Алена Атрашкевіч

№ 7 (352) 01.07.2012 - 30.07.2012 г

Па законах шкла

Персанальная экспазіцыя Алены Атрашкевіч у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва звяртала на сябе ўвагу нечаканым падыходам да звыклага матэрыялу, шматзначнасцю закладзеных у творах сэнсавых пластоў. Мастачка — выпускніца кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва нашай Акадэміі, 
сёння яна сама там выкладае. Рэгулярна ўдзельнічае ў замежных сімпозіумах па шкле, а на мясцовых выставах праявіла сябе як аўтар, што знаходзіцца ў пастаянным пошуку новых форм і спосабаў экспанавання сваіх работ.

У мастацкіх школах і ліцэях працы са шклом не навучаюць. Як вы выбралі сваю прафесію?

— Паступіла ў Акадэмію мастацтваў на дэкаратыўна-прыкладное, але не дзеля таго, каб займацца шклом. Кераміка была больш лагічным захапленнем: гліна — даступны матэрыял, яе шмат. Аднак неўзабаве курс наш падзялілі, і мне прапанавалі вучыцца на спецыялізацыі «мастацкае шкло». Нешта новае, незнаёмае, празрыстае і ілюзорнае пачало вабіць маю душу, і я вырашыла паспрабаваць. Перавялася на шкло, але ж ніколі не думала, што гэта падзея вызначальная, што буду мысліць шклом, працаваць з ім, што стану мастаком шклозавода...

На шляху мне сустракаліся проста цудоўныя людзі. Людміла Церах, выдатны знаўца гісторыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, валодала арыстакратычным густам і выхоўвала ў нас, сваіх студэнтаў, далікатнасць і ўспрымальнасць. І аднойчы прыйшоў той дзень, калі я ўбачыла мастакоў, якія самастойна навучыліся выдзімаць шкло. Гэта былі Алена Ткачова, Сяргей Шэцік і Сяргей Кайдак. Яны — мае першыя настаўнікі-практыкі. Ткачова і Шэцік пазней сталі мастакамі шклозавода «Нёман», Сяргей Кайдак па адукацыі быў керамістам, на жаль, выкладаў на нашай кафедры ДПМ нядоўга. Мяне ўразіла апантанасць гэтых людзей. Упершыню ўбачыла, як мастак здольны размаўляць з непакорным, стыхійным матэрыялам.

Асаблівая рамантыка ахінае перыяды практыкі на шклозаводзе «Нёман». Завод унутры выглядае, як вялікі спрут. Там бесперапынна адбываецца вытворчы працэс. Кожны работнік перамяшчаецца па пэўнай траекторыі: тры крокі наперад, тры назад. Завод гудзе і ўдзень і ўначы. Мы любілі прыходзіць на начныя змены: вечаровы водар вераснёўскіх яблыкаў і спевы гутнікаў на варштатах каля печы з расплаўленым шклом... Мы падыходзілі да майстроў, прасілі інструменты, выдзімальныя трубкі, гутнікі штосьці падказвалі. Напачатку было страшна не тое што набраць на трубку гарачага шкла, а проста падысці да печы! І мы заўсёды перашкаджалі. Гэта быў другі курс, пераломны, і творчы запал, які я назірала ў нядаўніх выпускнікоў нашай кафедры — Ткачовай, Шэціка і Кайдака, — уражваў і падбадзёрваў. Паціху мы сталі самі набіраць шкло. Я прыстасавалася яго закручваць у спіраль. І так атрымаліся першыя мае рэчы — смоўжыкі. Рожкі адцягнуў — і яны папаўзлі...

Пасля заканчэння Акадэміі прыехала на Барысаўскі хрустальны завод. Мяне ўзялі на выпрабавальны тэрмін.

І як для творчай асобы праца на заводзе?

— Дысцыплінуе. У Акадэміі мяне вучылі ідэям, а іх практычнай рэалізацыі не было. Калі прыйшла на завод, мая галава была забіта самымі неверагоднымі рэчамі — ад брутальных форм да кічу. А на прадпрыемстве патрабаванні вельмі строгія — акуратнасць і дакладнасць.

