Прысутнасць непрамоўленага

№ 6 (351) 01.06.2012 - 01.01.2005 г

«ЯНО ТУТ» у галерэі «Ў»

/i/content/pi/mast/57/958/6.jpg 

 Праект «ЯНО ТУТ». Галерэя «Ў». 2012.

Ідэя выставы «ЯНО ТУТ» нарадзілася ў Антаніны Слабодчыкавай на падставе яе працы, зробленай для праекта «ЛітÄra», што прайшоў у Інстытуце імя Гётэ ў верасні 2010 года. Мастакам было прапанавана прааналізаваць вершы сучасных нямецкамоўных паэтаў пры дапамозе візуальных сродкаў. Праз трансфармацыю візуальнай абалонкі вершаў (літар, радкоў, строф) узнікалі новыя сэнсавыя вымярэнні.

...заўсёды на складах спыняцца. цяпер я гэта ведаю дакладна...

Абраўшы для аналізу верш Монікі Рынк «drifting accumulation», Антаніна шмат разоў перапісала яго на старонках старога нямецка-рускага фразеалагічнага слоўніка. Яна сфарміравала поле гульні паміж словамі верша і словамі слоўніка, сачыла за гэтай гульнёй і фіксавала здабыткі пры дапамозе фарбы, пэўнага шрыфту ці калажа. Варта адзначыць, што стварэнне поля ўзаемадзеяння розных з’яў рэчаіснасці і фіксацыя знаходак, што з’яўляюцца падчас такога ўзаемадзеяння, — інструмент, які Слабодчыкава выкарыстоўвае як у сваёй творчасці, так і ў выставачным праекце «ЯНО ТУТ».

...нешта мяне прыняло, прыняло, каб знішчыць...

Прысвоіўшы верш, Антаніна здабыла яго эсэнцыю — словы «ЯНО ТУТ», па-нямецку «ES IST DA». Тэматычна тэкст Монікі Рынк закранае адчуванне цяжару, збянтэжанасці, адчужанасці ад рэчаіснасці, якое часам апускаецца на чалавека. Моніка Рынк называе гэтае адчуванне дэпрэсіяй. Антаніна Слабодчыкава адмаўляецца ад акрэсленых паняццяў: дэпрэсія — наступства, прычына — «ЯНО», якое месціцца па той бок мовы. Трапна, што Слабодчыкава на вербальным узроўні абірае менавіта займеннік. Калі вы ўздымаеце слухаўку тэлефона і чуеце: «Гэта я», то разумееце выказванне, толькі калі ведаеце чалавека, які тэлефануе. Гэтаксама і з «ЯНО»: зразумець, што мае на ўвазе мастачка, можа толькі той, хто мае такі ж досвед, кіруючыся якім Антаніна стварыла праект.

Адчуванне «ЯНО ТУТ» надзвычай складана фармуляваць для іншых — яно індывідуальнае, звязанае з экзістэнцыйнай адзінотай асобы, яго можна параўнаць з перажываннем болю, якое ставіць пад пытанне магчымасці мовы перадаваць інфармацыю: складана апісаць для іншага ўласны боль, можна толькі спадзявацца, што іншы перажыў такі ж досвед і дзякуючы гэтаму — зразумее. Праект Антаніны каштоўны тым, што пры дапамозе візуальных сродкаў яна знаходзіць выражэнне для таго, перад чым адступаюць словы.

...вялізарнае нешта. нутраное заўсёды, цяжкое...

Што ж гэта за досвед? Аднойчы Антаніна Слабодчыкава ў прыватнай размове сказала: «Калісьці мяне надзвычай уразіў той факт, што кожны, абсалютна кожны чалавек, якога я сустракаю на вуліцы альбо ў транспарце, памрэ, і яму гэта вядома. Якую мужнасць трэба мець, каб працягваць жыць, ведаючы гэта».

