Салонны акадэмізм

№ 7 (292) 01.07.2007 - 31.07.2007 г

Выстаўка, арганізаваная Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэяй і Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь, прадстаўляе шырокай публіцы рускае акадэмічнае і салоннае мастацтва ХIХ -- пачатку ХХ ст. Глядач мае магчымасць пазнаёміцца з палотнамі К.Брулова, Г.Семірадскага і К.Макоўскага -- безумоўных «зорак» гэтага напрамку, а таксама з творамі Ф.Молера, Ф.Броннікава, С.Бакаловіча, І.Макарава, Ю.Лемана …

«Палоннікі красы» -- гэта мастакі, якія прадстаўляюць мастацтва салоннага акадэмізму і належаць да ліку «выдатнікаў» акадэмій. Іх творы ўражваюць дасканаласцю малюнка, майстэрствам кампазіцыі, бляскам каларыту, разнастайнасцю фактурных эфектаў, займальнасцю сюжэтаў.

 /i/content/pi/mast/4/98/Salonny-akademizm1.jpg

А.Рыцоні. Мецэнат. Дрэва, алей. 1879.

Акадэмічны і салонны жывапіс у асобах найбольш таленавітых сваіх прадстаўнікоў быў захавальнікам запаветаў жывапіснага майстэрства, увагі да фармальных уласцівасцей мастацтва. У эпоху процістаяння і канфрантацыі акадэмізму і перасоўніцкага рэалізму, прыгажосці ўнутранай і вонкавай, этыкі і эстэтыкі акадэмізм падахвочваў гледача да ўспрымання эстэтыкі формы.
Праціўнікі з дэмакратычнага лагера культуры звалі «палоннікаў красы» «бесклапотнымі мастакамі». У сваёй творчасці яны сапраўды ўслаўлялі, у першую чаргу, красу прыроды і жанчыны, хараство загадкавых краін Усходу, пачуццёвыя радасці быцця. «Нізкія ісціны», цёмныя бакі рэчаіснасці, сацыяльныя і псіхалагічныя канфлікты іх не вабілі. Яны лічылі, што мастацтва заклікана ўзвышаць чалавека над будзённай прозай жыцця, адцягваць яго ад нуды паўсядзённасці, адукоўваць і адначасова радаваць.
Салонны акадэмізм -- інтэрнацыянальная з’ява. Але, пры агульным супадзенні жанравай і тэматычнай структуры рускага акадэмізму і еўрапейскага, у Расіі былі свае нацыянальныя асаблівасці. Да іх варта аднесці багатую прадукцыю ў так званым «рускім стылі» -- бясконцыя сцэны з «баярскага побыту Х
VII ст.», партрэты дзяўчат у какошніках і сарафанах (К.Макоўскі, К.Лебедзеў). У жанры пейзажа можна вылучыць у асобную групу віды Крыма і царскіх рэзідэнцый. І.Крачкоўскі, І.Айвазоўскі, Л.Лагорыа культывавалі міфалогію Крыма як «зямнога раю». Многія мастакі, якія мелі ліцвінска-польскія карані (Г.Семірадскі, С.Бакаловіч, Ватарбінскі), удзельнічалі ў развіцці рускага акадэмізму другой паловы ХIХ -- пачатку ХХ ст. Усе яны вучыліся ў Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў, прадстаўлялі свае творы на акадэмічных выставах. Тое ж самае можна сказаць і пра прыбалтыйскіх немцаў -- Ф.Молера, К.Гуна, Ю.Клевера.
Характэрная ўласцівасць культуры XIX ст
. -- полістылізм -- традыцыйна ілюструецца на прыкладзе архітэктуры і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У не меншай ступені ён закранае выяўленчае мастацтва, дзе суіснуюць стыль «неагрэк», «візантыйскі стыль», «рускі стыль», арыенталізм, еўрапейскае сярэднявечча… Структура выставы, пабудаваная па гэтых стылявых напрамках, прапаноўвае «падарожжа» па розных гістарычных эпохах і краінах.

 /i/content/pi/mast/4/98/Salonny-akademizm2.jpg

Ф.Молер. Пацалунак. Алей. Варыянт паўтарэння  аднайменнай карціны 1840 года.

Майстроў салонна-акадэмічнага кола часта абвінавачваюць у другаснасці, выкарыстанні і спрашчэнні чужых творчых адкрыццяў, адсутнасці духу наватарства. Выкарыстанне гатовых узораў -- сапраўды адна з асноўных уласцівасцей гэтага роду мастацтва. Але «вышыванне па чужой канве» давала магчымасць засяроджана працаваць над формай, адточваць і шліфаваць жывапісныя прыёмы, даводзіць да дасканаласці ўсе складнікі выяўленчага шэрагу карціны, дасягаючы ў сваім рамястве найвышэйшага ўзроўню.
Рускае акадэмічнае і салоннае мастацтва Х
IХ ст., якое даўно чакае спецыяльнага паказу і даследавання, -- значная мастацкая з'ява. Сёння большасць твораў салоннага акадэмізму знаходзіцца ў музейных запасніках і прыватных зборах. Выстава «Палоннікі красы» ўводзіць у сферу ўвагі спецыялістаў і аматараў мастацтва шмат новых імёнаў і твораў, дапамагае стварыць больш аб'ектыўную карціну развіцця рускага мастацтва, дазваляе аднавіць гістарычную справядлівасць і аддаць належнае мастакам, якія ўнеслі істотны ўклад у развіццё культуры ХIХ ст., а таксама лепш зразумець вытокі шматлікіх з'яў мастацтва ХХ стагоддзя.

Таццяна КАРПАВА