Звычайны ракурс

№ 6 (351) 01.06.2012 - 01.01.2005 г

Лялькі з раніцы да вечара

/i/content/pi/mast/57/968/30.jpg 

 

Беларускі міжнародны фестываль тэатраў лялек сёмы раз прайшоў у Мінску. Адразу варта зазначыць, што ягоныя прыхільнікі невыпадкова менавіта гэты фэст лічаць адным з самых крэатыўных у краіне. Па-першае, ён паспяхова абвяргае ўстойлівыя меркаванні пра ўзроставую скіраванасць мастацтва тэатра лялек. Па-другое, спектаклі захапляюць, узрушаюць, выклікаюць ажыятаж, а глядзельныя залы вельмі часта не могуць умясціць усіх жадаючых. Мабыць таму і сёлета фестывалю зусім не патрэбна была масіраваная рэклама. Той, хто хоць аднойчы трапіў на ягоныя прагляды, абавязкова прыходзіць зноў.

Урэшце, што змянілася цягам дзесяцігоддзяў?

Паступова фэст зрабіўся своеасаблівым клубам па інтарэсах, дзе перадусім — карпаратыўная паяднанасць лялечнікаў свету, а на выхадзе — вір тэатральных ідэй і прапаноў. Пра гэта сведчылі ўсе шэсць мінулых сустрэч. На спектаклях гледачы неаднойчы прыходзілі ў захапленне: адушаўленню падлягала ўсё, лялькі дэманстравалі свае звышнатуральныя здольнасці, метафары не хадзілі па адной, з нашага ўяўлення зрывалі ўсялякія шоры, і разам з лялечнікамі мы луналі на хвалях натхнення па-над тэрыторыяй маралі ў прасторы вызваленага сэнсу.

Тое, што лялечнікі рухаюцца наперад уласным шляхам, ні ў кога не выклікае сумненняў. Хоць сам фестывальны кантэкст зведаў пэўныя змены — у адпаведнасці з тым, як развіваецца сучаснае мастацтва. Коратка можна зазначыць, што метафара як асноўны і самы эфектны спосаб выказвання паступова саступіла месца канцэпту. Міжвідавы падзел саміх мастацкіх складнікаў зрабіўся менш адчувальным. Сваю тэрыторыю ўпэўнена занялі тэатральныя інавацыі. Лялькі, маскі, акцёры, работа рэжысёра і мастака, харэографа і кампазітара спалучыліся ў своеасаблівым міксе. Узнікла нават новае вызначэнне — «трэці тэатр». Прынамсі, на папярэдніх, пятым і шостым фестывалях здавалася, што мы знаходзімся на парозе адкрыцця. Вось-вось... Аднак у мастацтве нічога і ніколі немагчыма спрагназаваць. У 2012-м фэст прайшоў са значна меншым размахам. Адкарэкціраваная канцэпцыя дазволіла па-іншаму зірнуць на сённяшнія рэаліі і праблемы. Пра гэта — гутарым з мастацкім кіраўніком фестывалю Аляксеем Ляляўскім.

Міжнародны фестываль тэатраў лялек лічыцца адным з самых уражальных і крэатыўных у Беларусі. Вакол яго — звыклы ажыятаж. Але ж сёлета глядацкага імпэту, шчыра кажучы, заўважна паменела. Таму раблю адпаведную выснову: поспех любога тэатральнага фестывалю наўпрост залежыць ад колькасці ўкладзеных у яго грошай.

— Калі больш дакладна, ад таго, дзе паказваюць і што паказваюць. Вядома, ад наяўнасці грошай залежыць, якую колькасць калектываў на фестываль можна запрасіць. Але ж і прыдатных сцэнічных пляцовак у Мінску цяпер мала.

Хіба не праглядаецца простая сувязь: чым спектакль лепш, тым больш каштуе?

— Справа нават не ў гэтым. Мы заўсёды імкнуліся, каб наш фестываль быў міжнародным. Калі беларуская частка праграмы, як сёлета, пераважае, узнікае зусім іншы кантэкст. І гэта незалежна ад узроўню спектакляў ды іх фінансавай ацэнкі.

