Арт для атракцыі?

№ 7 (352) 01.07.2012 - 30.07.2012 г

Фантомы i Gesamtkunstwerk

/i/content/pi/mast/58/986/27.jpg

Перформанс Канстанціна Мужава і Алега Касцючэнкі «Рашэнне». 2-я фаза. 2012.

«На Беларусі Перформанс — болей чым перформанс. Назоўнік, які абазначае канкрэтны від мастацтва (усяго і толькі!), у нашай культурнай рэчаіснасці стаў займеннікам, замяняючы ў пэўных колах выгукі кшталту “Ваў!” альбо “Блін!”. Міфалагемы аказаліся жывучымі яшчэ і дзякуючы спрыяльнаму для іх асяроддзю. На культурнай карце Мінска мастацтва перформансу па-ранейшаму застаецца белай плямай. Усе чулі гэтае слова, але хіба нямногія на ўласныя вочы бачылі тое, што яно абазначае».

Радкі з анатацыі да невялічкай праграмы беларускага перформансу penAtra(C)tion могуць выклікаць здзіўленне. Здавалася б, гэты від мастацтва даўно перастаў быць сімвалам «хуліганскай» контркультуры — усё ж на дварэ не канец ХХ стагоддзя. Але ж чамусьці перформанс не здолеў прышчапіцца і ў цяперашніх кліматычных умовах — куды больш спрыяльных для розных дзівосных парасткаў. Гэта як у Ільфа з Пятровым: эпоха нямога кіно скончылася, гукавога (заходняй мадэлі арт-прасторы з процьмай разнастайных інстытуцый) — яшчэ не наступіла...

Перформанс у нас безнадзейна захрас у тым прамежку міжчасавага нябыту і ўсё ніяк не можа выблытацца з гэтага згустка антыматэрыі. А таму па-ранейшаму займае пачэсныя месцы ў хіт-парадзе найвядомейшых фантомаў айчыннай культуры.

Вядома, гэтыя сцверджанні базуюцца зусім не на фактах, а, хутчэй, на іх адсутнасці. Калі цікаўныя студэнты пытаюцца ў мяне, дзе ў нас можна пабачыць перформансы, я шчыра адказваю: «Нідзе». Нават адносны рэнесанс, які апошнім часам назіраецца ў сферы айчыннага contemporary art, ніяк не змяніў сітуацыю. Цікавасці да гэтага віду мастацтва не праяўляюць ані дзяржаўныя ўстановы, ані незалежныя пляцоўкі ды куратары. Калі хто мне не верыць, хай падлічыць, колькі разоў перформеры турбавалі сваёй прысутнасцю вечаровы спакой галерэі «Ў». Адпаведна, гэтая «гучная» з’ява застаецца на маргінезе, не выходзячы за межы адведзенай ёй рэзервацыі ў выглядзе штогадовага фестывалю «Навінкі», які — па вядомых хіба яго куратару прычынах — не ахоплівае нават тую сціплую жменьку айчынных аўтараў, што ўсё яшчэ не «перакваліфікаваліся ў домакіраўнікоў».

Як патлумачыў адзін з куратараў беларускага спецпраекта леташняга Маскоўскага біенале Павел Вайніцкі, менавіта гэткі стан рэчаў матываваў яго памкненне змясціць ва «Унутраныя ландшафты» яшчэ і праграму перформансу penAtra(C)tion. Праўдападобна, такія інтэнцыі абумовілі і яе «другую версію» ў рамках сёлетняй звышпапулярнай акцыі «Ноч музеяў» — ужо ў Мінску. І сапраўды, да Музея сучаснага выяўленчага мастацтва выстраілася больш як стометровая чарга. Бо піярыць фантом вельмі лёгка — ажно да яго ўцеляснення...

Уцеляснёны фантом, безумоўна, выглядае не так цікава, як «голая інтрыга» (між іншым, некаторыя СМІ скарацілі анонс імпрэзы да аднаго сказа: «Для дарослых»). Але... перформанс можа існаваць толькі ў адным фармаце — «з плоці і крыві». Тым болей, у прэс-рэлізе імпрэзы было зазначана, што, нягледзячы на выкарыстанне розных тэхнічных навінак, асноўным выяўленчым сродкам перформераў застаюцца менавіта іх уласныя целы.

Дзеі Канстанціна Мужава, які ў Маскве выступаў у тандэме з Сяргеем Варкіным, а ў Мінску — з Алегам Касцючэнкам, «з галавой» выдаюць яго «дыпломную» спецыяльнасць скульптара. Мала які перформер можа пахваліцца такой візуальнай выразнасцю, перфекцыянісцкай адточанасцю кожнай дэталі. У спалучэнні са спантаннай і няўрымслівай натурай аўтара гэты фактар дае папраўдзе сінергічны эфект. Экран і відэапраектар былі выкарыстаны ім для праекцыі словаў і вобразаў, вывуджаных падчас медытацыі з нетраў уласнай падсвядомасці. Аголенае выбеленае цела ў такіх варунках стала не толькі суб’ектам, але аб’ектам гэтай фантасмагарычнай дзеі. І вось з’яўляецца чорны двайнік...

