Станы рэальнага

№ 7 (352) 01.07.2012 - 30.07.2012 г

2006-ы

/i/content/pi/mast/58/993/47.jpg 
 Наталля Яўмененка. Захавальніцы маяка. 2006.
Гледзячы на фатаграфіі Наталлі Яўмененка, разумееш, што аўтару з сабою камфортна. Няма канцэптуальных рамак, якія абмяжоўвалі б выбар аб’екта і бачанне кадра. Няма аголеных сацыяльных праблем ці ўтоеных культурных кодаў, якія павінен счытваць глядач. Затое прысутнічае свабодная ўвага да сітуацыі, уключанасць у тое, што адбываецца.

Пры гэтым выстава «Зурбаган» у галерэі «Nova» (2006) была другой персанальнай экспазіцыяй Наталлі, што па сутнасці азначала вельмі хуткае ўваходжанне аўтара ў творчае асяроддзе. У чым жа прычына таго, што нескладаная ўвогуле тэма — зборны вобраз марскога горада — была адразу прынята на галерэйным узроўні?

Чорнае, Балтыйскае, Паўночнае і Азоўскае моры, серыя «Фактуры» — візуальны шэраг можна доўжыць, ён ад пачатку мяркуе бясконцы рух. Але ў 2006 годзе было ясна, што заяўляецца не толькі антыканцэптуальнасць, але і антыэкзотыка. Ніводнай пальмы ці маляўнічага пейзажу, нічога знарочыстага, а толькі адчуванне сапраўднасці прыморскага быцця, паветра, рэальнага жыцця са зразумелымі героямі. Словам, атмасферная фатаграфія. Мора прыцягвае людзей адкрытай прасторай, і нічога яны не прыдумалі, акрамя традыцыйных шпацыраў па набярэжных, адпачынку на лаўках, пірсах, парапетах. Наталля так каментуе серыю «Зурбаган»: «Гэта былі вандраванні не столькі да мора, колькі з сабой. Але мора вельмі многае значыць для прыбярэжных гарадоў. І мне якраз падабаюцца кадры, дзе ёсць жыццё, дзе штосьці адбываецца. Ці, прынамсі, прысутнічаюць сляды чалавека або птушкі. Серыя пачалася з “Чорнага ката”; сабак я таксама люблю, іх шмат на маіх фатаграфіях. Магчыма таму, што людзі паводзяць сябе не так непасрэдна, як жывёлы.

Самі пляжы ў мяне нібыта па-за часам, без пластыкавых шэзлонгаў. Затое такі пляж можна параўнаць з камунальнай кватэрай, дзе ў кожнага прадмета ёсць свая памяць і тэма.

Што да канцэптуальнай фатаграфіі і сацыяльных праектаў, дык, на маю думку, часта іх робяць, каб прыцягнуць увагу. Да мяне “словы” заўсёды прыходзяць пазней, я не стаўлю перад сабой задачу стварыць канцэптуальны базіс праекта, нашмат большае значэнне надаю візуальнай частцы».

У 2010 годзе серыі «Зурбаган» і «Фактуры» (разам з яшчэ некалькімі, сярод якіх «Гарадскія дынга» — пра сабак) былі апублікаваны ў фатаграфічным альбоме «Стан». Гэта адзін з нешматлікіх аўтарскіх альбомаў дзесяцігоддзя, які застанецца ў калекцыі выданняў беларускіх фатографаў. Думаю, яго можна было б аднесці нават да «Выбранага», калі б такі вынік падводзіўся. Па версіі «Аргументацыі-2010» Наталля атрымала намінацыю «За ўвасабленне ідэі аўтарскага фатаграфічнага альбома».

На жаль, у нас зведзена да мінімуму практыка выдання аўтарскіх альбомаў. Не толькі маладыя, але і заслужаныя фатографы не маюць манаграфій — гэта робіць іх яшчэ больш уразлівымі ў эпоху інтэрнэт-фатаграфіі, якая існуе паводле іншых законаў. Наталля ж дзякуючы «Стану» здолела зафіксаваць вынікі вялікага творчага перыяду: у альбом увайшлі працы, зробленыя аналагавым спосабам, якія былі надрукаваны ўручную на паперы і дайшлі да публікі ў галерэйнай прасторы. Гэты шлях, цалкам традыцыйны, стаў за апошнія гады кансерватыўным, настолькі актыўна медыйныя тэхналогіі ўмешваюцца ў працэсы падрыхтоўкі і прэзентацыі фатаграфіі.

Пераход на лічбавыя тэхналогіі, які ў гэтыя гады здзейсніла беларуская фатаграфічная супольнасць, стаўся свайго роду пераходам цераз Рубікон. У Наталлі ён быў доўгім і суправаджаўся пэўнымі сумненнямі: «па-іншаму здымаць» азначае для яе «па-іншаму бачыць». Пазней Наталля пачне выкладаць аналагавую фатаграфію ў Акадэміі мастацтваў, а затым стане ўдзельнічаць у маштабных групавых выставах піктарыяльнай фатаграфіі («Працяг» — Музей сучаснага выяўленчага мастацтва, 2010; «Метамарфозы» — Нацыянальны гістарычны музей Беларусі, 2012).

Апошнім часам Наталля Яўмененка сур’ёзна займаецца цыянатыпіяй: «Мне падабаецца тое, што зроблена рукамі. Гэта іншы працэс і іншы малюнак».

Мабыць, так і нараджаецца атмасферная фатаграфія — яна здзіўляе нас не тым, што сканструявана, а тым, што існуе рэальна.

 Любоў Гаўрылюк