Праект «ЯНО ТУТ» месціцца на мяжы мастацтва і псіхатэрапіі. Яго можна разглядаць як своеасаблівую ілюстрацыю да кніг такіх псіхатэрапеўтаў, як Ірвін Ялам альбо Паўль Ціліх, якія ў сваіх працах надаюць шмат увагі экзістэнцыйнай трывозе як неад’емнаму складніку чалавечага існавання. Гаворка ідзе пра трывогу, звязаную з самім знаходжаннем чалавека ў свеце, яе крыніца ў тым, што мы нічога не ведаем пра тое, адкуль прыйшлі і куды сыдзем, не ведаем калі, і ў гэты абмежаваны перыяд часу нам трэба неяк абыходзіцца са сваім жыццём. У пераломныя этапы — нараджэнне, хвароба, смерць блізкіх — экзістэнцыйная трывога робіцца асабліва адчувальнай. Але і па-за гэтымі вострымі сітуацыямі яна, як паветра, заўсёды тут. Гэты «падземны гул» можа рабіцца гучнейшым ці заціхаць, але аднойчы пачуўшы, забыць яго немагчыма. Пра гэты досвед Антаніна Слабодчыкава і расказвае сваім праектам «ЯНО ТУТ».

Асабістасць і глыбінную надзённасць тэмы мастачка тлумачыць у сваім відэаінтэрв’ю, у якім яна адказвае на пытанні, але суразмоўцы не відаць — ім робіцца кожны глядач. Голас Слабодчыкавай суправаджае наведніка праз абедзве залы выставы — белую і чорную.

...я памылілася. гэта не звер...

Чорная зала — канстатацыя факта, што «ЯНО ТУТ», а таксама спроба высветліць, што такое «ЯНО», і лакалізаваць «ТУТ». У прыцемненай зале ля адной сцяны стаялі вялікія літары, зробленыя з пахавальных штучных кветак, што ўтваралі фразу «ЯНО ТУТ», каля сцяны насупраць была змешчана тая самая фраза па-нямецку: «ES IST DA». Мастачка тонка прыкмячае, што незалежна ад таго, на якой мове фармулюецца выказванне адносна экзістэнцыйных з’яў, матэрыял, з якога ствараецца выказванне, застаецца нязменным.

Паміж інсталяцыямі — пусты пакой. Так Антаніна робіць тое самае неназоўнае асноўным аб’ектам. «ЯНО ТУТ» — рамка, у якую можна ўставіць усё, што трывожыць, палохае. Пусты пакой не застаецца пустым, у ім гледачы. «ЯНО ТУТ» абрамляе нас разам з нашымі трывогамі і страхамі.

Пра тое, што «ЯНО» не толькі ў гэтым пакоі, але і паўсюдна, расказваюць відэапрацы. Адна з іх паказвае літары «ES IST DA» на снезе, рух у відэа ўтвараюць толькі лёгкія павевы ветру, што гойдае чарот. У другім відэа літары фразы згараюць на снезе, зноў адчуванне, вядомае таму, хто спазнаў экзістэнцыйныя ўскрайкі быцця, — пякучае жаданне якім-небудзь чынам пазбавіцца гнятучага цяжару. Але ці магчыма гэта? У адным са сваіх эсэ пра Дастаеўскага Леў Шастоў узгадвае легенду пра анёла смерці, які цалкам пакрыты вачыма. Навошта анёлу столькі вачэй? Паводле гэтай легенды, калі анёл смерці спускаецца да чалавека, то не абавязкова забірае яго з сабою, а проста пакідае яму сваю пару вачэй. «І тады чалавек раптам пачынае бачыць звыш таго, што бачаць усе, і што ён сам бачыць сваімі старымі вачыма, нешта цалкам новае. І бачыць ён новае па-новаму, як бачаць не людзі, але істоты з “іншых сусветаў”, так, што яно ёсць не “неабходным”, але “свабодным”, то-бок яно ёсць і тут жа яго няма, што яно з’яўляецца, калі знікае, і знікае, калі з’яўляецца. Былыя, прыродныя, “як ва ўсіх”, вочы сведчаць пра гэта “новае” цалкам супрацьлеглае таму, што бачаць вочы, якія пакінуў анёл... І тады пачынаецца барацьба паміж двума зрокамі, натуральным і ненатуральным, барацьба, зыход якой такі ж, падаецца, праблематычны і таямнічы, як і яе пачатак».

Антаніна Слабодчыкава, безумоўна, валодае такім іншым зрокам, што мае дачыненне да сапраўднасці і праўдзівасці. Акрамя скразнякоў «з таго боку» новы зрок дазваляе чалавеку адчуваць структуры, што ляжаць у аснове быцця, глядзець скрозь канструкты сэнсу, якія выпрацоўвае цывілізацыя, каб прывязаць нас да рэчаіснасці і прымусіць карыстацца выключна зямным зрокам. Экспазіцыя другой залы выставы — аповед пра барацьбу паміж натуральным і ненатуральным зрокам.