Насамрэч фестываль выдатны. Проста некалі было больш спектакляў, якія істотна пашыралі нашы ўяўленні пра магчымасці тэатра лялек. Была скіраванасць на так званы «трэці тэатр», які існуе на памежжы розных відаў мастацтваў. Зразумела, што прыхільнікі фэсту, а іх сапраўды нямала, чакалі новых нешараговых уражанняў. Але сталася інакш. Што, на твой погляд, атрымалася?

— Раней беларускія спектаклі складалі большую частку ранішніх праглядаў для дзяцей. «Трэці тэатр» уладарыў на вечаровых паказах. Гэтым разам атрымалася наадварот, але ж, ты ведаеш, айчынны тэатр да эксперыментаў не вельмі ахвочы. З іншага боку, мы якраз меліся паказаць рэальнае становішча рэчаў. Калі хочаш, штодзённы тэатр, а не еўрапейскія топ-спектаклі. Нават запрашаючы калектывы з-за мяжы, арыентаваліся не на знакамітыя калектывы з абранага спіса, які ўсім добра вядомы, а на творы, якія штовечар глядзяць звычайныя людзі. Напрыклад, «Дамы клоўнаў» афінскага Тэатра «Мерлін», што так моцна ўразілі нашых гледачоў, — нармальны пракатны спектакль для Грэцыі.

Значыць — тэатр лялек у штодзённым разрэзе і, так бы мовіць, свядомы крок у іншы бок?

— Так. Напрыклад, можна было прывезці з Кіева «Макбета», дзе на сцэне фігуруе капуста, і сцвярджаць, нібыта гэта і ёсць сучасныя ўкраінскія брэнды. Але мы запрасілі Валынскі акадэмічны тэатр лялек са спектаклем «Шматкі па закавулачках», які паказваюць у Луцку і многіх іншых гарадах Украіны. Дзеля таго, дарэчы, каб спусціцца на рэальную глебу і паглядзець, наколькі традыцыйныя пастаноўкі прайграюць у параўнанні са згаданымі спектаклямі-топамі. Або не прайграюць? Яшчэ часта можна пачуць: «Айчынны тэатр лялек зрабіў вялікі крок наперад, карыстаецца ўвагай і поспехам...» Карыстаецца. Але ж на якім фоне? Нам і гэта было цікава зразумець. Наколькі мы наблізіліся і наколькі саступаем так званаму «трэцяму тэатру»? Пасля фестывальных праглядаў у мяне стварылася ўражанне, што мы самыя звычайныя. І розніца паміж спектаклямі з Маладзечна, Кішынёва, Луцка або Каўнаса...

...залежыць ад таго, які мастак над імі працуе.

— Хто, з якой мэтай і ў якіх умовах спектакль зрабіў.

У пэўным сэнсе паняцце правінцыйнасці ў тэатры лялек адсутнічае. А творчыя выбухі могуць адбывацца або не адбывацца ў любой кропцы краіны. Напрыклад, запрашаючы знакамітых лялечнікаў на пастаноўкі, Брэсцкі тэатр лялек упэўнена становіцца на трывалую мастацкую платформу. З «Каралём Лірам» не вельмі атрымалася. Але ў дадзеным выпадку гэта не паказчык. Галоўнае, шанцы займацца мастацтвам маюць усе без выключэння. У сувязі з гэтым — які ён сёння, тэатр лялек?

— Разнастайны. Прынамсі, яго вельмі цяжка выбудаваць па тэндэнцыях, таму што мае шмат накірункаў. У стасунках з маленькімі гледачамі, напрыклад, мяжа праходзіць па Одэры. У заходняй частцы Еўропы вялікая ўвага надаецца даследаванню псіхалогіі дзіцяці. У тэатрах гэтым займаюцца педагогі. І з дзецьмі там размаўляюць па-іншаму. А галоўнае, дакладна ведаюць, пра што гутараць, як і з кім. У нас звычайна ўсё адбываецца агулам. Проста ёсць нейкія ранішнія спектаклі. Для гледачоў ад трох да дванаццаці гадкоў. Неаднастайнае ўспрыманне, затое ўсе задаволены і рэжысёрам можна глыбока не капаць.

