Эдэм Сяргея Цімохава

№ 7 (292) 01.07.2007 - 31.07.2007 г

Ужо не першы раз Нацыянальны мастацкі музей Беларусі зладзіў акцыю «Ноч музеяў». Да ініцыятывы адчыняць уначы для наведвальнікаў дзверы музеяў, запачаткаванай у 1999 годзе парыжскім Луўрам, далучыліся ўжо больш за 2000 музеяў Еўропы. Падчас сёлетняй акцыі адкрылася выстава Сяргея Цімохава «Чары ночы».

С.Цімохаў даўно і плённа працуе з адной тэмай, у якой знайшоў амаль невычэрпную крыніцу вобразаў. Фантазію мастака абуджае язычніцтва -- цэласны і арганічны сусвет нашых продкаў. У старажытных культах С.Цімохаў шукае не столькі строгую сістэму светабудовы, колькі псіхалагічна тонкія і эмацыянальна насычаныя адносіны чалавека да прыроды, імкненне да суладнасці і асэнсаванасці свету.

 /i/content/pi/mast/4/99/Edem1.jpg

Грацыія-3. Акрыл, алей. 2007.

На выставе ж у мастацкім музеі творца здзівіў зусім іншым цыклам. Упершыню ўбачыўшы ў яго майстэрні графічныя аркушы з жаночымі аголенымі вобразамі, я не звярнула на іх асаблівай увагі: ці мала якім чынам зарабляе мастак на жыццё. Цімохаў і не хавае, што ягоны цыкл пачынаўся як звычайная камерцыйная работа і што ставіўся ён да гэтых ню несур’ёзна. Але перамагла творчая натура: з кожным аркушам ён узмацняў вобразнасць, ступень мастацкай абагульненасці, пачалі з’яўляцца знаходкі. І нечакана ню сталі новым, паралельным язычніцкаму, кірункам творчасці, такой жа захапляльнай тэмай. Гэтыя графічныя аркушы атрымалі Гран-пры на міжнароднай біенале «Залатое пяро Бялграда», наступным годам яны там жа экспанаваліся на персанальнай выставе мастака.
Выстава «Чары ночы» ў Нацыянальным мастацкім музеі -- рэдкі прыклад канцэптуальнага падыходу творцы да выбудоўвання сваёй экспазіцыі. Квадратнае ў плане памяшканне -- выразная сімвалічная форма, што спараджае шмат асацыяцый: чатыры бакі свету, чатыры стыхіі… Мастак робіць макет выставы, на якім праз квадрат падлогі ўмоўна крэсліць крыж. Адна сцяна задумваецца як блакітная, увасабленне вады, насупраць -- чырвоная, увасабленне агню. Дзве астатнія: залатая (сонца) і чорна-белая (зямля).
Як толькі паўстае агульная канцэпцыя, мастак бярэ ў рукі пэндзаль і пачынае матэрыялізаваць задуманае. Тады цягам многіх месяцаў да графічнай нізкі «постацей» далучаецца жывапісная частка праекта -- «грацыі».
Яшчэ ў галерэі «Рыса» на адной з даўніх сваіх выстаў С.Цімохаў паказаў аркушы, выкананыя з дапамогай прыродных матэрыялаў, увёў у структуру экспазіцыі і камяні, ледзь кранутыя яго рукой. Ідэя еднасці, арганічнасці дацывілізацыйнага быцця чалавека ў прыродзе была выказана гранічна простымі сродкамі. Можна прасачыць пэўную логіку ў гэтым пераходзе ад амаль чыстых прыродных рэчаў да форм жаночага цела. Яны ў мастака глядзяцца як загадкавая частка і нечаканы працяг краявіду, як складнікі адной стыхіі. Гэтыя вобразы развіваюць і доўжаць язычніцкую тэму, вырашаюць тыя ж задачы пошуку гарманічнай структуры і іерархіі ў акаляючым чалавека прыродным свеце. І адначасова -- гэта погляд мастака нашага стагоддзя, які здольны, абапіраючыся на ўласны досвед і вопыт папярэднікаў, сінтэзаваць вельмі многія рэчы...
Мастацтва ню мае багатую і складаную гісторыю развіцця. Хоць статуэткі жанчын вядомы нам яшчэ з палеаліту, але характар увасаблення аголенай натуры доўгі час быў абумоўлены міфалагічнымі ці рэлігійнымі фактарамі. Жаночае цела як аб’ект мастацкага сузірання з’яўляецца надзіва позна. Мінулае стагоддзе асабліва пашырыла межы жанру: развіваецца як гарманічны тып ню, які атрымлівае нябачаную дагэтуль свабоду мастацкага вырашэння, так і экспрэсіўны, які праз дысгармонію вобразаў агаляе трагізм існавання.

