Высокі жанр — лёс

№ 5 (350) 01.05.2012 - 31.05.2012 г

Памяці прафесара Анатоля Сабалеўскага

/i/content/pi/mast/56/953/43.jpg 
 
У памяці тых, хто ведаў Анатоля Вікенцьевіча Сабалеўскага, назаўсёды захаваецца ягоны светлы вобраз. Надзвычай інтэлігентны і далікатны чалавек, бясконца адданы справе, якой займаўся ўсё жыццё, сапраўдны навуковец, выдатны настаўнік. Ён стаяў ля вытокаў «Мастацтва», доўгі час уваходзіў у рэдкалегію і да апошніх дзён працягваў супрацоўнічаць з часопісам. Збіраўся напісаць шэраг артыкулаў пра карыфеяў Купалаўскага тэатра, зазначаючы пры гэтым, што мала засталося тэатразнаўцаў, якія бачылі гэтых акцёраў 
на сцэне, у росквіце сіл. Артыкул, які мы сёння прапануем увазе чытачоў, быў напісаны да 80-гадовага юбілею Анатоля Сабалеўскага. На вялікі жаль, яму давялося стаць словам развітання.

...Быў цёплы вясновы дзень. Знемагаючы ад няспыннага патоку лекцый, мы, студэнты-рэжысёры, з нецярплівасцю чакалі паяўлення новага выкладчыка па гісторыі беларускага тэатра — дэкан тэатральнага факультэта Піліп Піліпавіч Кобля паведаміў, што той скончыў аспірантуру ГІТІСа ў вядомага тэатразнаўцы Георга Гаяна. Павольна адчыніліся дзверы, і ў аўдыторыю некалькі сарамліва, быццам просячы прабачэння, увайшоў малады чалавек. Светлы касцюм крыху мехавата сядзеў на ягонай хударлявай фігуры, але, нягледзячы на гэта, мае аднакурсніцы адразу адзначылі прыгожыя шэрыя вочы і модную прычоску педагога. Кінуўшы хуткі позірк у бок равеснікаў-студэнтаў, ён прадставіўся: Анатоль Вікенцьевіч Сабалеўскі.

Яго лекцыі былі незвычайнымі і ўтрымлівалі ў сабе шмат цікавага не толькі пра тэорыю тэатральнага мастацтва, але і пра непасрэдную дзейнасць майстроў беларускай і савецкай сцэны. Малады Сабалеўскі хадзіў па аўдыторыі з кутка ў куток, залажыўшы рукі за спіну. Спакойная, няспешная гаворка маладога выкладчыка чымсьці нагадвала выступленне пастара альбо бацькоўскае павучанне. Гранічная сканцэнтраванасць, лёгкая сутулаватасць нібыта падкрэслівалі важнасць праблем, пра якія ён распавядаў, а вочы выдавалі адкрытасць, неабароненасць і даверлівасць. Было зразумела: перад намі мяккі і добры чалавек — з часам кожны з нас пераканаўся ў гэтым на заліках і экзаменах, пры паступленні ў аспірантуру, здачы кандыдацкіх мінімумаў ці на абароне дысертацый. Заўсёды ветлівы, добразычлівы, ён ствараў атмасферу даверу і спагады ў час экзаменацыйных іспытаў. Лёгкая ўсмешка і разважнае нетаропкае маўленне дапамагалі навучэнцам пазбавіцца псіхалагічнага напружання і адчуць сябе вольна. Нават атрымаўшы нездавальняючую адзнаку, студэнт ведаў, што ў наступны раз адносіны выкладчыка да яго асобы будуць гэткімі ж паважлівымі.

За час свайго выкладання прафесар Сабалеўскі выпусціў больш за сотню вучняў — знакамітых акцёраў, рэжысёраў, дырэктараў тэатраў... Сярод яго выхаванцаў былі нават будучыя міністры. Асаблівае месца ў працы Анатоля Вікенцьевіча займала падрыхтоўка тэатразнаўцаў: пад яго кіраўніцтвам абаранілі дысертацыі і сталі кандыдатамі мастацтвазнаўства 15 чалавек — цяпер яны вядучыя спецыялісты ў тэатральнай крытыцы і даследаванні тэатра ў Беларусі, Літве, Польшчы, Узбекістане, Сірыі, Іарданіі... Дапамог Анатоль Вікенцьевіч і мне.