Такім чынам мы выпрацоўваем пэўны шаблон, універсальнае нешта, здатнае задаволіць многіх...

— А там арыентуюцца на канкрэтны ўзрост. І не бывае сітуацыі, каб педагог, перш чым павесці на спектакль школьнікаў, сам яго не паглядзеў. Бо ён павінен падрыхтаваць дзяцей да таго, што яны ўбачаць, а потым яшчэ ўбачанае з імі абмеркаваць. Здаецца, у нас падобнае некалі называлася «эстэтычнае выхаванне падрастаючага пакалення».

У праграме фестывалю прысутнічалі такія спектаклі?

— «Фея шчасця» Тэатра лялек Магдэбурга, якая, на жаль, да нас не даехала, разлічаная на пяцігадовых дзяцей. Каб пагутарыць з імі аб тым, што такое шчасце.

А спектакль Каўнаскага тэатра лялек «Сямейка з вялікага гаю» ў пастаноўцы Алега Жугжды?

— З усяго, што сёлета ўдалося паказаць, у ім найбольш дакладная ўзроставая арыентацыя. Залішнім стаўся сінхронны пераклад, які вельмі адцягваў увагу. Калі мне тлумачаць, пра што спяваюць і пра што танчаць, узнікае адчуванне, нібыта тэатр не давярае самому сабе. Пераклад становіцца яшчэ адным элементам відовішча, але ж першапачаткова ён не быў улучаны ў спектакль. Тое, што адбываецца на сцэне, дзеці мусяць самі разгадаць. Задача тэатра скіраваць іх на разуменне, на іншы від успрымання. А мы любім усё разжаваць, каб было зразумела.

Колькі ўзроставых пластоў існуе ў тэатры лялек? Ці бярэ ён пад увагу падлеткаў?

— Тры: для маленькіх гледачоў рознага ўзросту; для моладзі 14–16 гадоў і для дарослых. Пры тым, што тэатра для падлеткаў у нас не стае. Некалі асобныя спектаклі былі ў ТЮГу, у Маладзёжным... а цяпер іх увогуле няма. У праграме фестывалю падлеткам адрасаваны піцерскі «Вершнік СUPRUМ» і афінскія «Дамы клоўнаў».

А яшчэ «Дзікае паляванне караля Стаха» Магілёўскага абласнога тэатра лялек?

— Шчыра кажучы, для каго гэты спектакль, я не зразумеў. У Караткевіча адраснасць нібыта заяўленая. Хоць рэжысёр і вылучае рамантычна-любоўную лінію, не ведаю, што на спектаклі сучасная моладзь будзе рабіць. Выйшла нешта накшталт: «Пойдзем у кіно, ёсць білеты на апошні рад, я цябе за каленку патрымаю».

Думаю, моладзі сумна не бывае. Вельмі цёмна на сцэне, і трэба прыкласці намаганні, каб хоць што-небудзь разгледзець і зразумець. Спектакль як з’ява мастацтва... у штодзённым тэатры лялек магчымы?

— Магчымы, пераважна калі гэта датычыцца спектакляў для моладзі і дарослых. Наогул думаю, ён падуладны ўсім працэсам, якія адбываюцца ў культурным свеце. І не зважаючы на нашы традыцыйныя прыхільнасці, усё роўна будзе развівацца ў «трэці тэатр». Хоць сітуацыя ў многіх краінах цяпер не вельмі спрыяе таму, каб ён хоць некуды рухаўся. Вось і з’яўляецца не шмат насамрэч цікавых спектакляў. Мне здаецца, наш час стаміўся ад няўцямнасці выказвання. Яснасць пазіцыі тэатра ў стасунках з гледачамі павінна быць. Як у нашым «Вянчанні».

Дзе ёсць здзіўляючая ўнутраная злучанасць. Ніводнай пустой зоны. Са шматлікіх кампанентаў нараджаецца неперарыўнасць.

— Так. Яны дамовіліся, і яны гэта робяць. Узнікае поўная яснасць сэнсу. Размова з гледачамі можа быць пабудавана па-рознаму. Але яна абавязкова павінна быць пабудаванай!