...чаго мы толькі не рабілі, каб не выбіцца з такту і не паддацца...

У белай зале, куды можна трапіць праз пралом у сцяне, які фізічна нагадвае пра болевыя адчуванні пераадолення «ЯНО ТУТ», Антаніна размяшчае на сцяне дошчачкі-карціны з калажамі, дзе камбінуе культурныя сімвалы. Функцыя іх — напаўняць сэнсам наша хісткае становішча ў сусвеце. Прадстаўленыя канструкты сэнсу паходзяць з розных сфер, такіх як гераізм, рэлігія, сям’я, сексуальнасць... Мастачка выкарыстоўвае ў калажах тое, што акружае яе ў штодзённым жыцці: фотаздымкі, малюнкі сваёй дачкі, карцінкі з часопісаў, наклейкі, карціны, знойдзеныя ў сувенірных крамах. Яна карыстаецца той самай мовай, якой карыстаюцца ўсе. Але выказванні яе — нязвыклыя. Бо яна мае іншы зрок. Візуальныя праявы сучаснай масавай культуры і выявы, узятыя са свайго асяроддзя, Антаніна пераплятае са словамі названага верша, а таксама з іншымі цытатамі — як з кніг, так і з будзённых размоў і ўласных разваг. Праз культурныя і сацыяльныя заслоны прабіваецца трывожная энергія «ЯНО ТУТ». Знаходзім мы і велікодныя матывы ў спалучэнні з касмічнымі, і трансфармаваныя вобразы герояў гламурных часопісаў, і вобразы герояў Вялікай Айчыннай вайны, і класічныя пейзажы. Усе «падманкі» сучаснай цывілізацыі, якія засланяюць тое, што «ЯНО ТУТ», мастачка бязлітасна выкрывае: постаці жанчын з часопісаў Антаніна заляпляе кругамі ружовага колеру — найбольш гламурнага з усіх: прыгажуні, якія хаваюць сапраўдныя абліччы за прыгожымі маскамі, атрымоўваюць магчымасць схаваць твары за неразбаўленым гламурам — чыстай ружовасцю. На па-мяшчанску ідылічны пейзаж мастачка наклейвае аркуш са словамі «няма сэнсу», а ўзведзеная ў святасць тэма мацярынства падаецца з прысмакам брутальнасці.

Антаніна Слабодчыкава не адмаўляецца ад тых сэнсавых напаўненняў, якія прапануе культура, яна ўважліва разглядае іх: да адных ставіцца сур’ёзна, з іншых іранізуе.

...няма сэнсу пра гэта думаць. яно тут. пакуль яно тут было...

Адчуванне «ЯНО ТУТ» акцэнтуюць акварыумы з вадой. У адзін з іх мастачка апускае той самы слоўнік, з якога пачаўся праект. Што выкарыстана — сыходзіць. Антаніна дапамагае кнігам, што аджылі сваё, знікнуць і выстаўляе гэты працэс на ўсеагульны агляд. Асабліва моцна ўздзейнічае тое, што акварыумы з кнігамі, то-бок «жывыя» аб’екты, размяшчаюцца насупраць сцяны з дошчачкамі з канструктамі сэнсаў: колькі заўгодна можна разглядаць калажы, паглыбляцца ў вывучэнне сэнсаў, а «ЯНО ТУТ», за тваёю спінай, ЯНО — у кнігах, якія канаюць, якія вось-вось перастануць быць часткай гэтай рэчаіснасці, на нетрываласць, хісткасць якой так хочацца забыцца.

Кнігі ў акварыумах ствараюць эстэтыку, якая знаходзіцца на табуяванай тэрыторыі смерці, знікнення, разлажэння. Ці думалі вы пра тое, што адбываецца з любым целам пад зямлёю? Гэтая тэрыторыя палохае да нематы, але Антаніна дэманструе, што пра яе можна гаварыць, ужываючы візуальныя сродкі.

Менавіта праз інсталяцыю з акварыумамі Антаніна Слабодчыкава паказвае і спосаб пазбавіцца ад невыноснасці «ЯНО ТУТ» — суцішыць гэтае страшнае адчуванне можна, толькі накіраваўшы на яго творчую энергію. Што выклікае цікавасць — не палохае.

У якасці эпіграфаў да раздзелаў артыкула выкарыстаны радкі з верша монікі рынк «drifting accumulation» у перакладзе Ірыны Герасімовіч.

Ірына Герасімовіч