Магічны крышталь

№ 7 (352) 01.07.2012 - 30.07.2012 г

Гранды еўрапейскага тэатра. Філіп Жанці

/i/content/pi/mast/58/990/41.jpg

«Край зямлі».

«Ёсць дзве катэгорыі гледачоў. Той, хто шукае сюжэтную логіку, на маіх спектаклях звычайна здзіўляецца. Але іншыя гледачы, якія напачатку, напэўна, губляюцца, урэшце пагаджаюцца адправіцца ў падарожжа. Яны могуць аналізаваць убачанае пасля, а не падчас спектакля, — інакш вобразы не будуць мець зносіны з падсвядомасцю. Тут трэба ўменне зразумець сюррэалістычны вобраз і паэзію».

Толькі факты

Філіп Жанці, тэатральны рэжысёр, якога называюць французскім чараўніком, нарадзіўся ў 1938 годзе. Ён добра памятае, як фашысты спалілі ягоную вёску, ягоны дом, а яны з маці, паспеўшы сысці з партызанамі ў горы, глядзелі з укрыцця на пажар. Філіп вучыўся ў Школе графічных мастацтваў у Парыжы. У 1962–1966 гадах ажыццявіў падарожжа па 47 краінах і 8 пустынях і па заказе ЮНЕСКА стварыў дакументальны фільм пра тэатры лялек ва ўсім свеце. У вандроўку Жанці выправіўся на маленькім «сітраене», які потым нават апынуўся ў музеі як аўтамабіль, што вытрываў самы доўгі шлях. Перад ад’ездам Жанці прыдумаў праект для лялечнага тэатра і падчас паездкі, каб зарабіць грошы, паказваў спектакль «Экспедыцыя Аляксандра».

Дакументальны фільм Жанці пра лялечныя спектаклі свету меў вялікі поспех. Агучаны голасам Зіновія Герта, твор быў паказаны і па расійскім тэлебачанні. Дарэчы, у вандроўку Жанці адправіўся не толькі выконваючы замову ЮНЕСКА — яму неабходна было апамятацца пасля гвалтоўнай шпіталізацыі: рэжысёр аб’явіў шматдзённую галадоўку ў знак пратэсту супраць вайны ў Алжыры і быў прымусова пакладзены ў бальніцу.

Жанці думаў, што дома будзе зноў займацца графікай. Але пасля вяртання ў Францыю адчуў цягу да тэатра як да захапляльнага падарожжа. У 1967-м ён пачаў супрацоўнічаць з будучай жонкай і пастаянным суаўтарам Мэры Андэрвуд. У 1968–1975 гадах Філіп і Мэры стваралі спектаклі, кабарэ-шоу і тэлевізійныя праграмы ў Парыжы, Лондане і Берліне. У 1976 годзе гастралявалі ў Англіі, Аўстраліі, Афрыцы, ЗША, Індыі, Кітаі, Паўднёвай Амерыцы, СССР, Францыі і Японіі. За час свайго існавання «Кампанія Філіп Жанці» пабывала больш як у пяцідзесяці краінах свету.

Вось некаторыя з самых вядомых спектакляў Жанці, створаных пачынаючы з 1980-х: «Круглы, як куб», «Парадныя жаданні», «Хітрыкі Зігмунда», «Зрухі», «Не забывай мяне», «Нерухомыя пасажыры», «Лабірынт», «Адысея ў сне».

Ад лялькі да чалавека

У пачатку творчага шляху Жанці быў не толькі рэжысёрам, але і акцёрам-лялечнікам. Ён, напрыклад, сам кіраваў марыянеткай П’еро — кранальным стварэннем, якое паўстала супраць навязаных правіл і заплаціла за гэта жыццём. Спектакль «П’еро», па сутнасці, быў прыпавесцю пра апошнюю цану свабоды — смерць.

Лялька адну за адной абрывала ніткі лялькавода — як ніці жыцця, а калі заставалася рэшняя, то П’еро надрываў і яе, застываючы ў нерухомасці. Цяжка забыць гэты ўражальны вобраз ціхага пратэсту, што ідзе да канца.

Жанці, як многія людзі пасляваеннага пакалення, захапляўся ідэямі камунізму, а пазней, таксама як многія, расчараваўся ў спосабе ўвасаблення гэтай ідэалогіі ў Савецкім Саюзе. Характэрны для Жанці ўчынак: ён хацеў адмовіцца ад гастроляў у Ізраілі з-за бамбардзіроўкі Лівана і паехаў толькі пасля прыняцця ягонага ўльтыматуму: спектакль будзе сыграны і для палесцінцаў.

