Дынаміка лініі

№ 7 (352) 01.07.2012 - 30.07.2012 г

Графічныя аповеды Сяргея Волкава

/i/content/pi/mast/58/989/36.jpg
Недавер. З серыі «Эмоцыі». Папера, аловак. 2008—2010.
Сяргей Волкаў — прадстаўнік знакамітай творчай дынастыі, ён прыйшоў у мастацтва на пачатку 1960-х і некалькі дзесяцігоддзяў аддаў не толькі кніжнай графіцы, але і грамадскай працы: быў сябрам праўлення Саюза мастакоў СССР (1985–1990), старшынёй секцыі графікі (1984–1989), адным з заснавальнікаў і кіраўніком творчага аб’яднання «Верасень». Але найперш ён майстар 
дзіцячай кніжнай ілюстрацыі, які стварыў для маленькіх чытачоў цэлую бібліятэку: больш за 300 кніг. Галоўныя складнікі прафесійнай запатрабаванасці — графічная культура, кампазіцыйны дар, класічная школа малюнка ў спалучэнні з неверагоднай працаздольнасцю.

Творчай спадчыне сям’і Волкавых было прысвечана нямала публікацый, але Сяргей Волкаў не згадваецца там як графік з уласным почыркам, а нязменна апынаецца ў цені старэйшага пакалення — сын, унук, прадаўжальнік і захавальнік сямейных традыцый. Несумненна, атмасфера сям’і, творчасць бацькі, вядомага карыкатурыста і ілюстратара, аднаго са стваральнікаў часопісаў «Вожык» і «Вясёлка» Анатоля Волкава, і ўрокі дзеда, народнага мастака Беларусі прафесара Валянціна Волкава, які кіраваў кафедрай малюнка падчас яго вучобы ў тэатральна-мастацкім інстытуце, з’явіліся асноватворным задаткам станаўлення чалавечых і прафесійных якасцей Сяргея: як мастак, ён першапачаткова быў выгадаваны на строгіх адносінах да прадметнага, аб’ектыўнага свету. Ад дзеда атрымаў у спадчыну ўпэўненае валоданне акадэмічным малюнкам у традыцыях школы Паўла Чысцякова, ад бацькі — адказнае і паважлівае стаўленне да прафесіі, «канцэпцыю добрай працы» (мастак павінен рабіць ілюстрацыі так, каб выдавецтва зноў захацела з ім працаваць), схільнасць да сатыры і гумару. Графічная манера Сяргея Волкава індывідуальная і лёгка пазнавальная, яна склалася ва ўмовах яго творчай маладосці. Цяжка вылучыць найбольш характэрную рысу яго графікі. Мабыць, гэта вольнасць у інтэрпрэтацыі натуры, у выяўленчай манеры, у валоданні мастацкімі сродкамі, а таксама адзінства створанага ім свету — як у станковай, так і ў кніжнай графіцы.

Сяргей Волкаў — майстар тэматычна і тэхнічна рознабаковы, яго працы «моцна зробленыя», але прафесіяналізм, які цяпер рэдка сустракаецца, не з’яўляецца для мастака самамэтай. Ранні досвед часопісна-графічнай працы на старонках «Вожыка» (менавіта там у 1961 годзе быў упершыню апублікаваны малюнак студэнта Мінскага мастацкага вучылішча) і «Вясёлкі» стаў выдатнай школай, якая выхоўвае ў ілюстратара аператыўную эстэтычную рэакцыю на тэкст, а таксама асаблівае «палоснае мысленне» — адзінства мастацкай выявы і друкаванага слова. Спрыяла яна і развіццю «дару апавядальніка» — важнай якасці пры ілюстраванні дзіцячай кнігі. Пэўны ўплыў на яго почырк аказаў стыль маскоўскай паліграфічнай школы, выяўлены ў творчасці калег па аб’яднанні «Верасень» Віктара Кліменкі, Наталлі Суставай і асабліва Мікалая Казлова, які доўгі час быў галоўным мастаком выдавецтваў «Мастацкая літаратура» і «Юнацтва». Спачатку ілюстрацыі Сяргея Волкава былі выкананы ў манеры, набліжанай да рэалістычнага акварэльнага жывапісу, у далейшым яны набылі рысы папулярнага ў 1970-я гады стылістычнага кірунку, блізкага да карыкатуры, часопіснай графікі, што вызначаўся трапнасцю і вастрынёй характарыстык, сюжэтнай займальнасцю, вольнасцю рэпартажнага малюнка. Як і многія мастакі яго пакалення, Волкаў аддаў даніну «сучаснай тэматыцы» і публіцыстыцы, без якіх не абыходзілася савецкая графіка 1970–1980-х. Ён шмат гадоў супрацоўнічаў з выдавецтвам «Плакат» і «Агітплакат» Саюза мастакоў БССР, а таксама стварыў цэлы шэраг станковых серый у тэхніках аўталітаграфіі і шаўкаграфіі, прысвечаных войску і спорту, асэнсаванню трагічных урокаў гісторыі. За серыю «Старонкі гісторыі» атрымаў званне заслужанага дзеяча мастацтваў. У яго плакатах малюнак вобразна выяўляе думку, закладзеную ў тэксце, а станковыя аркушы вылучаюцца развітым ясным сюжэтам, дынамічнасцю кампазіцыі. Для мастацкага тэмпераменту Волкава характэрны аптымістычны пачатак, але прысутнічаюць і сарказм, іронія ці гратэск, як, напрыклад, у сатырычных плакатах, карыкатурах ці алегарычнай серыі літаграфій «Тое-сёе пра птушак». Гэта выдатна прыдуманая і тэхнічна выкананая серыя была паказана толькі аднойчы — на юбілейнай выставе ў 2002 годзе. Яна выклікала цікавасць у калег-мастакоў, але была абойдзена ўвагай крытыкі.