Іншая справа, што магчымасці ўбачыць вынік сваёй творчай працы амаль не існавала: ідэі часта заставаліся толькі на ўзроўні аўтарскіх рэчаў. Калі ты малады чалавек, цяжка зразумець законы вытворчасці. Існуе ідэальная схема: праектуеш рэч — і ў выпадку, калі праект зацвярджаецца, наладжваецца вытворчасць. Але ў рэальным жыцці ты павінен сотні разоў даказваць, што тваю распрацоўку можна рэалізаваць, што гэта прыгожа і актуальна. Даводзілася нават сустракаць падазроны позірк у свой бок. У выніку функцыі мастака зводзіліся да карэкціроўкі чужых замежных узораў. Аднак нават такая праца выхавала ўва мне здаровы педантызм. Я ж творца — пралічваць не прывыкла. Давялося вучыцца.

На апошніх выпусках у Акадэміі мастацтваў я бачыла вельмі цікавыя работы ў шкле. Нешта мяняецца?

— Спадзяюся, што так. Шкляры ў Акадэміі маюць мала магчымасцей для працы — з-за слабай тэхнічнай базы. Таму для многіх складана ўнутраным зрокам убачыць свой графічны малюнак аб’ёмным. Цікава «раскруціць» студэнтаў, каб яны ўяўлялі практычнае ўвасабленне сваіх ідэй. Нам са сваімі праектамі даводзіцца ехаць на шклозавод, дзе спакон веку працуюць з гутным гарачым, «жывым» шклом. І самае горшае адбудзецца, калі студэнт вырашыць: багаты матэрыял шкла і майстэрства гутнікаў — адзінае, што патрэбна мастаку. Гэта тупіковы ход. Таму сваю асабістую задачу бачу ў вывучэнні са студэнтамі разнастайных прынцыпаў працы са шклом, у стымуляванні іх да пошуку самых неверагодных спосабаў увасаблення ідэй.

Усюды, дзе я бываю, актыўна цікаўлюся працэсам развіцця сучаснага шкларобства, наведваю адпаведныя музеі. І, вядома ж, абмяркоўваю ўсё са студэнтамі.

Мяне ўражвае разнастайнасць працэсаў, што адбываюцца ў glass studio ў розных кутках свету. У Беларусі шкло — справа няпростая: матэрыялу мала, мастакоў мала, умовы недасканалыя. А ў замежныя студыі — ад Кітая да ЗША і Аўстраліі — людзі прыходзяць як у рэлакс-тэатр. Там яны могуць паназіраць за працай сапраўдных майстроў і мастакоў, атрымаць на памяць шэдэўр, выкананы па іх эскізах. Такім чынам крыху нівелююцца межы прафесійнага мастацтва, але затое існуе мноства месцаў, у якіх могуць навучыць выдзімаць шкло, працаваць з ім у розных тэхніках. Адбываецца працэс, калі з вялізнай колькасці тых, хто «дакрануўся да шкла», нараджаюцца сапраўдныя незвычайныя мастакі-майстры. У кожнай краіне арт-шкло мае свае адметныя рысы. Напрыклад, у Японіі яно архітэктанічнае ў сваёй аснове. Шкло Кітая працягвае нацыянальныя скульптурныя традыцыі. Італьянскае з гонарам нясе здабыткі вострава Мурана і Венецыі. Скандынаўскаму ўласціва канструктыўнасць традыцый дызайну. Амерыканскае аддае прыярытэт арыгінальнасці. Там майстар вынаходзіць і даследуе нейкую тэхніку, даводзячы яе да дасканаласці. Кожны мастак — сам сабе школа, і прынцып унікальнасці тут галоўны.

Гэта для вас ідэал?

— Так, такі падыход мне блізкі. Рамяство знойдзе сабе месца і час, каб стаць мастацтвам. Сучасны перыяд развіцця шкла ў нас ніяк не трактуецца, не раскрываецца. Таму і ў студэнтаў ёсць небяспека патануць у стэрэатыпах: гэта вырабляецца такім чынам, а тое — гэткім. На фэйсбуку я знаходжу сваіх калег, многія з іх адкрытыя, усім дзеляцца. Нядаўна даведалася: мы гіпс з маліраванага шкла шчотачкамі счышчаем, а людзі, аказваецца, у воцаце гэта ўсё адмочваюць. Ёсць свая вартасць у тым, што ты ўсяго не ведаеш і яшчэ доўга сам будзеш вынаходзіць гэты веласіпед. Пэўная чароўнасць адкрыцця... Аднак раз-пораз мне, выкладчыку, сорамна, што я не ўяўляю, як зроблена тая ці іншая работа. Можна, канешне, усё «абысці агародамі». Але часам узнікае здрадніцкае адчуванне, што мы вучым не так і не таму. У Акадэміі ёсць маленькая печка з функцыяй «уключыць-выключыць», але для шкла дзесяць градусаў — вызначальныя. Які тут тэмпературны рэжым? А вынік: працы львоўскіх студэнтаў я бачыла спачатку на праглядах, а пасля — у зборах амерыканскага музея.

