Панарама суб’ектыўнага

№ 6 (351) 01.06.2012 - 01.01.2005 г

Унутраныя ландшафты Кацярыны Сумаравай

/i/content/pi/mast/57/964/15.jpg 

 Панарама года. Паліпціх. Алей. 2010–2011.

«Вельмі складаная задача мастака — намаляваць ландшафт з дапамогай майстэрскага прыёма, неабходнага для таго, каб мы ўбачылі пейзажную далеч. Гэты прыём ёсць адмысловы падарунак, дадзены жывапісцу», — пісаў італьянскі творца ХVІ стагоддзя Джавані Паола Ламаца.

«Панарама года» — выставачны праект Кацярыны Сумаравай, задуманы як вандроўка па гарадах Беларусі. Пасля Оршы і Полацка ён быў прадстаўлены ў Мінску ў мастацкай Галерэі TUT.BY. Зададзеная ў назве цыкла тэма знайшла свой лагічны працяг у мабільнай форме экспанавання — свайго роду «travel».

Назву праекта можна «прачытаць» і як пэўнае творчае абагульненне, і як указанне на асаблівасці мастацкага мыслення аўтара. Панарама — шырокі агляд, але гэта і адмысловы погляд — аб’ектывізаваны, а можа, якраз суб'ектываваны, адстаронены, сыходзячы ўдалячынь. Ён прапануе ўбачыць свет як абстрактную «макрасхему», геаметрыя якой разнастайная па вызначэнні і ў той жа час абсалютна дакладная і «заканадаўчая».

Панарамнае бачанне ўжо адчуваецца ў імкненні да буйнафарматных палотнаў і беспрадметнай жывапіснай мовы. У апісанні стылістычных асаблівасцей творчасці Кацярыны гэта немінуча адсылае мастацтвазнаўчую думку да традыцый другой паловы ХХ стагоддзя, актуалізуючы адпаведны круг паняццяў: абстрактны экспрэсіянізм ці лірычны абстракцыянізм. Аднак такое бачанне не пазбаўлена парадаксальнасці, што праяўляецца ў магчымасці фіксаваць станы суцэльныя, «маналітныя», завершаныя, якія пры гэтым прадугледжваюць серыйнасць, варыятыўнасць; абагульненыя, амаль міфалагізаваныя — і ў той жа час глыбока індывідуальныя. Агульнае і прыватнае зліваюцца разам і набываюць унікальную выяўленчую формулу, вынайдзеную мастаком, — «суб’ектыўны пейзаж». Гэта формула патрабуе серыйнага выканання, што пацвярджае цыкл графічных і жывапісных прац пад той самай назвай. «Гэта як сон, які праследуе мяне даўно», — тлумачыць аўтар. Але ўласцівасць нашай памяці такая, што кожны паўтор становіцца інтэрпрэтацыяй, а не дакладнай копіяй, кожны новы суб’ектыўны пейзаж дазваляе распавесці пра новыя і новыя станы — працяглыя, устояныя, прапушчаныя праз «халодны» трансфарматар розуму. Але галоўнае ў гэтай формуле — не факт, гісторыя, сюжэт, а менавіта стан: ён першасны. Градацыя інтанацыйнага ладу бясконцая: ад атанальнай гукавой палітры да касмічнага аркестра чыстых нот.

Аднак у жывапісе Кацярыны Сумаравай не проста эстэтычная выява стану «паралельнасці», а цалкам прачулы, але цудам захаваны для наступнай рэтрансляцыі ў «ледзяной абалонцы» кампазіцыі і колеру згустак яго энергіі. «Мае карціны — гэта мае эмацыйныя настроі, часта за імі стаяць адносіны, успаміны, абрыўкі сноў, слоў, дэталі быцця. Усё зашыфравана... гэта дзённік, які літаральна прачытаць магу толькі я», — словы аўтара гучаць як пацвярджэнне. Але раптам гэтыя суб’ектыўныя тэксты, зразумелыя толькі мастаку, становяцца аб’ектыўнымі для гледача, які пачынае ўлоўліваць «Водгукі» свайго асабістага «Магнетызму» ці «Зліцця». Жывапісная мова ператварае іх у амаль метафізічныя паняцці.

Унутраны нерв эмоцыі выяўлены пластыкай колеру, чыстага, адважнага, кантраснага, які паслухмяна разліваецца ў прасторы палатна. Аднак гэта не тэмпераментная каляровая «скорагаворка» абстрактнага экспрэсіянізму, а павольнае маўленне нараспеў, з шырокім актаўным гучаннем. Але колер не пазбаўлены структуры, ён мастакоўскай уладай уціхаміраны, падпарадкаваны законам гарызонту ці вертыкалі, ствараючы кампазіцыю роўнага стану шаляў, дзе чашы не вагаюцца. Гэта кропка праўдзівай раўнавагі манументалізуе прыватны імпульс, ператвараючы яго ў Паняцце.

«Водар дажджу»: секунда суб’ектыўных адчуванняў, ледзь улоўных пачуццёвых пошукаў і хваляванняў трансфармуецца ў цэлую філасофію, якая асэнсоўвае «водар дажджу» як адзін з выразаў духу Сусвету. «Водгук» у суб’ектыўным успрыманні працягласцю менш за секунду становіцца бясконцым рэхам, што нараджае ўсё новыя і новыя гукавыя флуктуацыі. Магчыма, зусім не выпадкова, што карціна «Панарама года», якая стала кропкай адліку для выставачнага праекта, мае два варыянты выканання. Два розныя маштабы. Малы фармат просталінейна прапануе нам тлумачэнне «Панарамы года» як часавага цыкла нашай унутранай прыроды-сутнасці, што можа жыць па сваіх уласных законах. Іншы варыянт адсылае да Прыроды наогул, «вечны рухавік» якой ніколі не спыніцца. А можа, зусім наадварот? Там, дзе малое, хаваецца вялікае, а вялікае ёсць малое? І прырода вакол часам такая сціплая, праяўляючы сябе ў малым, у той час як Прырода ўнутраная неабгрунтавана патрабуе велічы.

Ці, можа, важней, з чаго пачынаецца ваш суб’ектыўны цыкл пораў года? Адказ ад самога мастака гучыць так: «Мой год пачынаецца з вясны. Паводле беларускай традыцыі...»

Кацярына Калянкевіч