Повязь і перакрыжаванне

№ 6 (351) 01.06.2012 - 01.01.2005 г

Сучасны тэкстыль: настаўнік і вучні

/i/content/pi/mast/57/963/14.jpg

Людміла Пятруль. Галава сялянскай дзяўчыны (рымэйк карціны Казіміра Малевіча). Бавоўна, воўна, паўвоўна. 2008.

У галерэі «Універсітэт культуры» прайшла выстаўка мастацкага тэкстылю Людмілы Пятруль і яе вучняў.

Сучасны тэкстыль — эксперыментальны: ён убірае ў сябе элементы ўсіх пластычных мастацтваў, карыстаецца велізарнай колькасцю тэхнік і ўжывае разнастайныя матэрыялы. Адным з яго асноўных відаў з’яўляецца габелен. Нагадаю, што ў сусветным мастацтвазнаўстве тэрмінам «габелен» прынята называць творы, выкананыя на Каралеўскай мануфактуры Габеленаў у Францыі, у шырокім сэнсе — плоскасныя бязворсавыя дываны, зробленыя ў тэхніцы гладкага ткацтва. Аднак у Беларусі габеленамі называюць многія творы мастацкага тэкстылю, заснаваныя на крыжаваным перапляценні нітак і створаныя пасля ХVIII стагоддзя (менавіта тады да нас прыйшоў гэты тэрмін), у той час як больш раннія творы, а таксама выкананыя ў класічнай шпалернай тэхніцы, звычайна акрэсліваюць тэрмінам «шпалера» або «тапісерыя».

Прафесійны габелен у Беларусі бярэ свой пачатак у ХVII—XVIII стагоддзях (мануфактуры князёў Радзівілаў, Агінскіх, графа Тызенгаўза). Ручная вытворчасць шпалераў ды іншых вырабаў тэкстыльнага мастацтва існавала ў Беларусі да 1850–1860-х гадоў. Новай старонкай у гісторыі сусветнага мастацкага тэкстылю лічыцца «адраджэнне» шпалеры, засваенне новай пластычнай мовы, якое пачалося ў Еўропе ў 1930–1940-я; у беларускім мастацтве гэтыя працэсы адбываліся ў 1950—1970-х гадах у творчасці Фелікса Шунейкі, Аляксандра Кішчанкі і Генадзя Гаркунова. Лінія развіцця сучаснага беларускага габелена знайшла сваіх прадаўжальнікаў, і цягам наступных гадоў маладым пакаленнем была створана вялікая колькасць работ, што засведчылі пачатак фарміравання нацыянальнай школы. Яе ядром сталі выпускнікі кафедры мадэлявання адзення і мастацкага ткацтва Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. 1980-я лічацца часам росквіту беларускага тэкстылю, у гэты перыяд ён пачынае далучацца да сусветных тэндэнцый, звязаных з пластычна-прасторавымі эксперыментамі. Аўтары сталі часцей звяртацца да нетрадыцыйных матэрыялаў (лён, грубая воўна, канаплянае валакно, сізаль), свядома парушаючы чысціню тэхнічных прыёмаў вязкай вузлоў, вышыўкай, ворсам, нераўнамерным тканнем, выкарыстаннем нестандартных фарматаў.

Адным з такіх мастакоў-наватараў з’яўляецца Людміла Пятруль. Імкненне да творчасці праявілася ў яе ў дзяцінстве: вабілі паэзія і жывапіс. Пачала публікавацца ў студэнцтве, а першы зборнік вершаў «Сцяжынка» выйшаў у 1983 годзе. Вершы мастачкі, як і яе тэкстыльная творчасць, пранізаны рамантычным настроем, яны асацыятыўна-вобразныя, філасафічныя.

Жывапіс прыцягваў Людмілу багатай гульнёй фарбаў, якія, на яе думку, здольныя нароўні з паэзіяй раскрыць духоўны свет мастака. Любоў да колеру знайшла свой працяг у тэкстыльным мастацтве, дзе Пятруль праявіла сябе як таленавіты каларыст. Самым улюбёным з’яўляецца габелен, хоць Людміла Іванаўна паспяхова працуе і ў батыку, у розных відах эксперыментальнага тэкстылю. Як прафесійны мастак яна ўпершыню заявіла пра сябе ў 1972 годзе, прадставіўшы на 3-й Рэспубліканскай маладзёжнай выстаўцы два габелены — «Муза» і «Партрэт з маскамі». А ў 1989-м на выстаўцы эксперыментальнага тэкстылю ў мінскім Доме кіно шакіравала публіку авангарднымі аб’ёмнымі формамі «Старыя, старыя Багі».