На апошняй выставе сапраўды відавочны кантраст паміж, напрыклад, прыбалтыйскай школай і нашай.

— Так. І пры ўсім тым нашы школы блізкія. Тонкае адчуванне матэрыялу, адметнае светаўспрыманне — іх характэрныя агульныя рысы. Задача выставы і сімпозіума — прадставіць зрэз беларускага шкла на сучасным этапе развіцця. На вялікі жаль, не знайшлося магчымасці запрасіць усіх пачынаючых мастакоў шкла. Але працы ў іх вельмі цікавыя, патэнцыял моцны. Таму важна, каб адбыўся наступны сімпозіум і ў нас з’явілася магчымасць убачыць новыя працы і імёны.

Акадэмія ўсё яшчэ выпускае спецыялістаў гэтага профілю раз у пяць гадоў?

— Так было раней — праз абмежаваную запатрабаванасць мастакоў на прадпрыемствах шкляной вытворчасці. Сёння ж можна працаваць не толькі на шклозаводах. Цяпер кафедра ДПМ вядзе набор абітурыентаў на спецыялізацыю «шкло» кожныя 2-3 гады. У студэнтаў такім чынам з’яўляецца магчымасць бачыць творы старэйшых па цэху. Складваецца супольнасць маладых шкляроў. Час ад часу ўдаецца рэалізоўваць з імі творчыя праекты.

Вернемся да вашай творчасці. Вы спрабуеце рэалізаваць свае ідэі ў розных матэрыялах. Як адбывалася развіццё вашых стасункаў з арт-шклом?

— Пэўна, у нас са шклом падобныя характары. Кожны момант працы з ім — маленькі крок да разумення яго сутнасці. Як са сферы адчуванняў перайсці да дакладнай лініі, аб’ёму, ідэальнай формы... Цікавы і бясконцы працэс, падчас якога самы быццам бы незаўважны нюанс неяк суадносіцца з тваімі думкамі і пачуццямі.

Вельмі карысным для мяне аказаўся ўдзел у шкловыдзімальных сімпозіумах. Першым з іх стаў 6-ы Міжнародны сімпозіум гутнага шкла ў Львове. Чула пра гэты форум яшчэ падчас вучобы. Сабрала фотаздымкі сваіх прац — і паехала. Мерапрыемства кожныя 2-3 гады праводзіць Львоўская акадэмія мастацтваў. Яе рэктар Андрэй Бакатэй — таленавіты мастак-шкляр, вучань нашага славутага Тараса Паражняка. Львоў даўно вядомы як сталіца мастацкага шкла. На кафедры ёсць сапраўдная шклаварная печ. І вялікая колькасць апантаных людзей. Да мяне цёпла паставіліся, бо з савецкіх часоў памяталі беларускае шкло і вельмі дзівіліся, чаму ад нас ніхто не прыязджае.

Падобнага кшталту паездкі і сустрэчы моцна паўплывалі на вашу творчасць?

— Так. Удзел у такіх мерапрыемствах надзвычай важны для мастакоў, якія прыязджаюць і з блізкіх, і з вельмі далёкіх краін. Адбываецца цыкл найцікавейшых лекцый, ёсць магчымасць рабіць творы і назіраць, як працуюць сапраўдныя майстры.

Калі прыехала на свой першы сімпозіум, у мяне была свая «пракатаная» праца: я ведала, як яна робіцца на нашым Барысаўскім шклозаводзе, і была ўпэўнена, што змагу яе і ў Львове паўтарыць. Аднак на месцы высветлілася, што там зусім іншае па сваім складзе шкло, што ніяк не хоча яно паводзіць сябе так, як мне трэба. Гэта павінна было калісьці здарыцца! Ты ужо лічыш сябе майстрам, плануеш, як цудоўна ўвасобіцца твая задума, але мусіш імгненна ўсё памяняць. Праца атрымалася больш-менш прыстойная, але я яшчэ раз пераканалася, што да матэрыялу трэба ставіцца з павагай і разумець асаблівасці яго «характару».

