Канструяванне пачуцця

№ 7 (352) 01.07.2012 - 30.07.2012 г

Скульптар Галіна Гаравая

/i/content/pi/mast/58/991/43=.jpg
/i/content/pi/mast/58/991/43.jpg

Маскі. IV. Дрэва, энкаўстыка, золата. 1999.

Формы творчага мыслення ў мастацтве шматстайныя. Іх узнікненне і развіццё — праява і вынік унутранага жыцця творчай асобы, яе індывідуальных якасцей. Беларускі скульптар Галіна Гаравая (1941–2011) валодала ўласным, характэрным менавіта для яе аналітычным і канструктыўным мастацкім мысленнем, якое вызначыла вобразную структуру і стылістыку створаных ёю работ. Галіна Гаравая рашуча адмаўляла акадэмічнае апісальніцтва і натуралізм, 
але ў яе пластыцы цяжка знайсці і рамантычнае кіпенне формаў, імпрэсіяністычную жывапіснасць. За сваім скульптурным станком Гаравая ўзнаўляла тое, што найперш спасцігаецца розумам, які зусім не прыгнятаў пачуцці, але іх кантраляваў. У яе скульптурнай стылістыцы рацыянальны пачатак пераважаў над пачуццёва-эмацыянальным, канструктыўна-архітэктанічны — над пластычным і, нарэшце, прадуманае абагульненне — над выяўленчай дэталізацыяй.

Гаравая імкнулася дакладна пазначаць становішча сваіх скульптурных постацей у прасторы. Яна, несумненна, любіла ясную вертыкаль. Строга вертыкальна пастаўлены дзве з трох выяў у «Вандроўніку», фігуры татэмаў, Адама і Евы. Вертыкальныя таксама «Тры грацыі», «Тры каралі», амаль усе фігуры з серыі «Маскі». У тых выпадках, калі вертыкаль была зрушана, Гаравая вызначала вугал нахілу прамой постаці. Характэрная праца «Аплакванне», што складаецца з дзвюх частак: вертыкальнай і нахіленай — далучанай да яе прыблізна пад вуглом 45 градусаў. Першая частка — плакальшчыца, другая — выява памерлага (ці памерлай). Часам нахіл невялікі («Шэсце»), іншым разам набліжаецца да гарызанталі («Палёт»). У скульптуры «Рух» прамыя лініі торса і ног знаходзяцца адна да другой пад выразна пазначаным вуглом.

Скульптуры Галіны Гаравой захопліваюць, у іх няма сумнага падабенства, бытавізму і вяласці. Іх сілуэты і формы вобразна актыўныя. Творы адметным чынам узаемадзейнічаюць з акаляючым асяроддзем: яны не «ўрастаюць» у прастору і рэдка яе арганізуюць. Нашмат часцей — рассякаюць, падзяляюць, вызначаюць у ёй сваю стэрэаметрычную логіку.

Значную ролю ва ўпарадкаванні гэтых скульптурных вобразаў адыгрываюць рытмічная расстаноўка постацей, адлегласці паміж імі, іх узаемнае размяшчэнне. Шматфігурныя кампазіцыі Гаравой звычайна мелі агульную платформу. Але нярэдка скульптар не фіксавала постаці на пастаменце, а расстаўляла іх пры экспанаванні, улічваючы памеры і характар экспазіцыйнай прасторы. Часам ад гэтага залежала выяўленне тэмы і нават сюжэта. Менавіта так адбылося з адной з лепшых кампазіцый Гаравой «Нараджэнне Афіны». Тры яе часткі могуць успрымацца самастойна, аднак з асаблівасцей іх узаемаразмяшчэння вынікае агульны змест твора ў яго цэласнасці. Вобраз нараджаецца не толькі пры ўспрыманні кожнай часткі, але і пры іх супастаўленні. Расстаноўка ў прасторы набывае значэнне мізансцэны ў спектаклі. Яна і падзяляе, і яднае ўсе элементы міфалагічнай драмы. Утвараецца адзіная трохчасткавая рытмічна пабудаваная кампазіцыя, у якой ёсць развіццё, якую мы асэнсоўваем як рух ад галавы Зеўса да крылатай постаці Афіны.

/i/content/pi/mast/58/991/43=.jpg

Тры каралі. Бронза. 2001.

