Забіць Альфрэда Іла

№ 7 (352) 01.07.2012 - 30.07.2012 г

Новы спектакль Барыса Луцэнкі

/i/content/pi/mast/58/973/3.jpg

Сяргей Юрэвіч (Паліцмайстар), Алег Коц (Мэр), Валерый Шушкевіч (Настаўнік).

Новы спектакль мэтра беларускай рэжысуры Барыса Луцэнкі «Загадкавы візіт» паводле вядомай п’есы Фрыдрыха Дзюрэнмата «Візіт старой дамы» ў Нацыянальным драматычным тэатры імя М.Горкага ўзрушыў значную частку публікі. Можна нават сказаць, што ён пэўным чынам быў запраграмаваны на поспех. Так супала. Прэм’ера адбылася напярэдадні 80-годдзя Рускага тэатра, юбілеяў Барыса Луцэнкі і Бэлы Масумян, якая, дарэчы, цягам апошняга года ўвесь час знаходзіцца ў полі зроку тэатральнай грамадскасці. І хоць самі адметныя падзеі надыдуць яшчэ толькі ўвосень, спектакль, як вядома, за тыдзень не паставіш. Іншая справа, што прэм’ера для любога калектыву — кожны раз нібы хаджэнне па мінным полі. Але ў дадзеным выпадку, можна лічыць, усё скончылася добра. І спектакль Барыс Іванавіч паставіў такі, што мусіць здаволіць многіх.

Тэатр вельмі настойлівы ў сваіх памкненнях. І пастаўленыя перад сабой задачы вызначае адпаведна сучасным уяўленням аб арганізацыі тэатральнай справы. Гэта значыць: рупіцца, каб план выканаць, прыгожую карцінку зрабіць, амбіцыі творцаў задаволіць. Што атрымліваецца ў выніку такой шматвектарнасці? Рознаскіраванасці? У пэўным сэнсе — шматвектарнасць і рознаскіраванасць. Нечакана натрапіла на рэкламнае «ноу-хау» Рускага тэатра на плошчы Якуба Коласа: у вялізны шкляны кораб (інакш не скажаш) змешчана галоўная гераіня спектакля «Загадкавы візіт», пад ногі якой кінуты цэлы горад. Каго з дапамогай такога гламурнага ахвярапрынашэння можна завабіць у тэатр, і якое дачыненне прыгожы манекен мае да спектакля па п’есе Дзюрэнмата? Падобныя пытанні ў наш час ніхто не задае. Гэта раней «свяшчэннае цела» рэжысуры было недатыкальным для старонніх. Цяпер зусім іншая справа. Яшчэ адзін «паралельны» спектакль тут разыгралі, не зважаючы на сам спектакль. Прэцэдэнт створаны: прынамсі, пэўным чынам «паралельна», толькі ўжо на падмостках, выглядаюць работы сцэнографа і мастака па касцюмах. Веніямін Маршак аздобіў сцэнаграфічную прастору шэрагам далікатна дэкараваных арак, якія паступова, адна за другой, сыходзяць у глыбіню. Атрымалася ўніверсальная адзіная сцэнаграфічная ўстаноўка, да такой ступені нейтральная, што пры жаданні ў яе можа быць змешчана кожная п’еса — без відавочных прыкмет эпохі, атмасферы і канкрэтнага месца дзеяння. У сваю чаргу Марыя Герасімовіч занадта захапілася ўласнымі акцэнтамі ў стылі модных паказаў на подыумах, размеркаваўшы па касцюмах герояў аднолькавыя буйныя швы і выразныя гузікі. Гульня рытмаў у гэтым безумоўна прысутнічае. Ды толькі яркія дэталі ніяк не жадаюць паводзіць сябе ціха і падпарадкоўвацца агульнай мэце. Бяруць на сябе зашмат увагі і адцягваюць ад дзеяння.

Тым не менш, насуперак пэўнай колькасці непатрэбных рухаў спектакль адбыўся. Пад націскам рэжысёрскай думкі аформіліся ягоныя стыль і змест.