Хіба гэта не само сабой зразумела для прафесійнага тэатра?

— На многіх спектаклях не ўсведамляю, пра што яны ўвогуле. Дзеля чаго? Магчыма, проста таму, што ёсць артысты, якіх трэба вывесці на сцэну? Або вырашылі нейкім чынам папрактыкавацца? Ці — так атрымалася?

Лічыш, што наш тэатр у такой меры адкінуты назад?

— Безумоўна, прычым увесь. Псіхалагічная ўстойлівасць у сучасным грамадстве знаходзіцца на вельмі нізкім узроўні, і таму творцы імкнуцца сябе нейкім чынам знівеляваць. Галоўнае, каб бурбалак не было. Так, усё атрымалася прафесійна. Толькі незразумела — дзеля чаго? Зрэдчас бывае іначай. Вось сабраліся разам акцёры, стварылі Тэатр сучаснай харэаграфіі «D.O.Z.SK.I» і выказваюцца. У іх ёсць яснасць, канцэпт. Мне зразумела, навошта яны гэта робяць. У сваіх спектаклях абсалютна ўпэўнена прапануюць уласны погляд на светабудову. Магчыма, мне гэта не блізка, але павагу іх дзейнасць выклікае. У тым жа выпадку, калі сэнс спектакля даводзіцца дадумваць за ягоных стваральнікаў, становіцца нецікава і млосна.

«Тэатр лялек у штодзённым разрэзе» таксама дэманструе падобныя тэндэнцыі?

— Здараецца, зрабілі спектакль для дзяцей. Лічаць, ім і так будзе цікава... галоўнае, каб бацькі ды настаўнікі не хваляваліся. І дарослыя чамусьці становяцца галоўнымі, калі ствараюцца спектаклі для дзяцей. Зрэшты, мне вельмі складана разважаць пра беларускі тэатр, бо ягоная палітра, нават з пункту гледжання разнастайнасці эстэтыкі...

Але ж зместавая палітра Сёмага Міжнароднага ўражвае.

— Палітра ўражвае, ды толькі мы зараз не назвы абмяркоўваем. Хоць у бальшыні сучасныя гледачы не прывыклі чытаць. Ім аўдыякнігі даспадобы, дзе нехта распавядае. Зразумела, навошта вочы сляпіць? Адпаведна, такі від тэатральнага мастацтва таксама можа быць. Ён нават зафіксаваны зменамі ў законе аб аўтарскім праве і мае на ўвазе менавіта аўдыякнігу або аўдыяспектакль. Значыць, мы, рэжысёры, другасныя — маўляў, пасуньцеся, тут словы галоўныя, якія аўтар напісаў.

І ўсё ж на фестывалі былі паказаны лепшыя на сённяшні дзень спектаклі беларускіх тэатраў лялек для дзяцей і дарослых. Думаю, варта адзначыць, што гэты тэатр паспяхова канкурыруе з тэатрам драматычным, хоць не ўсе пра тое ведаюць. Калі паспрабаваць абагульніць тэндэнцыі, якія фестываль акрэсліў, што атрымаецца, на твой погляд?

— Калі казаць пра тэатр штодзённы, можна адзначыць, што ён забаўляльны, часам не думае пра публіку, нібы замыкаецца сам на сабе. Гэта негатыўны момант, які мае месца. З іншага боку, ён можа быць сур’ёзным, з дакладным пасылам. Фестываль у большай меры прадстаўляў тэатр звычайны. А мы, на жаль, пакуль што падзяляем яго на спектаклі для звычайнага гледача і на спектаклі, якія ўсіх нас натхняюць і моцна ўражваюць. Гэтаксама існуюць тэатр для мастацтва і тэатр для грошай, для плана, для нечага яшчэ... Проста для гледачоў, якія ў суботу і нядзелю квіткі купляюць. І тады раптам узнікае неўразуменне: калі яны ўсё роўна квіткі купляюць, навошта прыкладваць нейкія намаганні? Гледачам у любым выпадку спадабаецца... Словам, з аднаго боку — мы маем тэатр стагнацыі. З іншага — тэатр прарыву. Гэта таксама наш фестываль прадэманстраваў. Дзіўна, якім чынам падобныя тэндэнцыі суіснуюць у межах аднаго і таго ж калектыву?