Гаравая ўважліва разглядала прыродныя формы, улоўліваючы ў іх агульныя заканамернасці, якія знайшлі ў яе працах сваю вобразна-матэрыяльную рэалізацыю ў выглядзе пластычна выразных формул. Калі яна звярталася да выявы чалавека, рабіла акцэнт на апорна-рухальнай сістэме, што станавілася асновай усіх мастацкіх хадоў і метафар. Нават у тых творах, дзе, здавалася б, пераважае душэўна-пластычны пачатак («Піруэт», «Жанчына са схіленай на плячо галавой»), мы ўгадваем каркас цела, акружаны мяккай абалонкай. У імкненні адарвацца ад матэрыяльнага, падняцца над ім Гаравая стварала напружана выцягнутыя формы. У выпадках, калі такі адрыў не з’яўляўся мэтай, форма станавілася вобразнай метафарай, увасобленай у цвёрдым рэчыве, своеасаблівай рухальнай сістэмай. Характэрная група «Тры каралі», постаці якой нібы з’явіліся са старой легенды пра паўсталых з труны герояў. Яны ўрачыста-статычныя — нібы застылыя падчас руху механізмы. Іначай выглядаюць тры жаночыя фігуры з паднятымі над галовамі салярнымі знакамі («Дочкі сонца»), што выклікаюць асацыяцыі з язычніцкім рытуалам. Да гэтай жа серыі можна аднесці кампазіцыю «Танец са змяёй», дзе сілуэты постацей уражваюць сваім рытмам, а таксама круглую, ажурную «Мандалу». Назва апошняй — умоўная, бо тое, што выяўлена ў крузе, відавочна не індыйскага, а нейкага язычніцка-варварскага паходжання.

Выразнасць трох дачок сонца і тых, хто танцуе са змяёй, — у іх экспрэсіі, а трох каралёў — у статыцы шкілетна-драцяных сілуэтаў, пазбаўленых аб’ёмнай масы. Але Гаравая не пазбягала і буйных, шчыльных маналітных формаў, у якіх яна звычайна імкнулася не да перадачы ледзь улоўных адценняў пачуцця і не да тонкіх нюансаў мадэліроўкі, а да лапідарнасці простых аб’ёмаў з іх універсальным значэннем. Такая ўжо згаданая кампазіцыя «Аплакванне», што складаецца з дзвюх частак (ці блокаў), такая ж скульптура «Каханне», якая ўяўляе дзве рэзка выгнутыя ці — лепш сказаць — пераломленыя формы, ушчыльную прыціснутыя адна да адной. Мы здагадваемся: адна — меншых памераў — сімвалізуе жанчыну, другая — мужчыну. Такім чынам, нам прадстаўлены своеасаблівы нейтральны знак універсальнай з’явы, што пазначаецца словам «каханне».

Скульптурныя кампазіцыі «Дочкі сонца» і «Танец са змяёй» засведчылі інтарэс скульптара да міфалагічных матываў. Гэты інтарэс рэалізаваўся і ў іншых работах, выкананых у бронзе і дрэве (апошні матэрыял ужываўся часцей). Да ліку падобных твораў можна аднесці драўляныя постаці, што ўвасабляюць татэмы. У аснове татэмічных міфаў ляжалі ўяўленні старажытных людзей пра звышнатуральнае сваяцтва іх роду ці племені з пэўнымі жывёламі, раслінамі і нават з’явамі прыроды. Гаравая выбрала выяву птушкі, падобнай ці то на арла, ці то на сокала. Арол лічыўся гордым птахам, выканаўцам волі багоў, сімвалам неба, свабоды, узыходжання... Скульптар імкнулася перадаць адметныя рысы гэтага захавальніка культу. Яе птушкі выяўлены стоячы — і гэтым нагадваюць людзей. Цікава, што галовы татэмаў увянчаны абагульненымі фігуркамі, якія таксама нагадваюць птушак — то-бок і сам татэм — знак, і на галаве яго таксама знак. Міжволі згадваеш фенікса грэчаскай міфалогіі, які меў выгляд арла, спальваў сябе, але тут жа адраджаўся наноў ці нараджаў новага фенікса.

Працуючы над гэтымі постацямі, Гаравая скарыстала два падыходы да трактоўкі формы. Перад намі ці фігура, выразаная з цэлага кавалку, ці фігура з дэталямі-ўстаўкамі. Гэты прынцып складвання агульнай формы з кавалкаў асабліва ярка выяўлены ў трох постацях групы «Сонцапаклоннікі». Кожная з постацей утворана з шасці або сямі блокаў. Гэта, уласна, прынцып дзіцячага канструктара, што збіраецца з частак. Аўтар тым самым акцэнтуе рамесніцкі аспект творчага працэсу, падкрэсліваючы не сімвалічнасць, а знакавасць выявы.