Той, хто ведае «позняга» Луцэнку, без асаблівага напружання разумее ягоны пасыл. Цяжка назваць гэта мэсіджам, хутчэй гаворка вядзецца для ўсіх і кожнага. Больш на пачуццёвым узроўні, але ж ніяк не на бытавым. Той, хто ведае «ранняга» Луцэнку, спрабуе ўхапіць яшчэ і нешта між радкоў. Тады адкрываецца дадатковы змест у сплаве эмоцый, інтуіцыі і вельмі асабістага чалавечага вопыту. Вядома, нельга не ўлічваць, што Фрыдрых Дзюрэнмат — улюбёны аўтар савецкай інтэлігенцыі, якая цягам 1970-х захаплялася гульнёй прыхаваных падтэкстаў, напружанасцю дзеяння, парадаксальнасцю сітуацый, вастрынёй і нечаканасцю ўзнятых драматургам пытанняў. Адказы на іх шукалі рэжысёры. Але ўзнавіць шматзначнасць сэнсу, да мяжы закруціць дэтэктыўную інтрыгу, выявіць змест праз тонкае, з мноствам нюансаў, акцёрскае выкананне — не кожнаму было пад сілу. Затое лепшыя спектаклі прыносілі сапраўдную асалоду тэатральным гурманам.

Што сёння? Напачатку здаецца, што замест напружанага маральнага выбару нам прапануюць любоўны рамантызм. І відовішча разлічана ў асноўным на жанчын бальзакаўскага ўзросту. У чымсьці гэта так. Жанчыны проста «за трыццаць» і «моцна за трыццаць» у глядзельнай зале Рускага тэатра, бадай, пераважаюць. Ды толькі сам Барыс Луцэнка абавязкова мае на ўвазе і пэўную частку «разначыннай» публікі. У «Загадкавым візіце», дакладней, у другой яго дзеі, адкрываецца сапраўднае дыханне спектакля. І ўсе актуальныя акцэнты гучаць менавіта там.

Самае цікавае ў апошняй работе мэтра — якім чынам ён усё зводзіць разам. Як на зыбкім, неўсталяваным (змены ў спектаклі адбываліся яшчэ напярэдадні прэм’еры — звычайная для Луцэнкі сітуацыя) пастановачным полі прарастае агульначалавечы сэнс. А «загрувашчаны сцэнічны асяродак» нібыта самаачышчаецца праз дачыненне публікі да нечага важнага. Калі адкінуць у бок усё другаснае, прачыняецца істотнае. Спектакль паводле Дзюрэнмата ўтрымлівае простую і жорсткую канструкцыю, у ягоных сюжэтных паваротах узнікае драматычны напал. Трагедыі не адбылося. І гэта лагічна — у наш час цана чалавечага жыцця сама па сабе невялікая. Затое шмат каштуе іншае — усведамленне чалавечай годнасці, якая ўвогуле не мае ацэначнага парога. Думаю, рэжысёр і выканаўца галоўнай ролі Аляксандр Суцкавер распавядаюць пра гэта. Значэнне мае — якімі сродкамі.

Цягам творчага жыцця Барыс Луцэнка сцвердзіўся як канчатковы і беспаваротны постмадэрніст. Для яго гэта зручны спосаб мыслення, які складаецца з урыўкаў думак і сказаў, намёкаў, асацыяцый, цытат і самацытат, апрабаваных некалі ў іншых спектаклях. Ствараецца зусім асаблівая рэжысёрская плынь, на яе імклівай паверхні можа апынуцца ўсё, што заўгодна. У глыбіні сапраўдны кошт мае толькі адухоўленая эмоцыя. Праўда, апошнія спектаклі Луцэнкі не так і моцна перагружаныя знешнімі падрабязнасцямі і экстрэмальнымі сэнсавымі дадаткамі. Прынамсі, у «Загадкавым візіце» ён як рэжысёр паводзіць сябе даволі стрымана, нават калі спалучае несумяшчальнае. Як ні дзіўна, але тут поруч саладжавы драматызм і эмацыйная выразнасць публіцыстычнай думкі. Неабавязковыя вонкавыя дэталі і ўзважанасць акцёрскага выканання. З’яўленне Клары Цаханасьян — доўгі праход з глыбіні сцэны амаль да глядзельнай залы, элегантны чорны строй і чырвоныя пальчаткі — адразу можа ўспрымацца як наканаванне. А сама яе гісторыя — помста былому каханаму за згубленую любоў і страчанае дзіця — больш нагадвае казкі мінулага стагоддзя. Сцэны Клары і Іла часам падаюцца неадпаведнымі па спосабе акцёрскага існавання. Бэла Масумян з ганарліва выяўленым амплуа арыстакраткі і Аляксандр Суцкавер з тонкім і прыхаваным драматызмам — як істоты з розных планет. Шмат эпізодаў-згадак, дзе рэжысёр праз дэталі, мізансцэны, акцэнты цытуе і ўласнага «Макбета», і ўласнага «Гамлета». Апускаюць героі рукі ў чашы, нібы змываюць, як у знакамітым «Макбеце», нязмыўную кроў; выстаўлены простым шэрагам крэслы з прамымі спінкамі — на такіх, або на вельмі падобных, некалі размяшчалася на гэтых падмостках сям’я прынца Дацкага. Непазбежна ў памяці ўзнікае і «Трохграшовая опера», бо менавіта праз «зонгі» ўваходзіць у «Загадкавы візіт» адкрыты публіцыстычны падтэкст.