Думаю, нармальна. Бывае, не стае сіл і сродкаў.

— Справа не ў сілах і сродках. Праблема ў тым, што наяўная сістэма не стварае канкурэнтнага асяродка. Праз адсутнасць канкурэнцыі ўсе адчуваюць, што можна не выдаткоўвацца на дзвесце працэнтаў. Адзіная заўвага, якую глядач можа зрабіць: «Гэта не супадае з маімі ўяўленнямі аб літаратурным творы». Або: «Майму дзіцяці было страшна». Вось і ўсё. Хоць насамрэч небяспека ў іншым. Кожны раз, прэзентуючы публіцы свой твор, тэатр мусіць гледачоў захапляць, пераконваць: «Вось тое, што нам важна, у што мы верым, хочам, каб вы гэта таксама зразумелі». Калі не атрымліваецца, любы спектакль будзе млявым.

Такім чынам, асабістую мастацкую планку нашы рэжысёры не вельмі ўзнімаюць?

— Няма неабходнасці сябе выкручваць. У той жа час нельга сказаць, быццам патрабавальнасць да сябе цалкам адсутнічае. Менавіта такая выбіральнасць мяне і здзіўляе. З аднаго боку, з’яўляецца мастацкі твор, з іншага — побач з ім існуюць нейкія недамастацкія рэчы. Як гэта здараецца? Мабыць, такія пытанні зрэдчас варта сабе задаваць.

Відаць, кожны, хто працуе ў тэатры, мусіць быць перфекцыяністам. У мастацтве магчыма нешта зрабіць іначай?

— Немагчыма. Ну чаму музыкант сядзіць і з ранку да вечара піліць смычком або б’е па клавішах? Ён разумее, што не можа не на тую клавішу націснуць. Бо сфальшывіць, і гэта пачуюць усе. Калі не ўсе, дык калегі абавязкова пачуюць або людзі, якія слых маюць.

Можна сказаць, што дзякуючы фестывалю ўсе ўбачылі і зразумелі самыя складаныя і надзённыя праблемы?

— Прынамсі, вельмі хацелася, каб адкрылася наша тэатральная рэчаіснасць. Часта кажуць: фестываль — гэта свята. А для мяне важным было зусім іншае, рэальны зрэз жыцця. Таму мы і арганізавалі адкрытыя дыскусіі, зарыентаваныя на практыкаў, дзе кожны ўдзельнік мог свабодна выказацца, задаць любое пытанне. На дыскусіі можна было прыходзіць, а можна было і не прыходзіць. Атрымалася цікава і карысна для акцёраў і рэжысёраў. Спрэчкі ішлі ўнутры прафесійных колаў, без звыклай завядзёнкі — маўляў, а цяпер скажам адно аднаму кампліменты. Дзеля таго, каб тэатр рухаўся ўперад, часам трэба пагутарыць без крыўд і піетэту. Абсалютна неверагодным чынам гэта атрымалася. Ды яшчэ гледачы мелі магчымасць убачыць нашы спектаклі з Брэста, Магілёва, Гродна, Віцебска, Гомеля.

Ты ведаеш, якім будзе наступны фестываль, або яшчэ не думаў пра гэта?

— Думаў. Хацелася б запрасіць спектаклі, якія знаходзяцца на памежжы традыцыйнага тэатра лялек і іншых відаў мастацтва. Паглядзець, дзе так званы «трэці тэатр» перацякае ў тэатр лялек, а дзе не перацякае. Зразумець, калі можна, а калі нельга адлучыць акцёра ад лялькі. Паспрабуем знайсці ў свеце такі памежны тэатр, каб мы наноў не вынаходзілі веласіпед. Магчыма, ужо існуюць зусім іншыя колы, якія круцяцца іншым спосабам.

Унутраная задаволенасць тым, што адбылося на фестывалі, сёлета прысутнічае?