 /i/content/pi/mast/4/99/Edem2.jpg
 Грацыія-7. Акрыл, алей. 2007.

У якасці ўласнай крыніцы натхнення мастак згадвае Мадыльяні з яго адметнай стылізацыяй і выразнасцю формы, але найперш -- швейцарскага мастака Ганса Эрні, які сваім майстэрствам валодання лініяй уразіў Сяргея яшчэ падчас вучобы і найбольш паўплываў на яго манеру пісьма.
Лірычны цыкл С.Цімохава абапіраецца шмат у чым на ўласныя «язычніцкія» адкрыцці, працягваючы традыцыю пошукаў гармоніі і прыгажосці праз аголенае цела.
Жанчына нараджаецца са стыхіі колеру -- гэта ўспрымаецца як сімвал яе нараджэння са стыхіі прыроды. Яе абрыс служыць лёгкай, ледзь улоўнай спасылкай на пагорак ці рух вады. І гэта -- рыса, ўласцівая язычніцкаму светапогляду: пазначаць загадкавыя і невядомыя рэчы свету чытэльнымі і зразумелымі сімваламі ці вобразамі. Лініі пагружаюцца ва ўласную музыку, час ад часу адыходзяць ад прагматычнай задачы пазначэння форм. Кірунак руху рысаў вызначаецца тут па сваіх законах -- законах вобразнай матэрыі. Мастак працуе ў сваёй адмысловай тэхніцы, дзе лінія дапаўняе колер і спаборнічае з ім у выразнасці свайго ўздзеяння, яна ж стварае фактуры, узмацняе вобразны лад палатна, уводзіць далікатныя і тонкія нюансы.
Як заўсёды, С.Цімохаў выяўляе сябе дакладным і адметным каларыстам. Задачы, якія ён вырашае ў максімальна збліжанай колеравай гаме, даволі складаныя. «Чырвоныя» жанчыны раствораны ў стыхіі агню -- не разбуральнай, а абуджальнай, стваральнай. Блакітны трыпціх -- увасабленне юнацкасці, чакання. Жанчыны набылі колеры месяца, сталіся яго метафарычным увасабленнем. Тры фазы месяца -- як тры стадыі развіцця. «Залатыя» жанчыны -- недасяжныя і непаўторна-каштоўныя.

 /i/content/pi/mast/4/99/Edem3.jpg
 З серыі «Постаці». Папера, аўтарская тэхніка. 2005.

Мастак аблягчае нам прачытанне вобразаў «Чараў ночы», уводзячы агульнавядомыя і зразумелыя сімвалы. Напрыклад, птушка ці яблык -- рэчы, што лёгка асацыююцца з вобразамі жанчын. З’яўляюцца і прадметы, характэрныя для цывілізацыі -- крэсла, стол, філіжанка. Гэтыя дадатковыя сэнсавыя і фармальныя акцэнты робяць вырашэнне твора больш выразным: лёгкі і ёмкі сілуэт птушкі кантрастуе з плаўнай, павольнай, працяглай лініяй жаночага цела.
Жанчыны ў творах С.Цімохава шукаюць гармоніі і супакаення -- і не знаходзяць. Імкнуцца стаць часткай краявіду, які пастаянна мяняецца. Іх позы падначалены адначасова руху лініі і колеру, зменам у матэрыі жывапісу і ў акаляючым іх краявідзе. Яны -- часткі стыхіі, своеасаблівыя яе персаніфікацыі. І ў гэтым пачатак індывідуальнага шляху мастака, яго уласны сінтэз, які сплавіў у адно эстэтычныя адносіны да прыгожай формы і мастацкі пошук, увасабленне красы і выразную пазачасавую ідэю.
Мастак заклікае нас вызваліцца ад урбаністычнай залежнасці і вярнуцца ў Эдэм -- «месца, дзе зліваюцца ў сапраўднай гармоніі чалавек і прырода, дзе можна хоць на хвіліну забыцца пра дыктат моды і проста захапіцца прыгажосцю жаночага цела».

                                                                                                                 Алеся БЕЛЯВЕЦ