Ногі разам, рукі...

№ 7 (292) 01.07.2007 - 31.07.2007 г

Ёсць спектаклі, якія знікаюць з памяці, прамільгнуўшы тэатральным вечарам стракатакрылым матыльком. Ды не такі тюгаўскі «Мешчанін у шляхецтве»... Хоць, шчыра кажучы, не столькі памятаю сам спектакль, колькі сумнае пасля яго адчуванне: няўжо ўсё так безнадзейна?

 /i/content/pi/mast/4/96/Ruki-nogi2.jpg
Сярод мноства прэм’ер, якія давялося бачыць цягам апошняга сезона, бадай, не было ніводнай, якая б так рэльефна выявіла існуючыя ў храмах Мельпамены праблемы.
Вядома ж, ёсць спектаклі, якія знікаюць з памяці, прамільгнуўшы тэатральным вечарам стракатакрылым матыльком. Ды не такі тюгаўскі «Мешчанін у шляхецтве»... Хоць, шчыра кажучы, не столькі памятаю сам спектакль, колькі сумнае пасля яго адчуванне: няўжо ўсё так безнадзейна? Незваротна? Назаўсёды? І слова «мастацтва» на тэатры болей увогуле не ва ўжытку? Проста -- на ўвазе не маецца, і ўсё тут…
Прынамсі, маскоўскі дэсант на тюгаўскіх падмостках разгарнуўся на поўную моц. І прысмак тэатральнай правінцыі стаўся горкім і непрыемным. Пачынаючы ад сцэнаграфіі, нібыта выцягнутай з куфраў бяскрылага рэалізму і пакрытай пылам часу, дзе абвітыя спрасаваным штучным лісцем нібыта альтанкі і балюстрады ўяўлялі сабой толькі тое, чым яны абавязкова мусілі быць. І прадоўжыўшыся ў акцёрскім выкананні з ўсімі магчымымі і таннымі штампамі, выстаўленымі напаказ. О, як яны выяўлялі страсць і каханне, неабачліва пераходзячы мяжу, якая аддзяляе прафесійнае мастацтва ад самадзейнага! І ніводнага адмыслова абгрунтаванага руху... Аніякіх падтэкстаў, другіх планаў ды іншай састарэлай і непатрэбнай мішуры. Усё навідавоку, як у абліччы трансвестыта, без якога тут таксама не абышлося. Падумаеш, дзіцячы тэатр! Па-сучаснаму асэнсаваная класіка -- зарука трывалага кантакту з сённяшнімі тынэйджэрамі. Кантакт, вядома ж, наладзіць ох як нялёгка!
Убачыўшы кранальны твар разгубленага Журдэна, якога цягам чацвёртага стагоддзя
 /i/content/pi/mast/4/96/Ruki-nogi1.jpg

 Сцэна са спектакля.

дураць напрапалую, і паспачуваўшы не пазбаўленаму абаяльнасці і патэнцыяльна цікаваму акцёру А.Кізіно, я сама адчула сябе Журдэнам. Бо акцёры, як вядома, невінаватыя. А крытыкі на такія спектаклі трапляюць, нібы ў пастку. Застаецца толькі суцешыцца тым, што адмоўны вопыт -- гэта таксама вопыт.
Высновы атрымаліся пэўныя, асабліва, калі на сцэну ва ўсёй красе вываліў турэцкі балет -- з актрысамі, апранутымі... ну, як мае быць для выбітнага танца жывата... Увогуле ці мела сэнс запрашаць збоку такую паважную пастановачную брыгаду, калі многім з уласных рэжысёраў у нас элементарна не стае работы? Да таго ж, спектакль «Вясёлыя жабракі» ў пастаноўцы М.Шыйко, які яшчэ нядаўна ўпрыгожваў афішу тэатра, кантраст з «Мешчанінам у шляхецтве» стварае ва ўсіх сэнсах забойчы.
Дарэчы, паглядзець на куды больш якасны «драмбалет» можна ў Рускім і Купалаўскім тэатрах. Таму, мяркую, грошай на «Мешчаніне ў шляхецтве» асабліва многа не заробіш. Страты ж могуць быць вельмі істотныя. Праўда, каб гэта зразумець, варта хоць зрэдчас думаць пра густы тых самых юных гледачоў, дзеля якіх і быў створаны менавіта гэты тэатр.

Людміла ГРАМЫКА
Фота Андрэя Спрынчана.