Да такой адвольнай, неўтаймоўнай рэжысуры мэтра немагчыма прывыкнуць. Але ўрэшце яе можна цудоўна прыняць, асабліва калі ведаеш ягоныя папярэднія работы. Таму, хто ў тэме, адкрываюцца дадатковыя нюансы, магчымасць паўдзельнічаць у прыхаванай гульні сэнсаў. Звычайным гледачам даволі таго, што заўважана простым вокам. І тут неабавязкова быць спецыяльна падрыхтаваным. Бо на паверхні апынаецца зразумелая кожнаму мараль, неабходная многім у наш заблытаны і няпэўны час. Вельмі дарэчы красамоўна выпрастаны сюжэт: у захалусным горадзе Гюлене з’яўляецца былая жыхарка Клара Цаханасьян, якая абяцае падзяліць паміж месцічамі мільярд, калі яны здзейсняць справядлівы суд над яе былым каханым Ілам. Урэшце становіцца зразумела, што ён мусіць памерці. Важна знайсці таго, хто зможа забіць Альфрэда Іла. Гісторыя, дзе на шалі лёсу кінуты грошы і чалавечае жыццё, наўрад ці здзівіць кагосьці сёння. Важна іншае — тое, як спачатку адчайна хапаецца Іл за жыццё і як потым адмаўляецца ад выратавання. Праўдзівы нягоднік Іл дае ўрокі маралі нашым сучаснікам. Думаю, дзеля гэтага і варта было ставіць спектакль.

Лагічна, што мільярдэрка Клара прайграе цяжкую бітву. Валодаючы незлічонымі грашыма і вялікімі магчымасцямі, яна для спакушэння людзей задзейнічала ўвесь свой арсенал, а потым была вельмі здзіўленая, калі насельнікі горада не далі Ілу шанец. «У іх быў выбар», — самотна вымаўляе яна. Але позна. Прысуд выкананы. Яе прысуд.

Спектакль Барыса Луцэнкі прапануе гледачам цэлы россып яркіх акцёрскіх работ. Найперш звяртае на сябе ўвагу Бэла Масумян у ролі Клары. Актрыса быццам прэзентуецца публіцы з усімі дзесяцігоддзямі адшліфаванымі вартасцямі. «Цяжкае мінулае» яе гераіні ў спектаклі вынесена за дужкі. Падкрэсліваюцца арыстакратызм, здольнасць прыгожа насіць шыкоўныя касцюмы. Магчымасць гранічна засяродзіцца і сканцэнтравацца, прыхаваць пачуцці. У эпізодах з Ілам шмат адкрыта выяўленых страсцей. Прычым Аляксандр Суцкавер напачатку відавочна імкнецца адпавядаць выдатнай актрысе. А потым, у другой дзеі, нечакана раскрываецца сам — пераканальна і драматычна. У пэўным сэнсе ягоная работа — заўважны акцёрскі прарыў. Здатнасць да вялікіх і сур’ёзных роляў, якую многія даказваюць гадамі, тут навідавоку. Выканаўца працуе з другім планам, акрэслівае складаны характар у нюансах і супярэчнасцях. Асноўны змест спектакля ўрэшце раскрываецца менавіта праз яго.

Смелую характарнасць для аблічча свайго героя знаходзіць Алег Коц. Мэр у ягоным выкананні ніколькі не грашыць супраць псіхалагічнай праўды. Варта заўважыць, што ў акцёра іншым разам прысутнічае схільнасць да магутных «перабораў». Тут жа ён нідзе не страчвае пачуццё меры.

Выдатны, як заўсёды, Валерый Шушкевіч. Ягоны Настаўнік — звычайны жыхар невялікага горада і адначасна дзіўная істота, запалоханая і бездапаможная. Акцёр штораз віртуозна знаходзіць новыя фарбы для персанажаў і ўвасабляе іх з уласцівым яму майстэрствам.

Думаю, на змястоўным полі адыходзячага тэатральнага сезона з’явілася годная работа. Зрэшты, усё, што мае маральную і мастацкую каштоўнасць, па-ранейшаму можна пералічыць на пальцах адной рукі.

Людміла Грамыка