Той жа прыём складання вобраза-знака выкарыстаны пры стварэнні групы «Шэсце», а таксама ў вялікім цыкле пад назвай «Маска». Масак як такіх тут няма. Цалкам адсутнічаюць не толькі псіхалагічныя характарыстыкі, якімі яны часта надзяляюцца, але і ўвогуле рысы твару. Усё зведзена да простых знакаў, увасобленых у формах яйка або куба, ці да якой-небудзь нескладанай стэрэаметрычнай фігуры. Знакі намякаюць на галовы, плечы, торсы, крылы, рукі, галаўныя ўборы, дэталі адзення. Да працэсу стварэння гэтых рэчаў наўрадм ці ўжывальны тэрмін «разьбярства». Гэта канструяванне, манціроўка. Мацаванне. У пэўнай меры — камбінаваная гульня формамі. У выніку постаці пачынаюць успрымацца як прадметы. Мы можам казаць пра прынцыповую і нават нейкую аголеную «прадметнасць» форм. Выразаючы, выпілоўваючы з дрэва і манціруючы асобныя часткі, Гаравая змагла надаць усяму цыклу гульнявы, маскарадны характар. Серыю можна было б так і назваць: «Маскарад» ці «Карнавал», ад гэтага б мала што змянілася. Маскарад можа ўключаць у сябе розныя дзівосы, напрыклад, неверагодныя галаўныя ўборы (яны тут ёсць) ці крылы за плячыма чалавека (мы іх таксама бачым на адной з фігур). Тут прысутнічаюць і некаторыя парадоксы. Напрыклад, нам спачатку здаецца, нібыта жанчына зняла з сябе галаву. Прыгледзеўшыся, мы высвятляем, што гэта не галава, упрыгожаная рогамі, а постаць дзіцяці з ускінутымі рукамі. Маці ўзняла над галавой дзіця.

Словам, знак можна прачытаць па-рознаму, што таксама не супярэчыць маскараднасці, карнавальнасці.

І ўсё ж жорсткая мова камбінацыйнага манціравання і свядомага спрашчэння магла б выклікаць пэўную сухасць вобразнага ладу і прыўнесці элемент аднастайнасці ў гэтую серыю, калі б не адзін дасціпны і адпаведны задуме ход. Галіна Гаравая распісала фігуры васковымі фарбамі. Пры распісванні (можна нават сказаць — пры размалёўванні) яна карысталася дастаткова адкрытымі, лакальнымі колерамі. Некаторыя з іх яркія, кідкія (чырвоны, жоўты, блакітны), іншыя менш інтэнсіўныя (цёмна-зялёны, сіні). Ёсць і чорны, які кантрастуе з белым. І нарэшце — золата, што іскрыцца на святле і адлюстроўвае ўсе астатнія фарбы. Колеравыя плямы маюць характар асобных зон з геаметрычнымі абрысамі, што падкрэсліваюць канструктыўнасць форм. Унутры гэтых зон колеравых мадэліровак няма.

У выніку такога дэкаравання дасягаўся асаблівы эфект, які найбольш выразна праяўляўся на выставах, дзе прастора экспазіцыйнай залы відавочна ажыўлялася.

Гаравая любіла працаваць у малых скульптурных формах. Ствараецца ўражанне, што такая работа была для яе нечым накшталт лабараторных вопытаў, вынікі якіх мусілі прыдацца пры стварэнні скульптур большых памераў. Такога роду доследы могуць быць карыснымі пры ўзвядзенні скульптурна-дэкаратыўных комплексаў, звязаных з сучаснай архітэктурай. Рацыянальны характар творчага метаду Гаравой тут цалкам дарэчны, бо сучасная архітэктура імкнецца да канструктыўнасці і функцыянальнай арыентаванасці.

Але ў Гаравой мы назіраем і адхіленні ад метаду абстрактнага канструявання. Не адносяцца да яго прыклады стварэння скульптур з так званага «шпекштайна» — каменя, што паддаецца тонкай апрацоўцы і шліфоўцы, а таксама некаторыя бронзавыя скульптуры, прысвечаныя новазапаветным тэмам. У прыватнасці, прыгожая галава Мадонны з немаўляткам Хрыстом і «Піета» на алтары ў капэле Святой Панны ў Хопфгарцене (Аўстрыя). Дарэчы, гэта фігура і два скульптурныя дэкаратыўныя падсвечнікі ўяўляюць сабой гарманічнае адзінства з роспісамі ў храме, выкананымі сяброўкай скульптара Зояй Літвінавай. У згаданых працах Гаравая праявіла гатоўнасць кіравацца пачуццём, вольным уяўленнем, імкненне бачыць і перадаваць формы ў руху, то-бок — больш жыва і пластычна.

Цяжка сказаць, у якім кірунку стала б развівацца далейшая творчасць Галіны Гаравой: пайшла б яна па шляху кансерватыўна-рацыянальных вырашэнняў? па шляху стварэння 
арганічных эмацыянальна-пластычных форм? абрала б нейкі трэці шлях? Смерць перарвала жывое развіццё таленту выдатнага 
скульптара, які зрабіў такі вялікі ўнёсак у развіццё мастацтва сваёй краіны.

Платон Паўлаў