З тых часоў я стала ездзіць на ўсе сімпозіумы, да якіх хапала грошай дабрацца. Гэта стымулявала творчасць, актыўны ўдзел у выставах. Адначасова працавала на заводзе. Стварэнне мастацкіх работ і ўтылітарных рэчаў — узаемазвязаныя працэсы. Адно ўплывае на другое. Але ў рэшце рэшт з завода я сышла. На сёння сітуацыя там не змянілася. Наша таленавітая выпускніца робіць там выдатныя рэчы, аднак няма такога звяна, якое падхопіць гэты праект — і на канвеер. Усім трэба даводзіць, што гэта добра. Толькі на голым энтузіязме там і можна працаваць. Але ў мяне ёсць спадзяванні, што прыйдуць маладыя і нешта зменяць.

Работы, што былі на персанальнай выставе, усе выкананы на сімпозіумах?

— Але. Гэта нармальна для мастака — паўсюль ездзіць. Асабліва люблю ўкраінскі кірунак. На львоўскім заводзе цудоўнае эластычнае шкло, мы называем яго доўгім. Першы сімпозіум праводзіўся ў самім Львове на кераміка-скульптурнай фабрыцы. Потым яна зачынілася, і другі форум шкляроў адбываўся на аўстрыйскім заводзе. Апошні праходзіў на прадпрыемстве «Галіцкае шкло». Ён быў проста незвычайны: рэчы, якія ўдалося там зрабіць, паўтарыць немагчыма. Самыя мае ўлюбёныя працы — прапелеры. На нашых заводах яны не атрымліваюцца.

Як часта ўдзельнічаеце?

— Кожныя два-тры гады. У мяне з часоў вучобы засталося шмат артэфактаў, раз-пораз гляджу на іх і разумею, што гадоў дзесяць магу ўвогуле нічога не рабіць, а толькі складваць пазлы з таго, што ёсць. З завода нешта засталося. Калі я там працавала, у мяне была майстэрня. Вечарам, калі апошнія промні сонца траплялі на сцены, гэта быў такі неверагодны час: у мяне нараджаліся творы. Акрамя таго, каб даехаць да Барысава, я амаль дзве гадзіны праводзіла ў дарозе, расплюшчвала вочы ў цягніку, калі сонца ўставала. І шмат што прыдумвалася за гэту дарогу.

Як прыходзяць ідэі?

— Ёсць рэчы, вакол якіх ходзіш усё жыццё, яны заўсёды ў полі зроку. Нябачна прысутнічаюць. І да іх прыемна набліжацца павольна і летуценна. Ёсць імклівыя сутыкненні з пэўнымі вобразамі... Разгортваецца нейкая драматургія і — прыспеў час садзіцца і маляваць, альбо ляпіць, альбо тачыць і шліфаваць. Гэта можа быць якоесьці сутыкненне колераў. Зразумела, я не пра шкляныя рэчы. І вельмі цікава адчуць, як ты можаш іх увасобіць праз шкло. А бывае, што трапіць да цябе нейкая скібка, а ў ёй — сусвет... Па аб’ектыўных прычынах далёка не ўсе гэтыя замалёўкі можна рэалізаваць у матэрыяле. Напрыклад, мне падабаліся электрычныя правады на слупах, пафарбаваных белым і жоўтым. А што ты з гэтага возьмеш — іншае пытанне. Праз гуту не ўсё магчыма зрабіць, і ты мусіш знаходзіць пэўныя варыянты. У мяне дзве папкі эскізаў, многія з іх цяжка ажыццявіць: шкло патрабуе шмат фізічнай працы.

Вы звяртаецеся і да іншых матэрыялаў...

— Гэта эксперыментальныя рэчы, і часам нешта не атрымліваецца. Персанальная выстава была ў мяне першай, цікава было ўбачыць творы збоку. І хоць людзям экспазіцыя спадабалася, у мяне засталося адчуванне, што ў многіх выпадках трэба нешта дадумаць. Таму — ёсць падставы працягваць працу.