— Прысутнічае вялікае задавальненне. Магчыма таму, што я баяўся самага страшнага — такога вось усведамлення мізэрнасці тэатра. Сталася інакш. Насамрэч ён вялікі. Не заўсёды атрымліваецца, каб феерверк заблішчэў. Але ж фестываль здзейсніўся так, як мы яго задумалі. Пачынаючы з 2006-га ён праходзіць раз на два гады. І гэта цудоўна. Можна загадзя дамаўляцца з калегамі, можна дакладна акрэсліць канцэпцыю і ажыццявіць яе. Сістэмнасць сведчыць пра ўвагу да тэатра лялек з боку дзяржавы. Усё гэта выдатна. Да таго ж я не старонні назіральнік і больш за ўсё зацікаўлены ў развіцці беларускага тэатра. Тое, што ён спраўджвае многія спадзяванні, — самы каштоўны фестывальны досвед.

«Цудоўная дудка» Віталя Вольскага, пастаўленая Мікалаем Андрэевым у маладзечанскай «Батлейцы», яшчэ раз засведчыла, якую важную ролю ў сучасным тэатры лялек можа адыгрываць мастак. Варта зазначыць, што творчыя памкненні сцэнічнага калектыву апошнім часам выглядалі амбівалентнымі, амбіцыі падаваліся беспадстаўнымі. Ад Мікалая Андрэева доўга 
чакалі новага выказвання. І вось, нарэшце, 
«Цудоўная дудка» — відавочная спроба існуючую сітуацыю змяніць.

Мастак Аляксандр Вахрамееў узнаўляе лаканічна строгі сцэнічны асяродак. На маленькім подыуме невялічкія планшэтныя лялькі з адштампаванымі тварыкамі і ручкамі-ножкамі, якія свабодна целяпаюцца ў розныя бакі, — своеасаблівы цацачны рай, разлічаны на рух дзіцячага ўяўлення ў самых розных накірунках. І тут дарэчы рэжысёр-інтэрпрэтатар. Гэта паводле ягоных намаганняў акцёры і лялькі не толькі паказваюць-распавядаюць, захапляючы гледачоў безупыннымі россыпамі рытмаў, але і расстаўляюць патрэбныя акцэнты. Пакрыўджаны злым Панам Янка насамрэч накіроўваецца шукаць справядлівасць, а калі не знаходзіць яе, прымушае ўсіх скакаць пад уласную дудку. Дзякаваць Богу, што яна цудоўная. Вось вам і ўвасобленая народная мудрасць, бо стваральнікі спектаклі відавочна разлічваюць, што іх пачуюць і дзеці, і бацькі.

Насельнікі цудоўнага казачнага дома — Беларускага тэатра «Лялька»  
рэжысёр Віктар Клімчук, мастак Алесь Сідараў, артысты прывезлі на фестываль спектакль «Прынцэса і Свінапас» паводле казкі Ханса Крысціяна Андэрсена. Думаю, што прыхільнікам «Лялькі» яе спектаклі абавязкова трэба глядзець на стацыянары. Бо кожны асобны твор неадрыўны ад вынайдзенага рэжысёрам і мастакам сцэнічнага асяродка, які яны штораз адмыслова і знаходліва запаўняюць ды ажыўляюць. Там усё набывае асаблівы змест. Ды толькі любы фестываль мае на ўвазе падобныя страты. Зрэшты, нішто не перашкодзіла атрымаць задавальненне ад сцэнічнага быцця марыянетак. Вытанчаныя і крохкія істоты з выразным адбіткам характараў дый індывідуальнасцей на абліччы (ох, гэтыя валосікі, носікі, вочкі і фігуркі) распавядалі мудрую гісторыю, адрасаваную малым і дарослым. Некалькі паралельных сэнсавых пластоў ніколькі не заміналі адзін аднаму. Юных гледачоў спектакль навучаў годнасці і прыстойнасці. (Чым раней зразумееш, чаго рабіць ні ў якім разе нельга, тым лепш.) Але ж па-над казачным сюжэтам рэжысёр Віктар Клімчук распавёў пра штучнае і шчырае ў нашым жыцці, пра сапраўднае і фальшывае, засяродзіўся на чалавечай прадажнасці і непадкупнасці, успомніў пра розныя сістэмы каштоўнасцей і «пра асабістую драму вялікага дацкага казачніка, безнадзейна закаханага ў оперную спявачку». Атрымалася дзіцячая казка з па-даросламу сумнай мараллю.