Напісаўшы кандыдацкую дысертацыю аб канцэптуальнасці беларускай рэжысуры, на працягу некалькіх гадоў я не мог дапрацаваць яе з улікам заўваг, зробленых пры рэкамендацыі да абароны. Аднойчы пры выпадковай сустрэчы ў Кіеве, дзе я ставіў спектакль, Сабалеўскі сказаў: «Вам, Рыгор Іванавіч, неабходна тэрмінова абараняцца. Краіна знаходзіцца ў стане развалу. ВАК СССР можа быць ліквідавана, а мы застанемся без кваліфікаваных кадраў». Давялося спаслацца на творчую занятасць ды іншыя прычыны асабістага характару. Праз нейкі час у Кіеў патэлефанавала мая жонка і паведаміла: абарона назначана праз месяц — неабходна тэрмінова падаць дысертацыю і аўтарэферат. Давялося моцна паднапружыцца. Сябры знялі нумар у Геленджыку, і паўмесяца я выпраўляў шурпатасці ў сваёй навуковай працы. Як аказалася пазней, такім авантурным чынам Анатоль Вікенцьевіч падштурхнуў мяне да абароны, якая прайшла паспяхова: дысертацыя была зацверджана Дзяржаўнай атэстацыйнай камісіяй, а я стаў кандыдатам навук.

Прафесар Сабалеўскі заўсёды клапаціўся пра беларускае тэатразнаўства. Прагматык у жыцці і непапраўны рамантык у адносінах да мастацтва, Анатоль Вікенцьевіч нібыта ўдыхнуў у сухую даследчую працу ўзнёслую думку пра невычэрпную сілу айчыннага тэатра і яго магічнае ўздзеянне на розумы і сэрцы сучаснікаў. Яго навуковыя работы сталі фундаментальнымі асновамі для вучоных і выкладчыкаў, каштоўнымі дапаможнікамі для практыкаў тэатра.

За дзесяцігоддзі свайго творчага жыцця Сабалеўскі выдаў больш за 30 кніг і звыш 1000 артыкулаў — усе яны прысвечаны творчым калектывам, рэжысёрам, акцёрам, драматургам, сцэнографам, кампазітарам... Дзякуючы яго намаганням знакавыя асобы нашай краіны (рэжысёры Іосіф Папоў, Уладзімір Караткевіч, Уладзімір Савіцкі, Мікалай Трухан, Віталь Баркоўскі; акцёры Уладзімір Куляшоў, Барыс Сяўко, Уладзімір Мішчанчук...) атрымалі ўсеагульнае прызнанне.

Успамінаецца выпадак з выдатнай актрысай Коласаўскага, а потым Купалаўскага тэатра Галінай Бальчэўскай. На працягу многіх гадоў вышэйшыя інстанцыі не давалі ёй ганаровага звання. На акцёрскім курсе Беларускага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Анатоль Вікенцьевіч ініцыяваў пастаноўку «Дагарэла свечачка» Алеся Петрашкевіча з удзелам Бальчэўскай. Спектакль атрымаў вялікі рэзананс у нашай краіне, былі арганізаваны малыя гастролі ў Кіеў, наладжаны майстар-клас для студэнтаў Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта тэатра, кіно і тэлебачання. Прэса захоплена пісала пра стваральніцу вобраза беларускай сялянкі Марфы. Па рашэнні мастацкага савета Тэатра імя Янкі Купалы пастаноўка была перанесена на Малую сцэну і паказана гледачам у форме монаспектакля. Галіна Бальчэўская атрымала гран-пры на ўкраінскім міжнародным фестывалі монаспектакляў, і ёй было прысвоена званне заслужанай артысткі Беларусі.

Узгадваю бурлівыя часы, калі наша дзяржава стала незалежнай і суверэннай: многія тэатральныя дзеячы рынуліся ў адкрытую прастору масавай культуры, і толькі адзінкі нязменна імкнуліся выкарыстаць гэты перыяд для ўвасаблення ідэй нацыянальнага адраджэння. Сярод апошніх быў і Анатоль Сабалеўскі. Пад яго кіраўніцтвам упершыню ў нашай краіне стаў выходзіць часопіс «Тэатральная творчасць». Галоўны рэдактар штодзённа падштурхоўваў супрацоўнікаў, турбаваў калег і сяброў: «Прыносьце матэрыялы пра сённяшняе жыццё тэатральных калектываў і пра забытыя старонкі тэатральнага мінулага. Даводзьце да чытачоў імёны драматургаў, рэжысёраў, акцёраў, мецэнатаў — усіх, хто працаваў на ніве беларускага мастацтва». Па крупінках ён збіраў каштоўны матэрыял пра людзей тэатра, чые імёны па той ці іншай прычыне ў савецкі час былі адданы забыццю. Не забываў рэдактар унікальнага выдання і пра сучаснікаў: частыя «круглыя сталы» з удзелам прафесіяналаў, асвятленне рэпертуару калектываў-гастралёраў, інтэрв’ю і рэцэнзіі станавіліся своеасаблівай традыцыяй часопіса.