Гаворыць Філіп Жанці: У мяне побач з ложкам заўсёды ляжаць аловак і папера. Як толькі прачынаюся, адразу запісваю свае сны. Там ніхто ніколі не выходзіць з-за куліс на сцэну. Вобразы ўзнікаюць раптоўна, на пустым месцы. Якія-небудзь недарэчныя стварэнні або палёты. Але якраз яны потым і запрашаюць маіх гледачоў у падарожжа па глыбінях свядомасці.

Усё жыццё я шукаю спакой, змагаюся з прывідамі, мяне пераследуюць дзіцячыя жахі. Ад гэтага збягаю ў сны і там знаходжу адказы на ўсе пытанні. Так нараджаюцца мае сцэнарыі, якія, зрэшты, у апошні момант я цалкам перапісваю.

Часам працую ў гіпнатычным стане, слухаю адзін і той жа музычны ўрывак. Зноў і зноў... Гэта дазваляе паглыбіцца ў мінулае і знайсці там колішні канфлікт.

Канфлікт родам з дзяцінства

У шасцігадовым узросце Філіп страціў бацьку — той загінуў, калі катаўся ў гарах на лыжах: упаў у бездань. Маці цэлы год утойвала ад хлопчыка смерць бацькі. Калі маленькі Філіп даведаўся праўду, яго пачало гнясці пачуццё віны; яму здавалася, што бацька загінуў з-за яго. Хлопчык бачыў сны, у якіх ён спрабаваў схаваць труп.

Псіхалагічная траўма паглыблялася. Сталеючы, Філіп пачаў пазбягаць людзей; за дзесяць гадоў ён змяніў васямнаццаць пансіёнаў. Мець стасункі з лялькамі і праз лялек было лягчэй. Працуючы ў лялечным тэатры, Жанці прачытаў работы Фрэйда, Юнга, зразумеў неабходнасць самааналізу і зрабіў яго метадам сваёй працы.

Так ён пачаў даследаваць вобразы сну.

Гаворыць Філіп Жанці: Мне здавалася: калі майму сыну споўніцца 6 гадоў, я памру. Відаць, падсвядома я лічыў, што раз у шасцігадовым узросце забіў свайго бацьку, то і сам мушу памерці, калі майму сыну споўніцца 6.

Тэорыя Фрэйда сцвярджае: падсвядомасць размаўляе з намі праз сны. Аналіз сноў і спроба іх растлумачыць дапамаглі мне пазбыцца дзіцячай траўмы. Я быццам заключыў мір са сваімі ўнутранымі канфліктамі. Зносіны са знешнім светам зрабіліся больш простымі. Паступова і ў спектаклях чалавек замяніў ляльку. Вось такі доўгі шлях.

Вечнае падарожжа

Менавіта псіхааналіз як спосаб шчыра патлумачыць самога сябе падараваў Філіпу Жанці той асаблівы метад сцэнічнага выказвання, які ён дэманструе ў «Нерухомых пасажырах».

Гэты спектакль, створаны на музыку Анры Торга і Сержа Упена, таксама аб’ехаў увесь свет. Ягонай сапраўднай тэмай зрабілася небяспечнае падарожжа па водах і пустынях свядомасці. Дамінантны колер — колер пустыні, асноўны матэрыял — абгортачная папера, пераважнае пачуццё — бясконцасць пераўтварэнняў.

Восем акцёраў — вандроўнікі ў пясках. З кардоннай каробкі з’яўляюцца іншыя кардонныя каробачкі; яны знікаюць, зноў з’яўляюцца і зноў патанаюць у пясчаных хвалях. Пустэльны папяровы пейзаж... Працяглыя спевы... Цьмяныя асацыяцыі са светам Усходу... Пакутлівы сон-падарожжа цягнецца і, здаецца, будзе цягнуцца вечна. Вось з’яўляюцца ружовыя пупсы, але іхні век кароткі: яны загінуць — ці то пад прэсам, ці то ад выбуху (а ўдалечыні выбухнуць дзве вежы). Хто гэта зрабіў? Акцёры, яны ж адвечныя вандроўнікі, яны ж — злыя жартаўнікі, якія не ведаюць, што чыняць...

У праграмцы да спектакля напісана: «У “Нерухомых пасажырах” прысутнічае палітычны падтэкст. Я кажу пра крызіс, пра перамогу сквапнасці, пра разбурэнне ўтопій, пра нацыянальную ідэнтычнасць, пра нашэнне паранджы... Але менш за ўсё на свеце я б хацеў згубіць сваю паэтычную сілу».

Як нараджаецца і ад чаго залежыць гэтая паэтычная магутнасць? Вялікі фокуснік Жанці ўтойвае ўсе тэхнічныя дэталі. У ягоных спектаклях спецэфекты ствараюць непадзельны сплаў з тэатрам, танцам, музыкай, сцэнаграфіяй. Гледачы не паспяваюць думаць пра механізм трукаў. Як у лялек вырастаюць чалавечыя галовы, як яны ўвогуле цалкам ператвараюцца ў людзей?