Людміла Пятруль — мастак у шырокім сэнсе гэтага слова: яна ўдумлівы эксперыментатар. Аснова яе творчасці — ідэя, толькі так можна стварыць нешта новае, тое, што не мае аналагаў. Ідэалам у тэкстыльным мастацтве для яе з’яўляецца класічная заходнееўрапейская шпалера, а ў жывапісе найбольш прыцягвае авангард пачатку ХХ стагоддзя. Гэтыя ўзоры адлюстраваліся ў работах аўтаркі вельмі своеасабліва — яна ўмела сумяшчае традыцыйныя формы з нязвыклымі. Увасобіўшы ў жыццё задуму, Пятруль падмацоўвае яе новымі працамі — так нараджаюцца серыі. Значных цыклаў у тэкстыльнай творчасці Людмілы Іванаўны сёння каля дзесяці, сярод іх «Хлеб», «Лён», «У зачараваным царстве». Многія творы ўвайшлі ў залаты фонд беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, атрымлівалі ўзнагароды на конкурсах і фестывалях.

На выстаўцы была прадстаўлена толькі частка работ Людмілы Пятруль 1970–2011 гадоў, якія цалкам давалі ўяўленне аб сутнасці яе шматграннай творчасці. Упершыню былі выстаўлены габелены «Гукі памяці» (2010) і «Спакуса» (2011). Першы твор прысвечаны тэме вайны, ён кранае праблему знікнення са свядомасці пакаленняў памяці пра мінулае. Гэта пластычна-плоскасны габелен з рэльефнымі элементамі, якія сімвалізуюць час. «Спакуса» — рымэйк карціны Марка Шагала «Спакуса. Адам і Ева» — адзін з апошніх у серыі праектаў-эксперыментаў Людмілы Пятруль па матывах авангарднага мастацтва. Яна імкнецца даць новае прачытанне ўлюбёным творам знакамітых мастакоў, пераводзячы жывапісныя работы ў ткацтва. На выставе можна было ўбачыць і «Галаву сялянскай дзяўчыны» — «копію» карціны Казіміра Малевіча. Абедзве працы — плоскасныя гладкатканыя габелены. Мастачка прытрымліваецца менавіта такіх формаў, часам насычаючы паверхню складанымі рэльефамі. У цэлым творы аўтаркі маюць багатую каларыстычную гаму, вылучаюцца нестандартнымі фарматамі і імкненнем да абстрактнасці (яно выявілася ў работах Людмілы яшчэ ў гады студэнцтва: яе дыпломны праект «Скрыпачы» быў выкананы пад уплывам творчасці Пабла Пікаса), а таксама разнастайныя па кампазіцыі, якая вар’іруецца ад сумяшчэння простых геаметрызаваных формаў да пабудовы складанага лінеарна-плямавага малюнка. У цыкле работ «Апокрыф» Людміла Пятруль «перавярнула» саму тэхналогію ткацтва габелена, мадэлюючы малюнак не утком, а асновай.

На выстаўцы была шырока прадстаўлена творчасць вучняў Людмілы Іванаўны. Можна было ўбачыць працы, выкананыя ў тэхніцы габелена (Надзея Скрыпчанка, Галіна Нічыпарук, Алена Шастак, Аліна Зайко), лямца і вышыўкі (Вольга Конева), а таксама аб’ёмна-прасторавыя (Юлія Зеляная) і эксперыментальныя тэкстыльныя кампазіцыі (Алена Каляснікава-Ількавец, Надзея Скрыпчанка).

Сама назва выстаўкі — «Повязь» — мае глыбокі філасофскі сэнс. Яна акрэслівае не толькі мастацтва габелена з яго бясконцым перакрыжаваннем нітак, сувязь традыцыйных і эксперыментальных форм, але і пераемнасць пакаленняў: перадача ведаў і досведу сталым мастаком маладому пакаленню, якому наканавана трансфармаваць гэты вопыт і стварыць новыя мастацкія формы.

Вераніка Юрэвіч-Малашчук