Без мітусні

№ 7 (292) 01.07.2007 - 31.07.2007 г

Я не веру ў выпадковасць -- толькі ў заканамернасць... Пасля доўгага перапынку вяртаюся ў тэатр, у Мінск, можна сказаць, «на кругі свая». Бо жыццё рухаецца так, што мы абавязкова мусім прыйсці туды, адкуль некалі выйшлі. Толькі, так бы мовіць, на новым вітку спіралі і ўжо з багажом жыццёвага досведу.

У дыскусіі пра рэжысуру на старонках часопіса «Мастацтва» Таццяна Арлова вельмі трапна заўважыла, што для гледачоў «па-ранейшаму цікавая людская душа». Для гледачоў...

 /i/content/pi/mast/4/97/Bez-mitusni1.jpg
 "Мяшчане" М.Горкага. Нацыянальны тэатр імя Якуба Коласа (рэжысёр А.Дольнікаў). 1987.

Але ж і для рэжысёраў, для акцёраў -- таксама. У сярэдзіне 90-х, у разгар «смутнага часу», я нечакана зразумеў, што галоўная прычына ўсеагульнага заняпаду -- не ў эканоміцы, не ў палітыцы, не ў сацыяльнай неўладкаванасці жыцця: галоўная прычына знаходзіцца ў нас саміх. Тады ўсе мітусіліся ў пошуках грошай, матэрыяльных стымулаў, а я пайшоў пісаць іконы. Даў мне Бог такую магчымасць: задумацца, закасаць у літаральным сэнсе рукавы і пачаць работу па ачыстцы ўласнай душы. «З тэатрам нічога кепскага не здарыцца, а я адыду часова ў бок», -- думаў я. І меў рацыю. Напісанне іконы, па сутнасці, тое ж самае, што і стварэнне спектакля (праўда, іншымі сродкамі): духоўны акт спазнання даступнай чалавеку ісціны. На маю думку, ісціна -- гэта наша сумленне. Вось паставіў рэжысёр спектакль, крытык яго ацэньвае і г.д. Вы думаеце яны чуюць адзін аднаго? Сумняваюся. А калі чуюць, дык толькі тое, што хочуць пачуць. Лепей, канешне, калі пахваляць... Узрадуецца тады рэжысёр і пойдзе з ганарліва ўзнятай галавой шукаць некага наступнага, хто яго зноў пахваліць. І не разумее ён, глухі і невідушчы, што ўсё гэта самападман. Шмат гадоў я працую і шмат гадоў назіраю за нашымі рэжысёрамі. У правінцыі, у Мінску, у Маскве -- усюды яны прыблізна аднолькавыя ў сваім неўтаймоўным жаданні даказаць ўласную непаўторную «самасць». І вельмі рэдка хтосьці з іх шукае ісціну. Разумееце, не спектакль трэба ставіць з эфектным святлом і гучнай музыкай, галоўнае -- выбудаваць дыялог са сваім сумленнем і сумленнем гледачоў. Я не памятаю, каб хто-небудзь з нашых рэжысёраў хоць аднойчы пакаяўся, што не меў рацыі, што зайшоў у тупік і завёў туды акцёраў. Не. Ніколі. Як правіла, вінаваты нехта іншы, прычыны шукаюць навокал, а не ўнутры саміх сябе. Ды толькі сумленне не ляжыць на палічцы, каб у патрэбны момант зручна было дастаць, успомніўшы, так бы мовіць, пра ягонае існаванне... Зрэшты, ці не таму сучасны тэатр блукае ў прыцемках, што не ісціну шукае, а грошы? Не пакаяння прагне, а марнага поспеху, прыпраўленага апладысментамі? А пакаяцца ёсць у чым... Прынамсі, у непрафесійнасці, ляноце, баязлівасці, карысталюбстве і г.д.
Каб зразумець адзін аднаго, нам неабходна выпрацаваць агульныя крытэрыі ацэнкі, у іншым выпадку гутарка будзе весціся на розных мовах. Пра які тэатр мы гаворым? Калі пра гімнастычныя практыкаванні пад музыку з вымаўленнем тэксту п’есы -- гэта адзін тэатр. Ён таксама мае права на існаванне. Калі пра жыццё чалавечага духу на грунце рускай рэалістычнай акцёрскай школы (А.Эфрос, А.Васільеў, П.Фаменка) -- гэта зусім іншы тэатр. Да якога тэатра імкнуцца рэжысёры ў Беларусі? Думаю, кожны да свайго, каму што падабаецца. На мой погляд, беларуская тэатральная школа (у тым выглядзе, у якім існуе сёння) усё больш аддаляецца, да прыкладу, ад маскоўскай, ад рускай. Маю на ўвазе найперш метадалогію працы з акцёрам. Паглядзіце любы спектакль Пятра Фаменкі або Сяргея Жынавача -- і вы зразумееце, пра што я кажу. Беларускія рэжысёры ўсё больш варацца ў сваім соку, узаемасувязь паміж тэатрамі Беларусі і Масквы, Піцера слабее, нягледзячы на асобныя кароткія гастролі і фестывалі. Калі імкненнем да незалежнасці прасякаецца галіна тэатральнай культуры (а «працэс пайшоў»), то непазбежна нараджаецца які-небудзь мутант. Можа, ён некаму і прыдзецца даспадобы, але мне здаецца, што беларусам наканавана ісці следам за Пушкіным, Гогалем, Астроўскім, Дастаеўскім, Чэхавым, Вампілавым. Ды й другога Станіслаўскага мы пакуль яшчэ не нарадзілі. Толькі навошта нам другі? Дай Бог засвоіць тое, што пакінута нам рускай класічнай літаратурай і выдатнымі рэжысёрамі ХХ стагоддзя, у якіх, дарэчы, вучацца рэжысёры і акцёры Амерыкі і Еўропы. Каб ставіць С.Бэкета, трэба спачатку навучыцца ставіць Чэхава. А не наадварот. Нехта вельмі дакладна заўважыў, што Чэхаў растварыўся ў сусветным тэатры, як цукар у чаі. Перакананы, што акцёры, рэжысёры, якія валодаюць школай рэалістычнага псіхалагічнага тэатра, здатныя сыграць усё. Ад Шэкспіра -- да Янкі Купалы і Якуба Коласа.
