Вядома ж, ёсць спектаклі, якія знікаюць з памяці, прамільгнуўшы тэатральным вечарам стракатакрылым матыльком. Ды не такі тюгаўскі «Мешчанін у шляхецтве»... Хоць, шчыра кажучы, не столькі памятаю сам спектакль, колькі сумнае пасля яго адчуванне: няўжо ўсё так безнадзейна? Незваротна? Назаўсёды? І слова «мастацтва» на тэатры болей увогуле не ва ўжытку? Проста -- на ўвазе не маецца, і ўсё тут…
Прынамсі, маскоўскі дэсант на тюгаўскіх падмостках разгарнуўся на поўную моц. І прысмак тэатральнай правінцыі стаўся горкім і непрыемным. Пачынаючы ад сцэнаграфіі, нібыта выцягнутай з куфраў бяскрылага рэалізму і пакрытай пылам часу, дзе абвітыя спрасаваным штучным лісцем нібыта альтанкі і балюстрады ўяўлялі сабой толькі тое, чым яны абавязкова мусілі быць. І прадоўжыўшыся ў акцёрскім выкананні з ўсімі магчымымі і таннымі штампамі, выстаўленымі напаказ. О, як яны выяўлялі страсць і каханне, неабачліва пераходзячы мяжу, якая аддзяляе прафесійнае мастацтва ад самадзейнага! І ніводнага адмыслова абгрунтаванага руху... Аніякіх падтэкстаў, другіх планаў ды іншай састарэлай і непатрэбнай мішуры. Усё навідавоку, як у абліччы трансвестыта, без якога тут таксама не абышлося. Падумаеш, дзіцячы тэатр! Па-сучаснаму асэнсаваная класіка -- зарука трывалага кантакту з сённяшнімі тынэйджэрамі. Кантакт, вядома ж, наладзіць ох як нялёгка!
Убачыўшы кранальны твар разгубленага Журдэна, якога цягам чацвёртага стагоддзя
Сцэна са спектакля. |
Высновы атрымаліся пэўныя, асабліва, калі на сцэну ва ўсёй красе вываліў турэцкі балет -- з актрысамі, апранутымі... ну, як мае быць для выбітнага танца жывата... Увогуле ці мела сэнс запрашаць збоку такую паважную пастановачную брыгаду, калі многім з уласных рэжысёраў у нас элементарна не стае работы? Да таго ж, спектакль «Вясёлыя жабракі» ў пастаноўцы М.Шыйко, які яшчэ нядаўна ўпрыгожваў афішу тэатра, кантраст з «Мешчанінам у шляхецтве» стварае ва ўсіх сэнсах забойчы.Дарэчы, паглядзець на куды больш якасны «драмбалет» можна ў Рускім і Купалаўскім тэатрах. Таму, мяркую, грошай на «Мешчаніне ў шляхецтве» асабліва многа не заробіш. Страты ж могуць быць вельмі істотныя. Праўда, каб гэта зразумець, варта хоць зрэдчас думаць пра густы тых самых юных гледачоў, дзеля якіх і быў створаны менавіта гэты тэатр.
Людміла ГРАМЫКА
Фота Андрэя Спрынчана.