«Яўгеній Анегін» ці «Таццяна Ларына»?

№ 7 (352) 01.07.2012 - 30.07.2012 г

Чарговая версія оперы Чайкоўскага

/i/content/pi/mast/58/979/10.jpg 
 Анастасія Масквіна (Таццяна).
Заканчэнне сезона ў Нацыянальным акадэмічным тэатры оперы і балета 
сёлета было пазначана адметнай падзеяй — прэм’ерай «Яўгенія Анегіна». Дакладней, паказам новай рэдакцыі.
Агульнавядома, што гэта опера 
Чайкоўскага — з ліку самых папулярных і «хітовых». На нашай сцэне 
ў розны час адбылося ажно пяць яе пастановак. Першая — яшчэ ў 1933-м, калі тэатр толькі адкрыўся (галоўную жаночую партыю тады спявала Ларыса Александроўская). Папярэдняя версія «Анегіна» была паказана ў Мінску 
больш за чвэрць стагоддзя таму, у 1986 годзе.

Дырыжор-пастаноўшчык новай рэдакцыі — Аляксандр Анісімаў, якога любяць і наш аркестр, і вакалісты. Ён быў музычным кіраўніком або дырыжорам «Анегіна» ў прэстыжных тэатрах — Марыінцы (Пецярбург), «Опера Бастыль» (Парыж), «Лісэа» (Барселона), у Токіа і Пермі. У аркестры з’явіліся свежыя фарбы, наогул выявіўся новы погляд на партытуру. Трапятліва і пранікнёна прагучалі вядомыя арыі, дуэты, ансамблі. Зразумела, хацелася б, каб такога майстра, як Аляксандр Міхайлавіч, тэатр запрашаў і надалей. Супрацоўніцтва яго і аркестра плённае і перспектыўнае ва ўсіх сэнсах.

Пастаноўшчыкам выступіў Аляксандр Прахарэнка, для намесніка гендырэктара тэатра «Анегін» стаўся дыпломнай працай як опернага рэжысёра. Думаю, вялікі піетэт перад музыкай оперы, якая ўвасабляецца ў безлічы тэатраў свету, асобай геніяльнага кампазітара Чайкоўскага паўплываў на інтэрпрэтацыю. Напэўна, узнікла боязь радыкальнага абнаўлення. Невыпадкова тэатр акрэсліў гэтага «Анегіна» менавіта як новую рэдакцыю.

Адсутнасць кардынальных змен звычайна засмучае «прасунутую» частку публікі і крытыкаў, але надзвычай радуе кіраўніцтва і службы, звязаныя з рэалізацыяй квіткоў. Жарты жартамі, але «мэтавай аўдыторыяй» такіх пастановак з’яўляюцца школьнікі, студэнты, аматары традыцыйных версій. Тыя, хто толькі адкрывае складаны і надзвычай умоўны свет оперы, а гэта, пагадзіцеся, таксама важкі культурна-асветніцкі складнік дзейнасці любога творчага калектыву.

Традыцыйнасць або надзвычайная навізна рэжысёрскай інтэрпрэтацыі залежаць шмат ад якіх акалічнасцей. У першую чаргу ад партытуры. У свой час авангардная опера Вячаслава Кузняцова «Нататкі вар’ята» паводле Гогаля была пастаўлена Маргарытай Ізворскай менавіта як авангардысцкі твор. Бо паміж стылем музычнай першакрыніцы і рэжысёрска-зрокавым увасабленнем павінна існаваць адзінства. Гэта аказалася надзвычай цікава, але... Нечакана высветлілася, што наша публіка (у адрозненне ад польскай і нямецкай) пакуль абсалютна не гатовая да эксперыментаў. Уласнае стаўленне глядач прадэманстраваў красамоўна, прагаласаваў нагамі: напрыканцы прэм’ернага (!) паказу палова залы аказалася пустой. Фестывальныя, а значыць, разавыя паказы — гэта, як кажуць, іншая песня. Бо існуе публіка фестывальная, найбольш прагная да ўспрымання новых эстэтычных павеваў.

Вярнуся да пытання ўвасаблення рэжысёрам класічнай оперы. Канчатковы мастацкі вынік тут, нават пры неверагодных вынаходніцтвах і вялікай ступені радыкальнасці, можа быць розным. Напрыклад, у апошняй версіі «Трубадура» зменена месца дзеяння, яно пасунутае бліжэй да нашага часу, зменены прафесіі і грамадскі статус герояў — і ад геніяльнага твора Вердзі засталіся, як кажуць, «рожкі ды ножкі». Бо ўзнік невырашальны канфлікт між вобразамі музычнымі і візуальна-сцэнічнымі. У той жа час «Аіда», інтэрпрэтаваная Міхаілам Панджавідзэ ў духу рэалістычных традыцый і стылі «імператарскай оперы», пераконвае па мастацкім выніку непараўнальна больш, чым «асучаснены» «Трубадур».