Ужо гадоў <...>наццаць таму даводзілася чуць, што пара перформансу скончылася: ён вычарпаў сябе, безнадзейна завіс недзе ў «культавых» 1970-х і асуджаны на вечныя самапаўторы. Таму прыемна адзначыць, што перформансы Канстанціна Мужава, без сумневу, «made in» менавіта ў ХХІ стагоддзі. Аўтар умела выкарыстоўвае тыя тэхнічныя сродкі, якія «класікам жанру» былі папросту недаступныя, — відэапраекцыю і электронную музыку, зробленыя на ўласным ноўтбуку. І падобная мультымедыйнасць, якая ў Мужава атрымліваецца арганічнай, уяўляецца не самамэтай, але шчырым памкненнем павялічыць традыцыйны для перформансу арсенал выяўленчых сродкаў — што ні кажы, а іх абмежаванасць моцна даецца ў знакі.

У выніку інтравертнае аўтарскае выказванне становіцца артэфактам, які валодае выдатнымі камунікатыўнымі якасцямі і можа быць лёгка ўспрыняты гледачом, не губляючы пры гэтым сваёй унутранай асновы, не пераўтвараючыся ў шоу.

Мультымедыйнасць уласцівая таксама і другому ўдзельніку праграмы — праекту «Экзарцыстычны Gesamtkunstwerk». Да перформера і літаратара Іллі Сіна далучыліся скульптар Павел Вайніцкі і саўнддызайнер Яўген Рагозін. Супольнымі намаганнямі яны вынайшлі механізм утылізацыі «ментальнага смецця», спадзеючыся, што выпрацаваная такім чынам энергія спрычыніцца да выгнання «аўтарскіх дэманаў» (хто гэта такія, самі аўтары толкам не патлумачылі, спаслаўшыся хіба на Бергмана).

Рэфлексіі адносна гіпербалізаванай ролі каментарыя да твора мастацтва набылі тут выразную гратэскавую форму. Каментарый быў уціснуты непасрэдна ў сам твор. «Куратар» аддаваў «аўтару» загады і тут жа тлумачыў ягоныя дзеі. Аб’ектамі «сцёбу» сталі не толькі прафесіяналы на ніве «вербалізацыі мастацтва», але і славутыя перформеры кшталту Марыны Абрамавіч і Аляксандра Брэнера. Зрэшты, і само ўяўленне пра перформанс як непаўторны рытуал. «Аўтар імітуе эпілептычны прыпадак», — загадвае «куратар». І тут жа просіць «аўтара» зрабіць яшчэ адзін дубль: маўляў, першы атрымаўся не дужа пераканаўчым.

Перформеры не забыліся і пра тое, што іх дзея адбывалася ў музеі — установе, якая мае асаблівую семіятычную ролю для сучаснага мастацтва. У адзін цудоўны момант ашалелы «аўтар» сарваў са сцяны твор, які там экспанаваўся (з выстаўкі калажоў і асамбляжаў немца Ханса Баўма), ды разнёс яго на шматкі. «Куратар» тут жа спакойным тонам «канцэптуалізаваў» арт-хуліганства: маўляў, нічога асаблівага... Як выявілася пазней, супрацоўнікі музея перажывалі дарма — знішчаны артэфакт аказаўся падробкай, загадзя змешчанай у экспазіцыю.

Сцёбныя рэфлексіі адносна культурнай апрапрыяцыі жывых пачуццяў паступова прывялі да эфекту «расслаення дыскурсаў», умацаванага гукавым шэрагам — шызоідным наборам сэмплаў, падабраным ды змікшыраваным з надзвычайнай вынаходлівасцю. Дзея перастала адпавядаць сваёй уласнай метамове, словы страцілі сувязь з рэчаіснасцю... На экране, куды сінхронна праектаваўся твар перформера, з’явіліся дзіркі, і праз яго вочы сталі сыпацца кавалкі мяса.

Далей галоўнай дзейнай асобай стаў сам апарат па «ўтылізацыі» — надзьмутая аэракампрэсарам поліэтыленавая галава, у якой адбываўся броўнаўскі рух дробна нашаткаваных газетных палос. Неўзабаве плёнка парвалася, і дзясяткі тысяч паперак струменем выплюхнуліся ў музейную прастору. Выглядала ўсё па-дзіцячаму нязмушана — і нечакана пазітыўна.

...PenAtra(C)tion — гэта гібрыд англійскіх словаў «пранікненне» і «атракцыя». «Досвед пранікнення ўнутр сябе часам бывае хваравітым, аднак мастацтва мае сілу пераўтвараць псіхічныя траўмы ў займальны атракцыён», — сцвярджаецца ў эксплікацыі. Мяркуючы па рэакцыі гледачоў, абсалютная большасць якіх упершыню ўбачылі перформанс на ўласныя вочы, гэты сінтэз сапраўды ўдаўся. Чуткі пра «няўцямнасць», «загерметызаванасць» гэтага віду мастацтва яўна крыху перабольшаныя. Як, зрэшты, і пра ягоную празмерную «скандальнасць» ды «эпатажнасць».

Алена Рудая