А цяпер, магчыма, пацягнем за галоўнае звяно і выцягнем увесь ланцужок. Я маю на ўвазе звязку рэжысёр -- акцёр. Практычна ва ўсіх спектаклях бачу, што акцёр для рэжысёраў -- толькі сродак для дасягнення мэты. Тут корань праблемы. Мы забываем, што акцёр -- яшчэ і чалавек, як ні дзіўна гэта гучыць. Чалавек -- мэта, а не сродак. Не можам пазбыцца «саўковага» мінулага на падсвядомым узроўні, не кажучы ўжо пра тэатр і пра чыста прафесійныя рэчы. Калі ў бытнасць маю маладым рэжысёрам я вырашыў пазбавіцца апекавання Б.Луцэнкі, ён мне сказаў на развітанне: «Не давярайце акцёрам». У гэтым увесь Барыс Іванавіч. Мо ў побытавым сэнсе ён і мае рацыю. Але ва ўзаемаадносінах рэжысёр -- акцёр для мяне ўсё наадварот. Калі я не давяраю акцёру, дык чаму ён павінен давяраць мне, рэжысёру? Мэта творчасці -- чалавек. Усе праблемы: духоўныя, сацыяльныя, палітычныя -- мы знойдзем у ім, калі захочам. Цікавы менавіта чалавек, а не разумовыя ідэі, якімі захапляюцца рэжысёры-самавыяўленцы. Для іх акцёр -- штосьці накшталт марыянеткі на нітачках, фізкультурнік, які махае рукамі і нагамі пад бадзёрую музычную фанаграму. Мне сумна на гэта глядзець. І хочацца нарэшце ўбачыць на сцэне жывога чалавека, а не хадзячую ідэю.
На мой погляд, у Беларусі сёння няма маладых рэжысёраў узроўню Міндаўскаса Карбаўскаса, Ніны Чусавай, Кірыла Сярэбранікава (я назваў толькі трох паспяховых рэжысёраў Масквы). Прычыны трэба шукаць у тэатральнай школе. Хто выкладае? Што? Як? Вялікае значэнне мае сама сістэма мастацкага кіраўніцтва тэатрамі. Ні для кога не сакрэт, што мастацкае кіраўніцтва тэатра даволі раўніва ставіцца да калег-рэжысёраў, калі яны нейкім чынам сваёй творчасцю могуць скласці канкурэнцыю. Яшчэ Г.Таўстаногаў казаў, што тэатр -- дабраахвотная дыктатура. Ды толькі самастойна мыслячы рэжысёр не можа існаваць побач з дыктатарам.
У сувязі з гэтым вельмі цікавым мне падаецца досвед А.Табакова. Узначаліўшы МХТ імя А.Чэхава, ён не пабаяўся прыняць нестандартнае рашэнне, чым выклікаў рэзкую незадаволенасць многіх сваіх калег -- старажылаў Мастацкага тэатра. Алег Паўлавіч заявіў, што ягоная задача -- вярнуць гледача ў тэатр. І пачаў запрашаць на пастаноўкі самых розных рэжысёраў, творчасць якіх часам супярэчыла прынцыпам і традыцыям МХТ. Сярод іх былі як вельмі маладыя, так і вельмі немаладыя: Ю.Бутусаў, К.Сярэбранікаў, Н.Чусава, М.Карбаўскас, А.Шапіра, Ю.Яромін, М.Разоўскі і нават японец Т.Сузукі. У выніку МХТ імя А.Чэхава зноў стаў самым папулярным тэатрам Масквы. Ці здатныя нашы «Табаковы» на такі «подзвіг»?
Ведаю, скептыкі мне запярэчаць: маўляў, у нас грошай такіх няма і г.д. Але ж Алег Паўлавіч таксама не са сваёй кішэні плаціў. Не трэба ўсё зводзіць да грошай. Трэба проста захацець...
Лёс беларускіх рэжысёраў майго пакалення склаўся няпроста. В.Маслюка і М.Трухана ўжо няма сярод нас. М.Пінігін жыве ў Пецярбургу, у Мінску бывае наездамі. Я.Натапаў, Г.Мушперт, В.Растрыжэнкаў працуюць і пакуль яшчэ не сказалі свайго апошняга слова. Што да мяне, дык я згадаю словы дэ Голя сыну: «Ідзі заўсёды самым цяжкім шляхам -- там няма канкурэнцыі». Мой шлях палягаў ад тэатра да іконы, ад праваслаўнага храма зноў у тэатр. Я ведаю, што тэатр -- не храм. Але такім павінен быць хоць бы ў нашай душы. Таму што для гледачоў яна па-ранейшаму застаецца цікавай -- душа чалавечая.

                                                                                                   Аляксандр ДОЛЬНІКАЎ 

                                                                                                                                   Масква.