамя Гетманскай, найбольш моцнае ўражанне пакінулі шыкоўная тэатральная зала, вытрыманая ў белых тонах (некалі Радзівілы прымалі тут Станіслава Аўгуста Панятоўскага, апошняга караля Рэчы Паспалітай), і родавы касцёл, які знаходзіцца ўнутры палаца.

Мне даводзілася трапляць у палацавыя ансамблі Прагі і Вены, Берліна і Кракава, Варшавы і Пецярбурга — аналагічныя па часе пабудовы, і магу з усёй адказнасцю засведчыць: не тое што не горш — уражанне часам і мацней!.. Магчыма, таму, што сваё, роднае, звязанае тысячамі ніцяў з айчыннай гісторыяй, культурай, музыкай.

Зразумела, без сур’ёзнай дзяржаўнай падтрымкі такі вынік быў бы немагчымы: за апошнія тры гады на музеефікацыю Нясвіжскага замка выдаткавана $1,5 мільёна, на рэканструкцыю — $55 мільёнаў. Цяпер замак працуе ў абмежаваным рэжыме, тым не менш сёлета абноўленую рэзідэнцыю паглядзелі 100 тысяч турыстаў. Плануецца, што іх колькасць можа вырасці ўтрая.

...Калі летась на Нясвіжскім фестывалі былі дзве пляцоўкі, дык цяпер іх ужо чатыры. Квіткі, што каштуюць дэмакратычна — ад 20 да 40 тысяч, — былі раскуплены хутка і загадзя, таксама як і больш дарагія дадатковыя ўваходныя білеты. Павялічваць колькасць дзён правядзення фэсту кіраўніцтва тэатра лічыць не надта мэтазгодным, бо прывезці ў Нясвіж больш за 500 артыстаў (як сёлета) — справа нятанная. І хоць Нясвіжскі запаведнік не патрабуе з тэатра арэнднай платы, бо не разглядае такія акцыі як камерцыйныя, фестывалю спатрэбіліся спонсары.

Днём, падчас экскурсіі, з вокнаў палаца можна было зазірнуць на пляцоўку ўнутры дворыка, дзе рыхтаваліся да вячэрняга паказу «Анегіна». Аркестр — пад адным шатром, сцэнічная пляцоўка — пад другім. Працэс падрыхтоўкі выклікаў велізарны інтарэс у экскурсантаў. Наведвальнікі палаца сядалі на пластыкавыя крэслы і з цікавасцю разглядалі Анегіна (Уладзіміра Пятрова) у чорных акулярах, Таццяну Ларыну (Анастасію Масквіну) у джынсах і клятчастай кашулі, Ленскага (Юрыя Гарадзецкага) у сучасным светлым гарнітуры. Пазіралі і на рэжысёра Аляксандра Прахарэнку з мікрафонам у руках, што раз-пораз даваў парады выканаўцам, і на артыстаў балета, якія рэпеціравалі баль. Увесь час фатаграфавалі на «мабільнікі» — як жа! цікава далучыцца да высокага мастацтва...

...Імправізаваная зала ва ўнутраным дворыку поўная. Прагучалі першыя гукі ўверцюры. Паказ добра вядомай традыцыйнай оперы ў нечаканым асяроддзі заўжды ўносіць свае карэктывы не толькі ў мізансцэны, але і ва ўспрыманне ўсёй пастаноўкі. Паўза ў вакальным маналогу — і чуваць, як спяваюць птушкі ў радзівілаўскім парку... Ветрык так натуральна калыша фальбоны на сукенцы Таццяны ў сцэне пісьма... Няня Піліпаўна адчыняе ўяўныя вокны... Сяляне прыходзяць да пані на свята ўраджаю і прыносяць сноп жыта — ну чым не сучасныя дажынкі, якія святкуюцца па чарзе ў розных райцэнтрах краіны? У сцэне дуэлі запомнілася «мёртвае» бела-халоднае святло, што стварала ўражанне зімы. Усё гэта набліжае ўмоўнае мастацтва оперы да рэальнасці.