Айчынны тэатральны працэс сведчыць: спектаклі, якія маюць надта радыкальныя змены ў лібрэта, спісе дзейных асоб, хутчэй сыходзяць са сцэны, чым больш «спакойныя» і традыцыйныя. Опера — мастацтва дарагое (колькі гістарычных касцюмаў трэба мець толькі для аднаго «Анегіна» і 2-3 складоў вядучых салістаў!). Таму наўрад ці акадэмічны, а значыць, рэпертуарны тэатр будзе фундаментальныя назвы змяняць досыць часта. Іншая справа трупы, якія працуюць па прынцыпе «стаджонэ» (іх шмат у Заходняй Еўропе і па ўсім свеце), калі на працягу месяца рыхтуецца спектакль, яго «пракатваюць» 8-10 разоў і ён здымаецца, а потым пачынаецца праца над іншай операй. Хто ведае, мо імкненне належным чынам данесці да публікі вобразы Пушкіна і Чайкоўскага важней, чым імкненне самасцвярджацца за іх кошт?

Прынцып уласных сцэнаграфічных рашэнняў акрэсліў мастак-пастаноўшчык Дзмітрый Мохаў: «Перакананы, што больш разумна ставіць Чайкоўскага, прытрымліваючыся класічнага варыянта сцэнаграфіі». Як згадваў сам Мохаў, падчас увасаблення мінулай версіі ўвасобіць многія прапановы проста не хапіла часу. Найбольш кардынальныя змены бачныя ў сцэне дуэлі. Калі «Анегін» ішоў у Доме афіцэраў, у гэтай карціне перад гледачом паўставаў усяго толькі «чорны кабінет» са сняжынкамі, што падалі зверху. Затое цяпер уражваюць і заснежаны студзеньскі лес, і трывожныя лілова-бэзавыя цені ранішніх прыцемкаў.

Мастак нечакана (і пераканаўча) пашырыў прастору сцэны ў карцінах баляў. У спектаклі з’явілася больш дынамікі, руху, танцаў (харэограф Аляксандра Ціхамірава). На баль прыязджаюць танцаваць, гэта і робяць госці Ларыных і наведвальнікі пецярбургскага салона. Звяртаеш увагу на цікава знойдзеныя і сэнсава ёмістыя мізансцэны балю ў Ларыных, пластычныя «стоп-кадры», калі герой ніяк не можа выбрацца з кола танцораў, чуе плёткі і раздражняецца яшчэ больш.

Пра што новы «Анегін»? Мяркую, пра каханне і рознае яго разуменне. «Привычка свыше нам дана, замена счастию она...» — адзін са шляхоў, яго агучвае Ларына-маці (Таццяна Цівунова). «В наши лета мы не слыхали про любовь...» — прызнаецца гераіні Няня (Наталля Руднева знайшла для вобраза пераканаўчую, менавіта старэчую, «дробную» паходку. Постаць Няні выглядае прыгнечана-стомленай. Цяжка ўявіць, што спявачка пераканаўча ўвасабляла ўладарную Амнерыс і эратычную Кармэн у ранейшыя сезоны).

Экзальтаваная апантанасць пачуццём і ўяўным вобразам каханай, які не мае ніякага дачынення да рэальнасці, — вызначальная рыса Ленскага ў інтэрпрэтацыі Аляксея Мікуцеля. За свае фантазіі адносна і Вольгі, і Анегіна Ленскі заплаціць жыццём. Некалькі сезонаў таму саліст стаў нечаканым адкрыццём оперы «Набука», дзе спяваў Ізмаіла. Такой жа неспадзяванкай успрымаецца і яго Ленскі. У саліста прыгожы тэнар, мяккі і пластычны гук. Герой Мікуцеля — адзін з найбольш пераканаўчых Ленскіх сярод тых, каго мне ўвогуле давялося бачыць. Таму хочацца часцей чуць спевака ў вядучых партыях.

Любоў-гульня, любоў-какецтва — жыццёвы дэвіз Вольгі (спявачка Наталля Салавей — стажор тэатра). Прываблівае і насычанасць яе мецца, і знойдзены артысткай адпаведны пластычны складнік вобраза: яе Вольга — жыццярадасная гарэза, заўжды рухавая, ні хвілінкі не сядзіць на месцы.