Як мастак Сяргей Волкаў найлепшым чынам раскрываецца ў партрэце і кніжнай графіцы. Хоць дыпломнай працай Волкава былі ілюстрацыі да Салтыкова-Шчадрына, ён ніколі не шкадаваў, што прысвяціў сябе дзіцячай, а не дарослай, «сур’ёзнай» літаратуры. Праца ў дзіцячай кнізе стала для яго арганічнай сферай выказвання: у кожнай ілюстрацыі адчуваецца, што мастаку прыносіць задавальненне сам працэс малявання.

Дзіцячая кніга перажывае сёння няпросты час: знізіўся культурны ўзровень выдавецкіх работнікаў, дрэнна аплачваецца праца мастака. Касмапалітычнае адзінства формы ў сучаснай ілюстрацыі складаецца з абязлічаных прыёмаў дэкаратыўнага жывапісу і сюррэалізму, якія мала адпавядаюць як законам кніжнай канструкцыі, так і законам дзіцячага ўспрымання, хоць для маленькага дзіцяці ілюстрацыя адыгрывае ролю асноўнага матэрыялу ў кнізе. Пры яе адсутнасці ці няправільнай інтэрпрэтацыі дзіця можа і не зразумець твор. Дзіцячыя кнігі запоўнены або сентыментальнымі і саладжавымі, або коміксавымі выявамі (часта — з набору ў камп’ютарнай праграме) — маламастацкімі, дрэнна апрацаванымі і відавочна недарэчнымі ў ілюстраванні папяровай кнігі. З пункту гледжання выдаўцоў менавіта такія прыёмы забяспечваюць выданню камерцыйны поспех. Мілыя, грунтоўна «зробленыя» з дапамогай фоташопу і графічнага планшэта карцінкі не адкрываюць, а закрываюць для дзіцяці рэчаіснасць. Яны ствараюць уражанне стандартнай перамалёўкі з аморфным і аднастайным каларытам, пазбаўленай жывога пачуцця. Кніжныя працы Сяргея Волкава адрозніваюцца ад падобнай прадукцыі дынамічнасцю лініі, пэўнай вобразнай асновай; не ўпадаючы ў інфантылізм, яны застаюцца ў межах традыцый мастацкага малявання для дзяцей. У яго кніжках няма вытанчаных упрыгажэнняў і тэхнічных складанасцей, яны вясёлыя, займальныя, яркія, простыя і зразумелыя.