Фраза «А ці не замахнуцца нам на Вільяма нашага Шэкспіра?» з культавага кінафільма «Сцеражыся аўтамабіля» даўно зрабілася крылатай у тэатральных колах. І сведчыць толькі пра сур’ёзныя творчыя намеры, якія, дарэчы, не заўсёды бываюць выніковымі. Дый сітуацыя ў нашым тэатры зараз такая, што просты «замах» на Шэкспіра, Чэхава, Булгакава таксама ў пэўным сэнсе поспех. Нават у тым выпадку, калі дасягненнем сцэнічны твор назваць досыць складана. Беларуская частка праграмы ўразіла ўзважаным выбарам літаратурных шэдэўраў. Ніводнай выпадковай назвы на афішы. Больш за тое, у вечаровых паказах пераважалі класікі: Булгакаў, Шэкспір, Пушкін, Гамбровіч, Караткевіч... Сабраць такі рэпертуар на фестывалі нашых драматычных тэатраў — за межамі магчымага. Але ж пра тое, што ў «сухой рэшце», гаворка асобная. Прынамсі, спектакль Магілёўскага абласнога тэатра лялек «Дзікае паляванне караля Стаха» паводле Уладзіміра Караткевіча пакутаваў на павярхоўнасць. Адбылося прыемна дэкараванае коўзанне па сюжэце, які быў да такой ступені сціснуты і абкарнаны, што ніводная змястоўная лінія не счытвалася адэкватна.

«Дамы клоўнаў» Тэатра лялек «Мерлін» на фестывалі атрымалі бадай што самы моцны глядацкі рэзананс. З тых спектакляў, што ціснуць на ўяўленне і абуджаюць эмоцыі. Застаюцца ў памяці надоўга. Некалькі драматычных расповедаў, разлічаных на спачуванне і суперажыванне. Немудрагелістасць і сціпласць побыту. Ніякага «жывога плана», толькі лялькі. No text. У падкрэслена тыповых рысах і постацях — застылыя пачуцці, як прысуд. Кожная асобная гісторыя — нібы новая драма адзіноцтва, балючых стасункаў з жыццём. Прасякнутая самотным (не чорным) гумарам. Без надзеі, на мяжы адчаю. Здавалася б, нічога надзвычайнага. Сюжэт кожнага эпізоду можа быць змешчаны ў адзіны сказ. Вось у адгароджаным ад свету пакойчыку чалавек жыве з тэлевізарам, і гэта ператвараецца ў сапраўдную бітву за існаванне. Маладая жанчына з маленькім дзіцем; закатавана побытам і даходзіць да самагубства. Уціснуты ў невялічкую прастору балкончыка звычайнай шматпавярхоўкі, за шчыльна зачыненымі дзвярыма, чалавек пакутуе ад гукаў, чутных з ягонай кватэры. Жонка, госці, дзеці. Выдаткі жыццядзейнасці. Але ж — не выносьце мой мозг! І як найлепшы спосаб вырашэння магчымых праблем — месяц у нябёсах, які адзіным махам зрэзвае галаву безупынна рыдаючай дзяўчыне.

Тэатраў падобнага тыпу ў Беларусі ўвогуле не існуе. Спектаклі — канцэпт, лялькі, сцэнаграфія, касцюмы, рэжысура, выкананне — створаны Дэмі Папада і Дзімітрысам Стаму.