Містыцызм успрымання кахання, глыбокая інтравертнасць натуры, неверагодная, на мяжы экзальтацыі, эмацыйнасць уласцівы Таццяне Алены Золавай. Роля надзвычай складаная! Адна сцэна пісьма чаго вартая! (Дарэчы, яна атрымалася вельмі ўдалай.) Золава, як і іншыя выхаванкі Ірыны Шыкуновай — Алена Сало, Іна Русіноўская, Святлана Марусевіч — мае грунтоўную школу, яна добра навучаная. Голас не стамляецца ад вялікіх вакальных нагрузак. Пераходы з аднаго рэгістра ў другі мяккія, вабяць палётныя «вярхі». Маладосць, асабліва калі яна спалучаецца са спеўным талентам, сцэнічнай харызмай, — магутны аргумент. Гераіні Золавай, танюткай, высокай, пластычнай, верыш ва ўсіх праявах яе эмоцый. Версію маладзёжнага складу выканаўцаў можна было б увогуле назваць «Таццяна Ларына», бо галоўная тут менавіта яна. (Дарэчы, у свой час кампазітар раздумваў, ці не назваць оперу імем любімай гераіні.) Алена пакуль выконвае няшмат вядучых роляў, сярод іх Графіня ў «Вяселлі Фігара», Іаланта ў аднайменнай оперы, Купава ў «Снягурцы», Ганна ў «Набука» і Эма ў «Хаваншчыне». Выкананне партыі Таццяны можна ўспрымаць і як своеасаблівы «бенефіс» артысткі.

Анегін у выкананні Уладзіміра Громава дзіўным чынам апынуўся... ці не на другім плане. Мо таму, што і мне, і гледачу бліжэй героі эмацыйныя, трапятлівыя, здольныя памыляцца і пакутаваць, як Таццяна і Ленскі, а не халодна-разважныя, як Анегін? Гэты Яўгеній выхаваны і па-свецку бездакорны, але ў сцэне ў садзе, калі ён чытае Таццяне «пропаведзь», сімпатыі гледача, вядома, на баку гераіні. На балі ў Ларыных ён крыху высакамерны і нават помслівы ў адносінах да сябра Ленскага. Ахвяра тагачасных уяўленняў пра гонар — у сцэне дуэлі. Але пытанне: калі герой такі «нядобры» і адмоўна-эгаістычны, што ў ім знайшла Таццяна?

Заўважу: маладзёжны склад выканаўцаў, пра які ішла гаворка, і склад больш вопытных салістаў істотна адрозніваюцца. Гэта, па сутнасці, іншая версія оперы. Моладзь прываблівае эмоцыямі, сталыя выканаўцы — абсалютнай выверанасцю вакалу, мізансцэн і ўзаемаадносін. Уладзімір Пятроў, здаецца, нарадзіўся на свет менавіта для партыі Анегіна, такія пераканаўчыя і ягоныя спевы, і разуменне героя, паказ яго паводзін і душэўных памкненняў. Партыю Таццяны Анастасія Масквіна спявае шмат сезонаў, адчувае сябе ў абліччы гераіні абсалютна свабодна і ўвесь час дадае новыя вакальныя і псіхалагічныя штрыхі да абаяльнага і шматзначнага партрэта любімай гераіні Пушкіна і Чайкоўскага.

«Любви все возрасты покорны...» — спявае ў сцэне пецярбургскага балю Грэмін (Васіль Кавальчук). Вось яшчэ ракурс тэмы кахання! Заўжды захапляюся вакальным майстэрствам, «густатой» і насычанасцю фарбаў голасу гэтага саліста. Але ў дуэтах з Аленай Золавай—Таццянай майму ўспрыманню вобраза перашкаджала, як ні парадаксальна, галерэя яркіх характарных і камедыйных герояў артыста, бачаная раней. Акрамя таго, не абавязкова рабіць Грэміна старым. У ХІХ стагоддзі працягласць жыцця была непараўнальна меншая, чым у нашым, у дадатак героі Айчыннай вайны 1812 года рана атрымлівалі генеральскія званні. Для псіхалагічнай пераканальнасці мо варта пашукаць у опернай трупе для Таццяны крыху маладзейшага мужа? Іначай узнікаюць адносіны бацькі і дачкі, а не закаханага героя і яго маладой жонкі. Цікава, што ў дуэце з больш сталай Таццянай — Масквіной такія эмоцыі не ўзнікаюць.

Спектакль толькі нарадзіўся, і многае ў ім будзе ўдакладняцца. Розныя часткі відовішча пачынаюць амаль ідэальна дапасоўвацца адна да адной на 6–7 паказе. Бясспрэчна, новы «Анегін» будзе выклікаць павышаны глядацкі і слухацкі інтарэс.

Абнаўленне або стварэнне новых версій оперных назваў, якія шмат гадоў прысутнічаюць у рэпертуары і без якіх афіша была б няпоўнай, — справа не аднаго сезона. Добра, што яна распачата, але ж і клопатаў наперадзе яшчэ багата...

Таццяна Мушынская