У творчым актыве Волкава-ілюстратара — кнігі Янкі Маўра, Эдзі Агняцвет, Міколы Маляўкі, Віктара Кудлачова, Івана Муравейкі, Паўла Кавалёва, Уладзіміра Карызны, Анатоля Майсеева і іншых беларускіх і рускіх аўтараў. Але можна заўважыць, што яго любімы тэкст — фальклор: беларускія, рускія, украінскія народныя казкі, вершы, загадкі, лічылкі. Літаратурная форма казкі з яе іншасказаннем, «намёкам» патрабуе ад ілюстратара ўмення спалучаць канкрэтны малюнак з абагульненасцю. Мабыць, манеры мастака сугучныя і гіпербалічная прырода казачных выяў, і прастата маралі, дзе заўсёды перамагаюць дабро і прыгажосць. Пры гэтым казкі Волкава не этнаграфічныя, не экзатычныя, яны заўсёды вельмі сучасныя і трывала прывязаны да рэальнасці (нездарма ён цудоўны карыкатурыст). Волкаў распавядае выяўленчыя гісторыі лёгка, захоплена і грунтоўна, з вострай назіральнасцю, арганізуючы матэрыял выразна і ўмела. Касцюмы, розныя прадметы, якія раскрываюць сэнс сюжэта, — усё пералічана і ўсяму знойдзена месца. Апроч палосных ілюстрацый, мастак напаўняе кнігу арнаментамі, урэзанымі ў тэкст малюнкамі, партрэтамі «герояў», асабліва ачалавечаных жывёл (больш за ўсе мастаку падабаюцца каты) і птушак, у якіх шмат хітрай іроніі. Кожны герой індывідуальны, але здаецца даўно знаёмым, таму дзеці лёгка распазнаюць яго аблічча і характар. Багаты свет славянскага фальклору з яго дзіўнай вобразнасцю і загадкавасцю, дабрынёй і насмешкай, народнай мудрасцю, жыццялюбствам, яркай дэкаратыўнасцю паслужыў імпульсам да стварэння кнігі «Чароўны куфэрак» (выдадзенай ужо двойчы), дзе Сяргей Волкаў выступіў не толькі ілюстратарам, але і аўтарам тэксту. Старонкі засяляюць вядомыя і малавядомыя персанажы язычніцкага славянскага пантэона, падрабязна і любоўна апісаныя, з гумарам намаляваныя: тут і «прыгожыя і бледнатварыя» русалкі, нечуваная птушка Сірын, гаспадар рэк і азёр Вадзянік, гаспадар лесу Пушчавік, духі балот Балотнік і Аржавеннік, Жыжаль — бог агню, Зюзя — бог зімы, багіня ўраджаю Талака. Іх палосныя «партрэты» і спадарожны тэкст акружаны арнаментальнымі рамкамі з дэкаратыўных элементаў, фантастычных звяроў, птушак, рыб, якія працягваюць асноўную тэму, нагадваючы жартаўлівую версію арнаментаў Білібіна. На жаль, малюнкі Волкава рабіліся для масавых выданняў, што азначае паперу невысокай якасці, афсетны друк, кароткія тэрміны выканання. Да гэтых умоў даводзілася прыстасоўвацца, каб творы па магчымасці менш страчвалі пры ўзнаўленні. Сёння Волкаў стварае малюнкі ў тэхніцы тушы, расфарбаванай акварэллю, у плоскаснай манеры, якая добра «сядзіць» на аркушы, упэўнена адчувае сябе ў стыхіі арнаментаў і колеравых суадносін. Колер гучны, пэўны і просты, яго лёгка назваць — своеасаблівая азбука для дзіцяці. Ён добра кладзецца «пад афсет», але надзвычай шкада, што млявы паліграфічны друк заўважна зніжае ўзровень успрымання прац: арыгіналы Волкава па фарбах выглядаюць значна больш свежымі і чыстымі, чым друкаваныя аркушы. Каляровыя малюнкі, раскіданыя па ўсёй кнізе, нібыта высыпаны шчодрай рукой з мяшка Дзеда-Мароза, і маленькі чытач адразу эмацыйна ўспрымае іх як частку казкі.