Гаворыць Філіп Жанці: Часта лялька — нібыта працяг унутранага свету чалавека, акцёра. Мяне цікавяць персанажы, перанесеныя з паўсядзённай рэчаіснасці ў прастору сну. Часам прачынаешся раніцай і адчуваеш, што нейкі вобраз сну неверагодна моцны, ён жыве ў табе, хоча размаўляць з табой. У ім утрымліваецца мноства сэнсаў. Таму ў маім спектаклі, як у сне, акцёры ператвараюцца ў такія ж знакі, сімвалы, як святло, гук і прадметы.

Канешне, і людзі, і рэчы маюць індывідуальнасць. Мы заўважылі, што матэрыял (кардон, тканіна, сетка, папера) або самі лялькі, маскі пачынаюць актыўна супраціўляцца. І акцёры таксама супраціўляюцца праз імправізацыю. Да гэтага супраціву трэба прыслухоўвацца.

Што такое «Балілок»

«Такога слова не існуе ні ў адной мове. Я сабраў назву з розных складоў. Так што тлумачыць яе не даводзіцца», — зазначае Жанці.

Танцоўшчыца Эліс Осбарн гуляе ў лялькі. Іх чацвёра, гэтых лялек-мужчын з дзіўнымі целамі. Адзін, з вачыма-лямпачкамі, падобны да чалавека-невідзімкі, — майстар неверагодных пераўтварэнняў; другі — жанчынаненавіснік, а трэці і чацвёрты — лялечныя донжуаны. Неяк незаўважна апошнія набываюць твары акцёраў: прыгажуна Скота Келера і злога насмешніка Крысціяна Хека. Зразумець, «як гэта працуе», немагчыма.

Ажыўшыя лялькі ўкладваюць гаспадыню на аперацыйны стол і пачынаюць падарожжа па яе вантробах. Гэта цэлы свет з выхадам у космас. Апынуўшыся на зямлі пасля касмічнага падарожжа, героі знаходзяць вірус — сваю былую гаспадыню. Шкодны вірус паглыне абодвух, і пачнецца ланцуг метамарфоз. Нарэшце, мы бачым жанчыну і двух мужчын. На іх растуць кветкі, наводдаль, на фоне квітнеючага акіяна, палае домік, падобны на той, дзе Эліс гуляла ў лялькі. З’яўляецца першы персанаж з вачыма-лямпачкамі; Эліс зрывае з яго маску і знаходзіць... пустату.

«Для мяне гэтая роля — быццам цікавая вандроўка ў сябе, у іншы свет, у іншае вымярэнне. Я адчуваю сябе, як Аліса ў Кэрала, тым больш што і імёны ў нас сугучныя», — кажа актрыса Эліс Осбарн. А акцёр з «Камедзі Франсэз» Крысціян Хек заўважае: «Марыянетка — вельмі цікавы персанаж. У гэтага лялечнага цела велізарныя магчымасці. Тое, што яно можа вырабляць на сцэне, акцёру проста не па сілах. І калі цягам дзеі адбываецца пераўвасабленне, цяжка становіцца выказвацца сваім целам».

Сам Жанці гаворыць, што ідэя спектакля была падказана газетным артыкулам пра раздваенне асобы. Праўда, там размова вялася пра мужчыну, але фантазія вялікага лялечніка ператварыла персанаж у жанчыну, якую ён назваў імем выканаўцы гэтай ролі — Эліс.

Гаворыць Філіп Жанці: У гэтым спектаклі ў нас упершыню з’яўляюцца так званыя гібрыды — лялечныя целы з чалавечымі галовамі. Да таго ж я ўпершыню выкарыстоўваю такі пераход ад лялькі да чалавека. Сэнс у тым, што марыянеткі робяцца рознымі праявамі жанчыны, якая іх стварыла.

Не, гэта зусім не той спектакль, дзе глядач можа вось так прыйсці, утульна ўладкавацца ў крэсле і адключыць галаву: маўляў, я ж заплаціў за білет, дык давайце, распавядайце мне цікавую гісторыю! Мне важна, каб на маім паказе гледачы сядзелі з пытальнікамі ў вачах: што гэта значыць? а што ён хацеў сказаць? І вы ведаеце, у кожнага ўрэшце будзе свой, зусім асаблівы спектакль. Паверце, я ведаю, што кажу.