Выданне энцыклапедыі «Тэатральная Беларусь» было яшчэ адным выдатным пачынаннем Анатоля Сабалеўскага — рэдакцыйную групу па яе падрыхтоўцы ён узначаліў у сярэдзіне 1990-х. Праца ажыццяўлялася з веданнем справы і энтузіязмам — гэта праяўлялася і ў выбары аўтараў, і ў адборы энцыклапедычных матэрыялаў. Унікальны двухтомнік не меў аналагаў як у краінах постсавецкай прасторы, так і ў далёкім замежжы.

Цэльнасць натуры Сабалеўскага выкрышталізоўвалася з яго поглядаў на мастацтва і жыццёвых перакананняў. Менавіта яны з’явіліся галоўнымі крытэрыямі ўнутранай зладжанасці яго тэатразнаўчых даследаванняў. Ён умела пранікаў ва ўнутраны свет людзей, індывідуальныя адметнасці мастакоў і вызначаў найтанчэйшыя дэталі майстэрства таго ці іншага стваральніка спектакля. Аналізуючы тэндэнцыі тэатральнага працэсу, не затрымліваючыся на дэталях, Сабалеўскі ёміста выяўляў асноўнае ў той ці іншай з’яве тэатральнай творчасці. Ён бліскуча спраўляўся з задачамі, якія падчас патрабавалі выключнай сілы волі, апантанасці і грамадзянскай мужнасці, і ў сваіх друкаваных працах абавязкова закранаў усе злабадзённыя, балючыя пытанні.

Яго хвалявала не толькі тэатральнае адраджэнне — асаблівую ўвагу і заклапочанасць у Анатоля Вікенцьевіча выклікалі статус беларускай мовы, пытанне канфесіянальных узаемаадносін у нашай краіне і многія-многія іншыя праблемы, што гаворыць аб шматпланавасці і шырыні інтарэсаў яго па-сапраўднаму таленавітай асобы.

Анатоль Сабалеўскі з’яўляўся адным з паслядоўных прыхільнікаў вяртання на беларускую тэатральную сцэну драматургіі Францішка Аляхновіча і Уладзіслава Галубка. Пад уплывам яго ідэй у Мазырскім драматычным былі ажыццёўлены пастаноўкі п’ес «Атрута» Якуба Коласа і «Заручыны Паўлінкі» Аляхновіча.

Я вельмі ўдзячны Анатолю Вікенцьевічу за запрашэнне працаваць на кафедры тэатральнай творчасці ў БДУКіМ, якую ён узначальваў. Сабалеўскі усяляк садзейнічаў таму, каб я набраў курс «Акцёр тэатра і кіно». Разам з Анатолем Вікенцьевічам мы арганізавалі студэнцкі тэатр, на сцэне якога ставілі спектаклі з удзелам вядучых артыстаў Беларусі, выязджалі на фестывалі, праводзілі майстар-класы ў іншых тэатральных ВНУ і г.д. Плённая і павучальная сумесная праца стала своеасаблівым урокам выжывання і дапамагла захаваць веру ва ўласныя сілы.

На жаль, мы катастрафічна губляем добрыя традыцыі творчых зносін з калегамі. Дынаміка сучаснага жыцця захоплівае сваім імклівым рытмам, мы мала сустракаемся, мала абменьваемся вопытам, а нашы ўзаемаадносіны часам абмяжоўваюцца мімалётнымі размовамі па мабільніку. Трэба больш спрачацца, часцей дзяліцца сваімі патаемнымі думкамі з сябрамі, шукаць новае ў жыцці і мастацтве... Я шчаслівы, што працаваў і сябраваў з Анатолем Вікенцьевічам. Заўсёды з захапленнем і з найглыбейшай павагай распавядаю малодшым калегам і вучням пра яго выдатныя справы і чалавечыя ўчынкі.

Рыгор Баравік