У адрозненне ад ілюстрацыі, натурныя і «ўяўныя» партрэты Волкава на першы погляд ствараюць зусім іншы вобразны свет, аднак ён не супярэчыць яго кніжным працам. Партрэты ў добрым сэнсе слова літаратурныя. Гэта выкананыя простым алоўкам у класічнай тэхніцы вялікія аркушы, у якіх заціхае яркі дынамічны свет дзіцячых кніжак. Праца з алоўкам складаная тым, што патрабуе хуткага кампазіцыйнага вырашэння аркуша, суадносінаў форм і прапорцый, вострай выразнасці лініі — спалучэння непасрэднага пачуццёвага ўспрымання і яго пластычнай рэалізацыі. Менавіта гэта часта застаецца за мяжой інтарэсаў сучаснай графікі, замяняецца выкшталцонымі пластычнымі экзэрсісамі, у якіх унікальныя графічныя сродкі выкарыстоўваюцца для стварэння прац «пад літаграфію» ці іншыя механічныя тэхнікі. Волкаў называе сябе «апошнім з магікан», маючы на ўвазе натурнае партрэтнае маляванне, разважанне з алоўкам у руках. Нягледзячы на відавочны ўплыў акадэмічнай манеры Валянціна Волкава, партрэты Сяргея належаць іншаму часу, натурная форма ў яго малюнках больш сінтэзавана і завострана, хоць гэтыя дэфармацыі заўсёды тактоўныя і абгрунтаваныя. Яго малюнкі вылучаюцца сабранасцю, кампактнасцю, часам — манументальнасцю, выразнасцю партрэтнай характарыстыкі мадэлі. Партрэтная галерэя складаецца амаль выключна з жаночых выяў, паўнакроўных, мяккіх і лірычных па настроі, з пункту гледжання формы — вылепленых з мужчынскай цвёрдасцю і пэўнасцю — ад уважлівай прамалёўкі да лёгкіх контураў, якія акрэсліваюць постаць. Некаторыя з яго персанажаў сціплыя ці задуменныя («Наталля», 1995; «Таня», 2005), іншыя дэманструюць сябе («Таццяна», 2007). Кожнаму з жаночых партрэтаў уласцівы ўласная псіхафізічная фактура і настрой, узмоцненыя характэрным жэстам, мімікай, паставай ці красамоўнымі дэталямі. Але на іх нязменна кладзецца адбітак нейкага асабістага ідэалу жаночай прыгажосці, у якім няўлоўна прысутнічаюць рысы жонкі і дачкі мастака. Як графічныя знакі любові і пяшчоты ўспрымаюцца партрэты блізкіх: «Маша» (2002), «Даша» (2002), «Маша і Фёдар» (2006), «Фёдар» (2008). Вылучаецца сярод іх зроблены за адзін сеанс партрэт жонкі, у незавершанасці якога ёсць адмысловае абаянне («Ала», 1982). Ідэалізаваныя і ў той жа час характэрныя жаночыя выявы-сімвалы паўстаюць перад гледачом у серыі «Эмоцыі», гераінямі якой становяцца ваяўніцы і багіні славянскай міфалогіі. Іх абкружаюць персанажы, якія нібы перайшлі з казак: чэрці, прарочыя крумкачы і іншыя птушкі, цмокі, воўк з чалавечымі вачамі. Мякка спалучаючы лінію і пляму, праз пэўнае ўтрыраванне формы мастак дамагаецца лірыка-гумарыстычнага гучання выяў. Падобным лірычным настроем прасякнута і серыя «Ева», над якой ён цяпер працуе: круглатварая і вялікавокая «Ева біблейская» з яблыкам у руцэ, «Ева сярэднявечная» — гераіня «Дэкамерона» і «Кентэрберыйскіх апавяданняў», сучасная Ева-студэнтка.

Іншае пластычнае рашэнне ў серыі «Гратэск» (партрэты беларускіх пісьменнікаў Ніла Гілевіча, Івана Чыгрынава, Рыгора Барадуліна і іншых), зробленай у 1986 годзе. Павышаная завостранасць набліжае выявы да шаржа, аднак межы не пераступаюцца. Апроч па-майстэрску схопленага падабенства, іх асаблівасць — адсутнасць нядобразычлівасці. Галоўным выразным сродкам з’яўляецца сіла і дынамічнасць лініі, з дапамогай якой надзвычай пераканаўча выяўляецца духоўны свет і душэўны склад партрэтаванага. Алоўкавыя малюнкі Волкава, гэтак жа, як і ілюстрацыі, настолькі пазбаўлены прэтэнзій на маэстрыю і вольныя ад бравіравання тэхнікай, што здаецца — ён ніколі не задумваецца пра пакутлівыя для шматлікіх творцаў пытанні стылю ці формы. Аднак такое ўражанне падманлівае.

Абраўшы пяць дзесяцігоддзяў назад свой шлях у мастацтве, Сяргей Волкаў і сёння адданы гэтаму выбару. Застаючыся ўбаку ад моды і рэйтынгаў, не аблашчаны крытыкамі, ён лічыць за лепшае размаўляць з гледачамі на традыцыйнай мове. У яго графіцы няма нечаканасцей, яна сціплая, не вылучаецца вонкавай эфектнасцю, але за гэтым стаяць шчырасць, сардэчнасць і прастата сапраўднага мастака.

Марына Эрэнбург