«Зусім іншы спектакль... У параўнанні з тым, што мы бачылі ў тэатры», — заўважыла музыказнаўца Надзея Бунцэвіч, якая сядзела побач. І сапраўды... На фестывалі open air раптоўна высвятляецца: галоўнае ў оперы — не рэжысура, не сцэнаграфія і нават не светлавая партытура, а тры глабальныя рэчы — музыка (яе меладычнасць, эмацыйнасць, даступнасць), тэкст (глыбіня, сэнс, афарыстычнасць) і майстэрства салістаў.

Нечаканая Ларына-маці — Алена Сало, дасціпная, амаль сучасная. Гаспадарлівая, утульная, надзіва аптымістычная Няня Марыны Аксёнцавай. Ленскі — Юрый Гарадзецкі. Голас незямной красы. Зразумела, чаму ён выйграе ўсе міжнародныя конкурсы запар, а ў апошні час ім актыўна зацікавіўся і маскоўскі Вялікі тэатр. Паэт Гарадзецкага — увасабленне пяшчоты і інтэлігентнасці. Вольга, якая б яна ні была, вядома ж, яго не вартая. Ён — птушка іншага палёту і, відавочна, сярод тутэйшай публікі доўга не вытрымае.

Нарэшце, Анегін — Уладзімір Пятроў. У ім увесь час прысутнічае тайна. Тайна невядомага староннім жыцця, душэўнай стомленасці і скептыцызму як пачуццёвай абароны. Стрыманасць і нават холад пецярбургскага жыхара.

Таму зачараванасць гераіні абсалютна зразумелая. Сачыць за Таццянай Анастасіі Масквіной — таксама вялікае задавальненне — і вакальнае, і эмацыйнае. Роля зроблена ў дэталях, прадумана і адшліфавана. Няма ніводнай выпадковай мізансцэны. Ад сезона да сезона артыстка штосьці дадае сваёй гераіні, таму яе партрэт аказваецца такім разнастайным, прасякнутым глыбокім сэнсам.

А цяпер крыху пра іншыя праграмы фэсту. Выдатна, што кожны раз тут ёсць месца для айчыннай музыкі: летась адбыўся паказ оперы «Дзікае паляванне караля Стаха» Уладзіміра Солтана і «Жальбаў» Ігара Хадоскі, сёлета таксама былі прадстаўлены два праекты — думаю, яны былі б немагчымыя без фанатызму і нястрымнага даследчыцкага імпэту Віктара Скорабагатава, супрацоўнікаў «Беларускай капэлы» і салістаў оперы.

На другі дзень фестывалю ў тэатральнай зале прэзентавалі праект «Ты словы свае прысвяціў Беларусі», у якім прагучалі сачыненні Вячаслава Кузняцова, Сяргея Бельцюкова і Ларысы Сімаковіч, напісаныя на вершы Уладзіслава Сыракомлі. У творах, што нарадзіліся больш за паўтара стагоддзя таму, айчынныя кампазітары знайшлі актуальнае, сучаснае і — пазачасавае...

Яшчэ больш маштабным паўстаў праект «Музычнае прынашэнне», які прайшоў у апошні дзень фестывалю ў велічным і імпазантным нясвіжскім касцёле Божага Цела. Канцэрт аб’яднаў творы беларускіх кампазітараў эпохі класіцызму; і калі інструментальныя і вакальныя сачыненні «Бетховена Усходняй Еўропы» Восіпа Казлоўскага раней выконваліся ў канцэртах «Капэлы», дык твор Юзафа Дашчынскага «Вастрабрамскае літанне» ў васьмі частках прагучаў у выкананні салістаў, аркестра і хору (дырыжор Ніна Ламановіч) упершыню. Але сусветнай прэм’еры, ажыццёўленай у культавым будынку, ідэальным па акустыцы, папярэднічала велізарная праца: музыказнаўца Святлана Немагай знайшла ноты ў Вільні ў 2008-м і больш за год «збірала» асобныя часткі твора, бо захаваліся толькі партыі хору і асобных інструментаў, потым яшчэ паўтара года «Літанне» было клопатам Уладзіміра Байдава, які і надаў яму цяперашні выгляд. Спадзяюся, нясвіжская прэм’ера не стане першым і адначасова апошнім выкананнем твора.

Трэці нясвіжскі фестываль «Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў» завяршыўся — застаецца думаць і абмяркоўваць праграму чацвёртага...

Таццяна Мушынская