Крэатыўнасць для Кармэн

№ 6 (351) 01.06.2012 - 01.01.2005 г

Героі Бізэ ў Маладзечне

/i/content/pi/mast/57/960/10.jpg 

 «Кармэн». Наталля Франскевіч (Мікаэла), Андрэй Мацюшонак (Хазэ).

Адно толькі наяўнасцю ў Маладзечне опернага тэатра сёння ўжо не здзівіць. 
І хай той Маладзечанскі маладзёжны музычны тэатр дае спектаклі ўсяго разы два на год, кожную прэм’еру тут чакаюць так, быццам гэта падзея стагоддзя.

Ну, цэлага стагоддзя ці ўсё ж такі аднаго года, удакладняць не будзем. Бо «кодавым» словам была і будзе менавіта падзея, да якой рыхтуюцца, між іншым, не толькі артысты, але і гледачы. Апошнія замаўляюць букеты, шыюць вячэрнія строі — прычым у адпаведнасці з прэм’ерай. Сёлета была «Кармэн» Жоржа Бізэ — і зала стракацела спалучэннем чырвонага з чорным, дамы прыходзілі з кветкамі ў валасах. І не з сяброўкамі, як гэта бывае ў сталіцы, а ўсё больш з кавалерамі. Ды не беглі ў Палац культуры акурат к сёмай гадзіне вечара, а нетаропка накіроўваліся загадзя, каб і выстаўку ў фае паглядзець, і з думкамі сабрацца, канчаткова настроіўшыся на свята.

У гэтым сэнсе Маладзечанскі маладзёжны музычны тэатр зрабіў галоўнае: выхаваў сваю публіку — сур’ёзную, спагадлівую, добразычлівую, папраўдзе народную, у дастаткова вялікай колькасці — маладзёжную. І тым самым працягнуў добрыя традыцыі, што дзесяцігоддзямі закладваліся Рыгорам Сарокай, завадатарам апошняга і многіх іншых класічных творчых праектаў (ён стаіць на чале не толькі тэатра, але і тамтэйшага музычнага каледжа, а таксама сімфанічнага аркестра навучальнай установы).

А што ж з выканальніцкімі традыцыямі? Штогод тэатр звяртаецца да самых «хітовых» оперных назваў (нагадаем, раней былі «Іаланта» і «Яўгеній Анегін» Пятра Чайкоўскага, «Травіята» Джузэпэ Вердзі), а гэта ўжо абавязвае. Да таго ж, Маладзечна імкнецца выкарыстоўваць уласныя спеўныя рэсурсы, а не разлічвае на салістаў з іншых калектываў. Сёлета гэта тэндэнцыя стала яшчэ больш відавочнай. Бо такое «гасцявое» выключэнне склала ўсяго адна спявачка — запрошаная на партыю Кармэн пяцікурсніца Беларускай акадэміі музыкі Марына Змітровіч: такім чынам яна здавала дзяржаўны іспыт.

Усе астатнія — свае выхаванцы і педагогі! Асабліва ўзрадаваў Андрэй Мацюшонак, якому, нягледзячы на ўсяго трэці курс каледжа, даверылі партыю Хазэ. І не памыліліся! Цікава, што ў гэтым найскладаным музычным матэрыяле, які звычайна спяваюць куды больш сталыя тэнары з моцным драматычным, а не лірычным голасам, малады спявак раскрыўся нават лепей, чым неўзабаве ў песенна-рамансавай праграме «Убельскай ластаўкі» — Адкрытага фестывалю-конкурсу імя Станіслава Манюшкі. Андрэй Саўчанка, які вучыцца ў Маладзечанскім філіяле БДАМ, шыкоўна пачуваў сябе ў ролі Эскамільё. Мікаэла выкладчыцы каледжа Наталлі Францкевіч пераўзышла не толькі галоўную гераіню, але і ўсіх астатніх — ажно оперу хацелася перайменаваць. Цудоўны ансамбль склалі Фраскіта і Мерсэдэс (дзве Вольгі — Кохан і Гардзей), хоць першая выкладае харавое дырыжыраванне, другая ж... цымбалы. Хор не хаваў сваіх здольнасцей у фінале.

Агульны поспех выявіў некаторыя праблемы тэатра, што спарадзілі фарміраванне далёка не лепшых тэндэнцый. І калі мы ставімся да гэтага калектыву ўсур’ёз, а не як да «дзіцячай» рэгіянальнай забаўкі, дык і вырашаць іх трэба як мага хутчэй.

Сярод «праблемных зон» — пытанні рэжысуры. Сёлета тэатр вырашыў быццам пакінуць іх «за дужкамі», але дарма: пазначанае ў праграмцы канцэртнае выкананне, заснаванае не на оперы цалкам, а толькі на асабліва важных музычных нумарах, ператварылася проста ў канцэрт. Дый канцэрты апошнім часам робяцца куды больш тэатралізаванымі! Не толькі з-за імкнення адпавядаць сусветнаму ўзроўню, але і таму, што ў Беларусі апошнім часам з’явіліся добрыя музычныя рэжысёры. Адна з самых крэатыўных — Ганна Маторная, харавы дырыжор, якая нядаўна скончыла БДАМ другі раз — па класе рэжысуры Маргарыты Ізворскай-Елізар’евай. З рэжысурай непасрэдна звязаны і асэнсаванасць спеваў і ўсёй партыі, і ўласна акцёрскае майстэрства (дарэчы, наспеў час выкладаць яго ў музычных навучальных установах хоць бы факультатыўна). Нарэшце, праблемным выглядаў сёлета і выбар твора. «Кармэн» не можа быць без яркай спявачкі, здольнай папраўдзе адсунуць на другі план усіх астатніх.

Добра, што тэатр і сам разумее ўсе азначаныя «тонкасці», якія вось-вось могуць прывесці да «дзіркі». Да свайго 5-годдзя, што будзе адзначацца налета, ён рыхтуе сенсацыю — оперу Алега Залётнева пра Міхала Клеафаса Агінскага, імя якога носіць Маладзечанскі каледж. Рыгор Сарока сам звярнуўся з гэтай ідэяй да кампазітара. Таму новы твор нараджаецца не адно «за сталом», а з разлікам на магчымасці будучых выканаўцаў. Так і павінна быць! Вось толькі, пэўна, і рэжысёра трэба падключаць на адным з пачатковых этапаў, каб ён мог, са свайго боку, уплываць на драматургію. Нават у тым выпадку, калі опера, паводле сучасных сусветных стандартаў, спачатку выйдзе ў канцэртнай версіі.

 Надзея Бунцэвіч