Мінулы тэатральны сезон у Беларускім дзяржаўным тэатры лялек сцвердзіў 
з’яўленне новага рэжысёра. Не тое каб дагэтуль мы ўвогуле не ведалі Аляксандра Янушкевіча. Проста падзею рэдкую хочацца адзначыць спецыяльна. «Вянчанне» па п’есе Вітальда Гамбровіча, пастаўленае Янушкевічам разам з мастаком Таццянай Нерсісян, адразу набыло значэнне нешараговай тэатральнай падзеі — без усялякага размежавання паводле сцэнічных жанраў, відаў і накірункаў. Думаю, у любой тэатральнай сталіцы квіткі на гэты спектакль маглі б разыходзіцца за некалькі месяцаў наперад. У нас усё абмежавалася «сарафанным радыё», якое пасля прэм’еры спрацавала імгненна, і перамогай на брэсцкай «Белай Вежы». Пакуль што... На Сёмым Міжнародным фестывалі тэатраў лялек «Вянчанне» ўпэўнена патрапіла ў шэраг спектакляў-лідараў. Сярод ягоных найбольш яскравых набыткаў — дасканалае спалучэнне работы пастаноўшчыка 
і мастака. Дэкарацыя, касцюмы, уласна рэжысура ўтвараюць агульнае мастацкае цела спектакля, якое немагчыма расчляніць. Холадна адцягнены спосаб акцёрскага існавання зрэдчас даведзены да падкрэсленага апрашчэння. Нязмушаная ігра інтанацыямі ператвараецца ў тонкую гульню сэнсу. Вытанчаная візуальнасць прадумана на канцэптуальным узроўні. Адметныя акцёрскія работы Цімура Муратава і Уладзіміра Грамовіча вылучаюцца ўзважанасцю і дакладнасцю выканання. Усё разам — пра тое, як нельга самога сябе павянчаць.

«Сабачае сэрца» паводле Міхаіла Булгакава Гомельскага дзяржаўнага тэатра лялек здавалася пастаўленым паводле ключавых сцэн знакамітага тэлефільма. Згадкі, якія ўзнікалі падчас прагляду, 
не пакідалі стваральнікам спектакля ніводнага шанцу. Пры адсутнасці яркіх характараў і аб’ёмных вобразаў, па-сучаснаму інтэрпрэтаванага зместу ўвага затрымлівалася на шматлікіх недарэчнасцях. Асабліва ўразіў фінальны эпізод з цяжарнай нявестай Шарыкава. Штучная шматзначнасць, як вядома, галоўны вораг цвярозага розуму.

Спектаклі Алега Жугжды традыцыйна ўпрыгожваюць Міжнародны фестываль тэатраў лялек. Мінская публіка яшчэ добра памятае ягонага «Макбета», які зрабіў сенсацыю падчас фэсту трынаццаць гадоў таму. Гэтым разам гродзенскі тэатр у пастаноўцы Жугжды прывёз спектакль не меней уражальны. Містыфікацыя паводле аповесці Аляксандра Пушкіна і оперы Пятра Чайкоўскага «Пікавая дама» сталася адкрыццём падчас сёлетніх паказаў. Напоўненая тонкай іроніяй, з эфектнымі марыянеткамі і дакладна дапасаваным «жывым планам», яна 
зноў засведчыла нешараговыя магчымасці сучаснага тэатра лялек, якому падуладны 
і складаныя зместавыя кампазіцыі, і аб’ёмнае мысленне, і густоўная візуальнасць.

Для таго каб распавесці легенду пра заснаванне Санкт-Пецярбурга, стваральнікам спектакля «Вершнік CUPRUM» піцерскага тэатра «Лялечны фармат» спатрэбіліся на сцэне пяцьсот літраў вады. Але не толькі. Уражальнае відовішча, якое разгарнулася перад гледачамі, бярэ ў палон шматлікімі складнікамі. Не апошнюю ролю адыгрывае так званы «пецярбургскі тэкст», напоўнены цытатамі з самых знакамітых аўтараў горада на Няве. Вытанчанае аблічча лялек спалучаецца 
з не менш адмысловай візуальнасцю, з рухам і трымценнем усяго сцэнічнага асяродка. Усё ў спектаклі то павольнае, то імклівае, нібыта ўзніклае ў бесперапынным пераліве марскіх хваляў. У бясконцай гульні рытмамі і падзеямі. Асобныя эпізоды сапраўды ўражваюць. Уласна кажучы, увесь спектакль — як ігра сцэнічных метафар, гістарычных згадак, намёкаў і мілых канстатацый, прасякнутых павагай да аднаго з самых прыгожых гарадоў Еўропы.

Людміла Грамыка