Тыя, што заблудзілі ў «Лабірынце»

Ад Філіпа Жанці заўсёды чакаюць цудаў, чарадзейства, здзіўляючай зграбнасці абсурду — і чаканні спраўджваюцца. У чорнай жывой масе палаюць агеньчыкі: можа, гэта неба, можа — мора... Калі ў чорнай прасторы праплывае касмічны карабель, усе вырашаюць — гэта неба. А калі адтуль вынырвае чалавек, пачынае адбівацца ад жудасных рыб і клікаць маці, усе вырашаюць — мора. У хвалях адчыніліся дзверы, з’явілася жанчына, і абодва персанажы патанулі, не разнімаючы абдымкаў. Мужчына ўсплыў, у ім адчыніліся дзверцы, адтуль з’явіліся новыя людзі і пачалі кідацца ў мора — толькі рукі-ногі замільгалі над вадой. Герою засталося адно: аддацца працэсу галення сярод неверагоднай колькасці пены...

Заварожваючы парад пераўтварэнняў — ці ёсць у гэтым сэнс? Ці ёсць выйсце з лабірынта?

Гаворыць Філіп Жанці: Я нырцую ў бездань памяці і багну сноў. Гэта адначасова і пошук, і даследаванне крыніцы неспакою, жаданняў. Калі сцэнарый ужо напісаны, мы пачынаем працаваць над асобнымі сцэнамі. Напрыклад, у «Лабірынце» мы імправізавалі на тэму сустрэчы чалавека і дзвярэй. Так выявілі розніцу ва ўзаемаадносінах паміж людзьмі — калі ёсць дзверы і калі іх няма. У нейкі момант сцэнарый і імправізацыі перакрыжоўваюцца.

Чалавек пастаянна перажывае ўнутраны канфлікт, але не самаразбураецца, а рэпрадуктуе ўсё новыя і новыя індывідуальнасці для таго каб адказаць на чарговыя сітуацыі. У спектаклі гаворка ідзе менавіта пра такога персанажа. Пасля кровазмяшальнай сувязі з маці ў ім адкрываюцца дзверцы, праз якія з яго выходзяць розныя асобы, ідуць па лабірынтах, а напрыканцы адбываецца прымірэнне і яны вяртаюцца назад у героя. Асобы акцёраў, занятых у спектаклі, дапамаглі мне распрацаваць шлях гэтага персанажа.

Парадокс Жанці

Калі прасачыць за развіццём творчасці Філіпа Жанці, то выяўляецца парадокс. Пачынаючы з 1980-х гадоў тэатр Жанці ўсё менш паходзіць на лялечны. З’яўляюцца акцёры, свет спектакляў страчвае прадметнасць, паглыбляючыся ў лабірынты падсвядомасці. І ўжо ў 1990-я ад Жанці-лялькавода, замкнёнага ў сабе чалавека, які баіцца людзей і пакутуе на агарафобію, мала што застаецца. Ён пачаў аперыраваць вялізнымі прасторамі і мноствам акцёраў. У 1997-м у Авіньёне ягоны «Дэдал» збіраў штодня па дзве тысячы гледачоў у двары Папскага палаца. А на Сусветнай выставе 1998 года ў Лісабоне ён паставіў «Акіяны і ўтопіі», дзе ўдзельнічалі дзвесце акцёраў, танцоўшчыкаў і цыркачоў і прысутнічала дзесяць тысяч гледачоў.

Калі яму пераваліла за семдзесят, сюррэаліст Філіп Жанці вярнуўся да камернага тэатра і да лялек, ад якіх спрабаваў адасобіцца ў папярэднія дзесяцігоддзі.

А пастаўлены ў 2005 годзе спектакль «Край зямлі» — гэта зноў падарожжа з «жывымі акцёрамі» ў сферу паэзіі і сюррэалістычных сноў. «Край зямлі» — спектакль пра жаданне і немагчымасць да канца спазнаць жанчыну. Спазнаць жыццё... Неверагодныя, фантастычныя трукі... Фанерная палова чалавека пасаджана за стол, ёй прымерваюць розныя галовы (падыходзіць голеная), і ажыўшы муляж прымаецца за працу: чытае лісты і кладзе іх у папку, адкуль яны са свістам ляцяць за кулісы.

Потым герой у паліто, капелюшы і з чамаданам накіроўваецца ў нейкую зменлівую прастору. Ён сустракаецца з жанчынай у чырвоным, танчыць з ёю, і абое дастаюць з чамадана лялек: ён — хлопчыка, яна — дзяўчынку. Лялькі вырастаюць да гіганцкіх памераў, даследуюць адна адну цалкам па Фрэйду, цалуюцца. З чамадана з’яўляюцца шлюбныя строі нявесты; іх хочуць апрануць усе, нават мужчыны.

Шаргатлівыя канверты ад прачытаных лістоў запаўняюць сцэну, і пасля серыі пераўтварэнняў мы бачым велізарныя празрыстыя пузыры. З аднаго вызваляецца мужчына, у другім знаходзіцца жанчына. Ён хоча даткнуцца да яе, але пузыр пусты...

Ніна Мазур